Стаўка на $50 мільёнаў: аўстралійскі бізнесмен з беларускімі каранямі хоча адмовіцца ад зарплаты, каб зарабіць яшчэ больш

Заснавальнік і генеральны дырэктар буйнога аўстралійскага анлайн-рытэйлера Kogan.com Руслан Коган абвясціў пра гатоўнасць пайсці на смелы фінансавы эксперымент — адмовіцца ад заробку цяпер, каб у будучыні атрымаць больш за $50 млн.
Кіраўнік кампаніі ў выпуску падкаста Stress Tested расказаў, што мае намер адмовіцца ад свайго цяперашняга акладу ў памеры каля $850 тысяч на год на карысць устаноўленай законам мінімальнай заработнай платы ў Аўстраліі — каля $50 тысяч. І нават гэтыя сродкі бізнесовец абавязуецца накіроўваць на дабрачыннасць.
Наўзамен прадпрымальнік хоча атрымаць спецыяльныя кампенсацыйныя правы на акцыі кампаніі. Паводле ўмоў, гэтыя каштоўныя паперы застануцца заблакаванымі, калі на працягу наступных пяці гадоў рынкавы кошт акцый Kogan.com не падвоіцца. Калі ж мэта будзе дасягнутая, патэнцыйная выплата кіраўніку перавысіць $50 млн.
Сваю прапанову Коган прадставіць на разгляд акцыянерам ужо ў гэтым месяцы.
«Абмяркоўваючы будучыню з радай дырэктараў, я сказаў: „Слухайце, я з задавальненнем працаваў бы за $1 у год. Няхай гэта будзе такі пакет, дзе калі акцыянеры атрымліваюць неверагодны вынік і ў бізнесе назіраецца каласальны рост, то ўзнагароджваюць і мяне. А калі не — значыць, не. Поўная сінхранізацыя з акцыянерамі“».
Прадпрымальнік падкрэсліў, што на такую рызыку яго штурхаюць «неверагодныя перспектывы» рытэйлера, а сам бізнес сёння «моцны як ніколі».

Дасягнуць пастаўленай пяцігадовай мэты кіраўнік разлічвае праз павелічэнне каштоўнасці сэрвісу для пакупнікоў, маштабаванне праграмы лаяльнасці Kogan First, а таксама павышэнне эфектыўнасці дзякуючы тэхналогіям:
«Дадайце да гэтага істотны рост эфектыўнасці і прадукцыйнасці за кошт штучнага інтэлекту — і, я мяркую, кошт бізнесу працягне павялічвацца».
У жніўні Kogan.com паведаміла пра рэкордны валавы абарот за мінулы фінансавы год, які перавысіў $1 мільярд. Аднак у дзень публікацыі справаздачнасці акцыі кампаніі ўпалі амаль на 19% — да $3,68. Пры моцных паказчыках асноўнага сегмента Kogan.com, агульныя вынікі групы аслабіла навазеландская даччыная кампанія Mighty Ape, што расчаравала частку інвестараў. Каціроўкі рытэйлера па-ранейшаму знаходзяцца далёка ад пікавых значэнняў часоў пандэміі COVID-19, калі кошт паперы перавышаў $25.

Каментуючы бягучыя эканамічныя выклікі, такія як высокая інфляцыя і працэнтныя стаўкі, Руслан Коган адзначыў, што арыентуецца на базавыя прынцыпы гандлю:
«За гэтыя гады мы зразумелі: калі мы паспрабуем прагназаваць макраэканамічнае асяроддзе, мы памылімся ў 50% выпадкаў. Таму наша праца — весці бізнес так, каб ён паспяхова развіваўся незалежна ад макраэканомікі. А гэта прымушае канцэнтравацца на рэчах, якія праходзяць выпрабаванне часам».
Руслан Коган мае беларускія карані — будучы мультымільянер нарадзіўся ў лістападзе 1982 года ў Бабруйску, а ва ўзросце шасці гадоў разам з бацькамі і сястрой Святланай эміграваў з Савецкага Саюза ў Аўстралію. Сям’я прыбыла ў Мельбурн, маючы пры сабе ўсяго $90, і пасялілася ў дзяржаўным сацыяльным жыллі раёна Элстэрнвік.

Бацькі Когана мелі інжынерную і медыцынскую кваліфікацыі, аднак пасля пераезду вымушаныя былі сумяшчаць да чатырох рабочых спецыяльнасцей, каб утрымліваць сям’ю: бацька развозіў піцу, працаваў таксістам і рабочым на заводах, а маці працавала прыбіральшчыцай і афіцыянткай, адначасова вывучаючы англійскую мову.
Сам Руслан праявіў цікавасць да тэхналогій вельмі рана, сабраўшы свой першы камп’ютар у дзевяць гадоў. А ў дзесяцігадовым узросце пачаў першы бізнес: збіраў згубленыя мячы ўздоўж агароджы мясцовага гольф-клуба, адмываў іх і па суботах перапрадаваў гульцам па $0,50 за штуку, пакуючы ў кардонныя латкі для яек.

Агулам з дзесяці гадоў ён заснаваў каля 20 розных бізнес-праектаў, а да 23 гадоў паспеў папрацаваць у ІТ-аддзелах такіх карпарацый, як Bosch, GE, Telstra, а таксама кансультантам па кіраванні ў кампаніі Accenture.

У 2006 годзе ён вырашыў пакінуць карпаратыўную кар’еру дзеля стварэння ўласнага інтэрнэт-бізнесу, заснаваўшы Kogan.com у бацькоўскім гаражы.
«О, мама тады заплакала, — узгадвае прадпрымальнік. — Яна была вельмі засмучаная, бо да гэтага моманту я ішоў па ідэальным, звыклым для яе шляху. Я атрымаў стыпендыю ва ўніверсітэце, меў добрыя адзнакі, уладкаваўся на выдатную працу пасля выпуску. Яна была сапраўды шчаслівая. І тут аднойчы я кажу: „Так, мама, я звальняюся і буду рабіць гэта“. Яна плакала са словамі: „У цябе такая выдатная адукацыя і цудоўная праца, а ты збіраешся быць прадаўцом тэлевізараў“. Яна думала, што я перакрэсліваю ўсё сваё жыццё».

Аднак разлік аказаўся верным: Коган пачаў закупляць плоскія тэлевізары непасрэдна на заводах у Азіі, прадаючы іх анлайн без пасрэдніцкай нацэнкі ў той час, калі традыцыйныя рытэйлеры яшчэ марудна развівалі інтэрнэт-гандаль.
Прадпрыемства імкліва павялічвала абароты, пашырыўшы асартымент іншай электронікай і брэндамі — і ўжо на трэці год продажы склалі 3 млн аўстралійскіх долараў.
Выхадзец з Беларусі ўзначальваў спіс найбагацейшых людзей Аўстраліі ва ўзросце да 30 гадоў, а ў 2020 годзе рэйтынг Financial Review Rich List ацэньваў яго чысты капітал у 575 мільёнаў аўстралійскіх долараў.