«Пілотка — не абавязкова пра сцюардэсу». Як беларуска развівае капялюшны брэнд у Варшаве

Валянціна Плыткевіч — капялюшніца. Калі яна ідзе па вуліцы ў чырвонай шляпцы ўласнай вытворчасці — людзі азіраюцца ўслед ці падыходзяць, знаёмяцца і замаўляюць сабе выраб яе брэнда Valiumhats.
У Мінску ў Валянціны быў свой шоў-рум, а цяпер у Варшаве — сумневы і спроба стаць бізнес-вумен. Пра тое, чаму капялюш зноў уваходзіць у моду і з якімі складанасцямі сутыкаецца маленькі бізнес у Польшчы, дызайнерка расказала spravy.io.

«Сястра прабабулі рабіла капелюшы для Саўміна»
— Быць капялюшніцай — незвычайна. Як вы сталі дызайнеркай галаўных убораў?
— Любоў да мастацтва і прыгажосці прывілі бацькі, якія заўсёды падтрымлівалі ўсе мае пачынанні — у тым ліку і любоў да смешных шапачак. А яшчэ я любавалася сваёй прабабуляй, якая ўмела прыгожа ўбірацца, насіла капялюшыкі і ўсялякія чалмы. Яе стрыечная сястра была мадысткай і рабіла ў савецкія часы капелюшы для Саўміна. Калі пачала займацца капелюшамі, атрымалася выратаваць яе драўляныя калодкі, якія хацелі спаліць, бо яны займалі шмат месца. А гэта скарб — сапраўдныя старыя капялюшныя калодкі, якія ўмясціліся ў два мяхі з-пад бульбы. Гэта формы, на якія нацягваецца фетр, каб зрабіць капялюш. Захавала бабулін капялюш — таблетку з каракулю — і драўляную форму, на якой ён рабіўся. Гэта грэе.

Але я не вучылася ў бабулі. Спачатку захапілася валяннем з воўны. Часта прыязджала да сяброўкі ў Браслаў, сям’я якой шмат чаго ўмее рабіць рукамі — з воўны, гліны, дрэва, саломы — з усяго на свеце. Там навучылася валяць ваўняныя капялюшыкі, дарыла сябрам і блізкім. Потым іх сталі замаўляць. Затым зрабіла першую невялікую калекцыю, пайшла з ёй на мінскі Вялікі модны маркет і панеслася.
— Колькі капелюшоў атрымлівалася прадаць падчас моднага маркету?
— Бывала, за два дні больш за дзесяць. А бывала, адзін за два дні. Але гэта было перад пераездам. На той момант у цэнтры Мінска я трымала шоў-рум, куды можна было прыйсці, прымерыць і зрабіць замову.

— Колькі агулам капелюшоў набывалі за месяц?
— Ніколі нармальна не вяла падлікі. У адзін дзень маглі быць адны продажы, у іншы — іншыя. На той час былі іншыя кошты. Асабліва не пралічвала — ставіла нейкую цану, і мне было нармальна. У Мінску не трэба было арандаваць кватэру, кошт жыцця быў невысокім. Цяпер змянілася стаўленне да продажаў, закладаю ў цану час на стварэнне капелюша.
Увогуле капялюш спачатку можа вельмі доўга варыцца ў галаве, прыдумляцца. А потым зрабіцца за дзве гадзіны. Або наадварот: хутка прыдумацца і доўга рабіцца. Таму складана сказаць, колькі сыходзіць часу на адзін выраб. У любым выпадку ён робіцца цягам аднаго дня, потым дзень сохне і яшчэ дзень даводжу яго да дасканаласці.

— Што часцей замаўлялі беларускі ў Беларусі?
— Базавыя фядоры — бэжавыя і чорныя. Любіла назіраць, як у жанчыны загараліся вочы, калі яна надзявала капялюш і разумела, што будзе яго насіць.
Аднак не ўсім ставала смеласці яго надзець. Калі ўдзельнічала ў маркетах, то найлепшым месцам для маіх вырабаў быў закуточак — каб было няшмат людзей, каб жанчыны маглі не саромеючыся прымерыць галаўны ўбор.
Часам зойдзеш у краму, нешта апранеш і падумаеш: «Ой, не, не пасуе, не буду такое насіць». Гэта як пакаштаваць торт, які зрабіў дрэнны кандытар, і сказаць, што ўсе торты нясмачныя. Памятаю, як да мяне прыходзілі дзяўчаты і ўпершыню надзявалі капелюшы. У выніку ў Мінску ёсць цэлая секта капялюшніц, і гэта прыемна.

«Сярэдні кошт базавага капялюшыка — 400 злотых»
— Асноўнымі пляцоўкамі продажу капелюшоў у Беларусі былі Instagram і модныя маркеты. А як продажы выглядаюць пасля пераезду?
— Напачатку маімі асноўнымі пакупніцамі былі беларускі, і большую частку вырабаў я дасылала ў Мінск. У нейкі час падумала, што трэба нешта змяняць: я ўжо ў Еўропе, у Польшчы, але не маю кантакту з еўрапейскай аўдыторыяй. Асабліва сумна было мінулай вясной і летам. Зрабіла вялікую калекцыю, уклала ў яе шмат сіл, але амаль нічога не прадалося, бо старыя шляхі і метады ўжо не працавалі.
Разумею, што беларусам у эміграцыі цяжка і капялюш — не рэч першай неабходнасці. Што спачатку трэба закрываць базавыя патрэбнасці, а потым ужо думаць пра прыўкрасы.

Вясна і лета сталіся сапраўды крызіснымі — у творчым і прафесійным сэнсе. Доўга рэфлексавала наконт таго, што раблю не так і куды з гэтым ісці — ці даць сабе яшчэ адзін шанец альбо адразу шукаць працу ў краме «Жабка». Аднак у верасні здарыўся ReFashioned (праграма ўстойлівай моды і псіхасацыяльнай падтрымкі, накіраваная на дызайнераў і рамеснікаў з міграцыйным досведам, якую рэалізуе ў Польшчы з 2024 года фонд Kraina — заўв. рэд.), і гэта быў той самы апошні шанец. Адпаведна, рыхтавалася як у апошні раз.
Мае капелюшы ўдзельнічалі ў паказе Волі Кардаш. На паказе і ў мясцовым шоў-руме сабралася шмат польскай публікі. Гэта было штосьці неверагоднае. Я атрымала столькі падтрымкі, кампліментаў, рэакцый і продажаў! У шоў-руме быў ажыятаж, да якога я не была гатовая! Вярнулася надзея на тое, што можна займацца сваёй справай, і што яна патрэбная.

Гэта быў момант, калі капелюшы набывалі ў асноўным полькі — было вельмі прыемна. Цяпер ведаю, што ўсё будзе добра, і шанец працягваць справу ёсць. Проста патрэбны новыя метады і кропкі дотыку з новай аўдыторыяй. Гэта вельмі цікава і адначасова страшна. Але ўжо не так страшна, бо ведаю, што аўдыторыя, звязаная з модай, мастацтвам, гатовая насіць нешта незвычайнае — у тым ліку і мае капелюшы.
Вельмі ўдзячная фонду Kraina і Караліне Сулей, якія шмат робяць для беларускіх дызайнераў у эміграцыі. Нябачнасць — гэта складана і страшна. А яны даюць магчымасць супрацы і выхаду на польскую моду. Калі б не гэтая падтрымка, калі б не магчымасць удзельнічаць у іх праектах у Рыме, Бруселі, Варшаве, я б даўно сядзела на касе. Яны не дазваляюць нам зняверыцца.
— Што зразумелі пра капелюшы і пра гэты бізнес, пераехаўшы ў Варшаву?
— У Польшчы нашмат больш капялюшнікаў. Так, з аднаго боку, гэта канкурэнцыя, з іншага — больш магчымасцяў эксперыментаваць: удзельнічаць у цікавых праектах, міжнародных здымках і здымках для часопісаў. Усё гэта матывуе рабіць нешта цікавае, што нельга набыць у масмаркеце.

І калі ў Мінску я рабіла фядоры і прадавала іх як базу, то тут эксперыментую і разумею, што калі мае капелюшы не набываюцца ў Варшаве, то набудуцца ў Францыі ці іншых краінах. Магчымасцяў шмат, засталося навучыцца іх выкарыстоўваць.
— Інстаграм па-ранейшаму застаецца асноўнай пляцоўкай для продажаў вашых капелюшоў?
— Я ў пошуку новых месцаў. Часам раблю маленькія калекцыі для «Дому Буслоў» Волі Кардаш і шукаю магчымасць прадавацца ў польскіх шоў-румах.
Ствараю сайт, каб наладзіць анлайн-продажы. Бо ў Instagram шмат усяго, там можна згубіцца і адчуваць сябе нябачнай.

— Колькі цяпер каштуе адзін капялюш?
— Сярэдні кошт базавага капялюшыка — 400 злотых. Яго вытворчасць займае ад дзвюх да чатырох гадзін. Сюды дадаецца час на фота, маркетынг. Кошт матэрыялу на адзін выраб — 70-80 злотых. Аднак капялюш — гэта не толькі фетр, а яшчэ парагенератар, электрычнасць і г. д. Плюс уласная сіла — каб расцягнуць фетр. Раней прасіла дапамагаць мужа, цяпер навучылася сама. Але бывалі моманты, калі фетр ірваўся — нацягвала і стварала яшчэ больш цікавыя вырабы, чым планавала.
— Якая ваша самая любімая мадэль капелюша?
— З новых — гэта форма ў стылі 90-х з падагнутымі палямі. Сама яе нашу ў чырвоным колеры. Здаецца, форма даволі класічная, але атрымлівае столькі ўвагі людзей на вуліцы! Ды і чырвоны колер робіць сваю справу!

Агулам люблю бярэцік з выклікам — таблетку-бярэцік з праколатым смочкам. Даўно яе прыдумала — яна дадае жанчыне і дзёрзкасці, і жаноцкасці, і выклікае ўсмешкі. Да таго ж яна вельмі прыгожая — выглядае як класічная таблетка, але мае свой перчык.

— Часта падыходзяць на вуліцах з пытаннем, дзе ўзялі такую прыгажосць?
— Так, падыходзяць і нават просяць прымерыць, бо чалавек у капелюшы заўсёды прыцягвае ўвагу.
«Нават калі падаецца, што выглядаеш смешна, трэба спрабаваць»
— Ці можна па замове капелюша вызначыць характар чалавека?
— Вядома! Нехта можа прыйсці за класічным галаўным уборам, а ў працэсе зразумець, што падабаецца нешта іншае. Выбар капелюша — гэта і спосаб лепей пазнаць сябе.

— Часцей замаўляюць класіку ці ўсё ж нешта больш неардынарнае, цікавае?
— 50 на 50. Нават падчас ReFashioned палова з таго, што ў мяне набылі, — капелюшы, якія рабіла дзеля эксперыменту, толькі каб паказаць.
— Многія баяцца, што ў капелюшы будуць выглядаць дзіўна ці занадта ўрачыста. Як змагацца са стэрэатыпамі?
— Калі капялюш надзяваць страшна, але хочацца, лепш за ўсё набыць летні саламяны, бо ён мае практычную задачу — абараніць галаву ад сонца. Гэта самы просты спосаб пачаць насіць капелюшы. Потым ужо можна разгледзець ваўняны.
Аднак у любым выпадку трэба зрабіць першы крок — выйсці з зоны камфорту і паспрабаваць — без гэтага нічога не атрымаецца. Гэта крыху гульня — нават калі падаецца, што выглядаеш смешна, трэба спрабаваць.

Неяк напачатку капялюшнай кар’еры зрабіла для брата шапку воўка. Яму вельмі спадабалася, і ён пайшоў у ёй на працу. Яго калега сказала: «Ой, гэта вельмі смела», і ўсё — ён перастаў насіць.
Няўпэўненым у сабе і сарамлівым людзям з капелюшамі складана. І іх пераканаць — не мая праца, а псіхолага.
— А як выбраць той самы капялюш?
— Найлепшы спосаб — паглядзець на сябе і ўбачыць нешта новае. Заўважыць, што гэта прыгожа. Калі ў капелюшы адчуваеш сябе лепш, чым без капелюша, то варта насіць.

— Ёсць кліенткі, у якіх шмат вашых капелюшоў?
— Так! Ёсць тыя, хто са мной яшчэ з часоў валяння. Ёсць кліенткі, у якіх па дзесяць і нават больш маіх капелюшоў. Гэта вельмі каштоўна.
— Вы пазіцыянуеце Valiumhats менавіта як беларускі брэнд. А што беларускага ў вашых капелюшах?
— Мне падабаецца, калі нешта чытаецца як беларускае. Напрыклад, падчас ReFashioned стылістка Каця Герман стылізавала мае капелюшы з хусткамі, і гэта выглядала даволі аўтэнтычна.

Часам да капелюшоў я раблю стужкі з воўны ці шоўку. Гэта нагадвае наміткі і старыя формы, якія я назірала ў сваёй бабулі. Люблю ў стылістыку мінулага дадаваць сучасныя колеры і дэталі.
Хочацца, каб у маіх капелюшах быў беларускі код, але гэта не першасная задача. Усё ж капялюш — спалучэнне вобразаў, перажыванняў, розных культур і часоў.
— Галаўны ўбор — частка беларускага традыцыйнага строю. Ён жа — абавязковы аксесуар гараджанак. Як сталася, што ў пэўны момант беларускі адмовіліся ад элегантных капялюшыкаў ці намітак і надзелі шапкі?
— Магчыма, паскорыўся час і ў капелюшах не было патрэбы. У 90-я трэба было выжыць — надзець нешта цёплае і бегчы. Бабулі яшчэ па звычцы насілі капялюшыкі, маці — не. Наша пакаленне крыху запаволілася, мае час і магчымасці штосьці прыдумаць.

«Хочацца, каб гэта стала нарэшце бізнесам»
— Лічыце сябе бізнес-вумен?
— На жаль, не. Але гэта мая кропка росту. Адчуваю, як за апошнія гады пасталела. І калі стаяла пытанне ісці на працу альбо штосьці змяняць — у сабе, у брэндзе, — зразумела, што лепей падцягну менеджарскія скілы і застануся капялюшніцай.
— То бок вы — вольны мастак, які проста любіць сваю справу?
— Так. Напачатку кар’еры працавала рамесніцай. Але апошнія восем гадоў займаюся толькі капелюшамі. Хочацца, каб гэта стала нарэшце бізнесам.

— Праца капялюшніцай дазваляе выходзіць у плюс?
— Гэта плюс-мінус. У розныя месяцы па-рознаму. Вясной-летам быў мінус. Цяпер здарыўся плюс, і разумею, што гэта магчыма — зарабляць капелюшамі і на жыццё, і на развіццё брэнда, і ў будучыні сабраць невялічкую каманду.
Цяпер як фізічная асоба вяду незарэгістраваную дзейнасць — то бок магу працаваць без рэгістрацыі фірмы, пакуль прыбытак ад продажаў не перавышае ўстаноўленага ліміту. Падатак разлічваецца асобна, з улікам выдаткаў і іншых даходаў. Пакуль у мяне не атрымлівалася зарабіць столькі, каб гэта стала праблемай.

Але ў ідэале хацелася б мець вытворчасць, каб быў памочнік, бо калі ёсць замовы, адной спраўляцца няпроста. Даводзіцца быць і фатографам, і сммшчыкам, і лагістам, і ўпакоўшчыкам, і краўчыхай — усім адразу. Часам гэта класна — парабіў гадзінку нешта адно, потым пераключыўся. Не бывае сумна. Але і складана: калі адна з гэтых роляў выпадае — усё ляціць.
«Капелюшы могуць быць памяццю»
— Вы робіце толькі жаночыя капелюшы?
— У апошні час толькі жаночыя, хаця раней маімі кліентамі былі і мужчыны. У пэўны час перастала паказваць мужчынскія мадэлі і рабіць фядоры, засяродзілася на маленькіх таблетках — вельмі жаночых мадэлях. Таму, магчыма, мужчыны больш да мяне і не прыходзяць. Збольшага яны аддаюць перавагу кэжуалу і саромеюцца насіць капялюш. На вуліцах калі і сустракаецца мужчына ў капелюшы — гэта чалавек ва ўзросце.
Аднойчы ў Мінску да мяне прыйшла дзяўчына і папрасіла аднавіць і пачысціць капялюш яе дзядулі. Шляпе на той момант 60 гадоў, і яна хацела яе насіць. Капелюшы могуць быць памяццю.

Я б хацела, каб мае капелюшы заставаліся ў сем’ях — як частка гісторыі, якую можна перадаваць дзецям і ўнукам. Капелюшы — гэта фетр, вельмі трывалы матэрыял, які можа доўга жыць. У мяне таксама ёсць вінтажны капялюш, якому амаль 100 гадоў. Я набыла яго тут, у Варшаве.
— З чым лепш насіць вашы капелюшы?
— Са звычайнай вопраткай — джынсамі і гэтак далей. Праз спалучэнне вобраз набывае новы сэнс, які пасуе і для паўсядзённасці, і для ўрачыстасці.

— Што можна сказаць пра чалавека ў капелюшы?
— Гэта смелы, цікавы чалавек са сваім бачаннем свету, які не баіцца эксперыментаваць і расказваць пра свой настрой.
— Вы заўсёды ў капелюшы. Вы таксама смелая?
— Не магу назваць сябе вельмі смелай, але калі глядзець на мяне ў капелюшы — то так. Цікава назіраць за рэакцыяй навакольных. Часам забываю, што на мне ёсць капялюш. І разумею толькі тады, калі на мяне глядзяць — у капелюшы на цябе звяртаюць увагу крыху больш. Гэта такая гульня.

— А што людзі кажуць, калі даведваюцца, што капялюшык — справа вашых рук?
— Здзіўляюцца, бо гэта сапраўды нестандартная праца.
— Бывае, што чалавек вас спыняе на вуліцы, а заўтра набывае капялюш?
— Так, таму капялюш на мне — гэта і рэклама, і папулярызацыя галаўных убораў. Увогуле, капялюш — элемент гардэроба, які звычайна з чымсьці асацыюецца: з гісторыяй ці кіно — ад кацялка Чарлі Чапліна да кандыбобера той самай мінчанкі — то бок можа быць мемам. Часам гэтыя стэрэатыпы складана разбурыць, каб адысці ад звыклага вобраза і ўбачыць сам галаўны ўбор. З гэтым вельмі цікава працаваць.

Намагаюся рабіць так, каб мой кліент мог убачыць у старой ці нейкай звыклай форме нешта новае. Каб гэта можна было насіць тут і цяпер, а не думаць, што пілотка — гэта пра сцюардэсу.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.