«Зрабіўшы адну замову ў Швейцарыю, купіў Maserati». Як беларус пабудаваў мэблевы бізнес у Польшчы

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Аляксандр Малыхін 17 гадоў рабіў мэблю на замову ў Мінску, а потым пераехаў у Польшчу і пабудаваў там з нуля мэблевую кампанію LauMaMebel, якая выконвае замовы для буйных польскіх дэвелопераў.

Пра тое, як без крэдытаў і ўласнага абсталявання запусціць вытворчасць у чужой краіне, перажыць страту 65 тысяч злотых і выйсці ў плюс, беларус расказаў на YouTube-канале «Live ПРИЮТ АДЕКВАТНОСТИ».

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Восенню 2021 года, у разгар пандэміі, Аляксандр пераехаў з Беларусі ў Польшчу. Пазней да яго далучыліся сыны, а затым і жонка Вольга, якая на радзіме амаль два дзесяцігоддзі кіравала аддзелам прававой і кадравай работы. Для жыцця абралі Вроцлаў — бо там спакайней за Варшаву, ёсць мясцовыя ўніверсітэты для дзяцей, а таксама блізка да Германіі і Чэхіі.

Першую працу ў Польшчы Аляксандр знайшоў адразу пасля каранціну: проста абзвоньваў мэблевыя фірмы і прапаноўваў сябе, расказваў пра свой досвед. Пазней перайшоў у кампанію, якая абшывала мэблевымі плітамі камунікацыі і лічыльнікі ў пад’ездах новабудоўляў. Там майстар прайшоў шлях ад мантажніка да офіснага супрацоўніка: рабіў замеры, праектаваў і замаўляў матэрыялы.

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Думка адкрыць сваю справу з’явілася спантанна, калі адзін польскі мэбельшчык прапанаваў падзяліць арэнду памяшкання — 60 квадратных метраў за 1500 злотых на месяц. Аляксандр вырашыў рызыкнуць і звольніцца з працы, каб развіваць уласны бізнес.

«Грошай не было ўвогуле. Адкрылі ў Польшчы ІП, бо ў жонкі была карта паляка. Я звольніўся з працы і паціху пачаў працаваць сам на сябе».

Назву для бізнесу склалі з частак прозвішчаў мужа і жонкі — Лаўранюк і Малыхін. Так з’явіўся брэнд LauMaMebel.

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Аляксандр не стаў укладаць дзясяткі тысяч еўра ў абсталяванне: усю распілоўку і абклейванне беражкоў кампанія аддае на аўтсорсінг буйным раскройным цэнтрам з добрымі лазернымі піламі.

Майстэрня працуе па такой схеме: дызайнер-праекціроўшчык рыхтуе тэхнічныя чарцяжы і 3D-візуалізацыю, Аляксандр дэталёва распісвае спецыфікацыю кожнай шафы і адпраўляе даныя партнёрам, якія робяць распіл і прывозяць гатовыя дэталі.

Фота: instagram.com/laumamebel

У майстэрні і на аб’екце мэблю збіраюць і манціруюць. Аляксандр кажа, што такая мадэль зніжае рызыкі: калі станок памыліўся пры распіле, то партнёрская фабрыка перарабляе дэталь за свой кошт.

Першая буйная B2B-замова прыйшла праз будаўнічую кампанію, куды ўладкавалася жонка Аляксандра: польскі забудоўшчык з беларускім капіталам узводзіў жылы дом і якраз шукаў падрадчыка для абшыўкі стаякоў і шчыткоў.

Фота: instagram.com/laumamebel

Майстар расказвае, што праца з будаўнічымі кампаніямі патрабуе ўважлівасці: памыліцца ў раскроі вогнетрывалай пліты нельга — такі матэрыял каштуе ў два-тры разы даражэй за звычайны, а пераробка трыццаці лістоў за свой кошт можа давесці маладую фірму да банкруцтва.

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Аляксандр здаў свой першы аб’ект у тэрмін. Гэта дапамагло атрымаць новую замову ад аднаго з найбуйнейшых дэвелопераў Польшчы:

«Стаю на ганку каля сталярні, а мне тэлефануюць: „Добры дзень, гэта фірма Atal. Вось нам далі ваш нумар тэлефона, ці не хочаце з намі супрацоўнічаць?“ Я ледзь не ўпаў, шчыра. Бо што такое Atal і хто такі я? Адкуль яны ўвогуле ўзялі мой тэлефон?»

Забудоўшчык для пачатку прапанаваў зрабіць два пад’езды. Каманда Аляксандра здала працу своечасова, пасля чаго кіраўнік будоўлі перадаў ім яшчэ адзін пад’езд замест канкурэнтаў, якія не справіліся.

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Аляксандр прызнаецца, што працаваць з буйнымі замовамі цікава, але складана для маладога бізнесу. Бо дэвелопер дае аванс толькі 30%, а канчатковы разлік робіць праз 30 дзён пасля падпісання актаў. Таму прадпрымальнік мусіць мець салідную фінансавую падушку, каб закупляць матэрыялы і выплачваць заробкі рабочым да поўнай аплаты.

Выйсці на польскі рынак індывідуальнай мэблі іншаземцу няпроста. Паводле слоў Аляксандра, без рэкамендацый мясцовыя кліенты неахвотна давяраюць замежнікам дарагія праекты на 100–150 тысяч злотых.

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Дзеля партфоліа Аляксандр пагадзіўся на супольны праект з палякам. Замоўца перавёў другі аванс, але грошы да вытворчасці не дайшлі: партнёр узяў у кліента 65 тысяч злотых і нічога пра гэта не сказаў Аляксандру. Потым прызнаўся, што ўсё патраціў, але растлумачыць, куды пайшлі грошы, не змог.

Беларускаму майстру давялося даводзіць аб’ект да канца за свае грошы, затое атрымалася зарабіць рэпутацыю: архітэктар праекта пачаў рэкамендаваць яго гаспадарам іншых прыватных дамоў.

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Сёння вытворчасць LauMaMebel загружана на тыдні наперад. Аляксандр бярэ 70% перадаплаты і 30% пасля заканчэння работ. Замовы прыходзяць праз сарафаннае радыё і сацсеткі. Бізнес працуе на агульнай сістэме падаткаабкладання па стаўцы 12% з даходу да 240 тысяч злотых на год. Кошт матэрыялаў адносіцца на выдаткі, што зніжае падатковую базу.

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Аднойчы, вяртаючыся са Швейцарыі пасля таго, як выканалі ў Цюрыху замову на мэблю з натуральнага дрэва і металу, Аляксандр з жонкай зазірнулі ў аўтасалон Maserati. І яна жартам сказала, што перасядзе са старога Ford за 5000 злотых толькі на Maserati. Неўзабаве так і атрымалася: Аляксандр на аўкцыёне ў Паўднёвай Карэі купіў аўтамабіль гэтай маркі з невялікім прабегам за $4200.

«Гэты аўтамабіль з размытненнем і пастаноўкай на ўлік абышоўся ў 40 тысяч злотых. То бок тых 10 тысяч еўра, якія я зарабіў за два тыдні, зрабіўшы адну замову ў Швейцарыю, хапіла на куплю гэтага Maserati».

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Цяпер Аляксандр працягвае пашыраць кліенцкую базу і плануе купіць уласнае жыллё ў Вроцлаве.

Самым складаным этапам майстар з Беларусі называе першы год пасля пераезду, бо ў эміграцыі ўсё трэба пачынаць з нуля. Але ў гэтым ёсць і плюс: іншых варыянтаў проста няма.

«Вядома, цяжка было з нуля ўсё гэта зноў развіваць. Мы прыехалі сюды, нікога не ведаем, чужыя людзі, таму стараемся рабіць добра, адказна і ў тэрмін. І мы гатовыя працаваць шмат».

Скрыншот з відэа youtube.com/@livepriyut

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *