Беларус зрабіў метафарычныя карты з прымаўкамі на альтэрнатыўнай лацінцы

Выдавецтва Gutenberg Publisher збірае перадзамовы на калоду «ЦМОК: метахварычныя карты». Аўтарам праекта з’яўляецца Сяржук Сай.
Метафарычныя карты створаны на базе беларускіх прымавак, а ўсе малюнкі Сяржук Сай зрабіў з дапамогай штучнага інтэлекту.

У камплект уваходзяць:
- 84 метафарычныя карткі;
- 6 картак з дапаможнай інфармацыяй;
- палатняная торбачка для захоўвання калоды.
Калода пабудаваная на сістэме «Карагод» і ўключае 8 картак-крышталёў, прывязаных да беларускіх свят і псіхалагічных сфер жыцця (духоўнасць, пакліканне, сяброўства, сям’я, самаразвіццё, праца, здароўе, адпачынак), і 72 карткі-камяні з беларускімі фразеалагізмамі пад кожным крышталём.
У калодзе таксама ёсць тры персанальныя карткі (для ўладальніка калоды, яго партнёра і сябра) і адна чыстая картка.

Асаблівасцю рэлізу стала выкарыстанне альтэрнатыўнай версіі беларускай лацінкі, якую Сяржук Сай з аднадумцамі назвалі «Латкай». У выдавецтве тлумачаць:
«Гэта не спроба раскрытыкаваць традыцыйную лацінку, а пошук і тэсты новых формаў і падыходаў. Бо беларусы заўжды імкнуцца ўсё ўдасканаліць!»

Інструкцыя ў камплекце з калодай змяшчае тлумачэнне транслітарацыі новай версіі і апісанне чатырох варыянтаў раскладаў: «Хвокус», «Тады-Тут-Там», «Выбар» і «Карагод».
Цана метафарычных карт «ЦМОК» — 99 злотых. Выдавецтва пачне адпраўляць замовы ўжо 5 снежня.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.