500 рублёў за пераплаўку старых упрыгажэнняў: беларуска адкрыла ў Мінску аўтарскую ювелірную майстэрню

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

Дызайнерка інтэр’ераў Анастасія Аксёнава заўсёды хацела ствараць ювелірныя ўпрыгажэнні, але толькі чатыры гады таму адважылася пайсці на прыватныя курсы ювеліраў. І цяпер у яе ўласная ювелірная майстэрня ў Мінску, дзе яна пераплаўляе старыя пярсцёнкі, парваныя ланцужкі і залатыя каронкі ў аўтарскія ўпрыгажэнні. Гісторыю распавядае Myfin.by.

«Папрацавала ў змрочным падвале і зразумела, што так не хачу»

Пасля нараджэння малодшай дачкі Анастасія пайшла вучыцца на ювеліра. Пачала з класічнага навучання азам працы з латунню і меддзю, а пасля самастойна асвоіла мадэляванне ўручную з воску.

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

Далей вырашыла набрацца досведу ў найме ў якасці вучаніцы, а пасля стала шукаць свой стыль і ствараць першыя пярсцёнкі. І зразумела, што на яе вырабы ёсць попыт. А нядаўна пачала працаваць з высакароднымі металамі.

Анастасія кажа, што ювелірная ніша ў Беларусі даволі вузкая і пераважна там працуюць мужчыны:

— Ёсць прадпрыемствы поўнага цыклу і прыватныя ювелірныя майстэрні, але часцей за ўсё майстры ствараюць рэплікі вядомых брэндаў. Таксама я доўга спрабавала зразумець, наколькі праца з металам — наогул жаночы занятак. Так, ёсць стэрэатып, што гэта мужчынская справа. Паглядзіце на мае рукі — манікюр максімальна мінімалістычны.

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

Памяшканне былой фотастудыі плошчай 65 кв. м у Савецкім раёне Мінска заснавальніца адрамантавала сваімі рукамі, падзяліўшы яго на эстэтычную кліенцкую зону і тэхнічную працоўную частку. Дызайнерскае мінулае дапамагло адысці ад стэрэатыпнага вобраза ювелірнай майстэрні:

— Калі б была мужчынам, напэўна глядзела б на сваё працоўнае месца зусім інакш. Звычайна як — прыходзіш у майстэрню, а гэта нейкі змрочны падвал ці пакой без вокнаў, дзе шэра, запылена і маркотна. Я сама ў такой папрацавала і хутка зразумела: не, для сябе я гэтага не хачу. Навошта там заставацца, калі можна стварыць сваё? Я ж дызайнерка інтэр’ераў, і для мяне прастора мае велізарнае значэнне.

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

Што зрабіць з бабулінымі савецкімі рубінамі

Анастасія кажа, што цыкл стварэння аднаго ўпрыгажэння можа займаць да трох месяцаў.

Спачатку кліент прыходзіць з рэферэнсам, на аснове якога ў далейшым будзе рабіцца чарговы ювелірны шэдэўр.

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

Прынесены каштоўны лом — залатыя каронкі, парваныя ланцужкі, пярсцёнкі, згубленыя завушніцы і іншыя непатрэбныя ўпрыгажэнні — трэба праверыць рэактывамі, каб пацвердзіць, якую пробу трымае метал. Потым сыравіна адпраўляецца на хімічны аналіз, і толькі пасля афіцыйнага пацвярджэння пробы лабараторыяй метал можна выкарыстоўваць у працы.

Далей вырабы мадэлююцца з воску, адліваюцца ў вакуумнай устаноўцы, праходзяць абавязковае дзяржаўнае клеймаванне і фінальную апрацоўку — замацаванне камянёў і паліроўку.

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

Кошт працы над адным вырабам (без уліку кошту матэрыялаў) складае каля 500 беларускіх рублёў.

Як кажа Анастасія, асноўная аўдыторыя бізнесу — маладыя жанчыны, якія стаміліся ад мас-маркету, а таксама пары, якія замаўляюць заручальныя пярсцёнкі з сэнсам.

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

У дызайне ўпрыгажэнняў майстэрня актыўна выкарыстоўвае сучасныя альтэрнатывы дарагім прыродным камяням — вырашчаныя ў Беларусі лабараторныя каштоўныя камяні, а таксама перапрацаваныя сямейныя рэліквіі. Напрыклад, папулярныя цяпер «савецкія рубіны» са старых ўпрыгажэнняў: дочкі і ўнучкі хочуць захаваць эмацыянальную сувязь з бабуляй ці мамай і насіць камень з сямейнага любімага вырабу, але ў сучасным дызайне.

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

Анастасія працуе ў недарагім сегменце. Калі чалавек вельмі хоча пярсцёнак з высакародным зялёным смарагдам ці найчысцейшым дыяментам, але не гатовы выдаткоўваць на гэта мільёны, то можна выкарыстоўваць беларускія лабараторныя камяні:

— У нас вырошчваюць сапфіры, смарагды, алмазы. Па сваіх фізіка-хімічных і аптычных уласцівасцях яны абсалютна ідэнтычныя прыродным, але па цэнавай катэгорыі — значна больш даступныя. Іх кошт залежыць ад каратнасці, але ў сярэднім акуратны, прыгожы лабараторны камень можа каштаваць у межах $50–150.

Фота: instagram.com/aksionova.jwl

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *