«Для мяне грошы пахнуць»: аўтар хіта «Стой, можна я з табой» AP$ENT расказаў, колькі можна зарабіць на музыцы

У часы пікавай папулярнасці песня «Можна я з табой» штомесяц набірала больш за 463 мільёны праглядаў на YouTube у відэа розных карыстальнікаў. Саму песню на Spotify праслухалі ўжо 37 мільёнаў разоў. Здавалася б, аўтар мог бы зарабляць на рэкламе і жыць у сваё задавальненне, але Арсеній Кісляк прынцыпова не ідзе ў сляпую камерцыю. Пры гэтым музыка прызнаецца, што жыве толькі за кошт творчасці.

Пра працу ноччу, заробкі музыкаў, эміграцыю і сарваныя канцэрты AP$ENT распавядае спецыяльна для spravy.io.

Пераезд — гэта падарунак лёсу

Арсеній Кісляк разам з жонкай Марыяй пераехалі з Беларусі, бо Марыі пагражала абмежаванне свабоды праз каментар у Telegram.

— Сам па сабе пераезд у выніку стаў падарункам лёсу, але як цяпер узгадваю — гэта было вельмі цяжка. Нанова давялося збіраць абсталяванне, знаёмствы, былі затрымкі ў выплатах і праблемы прыкладна ва ўсіх сферах жыцця. Але быццам бы ўсё разграблі, і цяпер ужо дыхаецца лягчэй, — распавядае Арсеній.

Песня «Можна я з табой» якраз была філасофскім адлюстраваннем гэтай гісторыі, але не ўсе гэта зразумелі.

Цікава, што сама песня выйшла ў 2022 годзе, але яе пікавая папулярнасць прыйшла толькі праз два гады. Прычын на гэта некалькі.

Вялікая частка слухачоў звярнула ўвагу на гэты хіт, калі Раскамнагляд заблакаваў профіль артыста на расійскіх стрымінгавых платформах у сакавіку 2024 года. Ведамства патлумачыла гэта патрабаваннем абмежаваць доступ да матэрыялаў, «накіраваных на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў РФ».

Пад відэа «Можна я з табой» на YouTube каментар «Дзякуй Раскамнагляду за гэтую песню. Без іх я б, магчыма, страціў магчымасць паслухаць гэты шэдэўр» набраў 9,5 тысяч лайкаў і 138 каментароў. Яшчэ адзін каментар — «Дзякуй, у чарговы раз, прадзюсарскаму цэнтру „Раскамнагляд” за чарговае адкрыццё!» — сабраў 4 тысячы лайкаў.

Зараз у «Можна я з табой» 71,5 мільёна праслухоўванняў на YouTube і 37 мільёнаў на Spotify.

Многія пішуць, што ўпершыню пачулі трэк праз відэа ў TikTok, бо ў нейкі час песня завірусілася і людзі пачалі здымаць коцікаў пад яе. Арсеній нават жартаўліва назваў яе «Гімнам коцікаў», хоць песня першапачаткова была не пра гэта.

Два гады таму ў інтэрв’ю каналу «Часнок» Арсеній паказваў адмінку YouTube, дзе была лічба 463 мільёны праглядаў відэа з выкарыстаннем песні «Можна я з табой» за месяц.

Скрыншот: ЧестнОК-LIVE

Арсеній прызнаваўся, што першы час быў шакаваны лічбамі:

— Насамрэч мала спаў і стрэсаваў, маральна было вельмі цяжка. Быў нават момант, калі я нават заплакаў… Гэта радасць, але настолькі вялікая і моцная, што гэта вельмі цяжка проста маральна перажыць. Тыдні два проста прыходзіў да памяці.

Арсеній распавядае, што загадзя звычайна не ведаеш, ці «выстрэліць» трэк:

— У творчасці першаснае — самавыражэнне. Ёсць трэкі, у якіх я адчуваю, што нечакана недасамавыразіўся — я магу толькі спадзявацца, што трэк «стрэльне», калі не — то не.

Screenshot

«Альбо раблю сам, альбо дэспатычна кантралюю»

Найбольшы прыбытак музыканту прыносіць стрымінгавая платформа Spotify. Але пры гэтым AP$ENT рэгулярна абнаўляе свае сацыяльныя сеткі і канал на YouTube. Графік у Арсенія савіны:

— Устаю позна. Мой графік, у якім поясе я б ні жыў, заўсёды ссоўваецца на ноч. Дзень звычайна адыходзіць пад нейкую руціну, вечар — гэта час для сям’і і сацыялізацыі, а ноч — для творчасці і навучання. Як правіла, я ўвесь час нечым заняты. Пры гэтым музыка і здымкі для мяне — гэта дзейнасць з розных кошыкаў. Пісаць музыку, прадусіраваць, зводзіць, вучыцца — гэта для мяне хутчэй забаўка і адпачынак. А вось здымаць відэа і пісаць тэксты — гэта ўжо адказная праца. Таму музыцы аддаю ноч, а здымкам, умоўна, раніцу.

Арсеній самастойна піша музыку, словы і здымае ўвесь кантэнт, бо перакананы, што творчае бачанне аўтара павінна працаваць ва ўсім:

— Усё, што тычыцца творчай часткі, я альбо раблю сам, альбо дэспатычна кантралюю. Некаторыя рэчы, не звязаныя канкрэтна з творчасцю, стараюся скінуць на каго-небудзь, але яны чамусьці пакуль не скідаюцца.

Былі спробы зарабіць на сольным анлайн-канцэрце ў YouTube, але прыляцела менш за дзве сотні еўра данатаў. А на апошнім жывым эфіры — каля 85 еўра данатаў.

Музыкант гаворыць, што такія мерапрыемствы робяцца хутчэй для камунікацыі з аўдыторыяй:

— Значыць, стрым такі быў «калечны», ды і не асабліва я настойваў на данатах. На стрыме ты размаўляеш са сваёй аўдыторыяй, а твая аўдыторыя — гэта людзі з падобным музычным густам — яшчэ не сябры, але ўжо і не чужыя табе людзі. Размаўляць з імі прыемна і весела.

«Шырачэзны спіс таго, чаго я рэкламаваць не стану»

У адным з нядаўніх рылс у Instagram Арсеній гаворыць, што яму для прафілактыкі прапісалі таблеткі ад венаў і сасудаў і жартаўліва дадаў, што мог бы іх рэкламаваць, бо ў песні «Я пока побуду» як раз прыпеў сугучны.

Рэкламу музыканту прапаноўваюць нячаста:

— У мяне шырачэзны спіс таго, чаго я рэкламаваць не стану. Для мяне грошы пахнуць. Адкрытае махлярства кшталту snake oil я б рэкламаваць не стаў. Але калі б, напрыклад, прапанавалі рэкламу сапраўднага прэпарата ад вен, я б спачатку вывучыў артыкулы, рэпрэзентатыўнасць даследаванняў і дапускаю, што мог бы пагадзіцца.

Музыкант не хоча, каб яго песні выкарыстоваўліся ў нечым, што «псуе людзям жыццё» і пералічвае ў гэтым спісе казіно, стаўкі і палітычныя партыі.

Кагосьці добра слухаюць, а на канцэрты не ходзяць

Лагічнае пытанне: калі не рэклама, то на чым могуць зарабляць музыкі і што надзейней — рэгулярны посцінг ці адзін хіт?

— Хіты прыносяць больш грошай, чым не хіты. Я не ведаю, як у каго, але я супраць руціннага посцінгу, — распавядае Арсеній.

Пры гэтым AP$ENT гаворыць, што ў музыкантаў ёсць шырокі выбар манетызацыі і ўсё залежыць ад хваткасці:

— Ведаю прыклады, калі людзі без свайго матэрыялу нармальна выжываюць, граючы на вуліцы. У розных музыкантаў розныя шляхі. Кагосьці добра слухаюць, а на канцэрты не ходзяць. Хтосьці збірае залы, маючы па 10 тысяч на Spotify — усё моцна індывідуальна. Ясна адно — чым большая ў тваёй творчасці аўдыторыя, тым лепш. А колькасць пастоў у TikTok наогул не ўплывае на паспяховасць — толькі цікавасць музычнага матэрыялу.

Мікрафон для «Можна я з табой» каштаваў 100 даляраў

Большасць песень Арсенія кароткія — да трох хвілінаў. Спачатку Апсент піша музыку, а потым ужо словы. І можа стацца так, што словы для двуххвіліннага трэка пішуцца паўгода.

Над стварэннем тэксту «Можна я з табой» аўтар працаваў па некалькі гадзін штодзённа цэлы месяц, каб атрымалася сапраўдная шматслойнасць: завязка, кульмінацыя, развязка і глыбокі сэнс, які дазваляе ўплесці і асабістую рэальнасць, і экзістэнцыяльную канцэпцыю:

— Мне здаецца, што ў музыцы галоўнае — пасыл і чапляючая мелодыя. На добрым матэрыяле заканчваецца 85% якасці, у прынцыпе, усё гатова.

AP$ENT упэўнены: для поспеху не патрэбна касмічна дарагое абсталяванне. Яго самая дарагая гітара да нядаўняга часу каштавала 600 долараў — прыкладна столькі ж, колькі і відэакарта з убудаванымі плагінамі. Астатняе абсталяванне яшчэ больш дэмакратычнае: пара манітораў абышлася ў 300 долараў, мікрафон для стрымінгу — таксама ў 300, а мікрафон, на які быў запісаны хіт «Можна я з табой», каштаваў усяго 100 долараў. Да гэтага Арсеній карыстаўся значна больш таннымі гітарамі — па 150–200 долараў.

— Толькі сёлета набыў сабе дарагі сэтап, таму што ўпёрся ў столь сярэдненькай якасці гучання і адчайна шукаў рашэнняў і ведаў у цэлым. І ў «жалезе» знайшоў як нейкія канкрэтныя рашэнні, так і агульнае разуменне некаторых рэчаў. Цяпер мая музыка будзе гучаць значна лепш.

Праз адмену тура згубіў $10 тысяч

Яшчэ адзін хіт Арсенія, які рве душы эмігрантаў, называецца «Сумны». Там ёсць словы «ты 375, а я ўжо 48», а таксама пытанне пра планы на восень. Не ўсе зразумелі, што гаворка ідзе пра растанне, а лічбы — гэта тэлефонныя коды Беларусі і Польшчы.

Летась у Апсента здарылася непрыемная гісторыя: тур па краінах Балтыі давялося адмяніць, і вынік такой адмены абыйшоўся ў мінус 10 тысяч даляраў.

Пытанне канцэртаў даволі складанае, бо ў музыкі вялікага досведу ў арганізацыі няма, ды і займацца «чосам» на гастролях ён не хоча. Арсеній лічыць, што лепш даць адзін канцэрт у год, а манетызаваць сваю творчасць пераважна праз лічбавыя платформы і выкарыстанне музыкі ў кіно.

Але пра планы на лета Арсеній сказаў так:

— Я ўзаемадзейнічаю з арганізатарамі і працую над стварэннем канцэртнага графіка, ужо гатовая праграма, з якой мы пачнем выступаць. Не буду пакуль спайлерыць, але ўжо гэтым летам штосьці дзесьці будзе.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *