Кравецкае атэлье «Лявоніха» працуе больш за 60 гадоў і дагэтуль не вядзе сацсетак

Гэтае атэлье пашыву і рамонту адзення адкрылася ў Мінску ў 1962 годзе. Сёння бізнесам кіруе ўжо другое пакаленне: Любоў Квачонак пераняла гэтую справу ў сваёй маці. Гісторыю сямейнага бізнесу распавядае Myfin.by.
Першапачаткова памяшканне праектавалася менавіта пад атэлье — яно адкрылася адразу пасля здачы дома ў 1962 годзе пад вывескай «Атэлье № 13». Маці Любові Яраславаўны ўладкавалася сюды на працу майстрам у 1975 годзе, калі разам з мужам пераехала ў Мінск з Украіны.

У дзяцінстве Любоў Квачонак часта прыходзіла да маці на працу. І згадвае, што тады попыт на паслугі па пашыве быў велізарны: гатовага адзення ў крамах не хапала, атэлье працавала ў дзве змены (з 7 гадзін раніцы да поўначы), а кліенты збіраліся ў чэргі на вуліцы яшчэ да адкрыцця.
У 1992 годзе мама Любові вырашыла захаваць атэлье, стаўшы яго ўласніцай:
«Маме ўдалося ўзяць кіраўніцтва на сябе, аформіць ТДА. Гэта было яе дзецішча».

Каб утрымацца на плаву ў складаныя 90-я, прыходзілася брацца за любую працу, у тым ліку за пашыў рабочых пальчатак. Але паступова атэлье вярнулася да звыклага профілю — пашыву і рамонту адзення. З’явіліся і пастаянныя буйныя заказы: напрыклад, пачынаючы з 2000-х гадоў атэлье абслугоўвае хакейную каманду «Дынама-Мінск»:
«Форму яны шыюць не ў нас, але да нас яна прыходзіць ужо на дапрацоўку. Мы прышываем рэкламу і прозвішчы, падганяем пад памер, нешта пакарочваем, звужаем, падаўжаем, рамантуем разрывы».
У 2012 годзе бацькі Любові Квачонак вырашылі з’ехаць на радзіму, а бізнес перадалі дачцэ:
«Мы з мужам доўга думалі, бо гэта адказнасць. Я разумела, што атэлье будзе забіраць шмат часу. Але калі б мама аддала яго чужому чалавеку, невядома, як усё склалася б далей».
Новая ўласніца пачала абнаўляць інтэр’еры памяшкання: спачатку цэх, а потым паступова і іншыя зоны атэлье. Рамонт рабілі ўласнымі сіламі — у тым ліку дапамагалі муж і сын. Цяпер інтэр’ер упрыгожваюць артэфакты розных эпох: савецкія лічыльнікі, старыя прасы і сямейная рэліквія — гадзіннік XIX стагоддзя маркі «Генры Мозер».

Як кажа Любоў, для яе важна, каб у атэлье кліенты адчувалі сябе спакойна і не баяліся зайсці з пытаннем:
«Я кажу: прыходзьце да мяне ў атэлье проста пагаварыць, папіць кавы. Я частую сваіх заказчыкаў кавай».
Зараз бізнес не мае актыўнага прасоўвання ў сацсетках, а галоўным каналам прыцягнення кліентаў застаецца сарафаннае радыё. Таксама інфармацыя пра атэлье перадаецца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне:
«Гэта вельмі прыемная гісторыя. Спачатку бацькі прыходзілі з маленькімі дзецьмі, потым гэтыя дзеці выраслі і цяпер прыходзяць самі, ужо са сваімі дзецьмі».

Але праз развіццё рынку гатовага адзення і маркетплэйсаў мадэль працы «Лявоніхі» істотна змянілася. Зараз індывідуальны пашыў стаў дарагой нішавай паслугай. Таму фокус бізнесу змясціўся на іншыя кірункі: часцей за ўсё людзям трэба пакараціць адзенне, ушыць, замяніць маланку, падагнаць рэч па фігуры або адрамантаваць тое, што ўжо яны носяць.
«Людзі пытаюцца, ці ўсё мы робім. Я адказваю: стараемся. Але я ніколі не абяцаю таго, у чым не ўпэўненая. Для мяне якасць вышэй за ўсё», — кажа Любоў Квачонак.