«Прасцей адкрыць краму адзення, а не салон прыгажосці»: беларускі пабудавалі бізнес на Кіпры і стаміліся

Аліса і Кацярына — сяброўкі з дзяцінства. Разам хадзілі ў школу, затым разам трымалі адну з мінскіх кропак Wildberries. А тры гады таму адкрылі салон лазернай эпіляцыі ZenLaser Studio на Кіпры.

Пра свой шлях да мары, выгаранне і хуткі пераезд у Ліван дзяўчаты расказалі spravy.io

Інвестыцыя ў €200 тысяч — і ты супрацоўнік сваёй кампаніі

— Як вы апынуліся на Кіпры? 

Кацярына: Паехалі падарожнічаць. Былі ў многіх краінах, але больш за ўсё спадабалася на Кіпры. І мы такія: што можна зрабіць, каб застацца? 

У Мінску наша сяброўка валодае салонамі лазернай эпіляцыі. На той момант у Ларнацы, дзе мы спыніліся, ніхто не рабіў эпіляцыю дыёднымі лазерамі, якія яна выкарыстоўвае ў працы. Вырашылі: класна, адкрыем такі ж салон! 

— Складана было пачаць б’юці-бізнес у Ларнацы дзвюм іншаземкам?

Кацярына: Мясцовы адвакат, да якога звярнуліся па кансультацыю, сказаў: «Дзяўчаты, увогуле нічога не трэба! Адкрываеце кампанію, робім вас яе супрацоўніцамі, знаходзіце памяшканне з белымі сценамі і атрымліваеце ліцэнзію. Усё». 

Але ён падмануў. Аказалася, што адкрыццё кампаніі не дае права знаходзіцца на Кіпры. Да таго ж ва ўладальніка салона, які прапануе б’юці-працэдуры, павінна быць еўрапейская медыцынская адукацыя і еўрапейскі пашпарт. У выніку мы знайшлі фірму, якая адкрыла для нас даччыную кампанію. У яе былі дазвол і ліцэнзія, каб наняць нас на працу. Самастойна гэта зрабіць было немагчыма. 

Аліса: Бо памер інвестыцый, каб іншаземец мог стаць супрацоўнікам уласнай кампаніі, складае мінімум 200 тысяч еўра.

Апарат за €15 тысяч і праблемы з адкрыццём рахунку ў банку

— Адкрыць салон лазернай эпіляцыі — гэта дорага? 

Кацярына: Спачатку мы думалі, што трэба толькі купіць апарат для салона і заплаціць €1000 за арэнду памяшкання. Апарат каштаваў €15,5 тысяч, яшчэ 29% ад сумы пацягнула мытная пошліна. 

Той самы адвакат, які нас падмануў, казаў: дзяўчаты, кампанія будзе адкрыта заўтра, замаўляйце апарат, чаго чакаеце? Замовілі. Аказалася, што пасля растаможкі яго нельга вывозіць у іншую краіну — напрыклад, каб запусціцца ў іншым месцы. І таму нават калі мы часам сумняваліся ў сваёй ідэі, давялося змагацца, бо ўжо патрацілі шмат грошай. 

Аліса: Дадаліся страхоўка і падатак — гэта яшчэ €700 у месяц на кожную з нас. Звычайна гэтую суму выплочвае кампанія, якая наймае замежных работнікаў. Але паколькі мы і ёсць кампанія, то плацім за сябе самі. 

Кацярына: А яшчэ на Кіпры ёсць праблема з адкрыццём банкаўскіх рахункаў для беларусаў. Каб вырашаць гэтыя пытанні, патрэбна шмат грошай. Усё зусім не проста.

«Мы здзівіліся, чаму ў Ларнацы не выкарыстоўвалі такі лазер»

— Каб аказваць паслугі лазернай эпіляцыі, патрэбна спецыяльная адукацыя?

Аліса: Не. У Беларусі нас гэтаму вучыла сяброўка. На Кіпры — кампанія-прадавец апарата.

Screenshot

— У чым асаблівасць эпіляцыі дыёдным лазерам?

Кацярына: Яго можна выкарыстоўваць на загарэлай скуры і скуры больш цёмнага адцення: ён лепш спраўляецца менавіта з цёмнымі валасамі.

Таксама выдаленне валасоў дыёдным лазерам — не такая балючая працэдура, як, напрыклад, калі рабіць александрытавым. І мы здзівіліся, што ў Ларнацы яго не выкарыстоўвалі, бо калі чалавек ідзе на лазер, яму стрэсова і балюча.

— Што яшчэ прапануе ваш салон і па якіх цэнах?

Аліса: Кампрэсійна-вібрацыйны масаж (эндасфера). І на дадзены момант усё.

Цэны такія ж, як паўсюль. Лазерная эпіляцыя на ўсё цела — €150. Пробны гадзінны сеанс масажу — €70, звычайны сеанс — €85 (з абанементам цана ніжэйшая).

Але і лазерная эпіляцыя, і эндасфера — гэта не аднаразовыя працэдуры. Каб пазбавіцца валасоў або паправіць фігуру, патрэбна прыкладна восем–дзесяць сеансаў. Напрыклад, на эпіляцыю кліент прыходзіць кожны месяц.

«Калі шчыра, мы перагарэлі»

— Ці акупаецца ваша справа? 

Аліса: Так. У лепшыя часы выходзіла прыкладна €6,5 тысяч на дзвюх. За гэтыя грошы мы маглі жыць, наймаць жыллё, пакрываць страхоўкі і арэнду. Гэта не тое, каб шмат, але і не мала. Дазвалялі сабе рэстараны, вечарынкі і задавальнялі свае патрэбы.

— А цяпер не лепшыя часы? 

Аліса: Раней мы наймалі вялізнае памяшканне ў адным з лепшых гатэляў Ларнакі — Radisson. Зрабілі там рамонт. З намі працавала дзяўчына, якая рабіла манікюр. 

Кацярына: Былі амбіцыі адкрыць шыкоўныя салоны ў гатэлях па ўсім Кіпры. Але праз складанасці з дакументамі і доўгія восем месяцаў, што доўжыўся гэты працэс, мы нібыта спыніліся, адкрыўшы наш круты салон. Паглядзелі на яго і падумалі: ваў, малайцы, цяпер можна выдыхнуць, расслабіцца і адкрыць нешта прасцейшае.

А калі шчыра, мы перагарэлі. Абзавяліся сем’ямі, амбіцый стала менш. 

Аліса: Цяпер салон пераехаў у невялікае месца ў цэнтры горада. Мы адмовіліся ад манікюру, пакінулі толькі масаж і лазерную эпіляцыю. Але хутка салон чакаюць новыя змены.

— Якія?

Аліса: Ён разам з намі пераязджае ў Ліван. Бо мы выйшлі замуж за двух сяброў родам з Лівана.

Screenshot

— Ці не баіцеся, што зноў давядзецца сутыкнуцца з цяжкасцямі?

Аліса: Пасля таго, што мы прайшлі на Кіпры, нічога не страшна. Адчуваем сябе прафесіяналамі.

— Наколькі б’юці-паслугі запатрабаваныя ў Ліване?

Аліса: Лазерная эпіляцыя запатрабаваная ўсюды. Паўсюль ёсць дзяўчаты, якія хочуць выдаліць валасы. 

Кацярына: У Ліване, як і на Кіпры, лета доўжыцца сем месяцаў. У гэтых краінах усе пастаянна ходзяць на эпіляцыю. 

Аліса: Акрамя таго, рускамоўныя майстры карыстаюцца даверам і папулярнасцю праз прафесіяналізм: лічыцца, што выхадцы з Усходняй Еўропы, якія займаюцца б’юці-працэдурамі, больш дасведчаныя і старанныя. 

Кіпрыёты ідуць у кіпрскі салон

— Апошнім часам вы не вельмі актыўна вядзеце сацыяльныя сеткі. Як салон знаходзяць кліенты?

Кацярына: Спачатку для прасоўвання выкарыстоўвалі Instagram. Усю рэкламу накіроўвалі толькі на рускамоўную аўдыторыю. Але на Кіпры добра працуе сарафаннае радыё. У нас вельмі добрая рэпутацыя і кліенты нас любяць. 

Screenshot

— Але салонаў, якія аказваюць такія ж паслугі, шмат… 

Кацярына: Так. Да таго ж за тры гады ў Ларнацы з’явіліся яшчэ два салоны з дыёднымі лазерамі, у якіх працуюць рускамоўныя дзяўчаты. Але мы не канкуруем. Увогуле, кіпрыёты ідуць у кіпрскі салон. Замежнікі — да нас. У тым ліку арабкі, немкі. 

Аліса: Пераехаўшы на Кіпр, я, напрыклад, не валодала англійскай. Было цяжка. Ды і не хацелася працаваць з замежнікамі. З часам англійская ўсё адно падвучылася. З’явіліся англамоўныя кліенты. 

Кацярына: На Кіпры можна не ведаць англійскай, не кажучы ўжо пра грэчаскую, і працаваць толькі з рускамоўнымі. Тут вялікае рускамоўнае кам’юніці.

— На сёння ваш салон — бізнес ці хобі?

Аліса: Спачатку быў бізнес, за кошт якога мы жылі. Гэта было тое, што перавезла нас на Кіпр. Цяпер хутчэй хобі. Спадзяёмся, пасля пераезду ў Ліван салон зноў стане бізнесам.

Калі справа тычыцца цела чалавека, трэба шмат дакументаў

— Што параіце тым, хто збіраецца адкрыць бізнес на Кіпры?

Кацярына: Знайсці добрага адваката, які растлумачыць нюансы і дапаможа з дакументамі. Бо адкрыць бізнес на Кіпры, жыць на Кіпры і весці бізнес або знаходзіцца на Кіпры і мець магчымасць працаваць у сваім бізнесе — гэта тры розныя шляхі.

Іншаземцам, якія мараць пра справу, звязаную з б’юці-сферай, важна разумець, што на Кіпры значна прасцей адкрыць краму адзення, чым салон прыгажосці. Таму што калі справа тычыцца цела чалавека, то патрэбна шмат дакументаў. 

Калі ў вас ёсць медыцынская адукацыя, магчыма, будзе прасцей. Няма — давядзецца шукаць кампанію, у якой ёсць медыцынскі супрацоўнік і якая для вас адкрые ліцэнзію. Вы будзеце працаваць пад наглядам гэтага чалавека. Але за ўсё гэта трэба шмат плаціць.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *