«Амерыканская мара» па-беларуску: трое ўраджэнцаў Беларусі ўвайшлі ў рэйтынг Forbes паспяховых імігрантаў ЗША

Да 250-годдзя заснавання Злучаных Штатаў Амерыкі Forbes склаў рэйтынг самых паспяховых імігрантаў у гісторыі сучасных ЗША.
У спіс 250 людзей, якія змаглі ўвасобіць «амерыканскую мару» і значна паўплываць на эканоміку, тэхналогіі і культуру краіны, увайшлі трое ўраджэнцаў Беларусі: прадпрымальнік Ігар Тульчынскі, стартапер Дзяніс Ярац і алімпійская чэмпіёнка Вольга Корбут.
Паводле складальнікаў рэйтынгу, сёння ў Злучаных Штатах Амерыкі пражывае каля 50 мільёнаў імігрантаў. Заснавальнікі бізнесаў і інаватары з іншых краін фармуюць значную частку амерыканскай эліты: сярод удзельнікаў рэйтынгу — дзесяткі мільярдэраў, кіраўнікі найбуйнейшых IT-кампаній, навукоўцы і лаўрэаты Нобелеўскай прэміі.
Пры складанні спісу рэдакцыя ацэньвала не толькі колькасць заробленых грошай, але і ўнёсак гэтых людзей у стварэнне працоўных месцаў, развіццё інавацый, культуру і грамадскае жыццё.
Паспяховыя беларускія імігранты ў ЗША
Найвышэйшую пазіцыю сярод беларусаў — 138-е месца — заняў 59-гадовы фінансіст Ігар Тульчынскі, які нарадзіўся ў Мінску ў 1966 годзе, але ў 11-гадовым узросце пераехаў у ЗША разам з бацькамі.

Ён з’яўляецца заснавальнікам і генеральным дырэктарам інвестыцыйнай кампаніі WorldQuant, якая выкарыстоўвае складаныя мадэлі і прагнастычныя алгарытмы для прыняцця фінансавых рашэнняў і інвестыцый.
Таксама Ігар Тульчынскі развівае сацыяльны праект: яго некамерцыйная арганізацыя WorldQuant University прапануе бясплатнаe анлайн-навучанне і забяспечвае студэнтаў з усяго свету магчымасцю атрымаць магістарскую ступень па фінансавай інжынерыі.
На 146-й пазіцыі рэйтынгу апынуўся 38-гадовы ІТ-спецыяліст і прадпрымальнік Дзяніс Ярац, сузаснавальнік і галоўны тэхналагічны дырэктар Perplexity AI. Дзяніс нарадзіўся ў Гомелі, вучыўся ў Мінску, а потым пераехаў у Маскву, дзе працаваў інжынерам-праграмістам у кампаніі «Яндэкс».

На пачатку кар’еры ў ЗША Дзяніс Ярац займаўся развіццём пошукавай сістэмы Bing у кампаніі Microsoft. Набыты досвед у сферы апрацоўкі даных дапамог яму разам з Аравіндам Срынівасам, Джоні Хо і Эндзі Канвінскі ў 2022 годзе заснаваць Perplexity AI. Гэты стартап пазіцыянуе сябе як альтэрнатыву традыцыйным пошукавым сістэмам, выкарыстоўваючы вялікія моўныя мадэлі для фарміравання адказаў на запыты карыстальнікаў. Кампанія стала адным з найбольш заўважных ШІ-стартапаў апошніх гадоў і прыцягнула больш за $1,6 млрд інвестыцый, а агульная ацэнка дасягнула $20 млрд.
На 205-м месцы ў рэйтынгу знаходзіцца 70-гадовая ўраджэнка Гродна — гімнастка Вольга Корбут. На Алімпійскіх гульнях 1972 і 1976 гадоў у складзе зборнай СССР яна заваявала чатыры залатыя медалі і сваімі выдатнымі выступленнямі натхніла цэлае пакаленне амерыканскіх гімнастаў.

У 1991 годзе Вольга Корбут эмігравала ў ЗША, дзе працягнула сваю кар’еру ў якасці трэнера па гімнастыцы.
Хто ўвайшоў у ТОП-5 імігрантаў па версіі Forbes
Першая пяцёрка рэйтынгу Forbes самых паспяховых імігрантаў паказвае, што людзі, якія прыехалі ў ЗША з іншых краін, могуць змяніць цэлыя індустрыі.Вось як выглядае ТОП-5 рэйтынгу:
- Арнольд Шварцэнэгер (Аўстрыя) — 78 гадоў. Легендарны бадыбілдар, галівудскі акцёр, мільярдэр-магнат у сферы нерухомасці і былы губернатар Каліфорніі.
- Ілан Маск (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка) — 54 гады. Найбагацейшы чалавек у гісторыі, заснавальнік SpaceX і кіраўнік Tesla.
- Сяргей Брын (Расія / СССР) — 52 гады. Сузаснавальнік Google, які прыбыў у ЗША ў 6 гадоў, а цяпер курыруе новыя распрацоўкі кампаніі ў галіне ШІ.
- Джэнсен Хуанг (Тайвань) — 63 гады. Заснавальнік і генеральны дырэктар тэхналагічнага гіганта Nvidia, які лідзіруе на сусветным рынку чыпаў для ШІ.
- Руперт Мёрдак (Аўстралія) — 95 гадоў. Медыямагнат, які аказаў велізарны ўплыў на бізнес і палітыку ЗША праз уласнасць над The Wall Street Journal, New York Post і Fox News.