Тавараў на €30 тысяч: як беларус прадае сувеніры ў цэнтры Вільні

Пару гадоў таму ў Вільні Зміцер і Вольга Фурманавы адкрылі беларускую краму хэнд-мэйд тавараў KROPKA. Яны паспяваюць не толькі весці бізнес, але і ўтрымліваць творчую прастору, дзе ўжо прайшло да дзвюх соцень імпрэзаў.
«Справы» распыталі ў Змітра, колькі можна зарабіць на сувенірах і як захоўваць беларушчыну за мяжой.
«Каб не падатак, то ўжо былі б у плюсе»
Турысты з усіх канцоў свету і мільён бараў — у такой атмасферы працуе хэнд-мэйд крама «Кропка» ў самым цэнтры Вільні. На ўваходзе гайдаецца на ланцугах чорная стылёвая шыльда і такая ж чорная дошка стаіць побач, абвяшчаючы: кава — з сабой!

Сувенірных крам у Вільні трошку больш, чым шмат, і навошта гораду яшчэ адна? Усё даволі проста: «Кропка» толькі знешне падобна да астатніх. Розніца між імі — як паміж Etsy і Aliexpress, калі вы ведаеце, што гэта. Калі не, тлумачым: тут замест таннага пластыку прадаюць рэчы ручной працы ад прыкладна 150 лакальных майстроў і майстрыц.
«Калі ісці па асноўных сувенірных крамах у Вільні, то там усё звычайна зроблена ў Кітаі, а менавіта крамаў з рэчамі, зробленымі рукамі майстроў, не так шмат — дзве тут і адна ў Коўне», — кажа Зміцер Фурманаў, які валодае крамай разам са сваёй жонкай Вольгай.

Паліцы ў «Кропцы» запоўненыя шчыльна, і на іх суседнічаюць традыцыйныя вышыванкі і сучаснае адзенне нішавых брэндаў, драўляныя значкі і ўпрыгожанні ручной працы, паштоўкі, кнігі і цацкі, магніцікі і кераміка — усяго тавараў прыкладна на 30 тысяч еўра.
Для параўнання — на адкрыццё бізнесу ў 2024 годзе ўладальнікам спатрэбілася каля 15 тысяч еўра, з якіх 5 тысяч — крэдыт. Абарот на месяц у крамы вагаецца ад 3 да 8 тысяч еўра.

Пастаянныя выдаткі складаюць каля дзвюх тысяч еўра на месяц, і ў іх уваходзіць аплата паслуг бухгалтара, спецыялісткі па напаўненні сайта, выдаткі на рэкламу і здымкі, ну а таксама арэнда, электрычнасць, ахова, вада, камунальныя і банкаўскія паслугі і гэтак далей. Плюс крама пачала плаціць падатак на дададзеную вартасць, які складае 21% — і гэта даецца няпроста.
«Мы пачалі плаціць гэты падатак з кастрычніка мінулага года. І, калі б не ён, то, магчыма, ужо былі б у плюсе. Ды і абароты ўвёсну былі нізкія, не ведаю, з чым гэта звязана: ці з надвор’ем, ці з ваеннымі абставінамі, дронамі і гэтак далей…», — кажа Зміцер Фурманаў і дадае, што не разумее, ці атрымаецца выйсці за гэты год у нуль.

«Так і выжываем. Бываюць месяцы, калі зусім цяжка, чатыры першыя месяцы года былі ў мінусе, — кажа ён. — Мінулы год адпрацавалі цалкам і выйшлі ў плюс толькі каб штомесяц плаціць мінімалку. Гэта як калі ты ходзіш на працу і атрымліваеш мінімальны заробак. Тое ж самае ў нас за мінулы год: мінімалка для аднаго чалавека».
Таму зараз крама — толькі адна з прац Змітра, на астатніх дзвюх ён тэхнічны спецыяліст, а яшчэ раней працаваў кур’ерам на ровары. Выходных амаль няма, а дзень — даўгі:
«Калі прыязджаю дадому, то мае ўжо звычайна спяць. А так зранку іх бачу, а потым сюды», — апісвае Зміцер колькасць працы і графік. — Калі яны таксама ў краму прыязджаюць, то мы тут разам у прасторы».

Танныя магніцікі прадаваць больш выгадна, чым вырабы за сотні еўра
За кошт чаго жыве крама? Самае выгаднае, як ні дзіўна, прадаваць танныя дробныя рэчы — бо іх бяруць, не разважаючы, кажа Зміцер. Магніцікі, бірулькі, паштоўкі і падобныя недарагія тавары набываюць па сотні адзінак за дзень у сезон, то бок з траўня і да халадоў. Па-за сезонам асноўныя пакупнікі — беларусы і беларускі, якія часцей за ўсё купляюць кніжкі і цішоткі.

«Кераміка таксама добра ідзе, скураныя вырабы трошку менш, але ж ідуць, — распавядае Зміцер Фурманаў. — Мы зараз ужо дамовіліся: чакаем, калі прывязуць прадукцыю ад адной літоўскай кампаніі, дзе будзе больш усякіх магніцікаў і сувенірнай прадукцыі. Гэта як ты ходзіш па крамах у Рызе, напрыклад, і бачыш гэтыя стэндыкі з сувенірамі. Нешта падобнае будзе ў нас — спецыяльна для турыстаў».
З самых незвычайных тавараў у краме прадавалі ікону на тэму ахвяр Чарнобыля за 1000 еўра (яшчэ не прадалі), а таксама дызайнерскія кімано і шорты. Двое шортаў, дарэчы, аднойчы скралі, забраўшы проста сярод дня.

«Не грабёж быў, а проста ўзялі тавар і панеслі, я нават не заўважыў. Дызайнерскія шорты па 300 еўра, брэнд Kaliyuga называецца», — кажа Зміцер Фурманаў. — Камера не заўважыла, і давялося заплаціць».

З досведу найпавольней прадаюцца кімано ды дызайнерскія кофтачкі ад іншай майстрыцы — па адной на месяц. Так жа і карціны — на месяц атрымліваецца прадаць па адной-дзве. Чаму?
«Праз кошт і таму, што гэта ўсё ж такі на аматара. Аднаму можа вельмі спадабацца, і ён нават не будзе глядзець на кошт. А другі скажа: «Хоць і за пяць еўра, я такое браць не буду».

«Калі ў майстра тавар каштуе €10, то для пакупніка выходзіць €18»
«Кропка» працуе як звычайная крама: бярэ тавары на рэалізацыю і атрымлівае свае адсоткі — прыкладна ў два разы больш у параўнанні з першапачатковым коштам.
«Умоўна, калі тавар у майстра каштуе 10 еўра, мы дадаём 5 еўра і плюс яшчэ падатак, і з 10 еўра выходзіць 18», — тлумачыць Зміцер.
На кніжкі нацэнка меншая, бо яны абкладаюцца ніжэйшымі падаткамі ў Літве — падатак на дададзеную вартасць на іх складае 5% замест 21%.

Зміцер Фурманаў прызнаецца, што краму бізнесам у звыклым сэнсе назваць цяжка, бо прыбытак не такі вялікі. Але, магчыма, з запускам анлайн-крамы сітуацыя палепшыцца, спадзяецца гаспадар. На сайце Kropka.lt неўзабаве будзе каля паўтысячы тавараў. Найбольш падобная да яго пляцоўка — хіба беларускі маркетплэйс «Камароўка». Але ў «Кропцы» тавары зробленыя рознымі людзьмі: у асноўным гэта беларусы і беларускі, але не толькі.
«Ёсць літоўскія майстры, ёсць украінскія майстрыцы. Ёсць жамойцкія — яны самі так кажуць: «Мы не літоўцы, мы жамойты». Гэта тыя, якія працуюць з бурштынам. Ну і расійскія ёсць — дзве дзяўчыны, яны малююць», — кажа Зміцер Фурманаў.

У «Кропкі» ёсць грамадская функцыя. У сацсетках уладальнікі посцяць не толькі бягучыя навіны крамы, але грамадска-палітычныя зацемкі — напрыклад, шарж і навіну, што прэзідэнт Францыі Макрон замест Лукашэнкі пазваніў самому Зміцеру Фурманаву.

Таксама Зміцер Фурманаў прыкладае намаганні, каб абслугоўваць кліентаў анлайн па-беларуску, і дзеліцца досведам з іншымі. З ліпеня 2026 года кожны можа спампаваць перакладчык, каб паведамленні для кліентаў пры анлайн-гандлі праз Shopify прыходзілі па-беларуску.
«Дамовіліся з жонкай, што будзем праводзіць тэматычныя імпрэзы бясплатна»
Навошта гэта ўсё? Канешне, каб зарабляць грошы і пракарміць сям’ю, кажа Зміцер. Але таксама і дзеля культурнай місіі. Значную частку жыцця крамы ўвогуле займае не гандаль.
Над уваходам, апроч асноўнай шыльды, вісіць і другая — «Kūrybinė erdvė», ці «Творчая прастора». Туды і трапляеш, калі прайсці краму наскрозь.

Гэта трошку іншае вымярэнне, прахалоднае і на парадак большае. Удзень у залі ціха, але менавіта тут праходзіць значная частка жыцця «Кропкі». Шэрагі белых крэслаў стаяць уздоўж цаглянай сцяны, каля вокнаў — канапы і столікі, дошка для шахмат. У куце застыла белая жаночая фігура, якую, калі вельмі пастарацца, то можна прыняць за чалавека. У цэнтры пакоя пуста, нібыта ўсё ўжо падрыхтавана да сустрэчы або кінапаказу. Менавіта дзеля гэтай залі, кажа Зміцер, і знялі памяшканне — без яго ніяк.
«Калі адчынялі гэтую краму і прастору, то дамовіліся з жонкай, што будзем даваць магчымасць праводзіць тэматычныя імпрэзы бясплатна — для тых, хто хоча рабіць нешта дзеля захавання беларускай мовы і беларускай культуры. Вырашылі, што бізнес павінен працаваць менавіта для гэтай тэмы. Зараз у Беларусі ўсё беларускае знішчаецца. І каб захаваць беларушчыну хаця б за мяжой, трэба ставіць перад сабой такія задачы».

У прасторы за два гады існавання прайшло 100-200 імпрэзаў. Двойчы на месяц праходзяць кінапаказы арт-хаўса, а нейкі час былі сустрэчы жаночага клубу па суботах.
Беларусы скінуліся, калі краме пабілі шыбы
Здаецца, кам’юніці беларусаў у Вільні «Кропку» цэніць, як паказаў выпадак праз два месяцы пасля адкрыцця — у ліпені 2024 года. Невядомыя тады пабілі шыбы і размалявалі сцены. Праваахоўнікі ацанілі шкоду прыкладна ў €1000. Сама крама абвясціла збор усяго €400 на аднаўленне, і беларусы праявілі салідарнасць, сабраўшы больш за неабходную суму.

«Мы зрабілі магчымасць нам данаціць, і беларусы, беларускі нам вельмі шмат ахвяравалі. Гэтых грошай хапіла на замену тых шыбаў, і каб замаляваць графіці на сцяне. Грошы, што засталіся, мы ўклалі ў шыльды звонку», — расказвае Зміцер.
Унікальная беларуская крама ў цэнтры Вільні апынулася, можа, і не самым прыбытковым бізнесам у Вільні. Але для Змітра і Вольгі Фурманавых важныя не толькі грошы: каб у цэнтры горада заставалася месца, дзе можна купіць беларускую кнігу, прыйсці на кінапаказ або проста сустрэцца з іншымі беларусамі.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.