Беларусы прадалі «порцый дабра» на €1,3 млн

На здымку, злева: Генадзь Ананчыкаў, Ганна Ананчыкава, Наталля Сцяпанцова, Ян Абадоўскі. Крыніца фота: opublikowani.prowly.com

Вытворца здаровых снэкаў Pure Life, заснаваны беларусамі ў Польшчы, упершыню за сваю амаль васьмігадовую гісторыю пераадолеў адзнаку ў €1 млн гадавой выручкі ў 2025 годзе. Кампанія займаецца выпускам натуральных садавіна-ягадных ласункаў пад брэндам Porcja Dobra — як піша эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч у сваім Telegram-канале, гэта адзін з нешматлікіх прыкладаў уласных FMCG-прадуктаў, выведзеных беларускімі бізнесоўцамі на рынак Польшчы.

Скрыншот: porcjadobra.pl

Па выніках мінулага года продажы прадуктаў пад брэндам Porcja Dobra выраслі прыкладна на 40% і перавысілі €1,3 млн. Таксама ў кампаніі падскачыла рэнтабельнасць: чысты прыбытак павялічыўся амаль на 70% у гадавым вымярэнні і дасягнуў каля €280 тысяч.

Кампанія Pure Life зарэгістраваная ў 2018 годзе ў падляшскай Харошчы беларускімі прадпрымальнікамі Янам Абадоўскім і Ганнай Ананчыкавай. Аперацыйна бізнесам кіруе генеральны дырэктар Наталля Сцяпанцова, выпускніца хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Поспех брэнда Porcja Dobra тлумачыцца трапленнем у трэнд здаровага харчавання і прадуманым пазіцыянаваннем. Вось як апісваюць прадукт на сайце кампаніі:

— Нашай мэтай было стварэнне лінейкі смачных, здаровых, высокаэнергетычных ласункаў, якія не будуць спусташаць кашалькі спажыўцоў. Мы хочам, каб дзеці маглі ўзяць у школу на другое сняданне тое, што адначасова здаровае, смачнае, дадае энергіі і яшчэ весяліць. А бацькам не прыйдзецца кожны раз паўтараць: «гэта нездаровае», «гэтага нельга», «занадта дарагое».

Фота: porcjadobra.pl

Брэнд Porcja Dobra арыентаваны на сямейную аўдыторыю. Разам з прадуктам ва ўпакоўку ўкладаецца Dobrokarta — картка з матывацыйнымі малюнкамі і пажаданнямі для дзяцей:

— Шукаючы натхнення, мы натрапілі на сацыяльны праект «дабракарткі», прадстаўлены на канферэнцыі TEDx у Расіі, які мы адаптавалі і рэалізавалі. «Дабракарткі» выклікаюць станоўчыя эмоцыі — забаўляюць, смешаць і ў той жа час культывуюць такія каштоўнасці, як удзячнасць, зычлівасць, вялікадушнасць, дабрыня да блізкіх і навакольнага свету. Таму мы вырашылі дадаваць «дабракарткі» да нашых прадуктаў, каб зрабіць сваім унёскам больш дабра ў свеце.

Заснаваны беларусамі брэнд Porcja Dobra неаднаразова станавіўся лаўрэатам польскіх галіновых прэмій, у тым ліку Perły Rynku FMCG і Najlepszy Produkt, і прадаецца ў буйных польскіх гандлёвых сетках ды інтэрнэт-крамах.

Фота: porcjadobra.pl

Вытворчасць садавінавых снэкаў — далёка не найбуйнейшы па выручцы бізнес Яна Абадоўскага і Ганны Ананчыкавай. Асноўны абарот іх прадпрымальніцкай групы фарміруюць оптава-гандлёвыя структуры — Genata European Goods і Optix Abadowski i Wspólnicy.

Фота: genata.biz

Першая кампанія — буйны дыстрыб’ютар міжнародных FMCG-гігантаў, які ў мінулым годзе нагандляваў на €11,6 млн (у партфелі ёсць брэнды Unilever, Coca-Cola, Mars, PepsiCo, Henkel, Garnier, Schwarzkopf). Другая кампанія займаецца гандлем кантактнымі лінзамі і сродкамі для догляду за зрокам — гадавая выручка дасягнула €6,3 млн.

Праўда, сукупны прыбытак гэтых дзвюх кампаній быў у 20 разоў меншы, чым ад снэкаў, — не дацягнуў нават да €13 тысяч.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *