«За гадзіну пад’ехала 7 аўтамабіляў». Пастаральныя фота салігорскіх авечак завірусіліся ў Threads, але фермеры не ўзрадаваліся такой папулярнасці

Авечая ферма ў ціхай вёсцы Півашы Салігорскага раёна нечакана сутыкнулася з ажыятажам з боку беларусаў. Фотаздымкі авечак, што свабодна пасуцца на фоне індустрыяльнага пейзажу — манументальных салігорскіх солеадвалаў, — набралі ў Threads дзесяткі тысяч праглядаў і прывабілі на ферму людзей, якія таксама захацелі зрабіць прыгожыя фота для сацсетак. Аднак уладальнікі фермы не ўзрадаваліся турыстам і перакрылі пад’язную дарогу, піша салігорская газета «Шахцёр».

Прыватная фермерская гаспадарка «КайЯн» працуе ў Півашах ужо больш за пяць гадоў. У яе вузкая спецыялізацыя — гадоўля авечак. Да апошняга месяца прадпрыемства вяло камернае жыццё, аднак фотаздымкі ў сацсетках справакавалі раптоўны наплыў турыстаў.
— На ферме стаяць камеры відэаназірання, я магу з дому паглядзець усё, што трэба. Адкрыла неяк увечары ў нядзелю адну з камер і была ў шоку, — узгадвае загадчыца фермы Наталля.

Фермеры палічылі, што толькі за адну гадзіну да агароджы пад’ехала сем аўтамабіляў — калі меркаваць па нумарах, то з Мінска і Гродна.
— Людзі ўсе лаяльныя, нармальныя: зрабілі пару фотаздымкаў і паехалі. Каб дайшло да скандалу — такога не было ні разу.
Тым не менш гаспадары замкнулі пад’язную браму і ўсталявалі папераджальныя таблічкі пра забарону ўезду і ўваходу на прыватную тэрыторыю. Галоўная прычына — стрэс для жывёл, бо авечкі на ферме не ручныя.

Фермеры вырашылі не ператвараць гаспадарку ў турыстычны аб’ект або фотастудыю пад адкрытым небам.
— Нам гэта проста невыгадна і няма для чаго. У нас бізнес, свой рабочы працэс, і сядзець тут, сустракаць людзей і вадзіць іх па тэрыторыі мы не хочам, — тлумачыць Наталля.
Грошы ад турыстаў былі б не лішнімі для фермы, але ўладальнікі лічаць, што разам з імі прыходзіць і адказнасць:
— Госцей трэба суправаджаць, а значыць, трэба браць у штат яшчэ аднаго чалавека. Хто ведае, куды хто залезе, адказваць у выніку нам. І потым, у нас не заапарк, авечкі не ручныя. Людзі ж захочуць іх пакарміць, а яны да рук не ідуць. Нават калі пара авечак падыдзе, атрымаецца, што адзін пакарміў, а другі тут жа спытае: чаму я не магу, я ж заплаціў.

Таксама фермеры ўпэўненыя, што ажыятаж у сацсетках часовы: з пахаладаннем паток ахвотных ехаць за дзесяткі і сотні кіламетраў дзеля здымкаў знікне сам сабой.
У прыватнай фермерскай гаспадарцы «КайЯн» разводзяць авечак парод іль-дэ-франс і прэкос. Атара знаходзіцца на вольным выгуле: жывёлы самі выходзяць на пашу, «выстрыгаюць» траву да стану ідэальнага газона, самастойна хаваюцца ад непагадзі і вяртаюцца да кармушак.

Пакуль у салігорскіх фермераў выдаткі перавышаюць даходы. Каб бізнес выйшаў на аперацыйную рэнтабельнасць, трэба нарасціць пагалоўе прыкладна да 1000 авечак.
Продаж воўны таксама не прыносіць адчувальнага даходу, бо закупшчыкі патрабуюць вялікіх аб’ёмаў (ад 2 тон) і строгага сартавання па пародах. Гэтага невялікая ферма забяспечыць пакуль не можа. Таму воўна перадаецца суседняй гаспадарцы, якая збірае яе з некалькіх фермаў і здае кансалідаванай партыяй.