«Калі прадаў карціну за $5 тысяч, то для сям’і гэта было свята». Як беларускі мастак абраў творчасць замест працы ў ІТ

Фота: instagram.com/antonij_art

Персанальная выстава «На хвалях жыцця» беларускага мастака Антона Радзівонава адкрываецца 14 жніўня ў Музеі беларускай культуры ў польскай Гайнаўцы. Да пераезду ў Польшчу творца займаўся рэстаўрацыяй старадаўніх ікон у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, працаваў над гульнявымі персанажамі ў IT-сферы і нават меў уласную майстэрню ў Мінску.

Спецыяльна для spravy.io Антон расказаў пра тое, за колькі прадаюцца карціны, ці можна за кошт творчасці жыць у Варшаве і як арганізаваць персанальную выставу.

«Як рэстаўратар ікон я атрымліваў менш за $200»

— Ты малюеш з дзяцінства? 

— Так. З шасці гадоў хадзіў на маляванне ў Палац дзяцей і моладзі, дзе вучыўся не толькі маляваць, але і ляпіць з керамікі. Матуля спрабавала зацягнуць мяне ў спорт — то на танцы, то на гімнастыку. Але маляванне ўсё роўна перамагло. Сапраўдны спорт прыйшоў пазней, калі я ўжо сам пайшоў на бокс у дарослым узросце.

Фота: instagram.com/antonij_art

— У адным з інтэрв’ю ты расказваў, што працаваў рэстаўратарам ікон у Нацыянальным мастацкім музеі, але потым пайшоў у ІТ. Чаму?

— У музей я патрапіў па размеркаванні пасля Акадэміі мастацтваў. Адпрацаваў там два гады. Потым яшчэ год шукаў іншую працу, бо мой заробак быў менш за 200 долараў.

Перспектыў там не бачыў наогул — у лепшым выпадку да 40 гадоў атрымаў бы другую катэгорыю рэстаўратара. Гэтая праца адчувалася як бетонная крышка. Да таго ж у калектыве я адчуваў сябе чужым — туды набіралі па рэкамендацыях сваякоў і знаёмых. Карацей, як павукі ў слоіку. На жаль, у Беларусі ў гэтай сферы вельмі шмат інтрыг, зайздрасці і пантоў.

Фота: instagram.com/antonij_art

У мяне на той момант ужо была сям’я, нарадзілася дзіця, іх трэба было забяспечваць. Гэта і стала галоўным штуршком для пераходу ў IT — уладкаваўся маляваць гульнявых персанажаў па чужых эскізах.

Не скажу, што я быў цалкам шчаслівым тады, але гэта была праца, за якую добра плацілі і якая дазваляла жыць.

— Але ты адкрыў сваю майстэрню ў Мінску…

— Так, гэта ў мяне атрымалася ў 2018 годзе. Тады яшчэ працаваў мастаком у ІТ-кампаніі, маляваў персанажаў для гульняў. Паколькі я ўваходзіў у Саюз мастакоў, то разам з сябрамі знялі велізарную майстэрню на 154 квадратныя метры на вуліцы Мяснікова, каля Дома ўрада. У кожнага з нас быў свой пакой, мы збіраліся разам на гарбату. За арэнду плацілі каля 300 долараў на ўсіх за месяц — у параўнанні з Варшавай гэта проста капейкі.

Фота: instagram.com/antonij_art

У 2020 годзе мяне запрасілі ў іншую ІТ-кантору, але мне там вельмі не спадабалася. Менавіта тады сказаў жонцы, што хачу займацца толькі сваёй творчасцю і працаваць цалкам на сябе.

— Ці атрымлівалася ў Беларусі жыць выключна з продажу карцін?

— Спачатку было цяжка, але пасля пачаліся замовы. Самую дарагую карціну ў Беларусі я прадаў за $3 тысячы — гэта быў дзіцячы партрэт для жонкі нейкага, як мне падаецца, алігарха. Яна тады набыла ў мяне не адну працу.

У Беларусі фінансавая сітуацыя была хвалепадобнай: то два месяцы нічога, то адразу замовы на нармальныя грошы. Адна багатая жанчына замовіла ў мяне чатыры карціны і свой партрэт. І нават хацела купіць партрэт маёй жонкі — адзін у выніку набыла, а другі я не захацеў прадаваць.

Фота: instagram.com/antonij_art

Такія заробкі былі нестабільнымі, але працаваць над сваімі карцінамі ва ўласнай майстэрні было для мяне шчасцем. Самым шчаслівым перыядам у Мінску я лічу 2021 год: дні я праводзіў у майстэрні, а вечарамі хадзіў на тайскі бокс.

«Зімой разграбаў снег за 80 злотых»

— Калі ты ў канцы лютага 2022 года пераехаў у Польшчу, то чым зарабляў?

— Эміграцыя — гэта заўсёды цяжка, але на першых кроках вельмі дапамагла Рада культуры — далі 600 еўра, каб мы змаглі зняць кватэру. Таксама атрымалася выйграць творчы грант, і я зрабіў выставу ў 2022 годзе. Нас запрашалі на рэзідэнцыі ў Дом творцаў, мы шмат ездзілі, я хадзіў па музеях. Вельмі ўразіў Нацыянальны музей у Варшаве, бо мяне заўсёды натхнялі старажытныя цывілізацыі — Шумер, Акад, Егіпет.

Фота: instagram.com/antonij_art

Але пражыць толькі з продажу мастацтва спачатку было немагчыма, таму даводзілася брацца за любую працу.

Летам мая сяброўка-паэтка з Падляшша дапамагла знайсці працу на рэстаўрацыі прыватнага палаца пад Вроцлавам. У 2022 годзе атрымліваў там 25 злотых за гадзіну — як на звычайнай будоўлі. Затое нам далі бясплатнае жытло. Гаспадар палаца, англічанін, быў вельмі складаным чалавекам, пастаянна капрызіў і не мог растлумачыць, чаго хоча. У выніку я ледзь не сышоў адтуль, кінуўшы яму: «Пакінь сабе свае грошы!». Але ён усё ж заплаціў, і я з’ехаў.

Фота: instagram.com/antonij_art

Потым працаваў на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве — займаўся рэстаўрацыяй надмагілляў. Там плацілі крыху больш, каля 30 злотых за гадзіну. Але гэта быў канец восені і зіма, працаваць на вуліцы было холадна і фізічна цяжка.

Таксама былі моманты, калі я працаваў на складзе, разграбаў снег — атрымліваў за гэта 80 злотых за чатыры гадзіны працы.

— Сёння атрымліваецца закрываць базавыя патрэбы сям’і выключна жывапісам?

— Не. Інакш бы я не маляваў паралельна для казіно-гульняў. Але нават гэтая праца не закрывае ўсе нашы патрэбы.

Я зарабляю каля $2 тысяч, але з іх трэба заплаціць падатак і вялікія сацыяльныя плацяжы, а яшчэ аддаць каля тысячы долараў за арэнду кватэры. Калі пасля ўсіх абавязковых выплат у мяне застаецца тысяча злотых на жыццё — гэта ўжо добра.

«Адну карціну набыў польскі прафесар мастацтваў»

— Хто купляе твае карціны ў Польшчы? 

— У Польшчы ўсе мае пакупнікі — выключна палякі. Набываюць тыя, у каго ёсць грошы. Знаходзіць кліентаў час ад часу дапамагае мая польская кампаньёнка, якая займаецца продажам мастацтва.

Адну маю карціну набыў польскі адвакат. Яшчэ аднаго пакупніка я знайшоў не самым звычайным чынам. Мы пазнаёміліся на экскурсіі ў варшаўскім раёне Прага, дзе я ніколі не хацеў бы жыць, але пражыў некалькі гадоў. Гэта быў прафесар мастацтваў Павел Мігашэвіч, які спецыялізуецца на мастацтве XVII–XVIII стагоддзяў. 

Фота: instagram.com/antonij_art

Падчас знаёмства распавёў яму, што я мастак, паказаў працы. Яны яму вельмі спадабаліся, і пасля ён набыў дзве карціны па тысячы долараў кожная: адну пад назвай «Сярэднявечча», а другую — «Смачнае зерне», дзе птушкі ядуць нейкія шрубкі і дэталі. З таго часу ён стаў сапраўдным аматарам маёй творчасці.

— Колькі каштавала самая дарагая карціна, якую ты тут прадаў?

— Сапраўднае свята ў нашай сям’і было ў мінулым годзе, калі я прадаў сваю карціну «Горад птушак» за $5 тысяч. Пакуль што гэта мой асабісты рэкорд і самая дарагая прададзеная карціна ў Польшчы.

Фота: instagram.com/antonij_art

Пры гэтым я вельмі злуюся на добрых мастакоў, якія прадаюць свае працы за бясцэнак. Гэтым яны проста дэпінгуюць рынак і абясцэньваюць як сваю працу, так і працу калег. Мастацтва павінна каштаваць годна.

«Выключылі з Саюза мастакоў Беларусі разам з Цэслерам і Пушкіным»

— Ці атрымліваецца здымаць уласную майстэрню ў Польшчы?

— Не, бо практычна ўсе заробленыя грошы сыходзяць на аплату жытла. Гэта сапраўдная праблема.

З Саюза мастакоў Беларусі мяне выключылі разам з Уладзімірам Цэслерам, Алесем Пушкіным і некаторымі іншымі мастакамі, чые прозвішчы я не хачу называць у мэтах бяспекі. Цяпер я ўваходжу ў Саюз мастакоў Польшчы. Але тут дзяржаўных майстэрняў практычна не даюць. Планую паспрабаваць зняць нешта таннае праз сацыяльныя і культурныя арганізацыі, але пакуль працую проста ў кватэры, дзе мы жывем з сям’ёй.

Фота: instagram.com/antonij_art

Што тычыцца матэрыялаў, то ў Польшчы імпартныя якасныя фарбы нават таннейшыя, чым у Беларусі. Памятаю, як у Мінску часам было складана знайсці звычайны скіпідар, а тут — заходзь у краму і набывай усё, што заўгодна. Выбар каласальны.

— А чаму не хочаш вярнуцца да прыватнай рэстаўрацыі, каб паправіць фінансавы стан? Гэта ж, напэўна, вельмі прыбытковая сфера.

— Спрабаваў працаваць як прыватны рэстаўратар некалькі разоў. Але каб сур’ёзна гэтым займацца, патрэбна асобнае бяспечнае памяшканне з добрай вентыляцыяй — працаваць дома, дзе жывеш з сям’ёй і дзіцем, нельга.

Да таго ж, я чалавек амбіцыйны: хочацца ствараць сваё ўласнае мастацтва, а не толькі аднаўляць чужое.

Фота: instagram.com/antonij_art

«Выстава ў Гайнаўцы — гэта магчымасць паказаць усё, што ў мяне ёсць»

— З 14 жніўня працуе твая персанальная выстава ў музеі ў Гайнаўцы. Як нарадзіўся гэты праект?

— Усё адбылося вельмі проста. Напярэдадні Новага года мая сяброўка параіла напісаць у Беларускі музей у Гайнаўцы і прапанаваць свае працы. Я напісаў на пошту, што мне было б цікава зрабіць выставу. Праз нейкі час патэлефанаваў дырэктар музея і сказаў, што яны з задавальненнем зробяць экспазіцыю.

Фота: instagram.com/antonij_art

Больш за тое, у межах выставы будзе выдавацца каталог «Алфавіт беларускага мастацтва», які пасля распаўсюдзіцца па ўсіх бібліятэках Польшчы. Гэта мая вялікая персанальная выстава, яна будзе доўжыцца два месяцы. Там  выстаўляю абсалютна ўсе свае працы, якія цяпер маю ў наяўнасці.

— Сам спраўляешся з прасоўваннем сваёй творчасці?

— На першым этапе пасля пераезду мне вельмі дапамагалі сябры. Напрыклад, вядомы музыка Сяржук Доўгушаў, калі ездзіў у падарожжы і туры, у тым ліку ў ЗША, браў з сабой мае карціны і дапамагаў іх прадаваць. Я яму за гэта бязмежна ўдзячны.

Фота: instagram.com/antonij_art

Але продаж мастацтва — гэта праца, якая павінна быць сістэматычнай. Мастаку цяжка быць адначасова і творцам, і маркетолагам, і бухгалтарам. Я шукаю арт-менеджэра ці каманду, якая сур’ёзна працавала б са мной за адсотак з продажаў. Ну а пакуль што сам вяду сацсеткі, але гэта забірае шмат часу. 

Часта людзі думаюць: «О, мастацтва, гэта ж прыгожа і лёгка». А сутыкнуўшыся з рэальнасцю, разумеюць, што гэта вельмі адказная і цяжкая праца. Таму я ў пошуку прафесіяналаў, якія вераць у маю творчасць і гатовыя працаваць на доўгую перспектыву.

Фота: instagram.com/antonij_art

«У Беларусі ў мяне не было ніводнай персанальнай выставы, а ў Польшчы — ўжо пятая»

— Дзе незалежнаму беларускаму творцу прасцей фінансава і маральна выжыць — на радзіме ці ў Польшчы?

— Калі быць шчырым, фінансава і побытава прасцей было ў Беларусі, бо там было сваё ўласнае жыллё і не трэба было аддаваць шалёныя грошы за арэнду, а тут я выжываю.

Фота: instagram.com/antonij_art

Але калі ў цябе не дзве левыя рукі і ты гатовы працаваць, то выжывеш у любой краіне. Нават у самыя цяжкія часы я знаходзіў магчымасці зарабіць і заплаціць гэтыя 4 тысячы злотых за кватэру і 2300 злотых падаткаў.

Затое ў плане маральнай свабоды Польшча дае каласальны глыток паветра. Тут адчуваю сябе па-сапраўднаму вольным. Часам, канечне, пачынаю ныць, скардзіцца на цяжкасці, тады мая жонка Кацярына адразу мяне зазямляе і кажа: «Слухай, паглядзі рэальна — у цябе тут справы ідуць значна лепш. У Беларусі за столькі гадоў у цябе не было ніводнай персанальнай выставы, а тут, у Польшчы, гэта ўжо чатыры ў Варшаве і цяпер пятая — у Гайнаўцы!».

І я разумею, што яна мае рацыю. Цяпер геаграфія маіх карцін вельмі пашырылася: яны жывуць у калекцыях у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Літве, Канадзе і ЗША.

Фота: instagram.com/antonij_art

На будучыню планы простыя: хачу купіць уласную кватэру, пабудаваць майстэрню і набыць машыну, каб самому вазіць свае палотны на выставы.

І, канечне, вельмі хачу знайсці сваю каманду, каб цалкам прысвяціць сябе таму, дзеля чаго я і прыйшоў у гэты свет — стварэнню мастацтва.

Фота: instagram.com/antonij_art

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *