Хто пастаўляе польскія яблыкі і грушы ў Беларусь? Топ-7 найбуйнейшых садавінагароднінных аптавікоў Польшчы, заснаваных беларусамі

Фота: James Yarema, Unsplash

У маі 2025 года Беларусь зняла абмежаванні на ўвоз у краіну яблыкаў (раней імпарт дазваляўся выключна ў міжсезонне), а таксама рэпкавай цыбулі, белагаловай капусты і бульбы з краін, аднесеных да катэгорыі «несяброўскіх». Гэта адкрыла новыя магчымасці і для польскіх экспарцёраў. Сярод іх заўважную долю займаюць беларускія прадпрымальнікі, што развіваюць пастаўкі польскай сельгаспрадукцыі на ўсходнія рынкі яшчэ з 2010-х гадоў.

Эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч прааналізаваў фінансавыя паказчыкі польскіх трэйдараў садавіны і гародніны і апублікаваў у сваім Telegram-канале топ-7 найбуйнейшых аптавікоў з беларускім капіталам. Выявілася, што не ўсім з іх новыя магчымасці па ўвозе прадукцыі на радзіму дапамаглі захаваць аб’ёмы продажаў на ранейшым узроўні.

1. Banaeast Ruliak Lojewski

Выручка: €19,9 млн ў 2025 годзе (падзенне на 11,6%)

Найбуйнейшы фруктова-агароднінны бізнес беларусаў у Польшчы стварылі ў 2018 годзе пінчукі Сяргей Кучынскі і Сяргей Руляк. Шырокі асартымент польскай садавіны і гародніны іх сілезскай (Дамброва Гурніча) кампаніі Banaeast Ruliak Lojewski дапаўняе экзотыка з усяго свету — ад бананаў да фінікаў.

Скрыншот: banaeast.com

Нягледзячы на пэўнае падзенне продажаў, бізнес пінчукоў упэўнена ўваходзіць у топ-100 найбуйнейшых кампаній Польшчы з беларускім капіталам: па выніках 2025 года Banaeast Ruliak Lojewski заняла ў гэтым рэйтынгу 28-е месца.

2. Euro-Trade

Выручка: €6,8 млн (прырост у 4 разы)

Беларус Аляксандр Бекеша стаў уладальнікам аптовага бізнесу садавіны і гародніны са складам у Варшаве ў 2025 годзе. З новым уласнікам аб’ём продажаў за год вырас у чатыры разы, аднак першы справаздачны перыяд пад новым кіраваннем прадпрыемства завяршыла з чыстай стратай каля €100 тыс.

3. HL Family

Выручка: €3,3 млн (прырост у 1,5 раза)

Бізнес Ганны Капыловай і Паліны Гаркун базуецца ў цэнтры польскага садоўніцтва — Мазавецкім ваяводстве (раён Груйца). Таму аснову партфеля складаюць экспартныя польскія яблыкі (каля 20 гатункаў, у тым ліку Gala Must, Gala Royal, Gloster, Idared, Red Prince, Champion, Ligol), а таксама тры гатункі груш (Conference, Lukas, Patten). Грушы, дарэчы, і ў 2026 годзе ўваходзяць у пералік паўдэфіцытных прадуктаў, які штогод складае і абнаўляе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі.

Фота: hlfamily.pl

Рынкі збыту ў прэзентацыі кампаніі HL Family пазначаюцца абцякальна — «рознічныя і аптовыя сеткі Еўропы, Азіі і Усходняй Еўропы».

4. Wjera S.A. Elena Wojciechowska i Roman Voitsiekhovski

Выручка: €3 млн (падзенне ў 2,6 раза)

Яшчэ адно прадпрыемства з беларускім капіталам з Груйца з 2010-х гадоў спецыялізуецца на аптовых пастаўках мясцовых яблыкаў і груш, а таксама дыстрыбуцыі грэцкіх клубніц пад уласнай гандлёвай маркай DeLuxe.

Фота: facebook.com/p/Wjera-Spółka-Jawna-Elena-Wojciechowska-i-Raman-Voitsiekhovski-61554139097754

Сярод контрагентаў гэтага сямейнага бізнесу, якім валодаюць Алена і Раман Вайцяхоўскія, ёсць у тым ліку і кампаніі з Беларусі.

5. Milfruit

Выручка: €2,2 млн (прырост на 14,8%)

Адзін з найстарэйшых аптовых аператараў яблыкаў, груш і ягад з беларускім капіталам на польскім рынку, які ў 2013 годзе зарэгістравалі ў Варшаве Руслан і Галіна Коліны.

Фота: facebook.com/milfruit.poland

Кампанія пастаўляе прадукцыю ў Беларусь, Расію і краіны ЕС.

6. Nama Trade

Выручка: €755 тыс. (прырост на 30,1%)

База бізнесу, якім з 2016 года кіруюць Максім і Наталля Відраш, знаходзіцца таксама ў Груйцы. У асартыменце аптавіка значацца яблыкі вядомых на прылаўках сетак Беларусі, Расіі, Казахстана польскіх гатункаў (Jonaprince, Golden Delicious, Gala Must, Gala Royal, Red Chief, Mutsu, Red Cap), а таксама грушы Conference.

7. Fruitline

Выручка: каля €570 тыс. (падзенне ў 2,7 раза)

Кампанію стварылі ў 2021 годзе Аляксандр і Анжаліна Браім таксама ў Груйцы. У асартымент гэтага трэйдара, акрамя яблыкаў, груш і сліў, уваходзіць яшчэ шырокі пералік гародніны, а таксама грыбоў, бульбы, салатаў і ягад. Ёсць нават кавамашыны і цацкі Lego.

Фота: frutline.com

Сярод ключавых кліентаў Fruitline на афіцыйным сайце пазначаны беларускія рознічныя сеткі — «Санта», «Еўраопт», «Суседзі», «Дабраном» і Green. Праўда, як вынікае са справаздачы кампаніі, летась яна зафіксавала істотнае скарачэнне выручкі.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *