Практычны даведнік па стартапах для беларусаў падрыхтавалі студэнты Школы эканомікі і бізнесу BISEB

Выява згенеравая з дапамогай ChatGPT Image

Тулкіт распрацаваны для стартапераў з Беларусі і Украіны, якія запускаюць або плануюць развіваць свае праекты ў Літве ці Польшчы. У даведніку расказваецца, як валідаваць бізнес-ідэю і пацвердзіць рынкавы попыт, сфармаваць каманду і замацаваць дамоўленасці, а таксама вырашыць адміністрацыйныя, юрыдычныя і фінансавыя пытанні.

Матэрыял падрыхтавалі студэнты бакалаўрскай праграмы «Бізнес-эканоміка» у рамках пілотнага навучальнага курса «Бізнес-клініка» пад кіраўніцтвам ментара Кірыла Валошына. Даведнік можна спампаваць бясплатна на чатырох мовах — беларускай, англійскай, украінскай і рускай.

Акрамя гэтага дапаможніка, на сайце праекта «Бізнес-клініка» даступныя яшчэ тры тулкіты: як пачаць бізнес у Польшчы і Літве, фандрайзінг для бізнесу.

«Справы» выпісалі з даведніка самыя важныя і цікавыя інсайты, парады і рэальныя памылкі заснавальнікаў стартапаў.

Стартап ці малы бізнес?

Перад тым, як інвеставаць час і грошы ў праект, аўтары даведніка раяць сумленна адказаць на пытанне, што дакладна хоча стварыць каманда.

«Малы бізнес працуе на вядомым рынку — кавярня, агенцтва, лакальная паслуга ці кансалтынг. Стартап шукае маштабавальную, узнаўляльную мадэль ва ўмовах нявызначанасці — праграмнае забеспячэнне, маркетплейс, платформа, ці новы спосаб вырашэння наяўнай праблемы, які можа расці звыш вашага ўласнага часу і намаганняў».

Тыповая памылка — называць любы новы праект стартапам, бо гэта гучыць больш салідна і сур’ёзна.

Фота: Alev Takil, Unsplash

Лепш вырашыць на раннім этапе — вы будуеце лакальны бізнес ці мадэль для маштабавання. Бо рознымі будуць пытанні для валідацыі, каналы прыцягнення карыстальнікаў, а таксама рызыкі.

Чаму не трэба рабіць лішняга ў MVP

Тулкіт разбурае папулярнае памылковае ўяўленне, што прадукт спачатку трэба цалкам распрацаваць, а толькі потым паказваць рынку.

«MVP (Minimum Viable Product —мінімальна жыццяздольны прадукт) — гэта самы просты спосаб пратэставаць прапанаванае рашэнне, перш чым укладваць значны час і рэсурсы ў распрацоўку».

Тыповая памылка — не тэставаць адну асноўную гіпотэзу з дапамогай самай простай магчымай версіі, а будаваць занадта шмат функцый перад запускам.

Фота: Tim Gouw, Unsplash

Просты MVP на раннім этапе дазваляе зберагчы рэсурсы і не ствараць тое, што нікому не трэба. Аўтары даведніка раяць выкарыстоўваць гэты інструмент не для доказу ідэальнасці ідэі, а каб сабраць дастаткова інфармацыі, зменшыць нявызначанасць і прымаць абгрунтаваныя рашэнні перад вялікімі інвестыцыямі.

Дамоўленасці «на беразе»

На ранніх этапах стартаперы могуць паддацца эмоцыям, але трэба старацца захоўваць прагматызм.

«Лёгка назваць кагосьці сузаснавальнікам, калі гэты чалавек захоплены ідэяй. Але захапленне — гэта не тое ж самае, што доўгатэрміновая адказнасць».

Тыповая памылка нявопытных стартапераў — даваць камусьці званне сузаснавальніка ці долю ў кампаніі толькі таму, што чалавек зацікаўлены ў ідэі.

Фота: Scott Umstattd, Unsplash

Таксама не варта зацягваць з абмеркаваннем складаных пытанняў аж да таго моманту, калі ўзнікне першы канфлікт, будуць атрыманыя інвестыцыі або даход ці з’явіцца выгаранне.

Трэба абмяркоўваць складаныя рэчы — ролі, унёскі, размеркаванне долей і правілы выхаду з праекта — яшчэ да таго, як адносіны стануць эмацыйна ці фінансава цяжкімі.

Калі рэгістраваць бізнес

Многія пачаткоўцы лічаць, што запуск стартапа пачынаецца з паходу ў дзяржорганы. Насамрэч, юрыдычнае афармленне — гэта адна з самых хуткіх і простых працэдур.

«Рэгістрацыя кампаніі — не першы крок, а наступства. Гэта трэба рабіць пасля таго, як з’яўляецца канкрэтны трыгер — платны кліент, найм, інвестыцыя, патрабаванне статусу».

Фота: Jp Valery, Unsplash

Тыповай памылкай будзе пачынаць стартап з рэгістрацыі кампаніі і выбару падатковага рэжыму, а не з разумення таго, ці ёсць попыт і хто будзе плаціць.

Заўчасная рэгістрацыя юрыдычнай асобы прыводзіць да таго, што выдаткі на бухгалтэрыю і абавязковыя ўзносы з’яўляюцца яшчэ да першага даходу.

Банкаўскія рахункі для мігрантаў

Адкрыццё банкаўскага рахунку і працэдура KYC (Know Your Customer) для заснавальнікаў з Беларусі часта становяцца найбольш праблематычнымі этапамі ў краінах ЕС.

«KYC — абавязковая працэдура: банк ці фінтэх правярае, хто заснавальнікі, чым займаецца праект, адкуль паступаюць грошы і з якімі краінамі і кліентамі ён працуе. Для мігрантаў з Беларусі, Расіі і часам Украіны праверкі больш строгія. І можна атрымаць не толькі адмову на этапе ўваходу, але і замарожванне ці закрыццё ўжо адкрытага рахунку, калі дакументы састарэлі ці ўзнікаюць пытанні адносна паходжання сродкаў».

Таму не варта лічыць, што рахунак адкрыты «назаўсёды» і не мець рэзервовага варыянту. Лепш адкрываць рахунак з запасам часу, загадзя рыхтаваць пакет KYC, трымаць рэзервовага правайдэра і сачыць за тэрмінамі дзеяння дакументаў.

Фота: Nik, Unsplash

Магчыма, на ранніх этапах праекта давядзецца выкарыстоўваць фінтэх-сэрвісы (Revolut, Wise, Paysera) і плацежныя сістэмы накшталт Stripe як дастатковую альтэрнатыву класічным банкам.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *