Беларус робіць з банераў і ўпакоўкі модныя аксэсуары: як пабудаваць бізнес на апсайклінгу

Артур Дубовік знайшоў спосаб зарабляць на другаснай сыравіне: шэсць гадоў таму ён пачаў па відэаўроках вучыцца шыць на мамінай машынцы, а сёння стварае і прадае экааксэсуары пад уласным брэндам Iriskin eco lab. Яго гісторыю расказвае MYFIN.

Калі Артуру было 22 гады, ён шукаў у сэканд-хэндах рэчы для пераробкі і дома шыў з іх модныя сумкі ды кашалькі. Цяпер у яго свая майстэрня, а хобі перарасло ў сур’ёзную справу:
— Спачатку я быў рамеснікам, потым самазанятым, а цяпер — ІП. Віды дзейнасці змяняліся, і ў выніку атрымаўся паўнавартасны бізнес-праект.
Штомесячныя базавыя выдаткі майстра (арэнда, падаткі, тканіны і фурнітура) складаюць каля 900 рублёў. Таксама ён пастаянна інвестуе ў абсталяванне: нядаўна набыў тэрмапрэс для запякання пластыкавых пакетаў і станок для мацавання кнопак.

Сыравіна на 90% складаецца з адходаў — кававых пачкаў, батутных сетак і старых рэкламных банераў. Астатнія 10% — гэта новая фурнітура і тканіна.
Матэрыялы Артур у асноўным атрымлівае ад кавярань, батутных цэнтраў і іншых кампаній, а таксама ад экаактывістаў, якім падабаецца ідэя Iriskin eco lab.

Прадпрымальнік кажа, што яго вырабы купляюць людзі ад 16 да 50 гадоў, якія цэняць ручную працу. Кашалёк з кававага пакавання каштуе 60 рублёў, шопер з батутнай сеткі — 140 рублёў, заплечнік-рол альбо чахол для скейтборда — 250 рублёў. Калі кліент сам прыносіць другасную сыравіну, напрыклад, пачкі ад кавы, то атрымлівае зніжку.

Артур не толькі распрацоўвае дызайн і шые, але і шмат часу выдаткоўвае на прасоўванне брэнда:
— Сябры і знаёмыя заўсёды рады дапамагчы. Напрыклад, сайт стварыла дзяўчына з нашай экасупольнасці. Яго гадавое абслугоўванне абыходзіцца ў 250 рублёў. Вяду Instagram, але таргет не наладжваю — больш падабаецца бясплатна расказваць пра брэнд у Threads.

Майстар не прадае свае вырабы праз маркетплэйсы:
— Я ствараю на 80% унікальныя рэчы, гэта не масавая вытворчасць. Цяпер працаваць з маркетплэйсамі цяжка праз высокія камісіі. Да таго ж патрэбны цэлы штат, каб развівацца ў гэтым кірунку.

Даход экабрэнда залежыць ад сезону і колькасці замоў. Больш за ўсё ўдаецца зарабіць вясной і летам, дзякуючы майстар-класам для карпаратыўных кліентаў. Артур удзельнічаў і ў буйных праектах: з банераў мабільнага аператара рабіў заплечнікі, барсеткі і іншыя аксесуары да Дня другаснай перапрацоўкі, а разам з ААН і ЮНІСЕФ праводзіў лекцыі ды практычныя заняткі для дзяцей і бацькоў.

Паводле слоў бізнесмена, даход Iriskin eco lab стабільна перавышае сярэдні заробак па краіне, а ў пікавыя перыяды — у некалькі разоў:
— Нядаўна купіў MacBook і апошні iPhone, раблю рамонт у кватэры. Таксама інвестую.

У планах прадпрымальніка — запусціць лінейку экаадзення і выйсці на новыя рынкі. Прынамсі, ён ужо пачаў супрацоўнічаць з партнёрамі з Расіі:
— Хочацца развівацца далей і павялічваць даход. Нічым іншым я займацца не хацеў бы.
