«Плаціць менш, бо гэта  беларусы — кепскі падыход». Заснавальнік Krok Films Production расказаў, што здымае ў Варшаве

Фота: instagram.com/georgi_biziuk

Георгій Бізюк паміж пастаяннымі падарожжамі здымае канцэрты ды кліпы — Krok Films Production ён заснаваў у Мінску восем гадоў таму, а пасля паспеў пажыць у Грузіі і Індыі, але канчаткова абаснаваўся толькі ў Варшаве, дзе і працягнуў жыць ягоны праект. Калегі Георгія, якія пачыналі працаваць з ім яшчэ ў Беларусі, да таго часу ўжо жылі ў Варшаве. Таму можна сказаць, што адбылося цалкам лагічнае ўз’яднанне. 

Krok Films Production здымае кліпы і фільмы для Noize MC, «Дай дарогу!», «Пятля Прыхільнасці», NIZKIZ і іншых, менш вядомых калектываў. «Справы» распыталі Георгія пра яго прадакшн і кошты на здымкі відэа.

«Большасць нашых заказчыкаў таксама пераехала ў Еўропу»

— Над якімі праектамі даводзіцца працаваць часцей за ўсё?

— Здымаем і рэкламныя ролікі, але больш за палову нашых праектаў — гэта праца з музыкамі: канцэрты і музычныя кліпы. Прычым канцэртаў больш. Таксама займаемся дакументальным кіно і мерапрыемствамі — івэнтаў мы здымаем даволі шмат.

— Хто вашы асноўныя кліенты?

— У першую чаргу — музыкі. Большасць нашых заказчыкаў таксама пераехала ў Еўропу. Гэта і расіяне, і беларусы, і ўкраінцы.

— Як шукаеце кліентаў?

— Насамрэч цяпер мы амаль не шукаем новых заказаў, бо загрузка і так вельмі вялікая. Хутчэй спрабуем справіцца хаця б з тым аб’ёмам працы, які ўжо ёсць.

Працуем з  буйнымі праектамі, вытворчасць якіх можа займаць паўгода ці нават год.

Фота: instagram.com/georgi_biziuk

— Колькі прыкладна за год праектаў здымаеце?

— Каля 30 відэапраектаў за год ёсць.

«Беларускім прадакшнам ёсць чаму павучыцца ў еўрапейскіх калег»

— Дзе прасцей працаваць прадакшну: у Польшчы ці ў Беларусі?

— Шчыра кажучы, вялікай розніцы я не бачу. Яшчэ ў Беларусі мне пашчасціла працаваць над фільмам-канцэртам з рэжысёрам Ромай Ліберавым. Мы мелі здымкі ў 15 краінах. То бок нават жывучы ў Беларусі можна было рэалізоўваць такія праекты.

Самы цікавы момант у тым, што калі я вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Мінску, нам расказвалі пра Рамана, як пра прыклад крутога рэжысёра. А потым мне напісалі і прапанавалі з ім папрацаваць — вядома, я пагадзіўся, і для мяне асабіста гэта было важнае супрацоўніцтва. 

У тым праекце мы адказвалі за мантаж і за здымкі Noize MC у Вільні. 

— Як юрыдычна зарэгістраваны прадакшн ў Польшчы?

— У мяне тут індывідуальная прадпрымальніцкая дзейнасць. Гэта вельмі зручна: такім жа чынам заключаюцца дамовы з камандай. Ёсць бухгалтар, які вядзе ўсе пытанні з падаткамі і выплатамі.

На самым пачатку ў нас быў офіс. Але, шчыра кажучы, вялікай патрэбы ў ім я не бачу. Амаль усе людзі, якія з намі працуюць, знаходзяцца на дыстанцыйнай працы і атрымліваюць ганарары за канкрэтныя праекты.

Фота: instagram.com/georgi_biziuk

Напрыклад, мантажор атрымлівае грошы за кожны асобны праект, а не працуе на фіксаваным акладзе.

Звычайна прасцей падбіраць патрэбных спецыялістаў пад канкрэтную задачу. А мы, па сутнасці, займаемся прадзюсаваннем: фармуем каманды і камунікуем з кліентам. Але на асноўныя творчыя пазіцыі ў нас ёсць пастаянныя хлопцы — аператары-пастаноўшчыкі, рэжысёр, мантажоры, прадзюсары (хоць часам дадаткова прыцягваем прадзюсараў з боку).

Ядро каманды — гэта я і яшчэ пяць чалавек (3 аператары і 2 мантажоры). Мы ўсе пераехалі сюды з Беларусі.

Я працую як прадзюсар, і часам як рэжысёр. Сам здымаю толькі тое, што мне сапраўды цікава, што важна для мяне асабіста або для прадакшну. Нядаўна, напрыклад, мы знялі рэкламу для ІТ-кампаніі. Я там быў рэжысёрам.

— Ці адрозніваецца ўзровень беларускіх прадакшэнаў ад польскіх ці еўрапейскіх? Стыль здымак і працы на пляцоўцы?

— Думаю, беларускім прадакшнам ёсць чаму павучыцца ў еўрапейскіх калег. Але ёсць і хлопцы, якія працуюць на належным узроўні. Нашы канцэрты я б вынес за дужкі: люблю і ганаруся тым, што мы робім.

Што да працы на пляцоўцы — прафесіяналы заўсёды зразумеюць адзін аднаго.

Фота: instagram.com/georgi_biziuk

— Ці ёсць канкурэнцыя на польскім рынку? Які ўзровень у польскіх прадакшэнаў?

— Калі шчыра — ніколі не сачыў за канкурэнтамі. Раблю тое, што мне падабаецца, так, як я гэта бачу.

— Чаму выбралі Польшчу для жыцця і працы?

— Мне здаецца, што цяпер Варшава — цэнтр беларускай культуры. Тут жыве вельмі шмат беларускіх музыкаў і «кіношнікаў», а мы з імі пераважна і супрацоўнічаем.

Мы шмат працавалі з беларускімі музыкамі, але гэта амаль ніколі не пра вялікі бізнес. Я вельмі ўдзячны ўсім, бо яны стараюцца і плацяць столькі, колькі могуць. Мы амаль заўсёды знаходзім кампраміс. Нядаўна знялі канцэрт гурта «Пятля Прыхільнасці». Мы заўсёды падтрымліваем беларускую культуру і ў гэтым наша місія.

Фота: instagram.com/georgi_biziuk

«Можам пагадзіцца на меншую суму, затое атрымаць выдатны вынік»

— Ці існуе на рынку стэрэатып: вы беларусы, значыць вам можна заплаціць меней?

— Я чуў падобныя гісторыі, у тым ліку і з іншых сфэр. Але гэта вельмі кепскі падыход. Многія кампаніі таксама пераехалі і цяпер зарабляюць па-еўрапейску. Усе павінны разумець, што жыццё тут шмат у чым даражэйшае, таму і кошты на многія працы вырастаюць.

Я заўважыў, што сапраўды актыўна развіваюцца тыя беларускія кампаніі, якія здолелі пераадолець у сваёй галаве ўстаноўку «беларусу можна плаціць меней».

Фота: instagram.com/georgi_biziuk

Мне падабаецца, калі людзям плацяць столькі, колькі належыць паводле рынку. Тым больш што мы цяпер працуем не на беларускім рынку.

— А калі гэта творчы праект і па рынку заплаціць не могуць?

— Такое бывае. Тады я сам прашу каманду пайсці насустрач. Не таму, што яны беларусы, а дзеля самога праекта. Мы можам адмовіцца ад працы, а можам пагадзіцца на меншую суму, затое атрымаць выдатны вынік.

— На старце даводзілася дэмпінгаваць, каб выйсці на рынак?

— Я не магу назваць гэта дэмпінгам. У самым пачатку, вядома, даводзілася і бясплатна здымаць, для партфоліа.

Усе нашы першыя працы былі музычнымі. Адно з першых відэа мы рабілі для гурта «Дай дарогу!». Гэта быў не зусім дакументальны фільм, а хутчэй канцэртнае відэа з закуліснымі здымкамі: невялікія інтэрв’ю з удзельнікамі, эмоцыі, атмасфера.

І вось аднойчы падчас здымак да нас падышоў менеджар «Дай дарогу!» і папрасіў нешта зняць і для Noize MC. Менавіта пасля той здымкі пачалося наша супрацоўніцтва.

Дарэчы, амаль усе нашы кліенты знаходзяць нас праз сарафаннае радыё. 

— Што менавіта вы здымалі для Нойза, ці працягваеце цяпер з ім супрацоўнічаць?

— Для Noize MC мы знялі 4 вялікія канцэрты, а таксама некалькі дзясяткаў лайв-кліпаў і кароткіх ролікаў. Працуем ужо 8 гадоў і працягваем з вялікім задавальненнем. Цяпер у працы вялікі праект, але пакуль я пра яго не раскажу. Падпісвайцеся на наш Instagram — там усё будзе.

Фота: instagram.com/georgi_biziuk

— Які від здымак у вас самы танны і самы дарагі?

— Здымка івентаў таннейшая за здымку кіно. Найвышэйшы кошт у нас, напэўна, маюць дакументальныя праекты. Але ўсё залежыць ад задачы. Канцэрт можна зняць як справаздачны ролік з адной камеры, а можна, як наш апошні, — на трыццаць пяць камер. Зразумела, гэта значна даражэй тэхнічна і патрабуе больш часу на мантаж. 

Таму кожны праект разлічваецца асобна. Прыблізны дыяпазон: ад €600 да €70 000

— З чаго складаюцца гэтыя кошты?

— З ганарараў каманды, выдаткаў на абсталяванне і прыбытку кампаніі. Усё залежыць ад пастаўленай задачы: кожны праект мы разлічваем як унікальны.

«Патэлефанавала жанчына і спытала, ці можам мы зняць пахаванне»

— Якая самая «крынжовая» гісторыя была на здымачнай пляцоўцы?

— Ёсць дзве гісторыі, і адна з іх проста смешная.

Мы вельмі сур’ёзна ставімся да прэ-прадакшну (самы першы этап любога прадакшэна, звычайна складаецца з напісання сцэнара, стварэння раскадроўкі і пошуку лакацыі — заўв. рэд.). Калі год таму здымалі кліп для Лейбоніка, перад здымкамі паехалі на скаўтынг лакацыі (дэталёвае даследаванне лакацыі: становішча камер, павароты, рухі — заўв. рэд.) разам з аператарам-пастаноўшчыкам, прадзюсарам і аператарам крана.

Хадзілі па лесе з лінейкай, усё вымяралі, доўга прымяраліся: дзе будзе стаяць кран, дзе камера, як яна павернецца.

Прыязджаем здымаць, упэўненыя, што падрыхтаваліся да ўсяго. Паводле сцэнару камера павінна была падняцца разам з чалавекам з магілы. Мы ўсё робім, як трэба, і тут камера раптам уразаецца ў дрэва. Відавочна, дрэва не вырасла за ноч, а стаяла там гадоў пяцьдзясят. Як мы яго не заўважылі — загадка. Давялося крыху змяніць траекторыю руху камеры.

А другая, больш «крынжовая» гісторыя — калі патэлефанавала жанчына і па-руску з акцэнтам спытала, ці можам мы зняць пахаванне. Напэўна, добра, што мы ў выніку ні пра што не дамовіліся.

— Які досвед ты атрымліваеш дзякуючы свайму бізнэсу?

— Нашы кліенты — пераважна буйны бізнес. І мне часта даводзіцца нечаму вучыцца ў заказчыкаў.

Часам я наўпрост пытаюся пра вядзенне бізнесу. І, як ні дзіўна, яшчэ ні разу ніхто не адмовіўся дапамагчы. Людзі могуць падказаць нешта ў пытаннях кіравання камандай або праектамі.

Яшчэ ў мяне бываюць моманты, калі страшна брацца за нешта новае. Але я зразумеў адну рэч: страх прысутнічае амаль заўсёды. Таму трэба дзейнічаць нягледзячы на яго. Калі ідзеш у страх і бярэш задачы, якіх раней не рабіў — у гэтым і ёсць рост.

— Якія працы сусветных творцаў лічыш крутымі?

— Магу вылучыць Мішэля Гандры і Іллю Найшулера. Дарэчы, для апошняга мы ў мінулым жыцці здымалі лайв яго канцэрта — у яго ёсць гурт Biting Elbows.

— Якія планы на будучыню?

— Рабіць тое, што раблю, — больш і лепш.

Фота: instagram.com/georgi_biziuk

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Адзін каментар

  1. Прочитал заголовок и ОЧЕНЬ громко смеялся. Потому что, работал с Григорием.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *