Беларускі распрацоўваюць карты Таро з выцінанкай — праект ужо размешчаны на Kickstarter

На краўдфандынгавай платформе Kickstarter рыхтуецца да запуску праект аўтарскай калоды карт «Таро Выцінанка: беларуская калода, выразаная з паперы». Ствараюць іх дзве беларускі — майстрыня выцінанкі Вольга Бабурына (Palunisa) і таролаг і пісьменніца Наталля.

Калода будзе складацца з 78 карт. Усе ілюстрацыі будуць створаны ўручную з паперы з дапамогай нажніц у традыцыйнай тэхніцы беларускай выцінанкі, якая ў 2024 годзе была ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
«Шмат гадоў я насіла гэтую ідэю ў сабе! Але разумела, што адна не пацягну. І вось Сусвет пайшоў мне насустрач і паслаў кампаньёнку. З таго моманту працэс пайшоў, і я радая пахваліцца: беларускае Таро адкрываецца і пачынае збіраць ахвотных!» — піша Вольга.

Для дызайну карт Таро аўтаркі плануюць выкарыстаць арыгінальныя працы з 30-гадовага архіва Вольгі, а таксама новыя вырабы, зробленыя спецыяльна для гэтага праекта. Пасля гэтага кампазіцыі будуць алічбаваны і скампанаваны для друку.

Структура і напаўненне калоды распрацоўваюцца з улікам практыкі рэальных раскладаў Таро: старэйшыя арканы ўтрымліваюць сюжэтныя сцэны, а малодшыя арканы будуюцца праз прыродную сіметрыю і сімвалічныя матывы. Усе выявы будуць спалучаць класічны сімвалізм Таро, элементы беларускага фальклору і міфалогіі.

У камплект таксама ўвойдзе ілюстраваны буклет, якім будуць тлумачэнні культурнага кантэксту кожнай карты, кароткія трактоўкі і аўтарскія расклады.
Як падкрэсліваюць аўтаркі, для стварэння дызайнаў не будуць выкарыстоўвацца нейрасеткі:
«Дзве беларускі. Адна калода з каранямі ў традыцыях. Нуль ШІ».
Аўтаркай мастацкай часткі з’яўляецца Вольга Бабурына (Palunisa) — мастачка выцінанкі, ураджэнка Маладзечна. Яна скончыла Мірскае мастацкае рэстаўрацыйнае вучылішча і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці выкладання выяўленчага мастацтва, чарчэння, сусветнай і айчыннай культуры.

Вольга з 1997 года уваходзіць у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, мае ганаровае званне «Народны майстар», была рэспубліканскай стыпендыяткай. Яна заснавала першы ў Беларусі музей выцінанкі, выдала дапаможнік «Мая выцінанка». З 2022 года майстрыня жыве і працуе ў ЗША, уваходзіць у склад Гільдыі амерыканскіх выразальнікаў з паперы.
За сэнсавую і практычную частку Таро адказвае яе партнёрка Наталля.
Цяпер праект знаходзіцца на стадыі перадзапуску:
«Збор сродкаў яшчэ не пачаўся, але вы можаце падпісацца і атрымліваць абнаўленні, каб не прапусціць навіны і выгадны кошт калоды!».
Афіцыйны запуск краўдфандынгавай кампаніі на Kickstarter вызначаны на вясну 2027 года. На платформе ўжо можна падпісацца на апавяшчэнні пра праект.