«Бізнес не чуе моўнага акцэнту, бо лічыць грошы». Беларус адкрыў бухгалтарскае бюро ў Варшаве і ратуе бізнесоўцаў ад штрафаў

Фота з архіву Андрэя Дашкевіча

Андрэй Дашкевіч штодня працуе з кейсамі прадпрымальнікаў-эмігрантаў у Польшчы — як уладальнік і галоўны бухгалтар варшаўскай кампаніі W12.pl. Бюро адкрылася ў 2022 годзе, а сёння каманда з 11 спецыялістаў абслугоўвае больш за 120 бізнесаў.

У інтэрв’ю spravy.io Андрэй расказаў пра спецыфіку працы бухгалтарскага бюро, найбольш частыя памылкі беларускіх бізнесменаў-пачаткоўцаў у Польшчы, а таксама пра тое, ці зможа штучны інтэлект змяніць рынак.

Бухгалтар не проста робіць Ctrl+C і Ctrl+V

Заснавальнік бухгалтарскага бюро на пачатку размовы жартуе:

— Праца бухгалтараў — гэта працэс Ctrl+C і Ctrl+V: мы бярэм даныя ад кліента і адпраўляем іх у падатковую, ZUS і іншыя ўстановы.

Але за гэтай простай фармулёўкай ёсць праца, сотні заканадаўчых нюансаў і валоданне няпростым бухгалтарскім улікам, які мае спецыфіку ў кожнай краіне.

Андрэй скончыў юрфак БДУ, а потым пацвердзіў дыплом у Варшаўскім універсітэце. Каб асвоіць новую прафесію, прайшоў поўны курс навучання на галоўнага бухгалтара ў Польскім таварыстве бухгалтараў (SKwP). Гэта найбуйнейшая прафесійная арганізацыя бухгалтараў у Польшчы, якая існуе ажно з 1907 года:

— Іх сертыфікат каціруецца на польскім рынку, яны прапануюць добрую падрыхтоўку. Безумоўна, для асваення гэтай прафесіі патрэбны матэматычны склад розуму. Многія з тых, каму цяжка даваліся лічбы, адсейваліся на першых этапах — навучанне там няпростае. Напрыклад, у іх немагчыма спісаць на іспытах: чалавек сядзіць за асобнай партай, усе кнігі правяраюць, з сабой можна ўзяць толькі заканадаўчыя акты. Тры гадзіны даюцца на вырашэнне складаных задач, потым ліст з рашэннем кадуецца, каб ніхто не мог дадаць балаў, і пасля правяраецца.

Свой апошні іспыт на галоўнага бухгалтара Андрэй здаў на 87%. Ён кажа, што кваліфікаваныя спецыялісты ў Польшчы каштуюць грошай. Але, каб стаць спецыялістам, трэба выдаткаваць сапраўды шмат сілаў і часу на навучанне.

Фота: instagram.com/w12.pl

Наўзабаве пасля атрымання кваліфікацыі Андрэй Дашкевіч вырашыў стварыць свой бізнес, каб дапамагаць прадпрымальнікам пераадольваць бюракратычныя і бухгалтарскія выклікі ў Польшчы.

— Хацелася запусціць праект, які б не проста фармальна аказваў бухгалтарскія паслугі, а рабіў нешта больш шырокае: дапамагаў людзям пазбавіцца страху перад бюракратыяй у новай краіне. Жаданне быць надзейнай апорай для кліентаў і лягло ў аснову філасофіі нашай кампаніі. Спачатку нарадзіўся слоган — «падтрымліваем 12 месяцаў у годзе». А ад яго ўтварылася лаканічная назва — W12.pl.

«Беларускамоўных кліентаў абслугоўваюць украінцы, а ўкраінамоўных — беларусы»

Сёння сярод кліентаў W12.pl — беларускія і часам нават беларускамоўныя бізнесы, а таксама ўкраінскія, польскія і заходнія кампаніі. Як заўважае Андрэй, часам бывае, што беларускамоўных кліентаў абслугоўвае бухгалтар з Украіны, а ўкраінамоўных — бухгалтары-беларусы, і ўсе знаходзяць агульную мову.

Фота з архіву Андрэя Дашкевіча

Калі ж гаворка заходзіць пра канкурэнцыю з вялікай колькасцю мясцовых польскіх бюро, Андрэй прызнаецца, што яны з імі не канкуруюць — адрозніваецца мэтавая аўдыторыя.

— Спачатку зрабілі стаўку на экспатаў, бо замежнікі часта баяцца ісці да польскіх бухгалтараў, а тыя, у сваю чаргу, асцерагаюцца падказваць нешта іншаземцам. У некаторых выпадках уплывае, вядома, і моўны бар’ер. Таму рэкламу пакуль накіроўваем на руска- і ўкраінамоўную аўдыторыю, а ў хуткім часе плануем запусціць і на беларускамоўную. Мы намацалі сваю мэтавую групу — і працуем у сваёй нішы, што дазваляе развівацца, паступова выходзячы і на новую аўдыторыю.

Пра W12.pl

Агульная колькасць кліентаў: больш за 120 бізнесаў.
Размеркаванне кліентаў: каля 35% — беларусы, яшчэ каля 40% — украінцы, астатнія 25% — кліенты з Польшчы і заходніх краін.

Топ-3 сферы дзейнасці сярод беларускіх кліентаў бюро:

1. IT-сектар (кампаніі і праграмісты на B2B-кантрактах)
2. Будаўнічыя паслугі.
3. Грамадскае харчаванне (кавярні, бары, рэстараны).

Паводле слоў Андрэя Дашкевіча, сёння большасць заробленых грошай ідзе на два асноўныя артыкулы выдаткаў — заробкі супрацоўнікам і развіццё кампаніі:

— Аўтсорсінгавы бізнес — гэта, найперш, людзі. А людзі павінны жыць добра і не выгараць, каб не сысці ў іншыя сферы. Каб мае калегі працавалі па 8 гадзін 5 дзён на тыдзень, я, як уласнік, працую 16 гадзін 7 дзён на тыдзень. Трэба ўлічваць і магчымасці рынку: мы трапілі на пік больш лёгкага прыросту кліентаў, калі быў бум рэлакацыі ў 2022–2024 гадах. Цяпер жа кошт прыцягнення новага кліента толькі расце, таму адкрываць падобны бізнес зараз было б ужо складаней.

Пасткі, з якімі найчасцей сутыкаюцца эмігранты-бізнесмены

На думку Андрэя Дашкевіча, адна з самых частых і балючых праблем, з якімі сутыкаюцца эмігранты пры рэгістрацыі бізнесу ў Польшчы, — гэта няведанне законаў аб сацыяльным страхаванні. Многія па звычцы праводзяць паралелі з беларускім прыватным унітарным прадпрыемствам, дзе адзіны заснавальнік не абавязаны плаціць у ФСАН проста за факт валодання бізнесам. У Польшчы ўсё інакш.

Фота з архіву Андрэя Дашкевіча

— Калі вы адкрываеце ў Польшчы ТАА (sp. z o.o.) і з’яўляецеся адзіным уладальнікам, вы абавязаны штомесяц плаціць унёскі ў ZUS як фізічная асоба. І гэта не залежыць ад таго, працуе фірма ці не, зарабіла яна грошы ці вісіць з нулямі. У нас былі кейсы, калі людзі адкрывалі такую спулку, забываліся на яе, а праз два гады ім прылятаў доўг каля 80 тысяч злотых. Альбо іншая гісторыя: хлопцы з Беларусі папрасілі знаёмую дзяўчыну з Варшавы стаць намінальнай уладальніцай іх фірмы за ўзнагароджанне. У польскім заканадаўстве яны не разбіраліся. Потым удзельнікі каманды пасварыліся, дзяўчына прыйшла да нас па кансультацыю і жахнулася — за два месяцы ZUS налічыў ёй 5 тысяч злотых абавязковых плацяжоў. І самае крыўднае, што прыпыніць дзейнасць такой фірмы «задняй датай» праз суд немагчыма. Рашэнне гэтай праблемы максімальна простае: кампанію трэба адкрываць мінімум на двух чалавек, тады ZUS плаціць не давядзецца нікому.

Акрамя пастак з аднаасобнымі кампаніямі, эмігрантам-бізнесменам важна разумець і розніцу ў рэгулярных выдатках на вядзенне бізнесу для ІП (JDG) і ТАА (sp. z o.o.):

— Польская сістэма прапануе розныя ўмовы для JDG і sp. z o.o. Калі спулка не вядзе дзейнасці і не з’яўляецца плацельшчыкам падатку на дададзеную вартасць (VAT), яе выдаткі па змаўчанні абмяжоўваюцца толькі аплатай юрыдычнага адраса і паслуг бухгалтара (раз на год трэба падаваць нулявую справаздачу). А вось індывідуальны прадпрымальнік абавязаны плаціць ZUS заўсёды — ёсць магчымасць спачатку рабіць гэта па ільготнай стаўцы. Першыя паўгода — гэта каля 400 злотых (толькі на ахову здароўя), наступныя два гады — каля 900 злотых, а праз 2,5 года сума вырастае да стандартных 2 600 злотых штомесяц. Праўда, JDG мае права прыпыніць сваю дзейнасць на тэрмін ад аднаго месяца да бясконцасці і ў гэты час не плаціць ZUS, аднак ільготныя перыяды пры гэтым таксама працягваюць згараць.

Фота: instagram.com/w12.pl

Яшчэ адна зона рызыкі — падатак на дададзеную вартасць. Паводле слоў Андрэя Дашкевіча, далёка не ўсе прадпрымальнікі ведаюць, што некаторыя віды дзейнасці патрабуюць абавязковай рэгістрацыі ў якасці платніка VAT адразу, з першага заробленага злотага:

— Да іх, напрыклад, належаць любыя кансалтынгавыя паслугі, а таксама продаж аўтазапчастак (нават калі ў вас проста СТА, дзе вы рэмантуеце аўтамабілі). Былі кейсы, калі людзі гадамі працавалі, не ведаючы пра гэта, а потым прыходзіла падатковая і налічвала 23% на ўвесь даход за апошнія пяць гадоў. Схаваная пагроза ёсць нават у рэкламе ў Facebook: паколькі сацсетка зарэгістраваная ў Ірландыі, купля рэкламы лічыцца імпартам паслуг, і калі ваш бізнес вызвалены ад ПДВ (напрыклад, адукацыя ці медыцына), вы ўсё роўна абавязаны самастойна выплачваць польскі VAT за гэтыя транзакцыі.

Фота: instagram.com/w12.pl

Часам узнікаюць і тэхнічныя памылкі — на гэта ўплывае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі ў Польшчы ў аўтаматызаваным фармаце. Андрэй згадвае нядаўні выпадак са сваім кліентам: на яго рахунак раптам прыляцеў арышт на 15 тысяч злотых.

— Аказалася, кліент яшчэ ў пачатку 2024 года прадаў машыну, а Гарантыйны страхавы фонд налічыў яму велізарны штраф за тое, што аўто яго кампаніі не было застрахаванае ўвесь 2025 год. Мы даслалі ім фактуру продажу, даказалі, што машыны даўно няма. Яны адказалі: «Так, зразумела, мы ўсё адменім, тэхнічная памылка». Грошы паабяцалі вярнуць, але ўявіце сітуацыю, калі ў бізнесоўца фінансы разлічаныя, зарэзерваваныя грошы на выплату заробкаў — і ўсе яны проста блакуюцца праз такую памылку. Гэта сапраўдны стрэс, і трэба мець на ўвазе, што могуць здарацца і такія сітуацыі.

«Чыноўнік — гэта не бухгалтар». Чаму варта быць асцярожным з вуснымі падатковымі парадамі?

Яшчэ адна тыповая памылка эмігрантаў, лічыць Андрэй, — гэта ісці па вусную кансультацыю наўпрост у падатковую інспекцыю. Здавалася б, хто лепш ведае законы, калі не самі падатковыя інспектары? Але на практыцы гэта працуе інакш.

Фота: instagram.com/w12.pl

— Чыноўнікі часта ведаюць толькі сваю вузкую частку абавязкаў: напрыклад, як падаць дэкларацыю VAT і ў які радок павінна трапіць лічба. У лепшым выпадку, калі вы прыйдзеце да такога спецыяліста з глабальным пытаннем, ён проста адправіць вас шукаць бухгалтара. У горшым — дасць вусную параду, якая не мае ніякай юрыдычнай сілы. Ён можа сказаць «напэўна, вам трэба гэта плаціць» ці «не, напэўна, не трэба», але потым менавіта вы будзеце адказваць за наступствы.

Замест гэтага ўладальнік W12 раіць карыстацца праверанымі рэсурсамі, чытаць афіцыйныя падатковыя інтэрпрэтацыі па падобных кейсах або наймаць прафесійнага падатковага кансультанта. У бухгалтарскім уліку дакладнасць інфармацыі наўпрост уплывае на таўшчыню вашага кашалька, а эканомія на бухгалтары ў выніку можа каштаваць дорага.

«Будучыня за AI, але без чалавека пакуль ніяк»

Менавіта таму, што чалавечы рэсурс у бухгалтэрыі каштуе дорага, а руціннай працы шмат, акрамя класічнага аўтсорсінгу Андрэй Дашкевіч сёння інвестуе час у тэхналогіі. Разам з партнёрам ён распрацоўвае праект «AI Бухгалтар» — штучны інтэлект для бухгалтарскіх кампаній.

— Ідэя ў тым, каб праграма рабіла ўсе руцінныя, аўтаматызаваныя праводкі, а жывы бухгалтар займаўся выключна глабальнай аналітыкай і складанымі аперацыямі. У бухгалтэрыі галоўнае — гэта стабільнасць і абсалютная дакладнасць унясення даных. Нейрасеткі развіваюцца хуткімі тэмпамі, але ў бліжэйшыя год-два ім усё роўна спатрэбіцца чалавек-аператар, які разумее працэсы, кантактуе з кліентам і ўсё спраўджвае.

Але пакуль штучны інтэлект толькі вучыцца браць на сябе ўсю бухгалтарскую руціну, то галоўнымі складнікамі поспеху застаюцца чалавечая рашучасць і ініцыятыва — перакананы заснавальнік W12.pl.

Фота з архіву Андрэя Дашкевіча

Тры парады ад галоўнага бухгалтара Андрэя Дашкевіча для беларусаў, якія хочуць адкрыць бізнес у Польшчы:

1. Спрабуйце. «Польская эканоміка зараз знаходзіцца ў стадыі росту, з’явілася шмат экспатаў — гэта спрыяльны час для старту самых розных кірункаў бізнесу. Калі ў вас ёсць ідэя, трэба карыстацца магчымасцю, каб потым не шкадаваць».

2. Не рызыкуйце апошнім. «Аднак не варта закладваць кватэры, машыны ці дачы, каб пачаць справу. Калі ў вас ёсць добрая ідэя, можна прыцягваць і інвестыцыйныя грошы. Сёння людзі ўмеюць дамаўляцца і дзяліць рызыкі, у лес за даўгі нікога не вязуць. Калі інвестар мае магчымасць і жаданне дзеля вашай ідэі рызыкнуць грашыма — карыстайцеся гэтым».

3. Не бойцеся польскага рынку і нацыяналізму. «У навінах мы часта бачым негатыў да замежнікаў, але ў бізнес-асяроддзі гэтага ў разы менш. Прадпрымальнікі любяць дамаўляцца і заключаць здзелкі — гэта неад’емная частка іх працы. Іх не хвалюе ваш акцэнт, колер скуры ці форма вачэй. Яны проста хочуць будаваць бізнес і зарабляць, таму што зарабляць грошы лепш, чым іх не зарабляць».

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *