Колькі каштуе прыбраць труп з кватэры? Беларус пабудаваў «хардкорны» клінінгавы бізнес у Польшчы

Антон (імя зменена) пераехаў у Польшчу ў 2022 годзе і прайшоў шлях ад таксіста да ўладальніка клінінгавай кампаніі, якая займаецца спецыфічным прыбіраннем. Яго гісторыю расказвае MOST.

Папрацаваўшы ў таксі і на СТА, Антон разам з жонкай вырашыў запусціць свой бізнес у сферы клінінгу. З абсталявання былі стары ёмісты Mitsubishi Space Star і гаспадарскі пыласос з кватэры, дзе жылі беларусы. Спачатку спрабавалі працаваць праз пасярэднікаў, але гэта было нявыгадна, таму пачалі шукаць кліентаў наўпрост. Пераадольваючы моўны бар’ер, проста грукаліся ў дзверы гатэляў і хостэлаў, прапаноўваючы свае паслугі. І гэта спрацавала.

Ніша, дзе няма канкурэнцыі

Сапраўдны прарыў здарыўся дзякуючы выпадковай размове з суседам. Высветлілася, што ў адной з кватэр дома паўтара месяцы праляжаў нябожчык. Патрабавалася поўная зачыстка памяшкання з вынасам мэблі, азанаваннем і дэзінфекцыяй. Антон узяўся за гэта без роздуму.

«Груба кажучы, нябожчыка саскрабалі з канапы. Я ўзяў 3,5 тыс. злотых. З выдаткаў — толькі хімія і падаткі. На рукі атрымалася 3 тыс. злотых», — згадвае прадпрымальнік.

Як атрымаць кантракт з гмінай

Аднойчы па абвестцы ў Facebook Антона паклікалі тэрмінова прыбраць 1300 кв. метраў у грамадскім цэнтры. Прадпрымальнік з жонкай зрабілі немагчымае — вычысцілі ўсё за суткі. Адміністрацыя гміны была ўражаная такой хуткасцю і падпісала з беларусамі доўгатэрміновую дамову.

Таксама Антон пакінуў у Гарадскім цэнтры дапамогі сем’ям (MOPR) сваю візітоўку — і праз год яму патэлефанавалі: цяпер ён таксама прыбірае сацыяльныя кватэры за кошт бюджэту.

Аб’екты бываюць розныя. Аднойчы камандзе давялося разграбаць трохпакаёвую кватэру пенсіянеркі з шызафрэніяй, якая да столі заваліла жыллё рэчамі са сметнікаў:

«У дзень уборкі дзверы вынеслі пажарныя, паліцыя агледзела кватэру — і мы пачалі прыбіраць. Я вывез на звалку два вялікія бусы Renault Master, але вызвалілі толькі 1,5 пакоя. Скончыць аб’ект так і не ўдалося: гаспадыня ўцякла з са шпіталя і сарвала працу пагрозамі».

Але бываюць і пазітыўныя моманты. Падчас прыбірання ў адзінокага пенсіянера, які не мог нагінацца пасля перанесенай аперацыі на хрыбетніку, на падлозе былі знойдзены 250 злотых у манетах і залаты пярсцёнак памерлай жонкі гаспадара.

Чаму выгадна прыбіраць сацыяльныя аб’екты

Цяпер Антон сам амаль не прыбірае: ён кіруе працэсамі, закупляе хімію і выстаўляе рахункі, а на аб’ектах працуюць нанятыя работнікі.

Кампанія цалкам адмовілася ад працы з фізічнымі асобамі, перайшоўшы выключна ў B2B і дзяржсектар.

Бо звычайныя людзі, якія замаўляюць клінінг, аказаліся самымі складанымі кліентамі: іх пастаянна нешта не задавальняе і яны просяць вярнуць грошы. А прыбіранне памяшканняў у «экстрэмальным» стане хаця і з’яўляецца складаным як фізічна, так і эмацыйна, але затое прыносіць бізнесу добры стабільны даход.

«Мы менш за тысячу злотых з MOPR не бралі. Прыборка прыбіральні і аднаго пакоя — гэта тысяча, дадаецца яшчэ адзін пакой — гэта ўжо паўтары. Але і ў MOPRы не моцна глядзяць на цэны, бо разумеюць, якая гэта хардкорная праца», — тлумачыць Антон.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *