
Вядомы многім беларусам брэнд дзіцячых тавараў «Буслік» вяртаецца на рынак, але ўжо ў цалкам новым фармаце.
Замест сеткі крам, якая закрылася ў 2024 годзе, заснавальнікі «Бусліка» вырашылі не губляць лаяльную аўдыторыю ў сацсетках і адкрыць нішавы класіфайд для дзяцей, піша Office Life.
— «Буслік» закрыўся, бо мадэль класічнага гандлю не змагла існаваць пры цяперашнім цэнавым рэгуляванні. Таму новая бізнес-ідэя грунтуецца на тым, каб злучыць вытворцу або эксперта наўпрост з пакупніком, выключыўшы любых пасрэднікаў, — тлумачыць заснавальнік брэнда Сяргей Місячэнка.
Бізнесмен кажа, што ў «Бусліка» 236 тысяч падпісчыкаў у сацсетках, якія нікуды не сышлі пасля таго, як сетка крам спыніла працу. І заснавальнікі брэнда вышарылі скарыстаць гэтую аўдыторыю для перазапуску бізнеса ў новым фармаце.
30 красавіка стартавала бэта-версія класіфайда Buslik.by, а да 1 чэрвеня (Дня абароны дзяцей) праект павінен запрацаваць паўнавартасна. Першапачаткова гэта будзе пляцоўка з паслугамі для дзяцей, а потым там павінны з’явіцца і тавары.
— Рынак паслуг для маці і дзяцей зараз такі ж неарганізаваны, як і рынак дзіцячых тавараў 20 гадоў таму, калі мы стартавалі з «Буслікам», — адзначае Сяргей Місячэнка.
Плануецца, што «Буслік» збярэ ў адным месцы рэпетытараў, дзіцячыя гурткі, нянь, педыятраў і псіхолагаў. Асаблівая стаўка робіцца на бяспеку і празрыстасць: карыстальнікі будуць бачыць рэальныя дыпломы і кваліфікацыю спецыялістаў. Акрамя таго, маці ў дэкрэце змогуць бясплатна прапаноўваць тут свае паслугі і хобі.

У платформу будуць убудаваныя нейрасеткі, якія дапамогуць экспертам і прадаўцам генераваць кантэнт — ад карысных артыкулаў да казак для дзяцей.
Манетызацыя платформы плануецца за кошт рэкламы: размяшчэнне аб’яў будзе бясплатным, а зарабляць праект будзе на іх прасоўванні і рэкламе. Мэта першага этапу — 100 тысяч унікальных наведвальнікаў у месяц.
Паводле планаў заснавальнікаў, бліжэй да канца года на Buslik.by з’явіцца і таварная вітрына з новымі і ўжыванымі рэчамі. Фокус будзе зроблены на максімальную прадстаўленасць беларускіх вытворцаў. Вяртанне «Бусліка» ў афлайн пакуль не плануецца.
У сённяшнім «Бусліку» працуе каманда з каля 30 чалавек. ТАА «Першы сямейны партал» (юрасоба абноўленага «Бусліка») належыць Lemon Invest (новай кампаніі прадпрымальніка Сяргея Місячэнкі, якая летась выкупіла таварныя знакі сеткі дзіцячых крам) і партнёру Сяргея — кампаніі «Антыд Софт».
Нягледзячы на дэмаграфічную яму і складаны рынак, Сяргей Місячэнка верыць у поспех новага стартапа:
— Калі нешта любіш — гэта ўсур’ёз і надоўга… Уласна кажучы, зараз наша місія ранейшая: мы робім сям’ю вялікай і шчаслівай.
