«Сабе ў страту ніколі не працавала». У бабруйскай студыі прыгажосці робяць «шыццё сівізны», як у Аўстраліі

Вольга Кавальская пяць гадоў таму выкупіла ў Бабруйску салон прыгажосці, дзе сама працавала майстаркай. Маючы больш за 17 гадоў практыкі ў б’юці-сферы, яна развівае студыю пад уласным імем і выконвае самыя складаныя віды фарбавання валасоў. Гісторыю прадпрымальніцы расказвае MYFIN.
Вольга нарадзілася ў Таліне, але ў 90-х разам з бацькамі пераехала ў Магілёўскую вобласць. Скончыла Бабруйскі тэхналагічны каледж з адзнакай, атрымаўшы дыплом цырульніка і майстра манікюру.
— Працаваць з валасамі марыла з самага дзяцінства. Прыкладна з пятага класа стрыгла сваякоў, рабіла ім прычоскі, таму пытанне выбару прафесіі для мяне было вырашана. Праўда, мама была супраць, бо лічыла, што я мушу атрымаць вышэйшую адукацыю, — згадвае Вольга.

Таму давялося скончыць БДЭУ па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне». Пасля вучобы Вольга з будучым мужам пераехала ў Маскву і ўладкавалася ў салон прыгажосці. Там дзяўчына не толькі працавала, але і вучылася ў вядучых маскоўскіх майстроў, асвойвала новыя тэхнікі стрыжкі і фарбавання. Падчас цяжарнасці пара вырашыла вярнуцца ў Бабруйск.
У дэкрэтным водпуску Вольга падпрацоўвала ў салоне побач з домам. Там ёй хутка ўдалося сабраць уласную базу кліентаў. У 2020 годзе гаспадыня салона вырашыла з’ехаць за мяжу, а Вольга пагадзілася выкупіць бізнес:
— Сума была сімвалічнай — $2000. Да таго ж частку грошай мы выплачвалі паступова, таму абышліся без крэдыту.

Разам з арэндаваным памяшканнем майстарка атрымала мэблю, базавае абсталяванне і напрацаваную базу кліентаў. Пазней салон перазапусцілі: паступовы рамонт і абнаўленне мэблі рабіліся сваімі сіламі пры падтрымцы мужа, а агульныя дадатковыя ўкладанні за ўвесь час склалі некалькі тысяч долараў.
Будучы ўладальніцай бізнесу, Вольга застаецца практыкуючай майстаркай і працягвае рабіць стрыжкі, укладкі і макіяж. Менавіта яна стварае вобразы для кліентаў на вяселлі ці сямейныя ўрачыстасці.

Вольга не сыходзіць цалкам у адміністраванне не толькі праз захапленне прафесіяй, але і праз дэфіцыт кадраў. У студыі працуюць ад аднаго да трох спецыялістаў, але бываюць перыяды, калі гаспадыні даводзіцца спраўляцца з плынню кліентаў самастойна. Прычыну недахопу кадраў яна бачыць у недастатковай кваліфікацыі спецыялістаў, а таксама ў іх нядбайным стаўленні да працы.
Спробы запрашаць выпускнікоў мясцовага профільнага каледжа таксама не мелі плёну — гаспадыня салона не пабачыла ў іх захаплення справай і бляску ў вачах. Цяпер у студыі працуе адна майстарка ў статусе самазанятай, а асноўную частку працы Вользе даводзіцца выконваць самой:
— Магу здаваць у арэнду працоўныя месцы для цырульніка ці майстра манікюру, але рабіць гэтага не буду. Студыя названая маім імем, таму я нясу адказнасць за працу кожнага супрацоўніка. І бяру толькі тых майстроў, якімі буду ганарыцца.

Вылучыцца сярод канкурэнтаў дапамагаюць пастаянныя ўкладанні ва ўласнае майстэрства. Усе вольныя сродкі Вольга скіроўвае на навучанне, у тым ліку на курсы ў Латвіі і стажыроўкі ў Аўстраліі, дзе праводзіць па некалькі месяцаў на год.

Атрыманыя веды дазволілі прапанаваць на мясцовым рынку рэдкія паслугі. Перадусім, гэта філіграннае «шыццё сівізны», якое маскіруе адрослыя карані, а таксама тэхнікі балаяжу, брандавання і air touch для стварэння эфекту валасоў, што натуральна выгаралі на сонцы.
— Эфект выгаралых пасмаў у Аўстраліі вельмі папулярны: сярод мясцовых жыхароў шмат бландзінаў, якія пасля зімы хочуць вярнуць валасам яркасць і не чакаць, пакуль яны пасвятлеюць самі.
Асноўныя выдаткі студыі — матэрыялы, на якія сыходзіць каля 20% даходу. Яшчэ каля 30% ідзе на падаткі і арэнду. Чысты заробак у 1500–2000 рублёў на месяц атрымліваецца не заўсёды. Прыбытак асабліва зніжаецца ў перыяды замежных стажыровак Вольгі, хоць студыя ў гэты час працягвае працаваць.

Прадпрымальніца заўважае, што б’юці-сфера мае выразны сезонны характар: традыцыйныя пікі прыпадаюць на снежань і сакавік, а спад — на пачатак года, бо зімой многія імкнуцца не выдаткоўваць лішняга на стрыжку, укладку ці фарбаванне. Аднак бізнес ні разу не апускаўся ніжэй за кропку бясстратнасці:
— Сабе ў страту я ніколі не працавала, за выключэннем перыяду маштабнага рамонту.
Уладальніца студыі ўпэўненая, што гэтаму спрыяе падтрымка сям’і і яе ўласная адказнасць:
— Калі, не дай Бог, нешта здарыцца, я выйду на працу і з тэмпературай, і нават са зламанай рукой, бо самае страшнае ў маёй справе — падвесці кліента.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.