«Эмігранты адчуваюць востры дэфіцыт „свайго“ асяроддзя». Беларусы запусцілі ў Варшаве сэрвіс для знаёмстваў і нэтворкінгу без «крынжу»

Некалькі гадоў таму Сіланцій і Аня пераехалі з Мінска ў Варшаву: Аня ўжо атрымала ступень бакалаўра ў галіне IT-інжынерыі (Java), а Сіланцій вывучае клінічную псіхалогію на непадзельнай магістратуры. Разам яны прыдумалі праект Human Algorythm — сэрвіс разумнага нэтворкінгу ў Варшаве.

«Пазнаёміліся там, дзе небяспечна нават хадзіць на спатканні»

— Адкуль з’явілася ідэя? Чаму знаёмствы і нэтворкінг?

Сіланцій: Мы пазнаёміліся з Аняй абсалютна выпадкова ў тэлеграм-боце «Дайвінчык». Улічваючы кантынгент платформы, знайсці адно аднаго было неверагодным супадзеннем. Бо з тымі, хто звычайна сядзіць у «Дайвінчыку», часта небяспечна нават хадзіць на спатканні, не кажучы ўжо пра стасункі.

Мы вырашылі стварыць аналаг гэтага сэрвісу. Значна больш бяспечны, дзякуючы строгай мадэрацыі ўдзельнікаў. Таксама арыентаваліся на праекты Date&Eat і Eat&Meet.

Аня: Якраз думалі, якую супольную справу запусціць. Паколькі самі прайшлі няпросты шлях спроб пазнаёміцца з рознымі людзьмі ў эміграцыі, вырашылі зрабіць нешта ў сферы знаёмстваў і нэтворкінгу.

— Як працуе Human Algorythm?

Сіланцій: Наша экасістэма разумных афлайн-знаёмстваў базуецца на Telegram-боце. Гасцям не трэба спампоўваць асобныя праграмы ці рэгістравацца на сайтах. Мы ствараем фармат сустрэч, дзе няма месца няўтульным паўзам, банальным «смол-токам» і перажыванням, як пачаць размову. Усім працэсам кіруе наш Telegram-бот: ён выконвае ролю «нябачнага мадэратара» і лічбавага рэжысёра кожнага вечара.

Аня: У нас ёсць два асноўныя фарматы. Першы — камерныя вячэры Talk & Toast. За сталом збіраюцца 7 чалавек і з дапамогай аўтарскіх картак вядуць размову — ад простых тэм да глыбокіх разважанняў. Бот рэгулюе чаргу выказванняў, таму ніхто не перабівае адно аднаго, а няёмкіх паўз не ўзнікае.

Другі фармат — гэта разумны Speed Dating з гендарным балансам (6 на 6), персанальнымі карткамі і ратацыяй паміж сталамі. Мы правяраем кожную анкету, каб адсеяць неадэкватных людзей, фэйкі і ботаў яшчэ да пачатку сустрэчы. Калі на спатканні сімпатыя ўзаемная, бот дасылае кантакты.

Сіланцій: Уваход у наш клуб закрыты. Каб патрапіць на сустрэчы, трэба запоўніць анкету: узрост, чаканні ад супольнасці і невідавочны або моцны факт пра сябе. Мы асабіста мадэруем кожную заяўку, каб на сустрэчах не было выпадковых людзей, а кампанію складалі суразмоўцы з блізкім узроўнем эмпатыі і падобным кантэкстам.

Аня: Таксама зрэдку ладзім іншыя імпрэзы: інтэлектуальныя гульні Stock & Know, асобныя жаночыя і мужчынскія бранчы Mind & Muse / Mad Men, а таксама OSINT-дэтэктывы і B2B-карпаратывы.

— Як выглядае сустрэча сямі чалавек?

Сіланцій: Усё пачынаецца з запаўнення анкеты: трэба паведаміць нашаму боту імя, узрост, пол, чаканні ад клуба і ўнікальны факт пра сябе.

Калі адміністратар уручную праверыць і ўхваліць анкету, удзельнік можа выбраць у меню дату сустрэчы. За 3 дні да падзеі бот просіць пацвердзіць прысутнасць; калі госць адмаўляецца, месца пераходзіць чалавеку з чаргі. За 3 гадзіны да старту мы дасылаем дакладны адрас і спасылку на Google Maps.

Сустрэчы праходзяць у рэстаранах Варшавы. Мы рэзервуем столік на 7 чалавек. Пры гэтым персаналу ўстановы нават неабавязкова ведаць, што гэта сустрэча незнаёмцаў. У нас няма конкурсаў ці шумных заданняў, якія б перашкаджалі іншым. Па сутнасці, гэта сустрэча людзей, але незнаёмых.

Аня: Важная частка — зняць сацыяльнае напружанне на ўваходзе. Самы хвалюючы момант звычайна — адчыніць дзверы і падысці да незнаёмцаў. Удзельнікі націскаюць кнопку «Я на месцы», і бот імгненна выдае кароткі скрыпт: «Выдыхай. Падыдзі да стала і проста скажы: „Прывітанне, я да вас, мяне завуць…“». А калі нехта затрымліваецца, можна націснуць кнопку «Спазняюся на 5–10 хвілін» і папярэдзіць кампанію.

Сіланцій: За сталом няма вядучага — сустрэчу мадэруе бот. Удзельнікі націскаюць кнопку «Новая тэма» і выбіраюць градус размовы: лёгкі старт, асабістае і рэфлексія, глыбокія тэмы або правакацыя і азарт.

Каб ніхто не баяўся пачаць першым, бот сам перадае слова канкрэтнаму госцю і здымае трывожнасць нагадваннем, што няправільных адказаў тут няма. Акрамя таго, бот памятае гісторыю за кожным сталом і не паўтарае тыя самыя пытанні.

— Атрымліваецца, што сем чалавек сядзяць у рэстаране і глядзяць у тэлефоны?

Сіланцій: Не, у экраны амаль не глядзяць. Галоўная мэта — жывыя зносіны, а не спроба прайсці як мага больш картак. Тэлефон патрэбны толькі на некалькі секунд, каб паглядзець новую тэму для размовы.

Аня: За 15 хвілін да заканчэння сустрэчы запускаецца гульня: бот паказвае цікавы факт аднаго з гасцей і дае 30 секунд, каб адгадаць, чый ён, пасля чаго раскрывае адказ.

Пасля сустрэчы госці атрымліваюць па 1 бале лаяльнасці, ананімна адзначаюць тых, з кім супаў «вайб», і ацэньваюць суразмоўцаў. Калі нехта паводзіў сябе неадэкватна, пра гэта таксама можна паведаміць, каб мы разабраліся.

Калі сімпатыя ўзаемная, бот адкрывае абодвум кантакты адно аднаго, дасылае факты з анкет і прапануе сустрэцца цягам 72 гадзін. Пасля гэтага мы дадаткова цікавімся, ці камфортна і бяспечна ім камунікаваць.

«Людзям важныя адсутнасць „крынджу“ і псіхалагічны камфорт»

— Хто ваша аўдыторыя і ў каго ёсць патрэба ў знаёмствах?

Аня: Арыентуемся на беларускіх, украінскіх і іншых рускамоўных экспатаў ва ўзросце 23–35 гадоў. У асноўным гэта IT-спецыялісты, дызайнеры, маркетолагі, прадпрымальнікі і прадстаўнікі творчых прафесій.

Чаму менавіта яны? Бо гэтыя людзі востра адчуваюць патрэбу ў асэнсаваных і інтэлектуальных зносінах. Яны працуюць аддалена, маюць фінансавую стабільнасць, але адчуваюць дэфіцыт «свайго» асяроддзя і эмацыйнага цяпла ў эміграцыі. Таксама для іх важныя псіхалагічны камфорт і адсутнасць «крынжу».

— Чым Human Algorythm адрозніваецца ад падобных праектаў?

Сіланцій: Мы не ведаем прамых канкурэнтаў у Польшчы. Калі браць Беларусь і найбліжэйшае замежжа, то гэта згаданы Eat&Meet. Нашы ўмоўныя супернікі — гэта класічныя дэйтынг-праграмы, хаатычныя вечарыны, клубы «Мафіі» і традыцыйныя спійд-дэйтынгі на 50 чалавек. Мы ж не збіраем шумны натоўп: за сталом толькі сямёра, і кожны будзе пачуты. Да таго мы вырашылі праблему няўпэўненасці «пра што гаварыць»: нашы сцэнарыі здымаюць сацыяльную трывожнасць.

Аня: Да нас немагчыма патрапіць «выпадкова з вуліцы». Людзі ідуць з упэўненасцю, што апынуцца ў коле тых, хто падзяляе іх каштоўнасці.

— На чым вы зарабляеце? І колькі каштуе ўдзел?

Сіланцій: Наш асноўны даход — гэта продаж квіткоў, а таксама мікратранзакцыі — платныя опцыі ў боце. Кожнаму ўдзельніку пры рэгістрацыі даём прывітальны ваўчар на 10 злотых. Базавы квіток на Talk & Toast каштуе 35 злотых (з улікам ваўчара першая вячэра абыдзецца ў 25 злотых). Аплаціць можна карткай праз Stripe, а таксама праз Blik, Apple Pay або Google Pay. Ёсць і ўнутраная валюта — оніксы.

Праект ужо акупіўся і прыносіць прыбытак.

— Колькі вы інвеставалі ў праект?

Сіланцій: Інвестыцыі былі мінімальнымі — на ўзроўні кішэнных грошай. Хутчэй, мы рабілі невялікія ўнёскі са свайго асноўнага заробку на рэкламу і хостынг бота.

Аня: Фінансава гэта ў асноўным укладанні Сіланція — каля $1000 за ўвесь час. А я адказваю за тэхнічны бок: на мне код бота, распрацоўка і даданне новых функцый, каб зрабіць сэрвіс яшчэ больш зручным.

— Якія ў вас планы развіцця?

Сіланцій: Спачатку плануем пашырыцца на іншыя гарады Польшчы, а пасля будзем выходзіць і ў іншыя краіны.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *