Дзікі Захад для беларускага ІТ: Леанід Лознер расказаў, як у 90-я ствараўся EPAM

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Постсавецкая Беларусь нагадвала амерыканскі Дзікі Захад — такую паралель правёў на канферэнцыі BelTech 4.0 у Варшаве сузаснавальнік кампаніі EPAM Леанід Лознер, які ўпершыню за 15 гадоў выступіў публічна.

ІТ-прадпрымальнік расказаў некалькі гісторый з 1990-х пра нараджэнне і развіццё беларускай тэхналагічнай галіны. «Справы» паслухалі выступленне і занатавалі самае важные і цікавае.

Незапатрабаваныя выпускнікі і адсутнасць нафты

Леанід Лознер лічыць, што паміж падзеямі на амерыканскім Захадзе ў эпоху Дзікага Захаду, і тым, што рабілася ў нованароджанай краіне Беларусі ў 1990-я гады, вельмі шмат агульнага.

— Заўважце, Дзікі Захад — гэта не толькі гвалт. Гэта найперш асваенне зямель і прыродных рэсурсаў, гэта выбуховы, экспанентны рост эканомікі. Тое самае адбывалася і ў Беларусі: інжынерна-навуковая спадчына плюс лішак маладых талентаў далі такі ж імклівы рост распрацоўкі праграмнага забеспячэння.

Падмуркам для беларускага ІТ-цуду Лознер называе савецкую інжынерную школу: у краіне пасля распаду СССР штогод каля 2500 выпускнікоў матэматычных і інжынерных спецыяльнасцей заставаліся не запатрабаванымі эканомікай.

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Прадпрымальнік вылучыў тры прычыны, дзякуючы якім у Беларусі змагла развіцца моцная ІТ-галіна:

  1. Кадравы патэнцыял тэхнічных спецыялістаў.
  2. Абмежаваны ўнутраны попыт: у адрозненне ад суседняй Расіі, у Беларусі не было ні нафтагазавай галіны, ні гіганцкага банкаўскага сектара.
  3. Шчыльная сетка міжнародных сувязей — часткова праз эміграцыю (пераважна ў ЗША), а таксама дзякуючы цесным кантактам з Германіяй.

Самвыдат і алка-сацыяльная інжынерыя

Бізнес-гісторыя Леаніда Лознера пачалася ў 1992 годзе з выдання штомесячнага бюлетэня «Эфектыўнае праграмаванне». У той час для рэгістрацыі выдання з накладам менш за 300 асобнікаў не патрабавалася дазволаў — дастаткова было проста падаць заяву.

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Ён перакладаў артыкулы з часопісаў Byte і PC/Computing. Друкаваў нумары на ротапрынце, развозіў па кнігарнях, а праз пару тыдняў забіраў выручку. Справа ледзь выходзіла ў нуль, але прыносіла каласальнае задавальненне.

У 1993 годзе Аркадзь Добкін, школьны сябар Лознера, які ўжо пару гадоў жыў у ЗША, даслаў факсам бізнес-прапанову. У Мінску тады быў адзіны агульнадаступны факс на ўвесь горад — у галоўным паштовым аддзяленні. Каб аркуш дайшоў да адрасата, у першым радку трэба было ўручную пазначыць імя і нумар тэлефона атрымальніка. Лознер жартуе, што гэта быў найчысцейшы прыклад «тэхналогіі інкапсуляцыі ў камунікацыях».

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Так у Мінску з’явілася ТАА «Эфектыўнае праграмаванне», а ў ЗША працавала кампанія EPAM Systems. Спачатку сувязь паміж бізнес-партнёрамі трымалася на dial-up-злучэннях і электроннай пошце. Праз розніцу ў часе адказу даводзілася чакаць суткамі. Каб паскорыць зносіны, Леанід Лознер вырашыў падключыцца да папулярнай у ЗША сеткі CompuServe праз мінскі шлюз правайдара Sprint. Але інструкцый, як гэта зрабіць, тады не было:

— Гэта было задоўга да Google, ChatGPT ці Вікіпедыі — даведацца пра гэта не было адкуль. Таму я ўжыў своеасаблівую сацыяльную інжынерыю, ці лепей сказаць «алка-сацыяльную»: знайшоў інжынера са Sprint і папрасіў у яго гэты код і метад. Ён назваў цану: дзве бутэлькі гарэлкі — свайго роду ўніверсальная валюта. Я пагадзіўся, атрымаў запаветным нумар «202-202», паімчаў дадому, і — бінга! Мы трапілі ў CompuServe… Пасля дзвюх бутэлек гарэлкі наша камунікацыя рванула наперад!

«Трамвайны pull request» і рэкеціры

Напачатку ў Мінску офіса не было. Лознер курсіраваў па сталіцы на трамваі, збіраючы на дыскеты на 1,44 МБ з кавалкамі коду ад траіх першых праграмістаў.

— Калі падзяліць ёмістасць дыскеты на час паездкі (каля паўгадзіны на трамваі), вы атрымаеце прапускную здольнасць гэтага дастаўленага чалавекам pull request’а. Тэрміналогіі такой тады не было, але мы можам назваць гэта «human-delivered pull request». І калі мая арыфметыка дакладная, атрымліваецца каля аднаго кілабайта за секунду. Нядрэнна для таго часу!

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Памяшканне пад офіс пазней атрымалася зняць у падвале жылога дома на вуліцы Куйбышава, 28, дзе жыў сам Лознер. Першымі супрацоўнікамі сталі яго калегі з Інстытута ядзерных праблем — выпускнікі кафедры ядзернай фізікі БДУ, якіх ён «выкраў з навукі, што тады распадалася».

Суседства офіса з Камароўскім рынкам хутка дало пра сябе ведаць: да навічкоў завіталі рэкеціры і запатрабавалі плаціць «за дах». Прадпрымальнік разумеў: калі адмовіць, заўтра павыбіваюць усе вокны:

— Даводзілася плаціць гатоўкай абедзве часткі арэнднай платы, і ў 1990-я гэта ўваходзіла ў важныя абавязкі аперацыйнага дырэктара.

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Для працы былі патрэбныя камп’ютары. Аркадзь Добкін даслаў першыя тры ПК з ЗША. Яны мусілі прайсці мытнае афармленне, але ні грошай на пошліны, ні дакументаў не было. Тады Леанід выправіўся проста ў аэрапорт Мінск-2 да дзяжурнага начальніка змены і заявіў: «Мы будзем выкарыстоўваць гэтыя камп’ютары, каб стварыць новую беларускую ІТ-індустрыю». Маёр паверыў і аформіў груз без аплаты, але сурова папярэдзіў: «Калі даведаемся, што ты іх перапрадаў, адсядзіш шмат гадоў у турме».

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Тры ПК тады каштавалі як добрая аднапакаёўка ў Мінску. Пазней, калі тэхніка састарэла, заснавальнікі перадалі яе ў музей EPAM — як жартуе Леанід, «каб выратаваць мяне ад турмы».

Званок консулу ЗША і лагатып у дужках

Неяк аднаму з супрацоўнікаў EPAM адмовілі ў амерыканскай бізнес-візе напярэдадні важнай камандзіроўкі. У 1990-я яшчэ магчыма было зрабіць неверагоднае: Лознер напрамую датэлефанаваўся па гарадскім тэлефоне да консула ЗША ў Мінску.

— І мне ўдалося пераканаць гэтую спадарыню перапрызначыць сумоўе, што фактычна азначала ўхваленне візы. Я проста сказаў, што мы распрацоўваем праграмнае забеспячэнне для амерыканскага бізнесу, гэтаму хлопцу вельмі важна трапіць у ЗША, і я асабіста абяцаю — ён вернецца. І яна мне паверыла!

Да канца 1995 года штат вырас да 30 чалавек, і каманда арандавала памяшканне ў суседнім будынку на вуліцы Веры Харужай, 29 — літаральна па суседстве з легендарным клубам «Рэактар».

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Першы карпаратыўны сайт www.epam.com Лознер напісаў цалкам уручную ў звычайным «Нататніку» — ён запрацаваў у 1996 годзе. Тады ж на бэйджах супрацоўнікаў з’явіўся лагатып <EPAM> у вуглавых дужках. Мова HTML, якая тады толькі набірала папулярнасць, падказала метафару: гэта адкрывальны тэг для новай эры аўтсорсінгу. А закрывальнага тэга не павінна быць ніколі — спадзяцца ІТ-прадпрымальнік.

Фінальнай кропкай сваёй кар’еры ў EPAM Леанід Лознер называе 2012 год, калі кампанія выйшла на IPO на Нью-Ёркскай фондавай біржы:

— Мне фантастычна пашанцавала прайсці ўвесь шлях з EPAM з першага дня і да IPO. Тады на знакамітым будынку біржы на Уол-стрыт вывесілі беларускі сцяг — і гэта адзіны такі выпадак у гісторыі. Менавіта ў той момант я канчаткова для сябе вырашыў: з мяне дастаткова, час на спачынак.

Скрыншот: youtube.com/@beltechglobal

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *