«Падпіска акупіцца, калі дзякуючы Staaamp вернецца хаця б адзін пастаянны госць». Беларусы запусцілі ў Польшчы дадатак для павышэння лаяльнасці кліентаў

Павел Вараўка разам з сябрам Мікітам ужо некалькі гадоў распрацоўвае дадатак Staaamp для польскага рынку. З яго дапамогай кліенты ўстаноў могуць збіраць пячаткі за візіты і атрымліваць бонусы, а бізнесы — знаходзіць лаяльных гасцей.

Спецыяльна для spravy.io Павел распавёў, адкуль узнікла ідэя стартапа і як удаецца пераканаць установы станавіцца партнёрамі Staaamp.

— Адкуль ідэя стартапа?

— Гуляў па Гдыні і ўбачыў на асфальце, проста ў брудзе, папяровую картку лаяльнасці б’юці-салона Bar Brwi. На ёй ужо стаялі дзве пячаткі, і мне стала вельмі шкада, што чалавеку не хапіла літаральна аднаго візіту. Ён згубіў картку і ўжо не атрымае ўзнагароды за лаяльнасць. Падумаў, што варта праверыць рынак. Калі нехта дагэтуль карыстаецца папяровымі карткамі, значыць, праблема вырашаная не да канца.

Bar Brwi потым стаў адным з нашых першых кліентаў і карыстаецца Staaamp дагэтуль.

— Хто ў камандзе Staaamp?

— Я прадуктовы дызайнер, больш за 10 гадоў у прафесіі. Працаваў у PandaDoc, у фінтэху і крыпце (CoinsPaid, Global Ledger), будаваў дызайн-сістэмы з нуля. Пераехаў з Мінска ў Польшчу больш за 5 гадоў таму.

Staaamp мы заснавалі ўдвух: мой сябар Мікіта цалкам адказвае за распрацоўку, па сутнасці ён наш CTO. На мне прадуктовая частка, дызайн, інтэрфейсы, тэксты, пераклады, маркетынг і камунікацыя з установамі. Яшчэ з намі працуе Юля, якая робіць крэатывы для сацсетак, і Жэня — ён дапамагае Мікіту ў распрацоўцы.

— Як працуе ваш сэрвіс?

— Staaamp замяняе папяровую картку з пячаткамі. Госць усталёўвае дадатак і адразу без рэгістрацыі атрымлівае пячатку. Мы зрабілі рэгістрацыю не абавязковай, каб не марнаваць час пры першым візіце. Ва ўстанове супрацоўнік скануе QR-код у тэлефоне і ставіць адзнаку. Калі збярэцца патрэбная колькасць пячатак, кліент атрымлівае бонус. Напрыклад, бясплатную каву.

Установа ў бізнес-аплікацыі сама наладжвае праграму: колькі пячатак трэба сабраць і якая ўзнагарода за гэта будзе. Можна весці адразу некалькі лакацый і некалькі праграм.

Наш сэрвіс перакладзены на пяць моў. У тым ліку на беларускую.

— Што гэта дае ўстановам?

— Невялікая ўстанова атрымлівае такую ж праграму лаяльнасці, як у буйных сетак, але без уласнай распрацоўкі і без паперы. Кліентам не трэба насіць з сабой стос картак. Бонусы не знікаюць разам са згубленай карткай, як у той гісторыі з Bar Brwi.

У папяровых картак няма статыстыкі, таму цяжка ацаніць рост лаяльнасці «да» і «пасля». А ў Staaamp усё лічыцца. Вось лічбы двух нашых першых кліентаў, якія актыўна карыстаюцца сэрвісам:

  • Kawana, вядомая ў Труймясце абсмажвальня кавы з трыма кавярнямі — аплікацыяй карыстаюцца 174 госці, пастаўлена 2654 пячаткі, выдадзена 196 узнагарод.
  • Bar Brwi, той самы салон з гісторыі з карткай — 484 кліенты, 1734 пячаткі, 185 узнагарод.

— Хто вашы канкурэнты?

— Галоўны канкурэнт, у якога мы хочам адхапіць долю рынку, — гэта Embargo. Па сутнасці, гэта манапаліст у Польшчы, але яны моцна сканцэнтраваныя на гастраноміі: іх самыя прыбытковыя функцыі падыходзяць толькі для кавярняў і рэстаранаў. Мы робім Staaamp для любога бізнесу, дзе ёсць сэнс у праграме лаяльнасці: б’юці-сферы, барбершопаў, невялікіх крам, масажных салонаў, грумераў.

Папяровыя карткі, з якіх усё пачалося, таксама нікуды не зніклі.

— Як заахвочваеце ўстановы падключацца да сэрвісу?

— Лепш за ўсё працуюць асабістыя зносіны. Калі прыйсці і пагаварыць з уладальнікам, гэта часта заканчваецца продажам. Першы кантакт праз сацсеткі таксама працуе. Вельмі дапамагаюць беларускі нетворкінг і веданне польскай мовы.

Усім партнёрам мы адпраўляем стойку з плакатам і налепкі з QR-кодам, каб бізнесу не даводзілася доўга тлумачыць кліентам, што гэта за дадатак і як ён працуе.

Цяпер у Staaamp больш за 40 устаноў: каля 30 карыстаюцца ім актыўна, астатнія — час ад часу. На мапе ў дадатку відаць, што мы ёсць па ўсёй Польшчы: у Варшаве, Вроцлаве, Любліне. Але найбольш партнёраў у Труймясце, таму што я тут жыву і мне прасцей камунікаваць на месцы.

— Ці ёсць складанасці ў супрацы з установамі, дзе ўладальнікі — палякі?

— Не, агулам усё гэтаксама, як і з іншымі: спачатку людзі вельмі недаверлівыя, думаюць, што ты спрабуеш ім нешта прадаць ці ўпіхнуць. Збольшага таму асабістая сустрэча і працуе найлепш.

— Як вы манетызуеце праект?

— Пакуль усе ўстановы карыстаюцца Staaamp бясплатна. У найбліжэйшыя месяцы плануем запусціць падпіску. Цяпер арыентуемся на 69,99 zł штомесяц за ўстанову. Пры аплаце за год два месяцы будуць у падарунак. Калі ў бізнесу больш за тры кропкі, цану будзем абмяркоўваць індывідуальна — за кожную лакацыю яна выйдзе ніжэйшай. Тым, хто падключыўся да ўвядзення аплаты, прапануем больш выгадныя ўмовы.

Для кавярні падпіска каштуе прыкладна як чатыры-пяць кубкаў кавы ў месяц. Таму яна акупіцца, калі дзякуючы праграме вернецца хаця б адзін пастаянны госць.

— Колькі вы ўклалі ў Staaamp?

— Інвестараў у нас няма. Усё робім сваімі сіламі. Плацім толькі за інфраструктуру: серверы і бягучыя выдаткі — гэта каля 800–1000 злотых у месяц на дваіх з маім сузаснавальнікам. У асноўным жа ўкладаемся ўласным часам.

Праект пакуль не акупіўся і прыбытку не прыносіць. Грошай з партнёраў мы яшчэ не бралі. Цяпер плануем афіцыйна зарэгістраваць кампанію, каб прымаць аплату. Таксама маем патэнцыйнага буйнога партнёра, супраца з якім дапаможа пакрыць рэгістрацыю бізнеса і ўсе аперацыйныя выдаткі.

— Як плануеце развіваць праект далей?

— Найбліжэйшы крок — запуск платнай падпіскі, бо базавы функцыянал мы ўжо зрабілі. Выходзіць у іншыя краіны пакуль не плануем: польскі рынак нам больш-менш зразумелы.

Калі вы маеце кавярню, салон або невялікую краму ў Польшчы — будзем радыя знаёмству! Тым, хто далучыцца цяпер, прапануем спецыяльныя ўмовы.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *