
Варшаўскі бар Negroni Centrale на вуліцы Пазнаньскай, 13, заснаваны беларусамі, абвясціў пра закрыццё. Апошні дзень працы пляцоўкі — 20 траўня.
У развітальным пасце каманда падзялілася ўражальнай статыстыкай: за 2 гады працы тут прыгатавалі 39 526 куфляў фірмовага «Негроні», 28 398 порцый ліманчэла і 5 537 кактэйляў Basil Smash, а таксама падалі больш за 11 тысяч аранчыні і 10 тысяч куфляў піва.

«Лічбы — нібыта ўсё кажуць, а насамрэч не кажуць нічога. Бо гэта было не пра ліманчэла, не пра дрынкі і не пра ежу. Гэта пра ночы, якія заканчваліся занадта хутка. Пра размовы, якіх ніхто не памятае да канца. Пра людзей, якія на імгненне станавіліся назаўжды».
Прычыну закрыцця для Spravy.io патлумачыў суўладальнік установы Ягор Пераход:
«Закрываемся, бо не атрымліваецца атрымаць алкагольную ліцэнзію, а без яе “Негроні”, на жаль, не зробіш. На дадзены момант мы ў перамовах з некалькімі патэнцыйнымі памяшканнямі для пераезду».
Паралельна ўладальнікі шукаюць пакупніка на сваю цяперашнюю лакацыю на Пазнаньскай, 13, але адзначаюць важны нюанс: месца прадаецца выключна пад «небарны канцэпт».

Пакуль ідуць пошукі новай лакацыі, у наведвальнікаў застаецца час да 20 траўня, каб зазірнуць на апошні кактэйль на старым месцы і падтрымаць каманду. У хуткім часе ўладальнікі бара таксама абяцаюць абвесціць дату і месца вялікай развітальнай вечарыны.
