«Жанчыны занадта доўга чакалі тэхналогій, якія разумеюць іх цела». Google Health стаў стратэгічным інвестарам Flo Health

Фота: blog.google

Платформа для жаночага здароўя Flo Health, заснаваная беларускімі ІТ-прадпрымальнікамі Юрыем і Дзмітрыем Гурскімі, і падраздзяленне Google Health заключылі пагадненне аб шматгадовым стратэгічным партнёрстве.

Google Health зрабіла стратэгічную інвестыцыю ў Flo — кампаніі аб’ядноўваюць намаганні дзеля інтэграцыі сэрвісаў, сумесных даследаванняў штучнага інтэлекту і стварэння новых прылад.

Малюнак: linkedin.com/in/dmitrygurski

Сузаснавальнік Flo Health Юрый Гурскі назваў гэтае партнёрства вельмі важным крокам:

— Гэта сапраўдны прарыў для Flo Health і Google Health — і вызначальны момант у падтрымцы сотняў мільёнаў жанчын і сем’яў па ўсім свеце ў іх клопаце пра здароўе і фертыльнасць. Ганаруся тым, што гэтае партнёрства і інвестыцыя сталі рэальнасцю.

Фота: wikipedia.org

Пагадненне аб’ядноўвае экспертызу Flo, якой штомесяц карыстаюцца звыш 80 млн жанчын ва ўсім свеце, з тэхналогіямі нацельных прылад і персаналізаванага коўчынгу ад Google.

Што прадугледжвае супрацоўніцтва:

  • З пачатку 2027 года карыстальніцы змогуць пераносіць у Flo даныя прылад Fitbit (сон, пульс, варыябельнасць сардэчнага рытму, тэмпературу скуры і частату дыхання). Гэта дапаможа паглыбіць прагнозы менструальнага цыклу і аналіз сімптомаў. Жанчыны, якія дадуць адпаведную згоду, змогуць сінхранізаваць Flo з Google Health — аналітыка Flo будзе дапамагаць Google Health Coach прапаноўваць персаналізаваныя рэкамендацыі з улікам фазы цыклу і этапу жыцця жанчыны. Такім чынам, Flo стане ключавым партнёрам у дадатку Google Health.
  • Кампаніі плануюць сумесна распрацоўваць новыя прадукты для жанчын, якія аб’яднаюць тэхналогіі і алгарытмы Flo з носнымі прыладамі і датчыкамі Google.
  • Запусціцца сумесная навуковая праграма па распрацоўцы мадэляў штучнага інтэлекту, якія дапамогуць лепш зразумець, як гармоны ўплываюць на сон, сардэчны рытм, настрой і ўзровень энергіі. Гэтыя ж мадэлі будуць накіраваныя на выяўленне ранніх прыкмет перыменапаўзы і заканамернасцей сімптомаў, звязаных з такімі захворваннямі, як эндаметрыёз, фіброіды і сіндром полікістозных яечнікаў, дыягностыка якіх часам займае гады.
  • Кампаніі таксама вывучаць магчымасці выкарыстання даных носных датчыкаў для працы Flo ў сферы фертыльнасці — пры ўмове клінічнай праверкі і выканання рэгулятарных патрабаванняў.
Фота: linkedin.com/in/dmitrygurski

Сузаснавальнік і СЕО кампаніі Дзмітрый Гурскі адзначыў неабходнасць стварэння прадуктаў, першапачаткова арыентаваных на жаночую фізіялогію:

— Жанчыны занадта доўга чакалі тэхналогій, якія разумеюць іх цела гэтак жа добра, як і крокі. ШІ здольны змяніць уяўленне пра тое, што магчыма ў жаночым здароўі, — але толькі калі ён ствараецца з думкай пра жанчын, а не адаптуецца для іх пасля. Больш за дзесяць гадоў таму мы паставілі сабе за мэту стварыць тэхналогію, якая па-сапраўднаму разумее жаночае цела. Сёння Flo спампавалі паўмільярда чалавек. Гэтае партнёрства — прызнанне таго даверу, які аказалі нам жанчыны, і шанец зрабіць значна больш для жаночага здароўя.

Фота: gadgets360.com

Генеральны менеджар Google Health Рышы Чандра таксама падкрэсліў стратэгічную важнасць праекта:

— Мы робім значную інвестыцыю ў нашую адданасць справе жаночага здароўя. Аб’яднаўшыся з Flo, дзякуючы нашаму персаналізаванаму коўчынгу, даследчаму досведу і кругласутачнаму трэкінгу, мы дапаможам жанчынам зірнуць на сваё здароўе зусім па-новаму.

Бакі падкрэсліваюць, што карыстальніцы будуць кантраляваць перадачу сваіх даных. Flo захоўвае статус незалежнай кампаніі, а абмен звесткамі паміж сэрвісамі будзе адбывацца толькі з выразнай персанальнай згоды карыстальніцы на кожны тып даных і кожную мэту. Згоду можна будзе адклікаць у любы момант.

Даныя Flo, перададзеныя ў Google Health, ніколі не будуць прадавацца, выкарыстоўвацца ў рэкламных мэтах або перадавацца іншым праграмам і распрацоўшчыкам праз медыцынскія платформы Google.

Flo Health — праграма №1 у свеце ў сегменце жаночага здароўя, колькасць спамповак якой перавысіла паўмільярда. У 2024 годзе пасля інвестыцыйнага раўнда ад фонду General Atlantic стартап атрымаў статус першага еўрапейскага femtech-«аднарога».

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *