«А зубра забраць не хочаце?» Беларус спрабуе зарабіць у Польшчы на арт-аб’ектах з металу

Фота: instagram.com/swansky.art

Філіп працаваў у Беларусі ў галіне прамысловай металаапрацоўкі — да 2020 года меў уласную вытворчасць. Цяпер беларус у Варшаве стварае незвычайныя скульптуры пад творчым псеўданімам Filip Swansky і спрабуе манетызаваць гэтую дзейнасць. Гісторыю Філіпа распавядае MOST.

У Беларусі ў Філіпа быў цэх па вытворчасці вырабаў з металу:

— Рабіў літаральна ўсё: карпусы, панэлі, вечкі, шасцярні, стальніцы, барныя стойкі і шмат іншага. За час працы праз маю кампанію прайшло больш за тры тысячы замоваў. Але ў 2020 годзе ўсе ключавыя замоўцы «схлопнуліся». Прадаў абсталяванне і ў 2021 годзе пераехаў у Грузію.

Аднак у Грузіі за тры гады аднавіць бізнес не ўдалося. Як кажа прадпрымальнік, там прыбыткова працаваць толькі ў турызме і будаўніцтве, а астатнія сферы можна назваць «мёртвымі».

У выніку беларус перабраўся ў Польшчу, зарэгістраваўся як ІП і пачаў шукаць камерцыйныя замовы праз суполкі ў Facebook. Першыя кліенты былі беларусамі, пасля з’явіліся замовы і ад палякаў. Пры гэтым прыбытак быў невялікі. Таму даводзілася падпрацоўваць у іншых месцах.

Фота: instagram.com/swansky.art

Праз паўтара года такой працы Філіп вырашыў пераключыцца з тыповых замоў на крэатыў:

— Надакучыла задавальняць нечыя бізнес-патрэбы. Хацелася падсумаваць свае веды і бачанне — і ўвасабляць уласныя задумы ў жыццё.

Прадпрымальнік за тры месяцы па відэаўроках на YouTube засвоіў графічнае мадэляванне і пачаў ствараць металічныя скульптуры.

Першым праектам стаў вобраз Адама Міцкевіча. Лазерны раскрой металу каштаваў тры тысячы злотых, а сама зборка фігуры на заклёпках заняла 40 гадзін у гасцёўні арэндаванай кватэры (пяць дзён па восем гадзін).

Фота: instagram.com/swansky.art

Дзеля прамоцыі і пазнавальнасці майстар спачатку павёз Міцкевіча на музычны фестываль у Катавіцах. Потым — на фестываль Varušniak у Варшаве, а пазней дамовіўся з уладальнікамі варшаўскага бара Karma Crew пра бясплатнае размяшчэнне фігуры. Цяпер арт-аб’ект «чытае» кнігу сярод гасцей бара.

Таксама Філіп спрабаваў заявіць пра сябе праз конкурсы. Знаходзячыся ў Польшчы, ён падаў заяўку на беларускую выставу «Восеньскі салон» у 2025 годзе. Інструкцыі і матэрыялы перадаў знаёмым у Мінску, якія сабралі паводле ягонага праекта скульптуру «Паэт». Дэбютная праца адразу заняла прызавое месца ў намінацыі «Скульптура»:

— Гэта быў мой першы досвед працы са скульптурай — і такі вынік, — прыгадвае аўтар.

Наступная спроба была не такой паспяховай: мінулай зімой на фоне цяжкага перыяду ў жыцці і прыёму антыдэпрэсантаў Філіп стварыў вельмі асабісты арт-аб’ект Helpless soul («Бездапаможная душа»). Скульптура адлюстроўвала чалавека на каленях, які літаральна ўрастае каранямі ў зямлю і разрываецца на часткі.

Фота: instagram.com/swansky.art

Аднак ягоную заяўку на ўдзел у выставе Музея сучаснага мастацтва ў Варшаве адхілілі:

— Зрабіў нібыта самога сябе. Але прабіцца на выставу не атрымалася — адфутболілі.

Беларус узяў удзел у карпаратыўным конкурсе Pekao Art Stories ад польскага Bank Pekao, дзе ўдзельнікам прапаноўвалася абыграць сімвал банка — зубра. Філіп падышоў да задачы з размахам: арандаваў памяшканне, наняў рабочых і сабраў фігуру зубра ў натуральную велічыню — вышынёй з чалавека і даўжынёй два з паловай метры.

— Атрымаўся выдатны бык з нержавейнай сталі. Люстэркавы, бліскучы.

Фота: instagram.com/swansky.art

Праца заняла трэцяе месца і прынесла грашовы прыз у 1000 злотых. Але прадаць скульптуру банку не атрымалася:

— Яны проста апублікавалі ў сябе на старонцы і забыліся. Я ім пасля напісаў: «А скульптуру не хочаце?» Але мне ніхто не адказаў.

Цяпер Філіп працягвае выконваць камерцыйныя замовы праз ІП, а свае скульптуры здае ў арэнду — напрыклад, кампаніі, якая ладзіць зімовыя выставы святла.

Фота: instagram.com/swansky.art

Істотнага прыбытку гэта пакуль не прыносіць:

— Добра, калі атрыманых грошай хопіць хоць бы на месяц арэнды кватэры.

Нягледзячы на гэта, беларус верыць у поспех. За 16 тысяч злотых ён арандаваў пляцоўку 4×4 метры на профільнай выставе Warsaw Home Furniture. Там Філіп пакажа пяць скульптур і шэсць насценных арт-аб’ектаў, у тым ліку галоўную працу, на якую пайшло больш за 150 гадзін і якую ён называе «вяршыняй сваіх намаганняў».

Прадпрымальнік спадзяецца, што сістэмная праца ў выніку пачне прыносіць стабільны даход:

— Ёсць правіла дзесяці тысяч гадзін: калі займаешся чымсьці дзесяць тысяч гадзін, гэта пачне прыносіць плён.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *