
Інвестыцыйная кампанія Zubr Capital, заснаваная беларускім бізнесменам Алегам Хусаенавым, абвясціла аб раўндзе фінансавання серыі А ў студыю Soloband Games, зарэгістраваную на Кіпры. Прыцягнутыя інвестыцыі пойдуць на развіццё флагманскага прадукту і ўмацаванне пазіцый на міжнародным гульнявым рынку.
Soloband Games — гэта студыя распрацоўкі мабільных гульняў для сусветнай аўдыторыі. Галоўным прадуктам з’яўляецца гульня World Tour Merge, створаная папулярным жанры Merge 2. Гульцам трэба аб’ядноўваць прадметы, каб праходзіць узроўні, адкрываць новы кантэнт і даследаваць тэматычныя лакацыі.

Soloband Games мае больш за мільён спампоўванняў, ацэнку 4.8 ад карыстальнікаў, а таксама стабільны рост выручкі. У студыі зараз працуе 25 спецыялістаў, а на раннім этапе кампанію падтрымалі былыя топ-менеджары Melsoft Games Андрэй Яранцаў і Аляксандр Шыляеў.
«Перакананыя, што Soloband Games мае добрыя пазіцыі, каб заняць значную долю росту сегмента Merge 2 ва ўсім свеце», — упэўнены Мікіта Крывелевіч, інвестыцыйны дырэктар Zubr Capital.
СЕО Soloband Games Аляксандр Кісліцын так пракаментаваў прыцягненне інвестыцый:
«З 2024 года мы сфакусаваны на стварэнні прадуктаў, якія, з аднаго боку, з’яўляюцца сучаснымі і адпавядаюць самым высокім стандартам індустрыі. З іншага боку, мы імкнёмся ствараць гульні, якія адлюстроўваюць наш уласны вопыт і бачанне — з інтуітыўна зразумелым, камфортным і знаёмым дызайнам, дзякуючы якому гульцы адчуваюць сябе як дома і вяртаюцца зноў і зноў. Інвестыцыі дазволяць Soloband Games маштабаваць World Tour Merge, пашырыць унутры гульнявы кантэнт, а таксама палепшыць стратэгіі манетызацыі і ўтрымання».
У найбліжэйшых планах студыі — узмацненне маркетынгу і прыцягнення карыстальнікаў, выхад на новыя глабальныя аўдыторыі і працяг аптымізацыі live-аперацый для забеспячэння доўгатэрміновага росту.
