«Беларускіх навукоўцаў прызнаюць або пасля смерці, або калі яны з’язджаюць». Падаць заяўку на навуковую прэмію «Бізон Гіґс 2026» можна да 29 лістапада

Завяршаецца прыём заявак на незалежную прэмію для беларускіх навукоўцаў «Бізон Гіґс 2026». Як паведаміў ініцыятар і каардынатар праекта Міхаіл Воўчак, арганізатары ўжо атрымалі пяць заявак, у тым ліку на адну групу даследчыкаў. Дэдлайн для запаўнення анкеты — 29 лістапада.

Пасля верыфікацыі заявак пачнецца адкрытае галасаванне, а пераможцаў абвесцяць у снежні.

Фота: instagram.com/bison.higgs

Прэмія «Бізон Гіґс» прызначана для жывых беларускіх навукоўцаў — у Беларусі і за межамі краіны. Даследчык можа займацца акадэмічнай ці грамадзянскай (незалежнай) навукай. Прыналежнасць да афіцыйных дзяржаўных устаноў не трэба — важная бачнасць яго дзейнасці.

Узнагарода ахоплівае натуральныя, дакладныя навукі і навукі пра Зямлю. Гэта біялогія, матэматыка, фізіка, хімія, кібернетыка, генетыка, медыцына і іншыя дысцыпліны. Гуманітарныя навукі з конкурсу выключаюцца. Прэмію даюць за значны ўнёсак у сусветную навуку. Напрыклад, за распрацоўку новай тэорыі або біялагічнага віду, доказ тэарэмы ці распрацоўку патэнта.

Вылучыць на прэмію самога сябе нельга. Каб заявіць кандыдата праз анкету, трэба выканаць наступныя ўмовы:

  • намініраваць навукоўца павінны два чалавекі (адзін падае заяўку, а другі яе пацвярджае, дастаткова адной анкеты на дваіх);
  • аргументаваць, чаму навуковец варты намінацыі;
  • дадаць спасылкі на старонкі, файлы, блог або публічныя акаўнты з доказамі працы навукоўца (арганізатары таксама будуць удзячныя за спасылкі на фота намінантаў).
Фота: instagram.com/bison.higgs

Прэмію заснавала супольнасць, звязаная з беларускім часопісам «Pamyłka». Ідэя ўзнікла ў 2023–2024 гадах, а назва жартаўліва адсылае да элементарнай часціцы — базона Хігса.

Мэта праекта — зрабіць беларускіх навукоўцаў бачнымі для суайчыннікаў і свету.

«Беларускіх навукоўцаў прызнаюць або пасля смерці (як Дамейку), або калі яны з’язджаюць. Мы хацелі паказаць рэальных беларусаў, як у Беларусі, так і за межамі, іншым беларусам», — тлумачыць Міхаіл Воўчак.

Фота: instagram.com/bison.higgs

У рэгламенце прэміі таксама адзначаецца:

«Пакуль мы не пачнём ацэньваць сябе і падтрымліваць сябе, ніхто нас не пачне паважаць, ацэньваць і падтрымліваць».

Прэмія «Бізон Гіґс» паўстала як грамадская ініцыятыва. Грошы на ўзнагароду збіраюцца праз ахвяраванні і дастаюцца пераможцу або некалькім лаўрэатам як данат разам з сімвалічнай узнагародай у выглядзе бізона.

Паводле арганізатараў, напрыканцы кастрычніка сабралі 565 долараў ад 27 данатараў — гэта каля 55% ад мэтавай сумы. Сярэдняя сума данату склала каля 20 долараў. Падтрымаць прэмію фінансава можна да 19 снежня.

Першае намінаванне «Бізон Гіґс» прайшло ў канцы 2024 — пачатку 2025 года. Тады ў конкурсе ўдзельнічалі восем кандыдатаў. Першым лаўрэатам стаў Максім Домніч — беларускі навуковец з Германіі, які займаецца тэматыкай лячэння анкалагічных захворванняў.

Фота: instagram.com/bison.higgs

Паводле слоў Міхаіла Воўчака, такая ініцыятыва натхняе людзей і дапамагае змагацца з крызісам даверу:

«Важна, каб грамадзяне будавалі каштоўнасць навукі, якая нам спатрэбіцца пасля гэтай эпохі войнаў».

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *