Праз развіццё AI беларуска закрыла стартап, над якім працавала 3 гады

Фота: instagram.com/sasha_dzikan

Праект Dokably па стварэнні адзінай віртуальнай прасторы для каманднай працы, дакументаў і кіравання праектамі спыняе сваё існаванне.

Пра гэта абвясціла заснавальніца і CEO стартапа Аляксандра Дзікан: яна назвала дзве прычыны, праз якія праект, што пазіцыянаваўся як комплексная альтэрнатыва папулярным сервісам Notion, Jira і ClickUp, вымушаны быў закрыцца пасля трох гадоў распрацоўкі.

Падводныя камяні хуткага стварэння MVP

Першым фактарам, які прадвызначыў лёс Dokably, Аляксандра Дзікан назвала крытычныя памылкі ў ІТ-архітэктуры, дапушчаныя на раннім этапе:

— Мы прытрымліваліся класічнай мантры стартапаў: «Проста хутка стварыце MVP і не задумвайцеся занадта шмат пра архітэктуру — выправіце пасля». Для нашага тыпу прадукту гэтая парада аказалася фатальнай.

Фота: dokably.com

Платформа, якая працуе з велізарнымі масівамі ўзаемазвязаных тэкстаў, даных і медыяфайлаў, сутыкнулася з тым, што для забеспячэння стабільнай працы трэба было цалкам знішчыць існуючы код і перапісаць платформу з нуля.

— Я дагэтуль памятаю, як адзін інжынер сказаў мне, што для выжывання прадукту ў доўгатэрміновай перспектыве трэба правільна закласці падмурак. Мне варта было яго паслухаць.

Пры гэтым Аляксандра адзначыла, што тры гады таму, на старце Dokably, не было ні Claude Code, ні іншых магутных агентаў для праграмавання на базе ШІ, ні сталых бібліятэк для інструментаў сумеснай працы з фарматаваным тэкстам. Паводле яе ацэнкі, з сучасным стэкам тэхналогій аналагічны прадукт можна было б стварыць у некалькі разоў хутчэй.

Фота: instagram.com/sasha_dzikan

ШІ як забойца стартапаў

Другой прычынай закрыцця стала імклівае развіццё штучнага інтэлекту, якое змяніла ландшафт рынку:

— Мая ідэя заключалася ў тым, каб стварыць універсальную рабочую прастору для ведаў каманды, праектаў, дакументаў і працоўных працэсаў — інструмент, які скарачае пераключэнне кантэксту, дапамагае людзям імгненна знаходзіць інфармацыю і аўтаматызуе частку самой працы. Цяпер ШІ натуральным чынам робіць большую частку гэтага. І, як ні дзіўна, я шчыра гэтаму рада. Але, канечне, нейкая частка мяне ўсё яшчэ сумуе, — падкрэсліла Аляксандра Дзікан, дадаўшы, што не адчувае негатыву з гэтай нагоды, бо глабальная праблема карыстальнікаў у выніку аказалася вырашанай.

— Я шчыра верыла, што Dokably можа стаць чымсьці значна лепшым, чым бясконцая сумесь з Jira, Notion і ClickUp, з якой мы ўсе сёння змагаемся. Але часам ідэі прыходзяць трохі раней за свой час. А часам рынак змяняецца хутчэй, чым ты паспяваеш адаптавацца.

Нягледзячы на закрыццё стартапа, Аляксандра лічыць атрыманы вопыт выключна карысным, бо за тры гады навучылася большаму, чым за дзесяць гадоў звычайнай працы.

Фота: facebook.com/aleksandra.dikan

— І я зразумела, што не кожнаму стартапу наканавана жыць вечна. Часам закрыць праект — гэта не паражэнне, а проста вызваленне месца для новага раздзела.

Аляксандра Дзікан піша, што на сёння яна адкрыта да новых магчымасцей, супрацоўніцтва і партнёрства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *