
У модным раёне Берліна Фрыдрыхсхайн кожная другая вітрына — дызайнерскі шоурум. У адной з гэтых вітрын вісіць белая футболка з вялікім чырвоным вокам з абрэзкаў тканіны.
Цішотка з вокам — частка першай калекцыі беларускай дызайнеркі Алены Штайнке, якая развівае ў Берліне свой брэнд Alena Steinke.

Алена вітае на ўваходзе і паказвае стэнд, дзе вісяць іншыя элементы калекцыі. Большая яе частка, у адрозненні ад цішоткі, далёка не «базавы гардэроб».
Калі Алена вучылася дызайну, часта чула ад выкладчыкаў пра негатыўны ўплыў масавай тэкстыльнай прамысловасці на навакольнае асяроддзе. Паводле іх, больш шкоднай для прыроды можа быць хіба што нафтавая індустрыя. Таму калі справа дайшла да ўласнага брэнда, Алена вырашыла зрабіць яго «павольным» і экалагічным. Праўда, аказалася, што павольны і экалагічны брэнд складана зрабіць прыбытковым.

Калі бізнес не прыносіць грошай, можна змяніць бізнес-план. А можна вырашыць, што гэта мастацтва — і тады можна нічога не мяняць, а калекцыі паказваць не ў крамах, а на выставах і ў берлінскіх музеях. Алена так і робіць, і пра гэта расказала для spravy.io.
«Сваю першую калекцыю я пашыла са слоў»
— Што гэта за месца?
— Гэта дызайнерскі каворкінг. Я жыву тут непадалёк, пастаянна праходзіла міма і думала — якая цікавая прастора. А потым зайшла спытаць, ці ёсць у іх месцы, і засталася. Апроч мяне тут працуюць яшчэ некалькі майстроў. У кожнага з іх таксама свой брэнд — і ў кожнага ён, як і ў мяне, складаецца з адной асобы.
— Адзін у аднаго рэчы купляеце?
— У нас ва ўсіх вельмі розныя стылі. Я часцей за ўсё нашу рэчы, якія шыю сама — але не тыя, што шыла для калекцыі. Рэчы з калекцыі — гэта не паўсядзённае адзенне. Хаця, напрыклад, крой штаноў, якія цяпер на мне, я выкарыстоўвала і ў калекцыі — проста на штодзень пашыла іх з іншай тканіны.

— Вось наўпрост за гэтым сталом і працуеце?
— Так — крою, шыю. Часам я працую адразу з тканінай: гэта значыць, бяру манекен, накідваю на яго кавалак тканіны і мадэлюю. А часам пачынаю працаваць ад малюнка — і потым будую выкрайку.
Мая першая калекцыя была эксперыментальнай — я пашыла яе са слоў. Дакладней, з фразы «Love will save the world». Кожнае слова я выразала на прамавугольным кавалку тканіны, а потым складала на манекене сукенку з літар і ўсіх кавалкаў, што засталіся. Тканіна была двух колераў — чырвоная і белая, і я прысвяціла тыя сукенкі беларускім жанчынам.
— Колькі каштуе сукенка з той калекцыі?
— Падобная да гэтай — каля 400 еўра. Але менавіта гэтую я не прадам, яна мне вельмі дарагая.

Можна сказаць, што аснова сукенкі пашыта з двух прамавугольнікаў. Ну так, як падкоўдранік. А потым я выразала з яе непатрэбныя дэталі. Гэта тэхніка subtraction cutting — ёй навучае брытанскі дызайнер Джуліян Робертс. Усю гэтую гісторыю з літарамі я падгледзела менавіта ў яго. Калі калекцыя была гатовая, я адзначыла Робертса ў Інстаграм і напісала, што выкарыстала той самы метад. Было прыемна, калі ён адказаў, што яму спадабалася калекцыя.

А над другой калекцыяй я пачынала працаваць незадоўга да пачатку вайны ва Украіне і хацела прысвяціць яе падпольнай барацьбе беларусаў. Калекцыя выканана ў зялёных, чырвоных і сініх адценнях, і я планавала назваць яе «Партызанкай». А потым пачалася вайна — і з’явіліся сапраўдныя партызаны.

Мы зладзілі паказ у межах Берлінскага тыдня моды. Сярод мадэляў, якія ўдзельнічалі ў паказе, былі ўкраінскія бежанкі. Музычнае суправаджэнне для канцэрта забяспечыў гурт Kriwi. З Варшавы на паказ прыехала маці палітзняволенай Антаніны Конавалавай — Ганна Конавалава. Яна вяжа вельмі прыгожыя рэчы з казінай воўны, і мы ўключылі іх у паказ. Стылізавалі, дадалі шмат дэніму — атрымалася вельмі добра. Сабралі поўную залу!
А трэцяя калекцыя выканана ў чорна-белых адценнях. Я назвала яе «Цені». Гэта быў вынік майго асабістага даследавання псіхалогіі чалавека — і мяне самой, і падзей у свеце.

«Адразу ведала, што не хачу працаваць на іншага дызайнера»
— Калі вы пераехалі ў Берлін, то выкладалі нямецкую і працавалі перакладчыкам. Адкуль увогуле ўзялася мода, манекены і дызайнерскі каворкінг?
— Проста ў нейкі момант зразумела, што хачу нешта змяніць, а модай і стылем я цікавілася заўседы. Вырашыла, што хачу займацца гэтым прафесійна і пайшла вучыцца: спачатку ў Берліне, потым анлайн у Кіеве і Маскве.
Я адразу ведала, што не хачу працаваць на іншы брэнд і выконваць задачы, да якіх у мяне не ляжала душа. Акрамя таго, я добра разумела, што модная індустрыя трымаецца на эксплуатацыі, і мне зусім не хацелася станавіцца часткай гэтай сістэмы. Мне было важна ствараць нешта ўласнае. Я ведала, што гэта павінна быць устойлівая, павольная мода. Адначасова я не хацела звязвацца з вытворчасцю. Я разумела, што такі фармат працы мне не падыходзіць. Каб будаваць падобны бізнес, патрэбныя грошы, партнёры і каманда, працу якой таксама неабходна аплачваць.
— У чым «павольнасць» вашага брэнда?
— Усе рэчы, якія я раблю, выраблены ў адзіным экзэмпляры, кожная рэч унікальная.
Zero waste (нулявыя адходы) — адзін з самых галоўных прынцыпаў маёй працы. Гэта значыць, я працую так, каб не заставалася абрэзкаў. Частку калекцыі вырабляю па лекалах, а з астаткаў шыю іншую частку. Гэта значыць, усе абрэзкі я рознымі спосабамі ўключаю ў калекцыю.
А яшчэ частка мадэляў — апсайклінг, гэта значыць, я перапрацоўваю старое адзенне. Напрыклад, ваўняныя мужчынскія касцюмы. Нешта я знаходжу ў сэкандах, нешта мне прыносяць сябры або аддаюць калегі. Калі я працавала над адной з калекцый, работнікі нашага каворкінгу раптам сталі прыносіць мне швэдры, шалі і прапаноўваць выкарыстоўваць іх у вырабах.
Давайце пакажу, што я з іх зрабіла.

Але аказалася, што гэты шлях запатрабаваў значна больш намаганняў і выдаткаў — часу і грошай — чым мне здавалася спачатку. А самым складаным аказалася прасоўванне і продаж, на гэтую сферу ў мяне зусім не хапала энергіі. І ў выніку стала зразумела, што ў фінансавым плане я далёка не з’еду. Да таго ж супернічаць з fast fashion вельмі складана.
— А з ім увогуле магчыма супернічаць?
— Выжыць можна толькі калі знайсці сваю мэтавую аўдыторыю. У Берліне ёсць брэнды, якім гэта ўдалося, але я не ўпэўнена, што яны фінансава паспяховыя. Практычна ўсе, каго я асабіста ведаю, вялікіх грошай не зарабілі і існуюць толькі на энтузіязме.
Канешне, у мяне быў бізнес-план. І канечне, у працэсе мне давялося шмат разоў яго мяняць. На стварэнне калекцый у мяне хапала і сіл, і энергіі, галоўныя праблемы ўзніклі з продажамі.

Мае калекцыі можна было знайсці ў шопінг-моле «Бікіні Берлін» у Studio183. Яны працуюць не толькі з берлінскімі брэндамі, убачыць сябе на гэтых буйных пляцоўках было прыемна — і самым прыемным было тое, што мае рэчы куплялі, і нядрэнна куплялі. Але трэба было аплаціць арэнду рэйла на паўгады, заплаціць агенту, з якім я тады працавала, плюс аддаць магазіну працэнт ад продажаў — у выніку ўсё прадавалася ў мінус.
— У сэнсе, зусім у мінус?
— Сапраўды нічога не заставалася.
Але на вядомасць брэнда гэта паўплывала. Убачыўшы мае рэчы ў тых крамах, кліенты потым наўпрост знаходзілі мяне ўжо ў Інстаграм. Шкада, у асноўным гэта былі турысты з Нідэрландаў, Швецыі, ЗША, таму пастаяннымі кліентамі яны не станавіліся.
Маімі звычайнымі кліентамі былі ў асноўным творчыя людзі, якія разбіраюцца ў модзе, якім цікава спрабаваць нешта новае. Але з часам стала зразумела, што трэба або змяняць брэнд, рабіць яго больш паўсядзённым — або шукаць іншую крыніцу даходу. І я вырашыла развівацца ў іншай сферы — псіхалогіі, а брэнд пакінуць у тым выглядзе, у якім яго стварыла, і займацца ім як хобі.

Самы вялікі артыкул выдаткаў — гэта арэнда, 200 еўра за месяц. Тканіны я купляю стокавыя — гэта адносна нядорага і экалагічна; фурнітура дарагая, калі купляць у краме, а не оптам.
Пакуль атрымліваецца «адбіць» менш за палову. Калі падзяліць продажы за год на 12 месяцаў, то ў сярэднім атрымліваецца дзесьці 100 еўра штомесяц. Гэта лічбы апошняга года, калі я практычна ўвесь час вучылася новай прафесіі і мала займалася брэндам. Продажы былі, можна сказаць, выпадковымі. Чалавек пабачыў вітрыну, зайшоў і набыў.
«Хацелася б давесці свой стыль да нішавасці, нават калі нічога не зараблю»
— То бок цяпер гэта хутчэй мастацтва, чым мода?
— Так. Я ўдзельнічала ў некалькіх выставах. Першая праходзіла ў Музеі прыкладнога мастацтва ў Берліне. Яны праводзілі конкурс сярод дызайнераў і рамеснікаў, і мая першая калекцыя прайшла гэты конкурс і некалькі месяцаў выстаўлялася ў музеі.
Другая выстава праходзіла ў вельмі модным берлінскім месцы — Platte. Гэта прастора, дзе сустракаюцца берлінскія дызайнеры і аўтары невялікіх брэндаў. Патрапіць туды няпроста, але калі бяруць, гэта нешта значыць. Я прайшла па конкурсе, які арганізоўвалі для дызайнераў-мігрантаў.
Мне падабаецца працаваць з музыкамі. Я шыла сукенку і для Kriwi. Абяцала пашыць і для гурта, у якім іграе мой муж, але пакуль рукі не дайшлі.
— А наколькі ўвогуле складана быць модным у Берліне? Тут жа кожны другі — моднік? Пакуль я ішла да вас, мне дарогу перайшоў дзядуля ў гарнітуры з вялікімі неонавымі пазногцямі.
— Мне здаецца, што ў Берліне быць модным вельмі проста — як апранешся, так і добра. Тут ніхто ні на каго не глядзіць, не ацэньвае, так што не трэба думаць, як быць больш модным за іншых.

Калі я ўпершыню прыехала сюды вучыцца ў 2003 годзе, мне адразу стала зразумела, што гэта мой горад. Ён такі розны, свабодны, тут столькі цікавых людзей і няма жорсткіх правілаў — маўляў, трэба выглядаць так, а паводзіць сябе вось так. Мне вельмі падабаецца глядзець на берлінцаў, яны мяне натхняюць — часам на вуліцы можна ўбачыць неймавернае змяшэнне стыляў.
Тут людзі выглядаюць настолькі па-рознаму, наколькі па-рознаму выглядаюць раёны горада. Фрыдрыхсхайн, дзе мы зараз знаходзімся — гэта, на маю думку, квінтэсенцыя Берліна, мой любімы раён. Ён прыцягвае маладую публіку, турыстаў, і гэта адзін з самых модных раёнаў — тут шмат брэндаў, маленькіх крамак.

— А ёсць пляцоўкі, на якіх хочаце ўбачыць свае калекцыі? Крамы, музеі… дзе?
— Цяпер я назіраю за адной крамай у Іспаніі. Там выстаўляюцца мае любімыя дызайнеры — японцы Comme des Garçons, Issey Miyake, Yohji Yamamoto. А ёсць і зусім невядомыя брэнды. І мне хацелася б давесці свой стыль да нішавасці і прапанаваць сукенкі ў гэтую краму. І вось калі б я іх там убачыла, то была б рада, нават калі б нічога на гэтым не зарабіла.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.
