
Выпускнік эканамічнага факультэта БДУ і майстар па ўкладцы ламінату Глеб Кулік прыдумаў стартап у сферы рытуальных паслуг. Ён распрацоўвае праект Digital Step — сэрвіс па ўстаноўцы QR-кодаў на надмагіллях, якія вядуць на персанальныя старонкі памяці. Гісторыю пра тое, як беларус хоча ўкараніць ШІ-аватары, каб сваякі і блізкія маглі камунікаваць з памерлым чалавекам, расказвае Office Life.
Сямейны бізнес у рытуальнай сферы
Спецыфіку пахавальнай індустрыі Глеб Кулік ведае знутры: яго бацька больш за 15 гадоў займаецца вытворчасцю і ўстаноўкай надмагільных помнікаў і агароджаў. Але Глеб адзначае, што ў гэтай сферы ёсць трэнд на зніжэнне пакупніцкай здольнасці кліентаў пасля пандэміі, а таксама назіраецца абвастрэнне канкурэнцыі з-за дэмпінгу з боку новых гульцоў.

З часам беларус плануе працягнуць бізнес бацькі, а пакуль прыдумаў запусціць тэхналагічнае дапаўненне да традыцыйнага рытуальнага прадукту. Ідэя ўзнікла падчас сямейнага застолля ў гадавіну смерці дзядулі. Усвядоміўшы, наколькі хутка сціраюцца ўспаміны ў пакаленнях, ён прыйшоў да ідэі алічбоўкі памяці.
«Бацькі распавялі малодшаму брату пра дзядулю ўсяго пару фраз. Калі сыдуць бацькі, я таксама не змагу распавесці пра дзядулю падрабязна, а далей памяць згасае яшчэ хутчэй: дзеці памятаюць мала, унукі — яшчэ менш, а трэцяе пакаленне ўжо практычна нічога не ведае. Стала крыўдна за дзядулю, за бацькоў і за сябе».
Прадукт і тэхналагічны патэнцыял
Digital Step прапануе вытворчасць фізічных носьбітаў з QR-кодамі (ад бюджэтных фальгаваных налепак да пласцін з нержавеючай сталі, мармуру ці граніту), якія мантуюцца на надмагілле. Код будзе перанакіроўваць карыстальніка на лічбавую старонку памяці з падрабязнай біяграфіяй, архівам фота-, відэа-, аўдыяматэрыялаў і дакладнай геалакацыяй пахавання. Укаранёны ШІ-асістэнт дапаможа структураваць разрозненыя факты і даты ў звязны біяграфічны тэкст.

У будучыні Глеб Кулік плануе таксама дадаць ШІ-аватар для імітацыі тэкставага дыялогу з памерлым чалавекам на аснове прадстаўленых даных пра нябожчыка, а пасля і ажыўленне фатаграфій для сімуляцыі відэазванкоў.
«Людзі і так прыходзяць на могілкі, пішуць лісты, размаўляюць з памерлымі, дзеляцца сваімі эмоцыямі. Тут гаворка ідзе пра тое самае, толькі ў больш тэхналагічнай форме».
300 рублёў за QR-код
Каб рэалізаваць ідэю, беларус доўга шукаў распрацоўшчыкаў для сайта, але цэны ад вэб-студый у памеры $80 000 — $100 000 былі непад’ёмнымі для стартапера. Зараз Глеб знайшоў падрадчыка, з якім удалося дамовіцца.

Базавы пакет у Digital Step (фізічная таблічка з QR-кодам, стварэнне старонкі памяці і хостынг даных на першыя 6 месяцаў) будзе каштаваць каля 300 беларускіх рублёў. Таксама трэба будзе аформіць падпіску за далейшае захаванне інфармацыі на серверы — арыенціровачна 5 рублёў у месяц або 50 рублёў за год.
«2–3 тысячы рублёў стабільнага чыстага прыбытку ў месяц будзе ўжо добрым вынікам. Але нават калі прыйдзецца працягваць без хуткага прыбытку — я буду, бо ўжо зрабіў галоўнае для сябе і сваіх блізкіх: стварыў магчымасць захаваць памяць».
