«Наймаць кватэру ў Варшаве на гэтыя грошы ўсё яшчэ немагчыма». Заснавальнікі Znivien расказалі, як зарабляюць на беларускіх прынтах

Фота: Znivien

Беларусы Уладзімір Маляўка і Павал Дзяркач ужо пяты год развіваюць беларускі крэатыўны брэнд адзення Znivien.

Спецыяльна для spravy.io Уладзімір расказаў пра тое, чаму цяпер ім прыходзіцца цалкам адмовіцца ад продажаў у Беларусі і чаму не атрымалася выйсці з крэатыўнымі прынтамі на антываенную расійскую аўдыторыю.

«Znivien ужо даўно перарос стадыю хобі»

— Як пажывае ваш праект у траўні 2026 года?

— Усё добра! Правялі новую фотасесію, вядзецца праца па B2B-праектах, новыя прынты чакаюць свайго запуску і ўжо пацверджаны ўдзел у двух летніх фестывалях.

Так што нібыта ўсё нармальна, канечне, калі не лічыць, што нас нядаўна ў Беларусі дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў».

Фота: Znivien

— Праз амаль 5 гадоў дзейнасці гэта ўжо бізнес? Ці ўсё яшчэ хобі?

— Па аб’ёме працы, зонах адказнасці, колькасці выдаткаў, падаткаў і іншых відаў дзейнасці гэта бізнес. А па даходах — усё яшчэ хобі.

Па сутнасці, Znivien — гэта другая праца для кожнага з нас, толькі без заробку і карпаратыўных бонусаў. Назваць гэта хобі ўжо складана: футбол па выходных ці чытанне кніг увечары — так, гэта хобі. Але Znivien ужо даўно перарос гэтую стадыю.

Фота: Znivien

— Колькі зараз атрымліваецца зарабляць штомесяц?

— Давайце раскажу, колькі не атрымліваецца зарабляць: наймаць кватэру ў Варшаве на гэтыя грошы ўсё яшчэ немагчыма.

Але Znivien цалкам сябе акупляе, ёсць грошы на эксперыменты ў маркетынгу, друк тэставых асобнікаў. Лепш цяпер укладаць усё заробленае туды, чым вымаць патроху на ўласныя патрэбы.

Продажы растуць: быў вялікі рост з 2021 па 2025 год, цяпер, як нам здаецца, выходзім на плато заказаў альбо на рост у 5-10% ад 2025 года. Але ёсць даволі вялікая мэта на 2026 год, паглядзім, яшчэ паўгода наперадзе, можа, і дасягнем.

«Самае складанае з новымі прынтамі — прайсці ўнутраную цэнзуру»

— MAKE BELARUS ZA*BIS AGAIN усё яшчэ самы папулярны прынт?

— Гэта як Крышціяну Раналду нашага бізнесу. Ён ужо ўвайшоў у гісторыю, і найбліжэйшыя прынты па папулярнасці яшчэ не хутка яго дагоняць.

Фота: Znivien

Хаця сёлета яго ўжо заказваюць менш, і гэта нармальна. Нельга так доўга выязджаць на адной рэчы, патрэбныя новыя лідары, якіх вызначыць попыт. І новыя прынты робяцца.

— Як адбываецца працэс стварэння і вываду на рынак новага крэатыву?

— Самае складанае з новымі прынтамі — прайсці ўнутраную цэнзуру. Нібыта макет гатовы, на мокапах выглядае выдатна, пасыл счытваецца — бяры і адпраўляй у вытворчасць. Але нешта ўнутры сядзіць і перашкаджае.

Працэс прыдумвання прынтаў цікавы, затратны, і, на жаль, праз памер каманды менавіта распрацоўка дызайнаў часам адыходзіць на другі план, бо трэба вырашаць больш тэрміновыя задачы.

Фота: Znivien

У цэлым творчы працэс максімальна ірацыянальны і спантанны: часам нейкая навіна трыгерыць на крэатыў, часам убачыў нейкі рэферэнс — і хочацца яго пераасэнсаваць. У календары такой задачы няма: зрабіць тры дызайны да аўторка. Але, відаць, хутка трэба будзе заняцца і такім планаваннем.

— Падзяліцеся досведам выхаду на аўдыторыі іншых народаў…

— Досвед цікавы, але не магу сказаць, што паспяховы. Праўда, на некаторых івэнтах, дзе было мала беларусаў, продажы нам рабілі ўкраінцы.

Быў выпадак, калі на івэнце беларусы падыходзяць, глядзяць, паказваюць вялікі палец, кажуць «жыве Беларусь» і праходзяць міма. Зразумець можна: можа, яны ездзяць у Беларусь. Украінцы ў гэтым плане смялейшыя, больш актыўныя, ім нават цікавей проста паглядзець, спытаць, купіць беларускаму сябру ці сяброўцы ў падарунак.

Палякі таксама куплялі, але гэта адзінкавыя выпадкі — хутчэй за ўсё таксама ў падарунак камусьці.

З расіянамі ў нас не атрымалася. Колькі ні спрабавалі трапіць у антываенную аўдыторыю, але трапілі ў нейкую татальную «вату». Зразумела, што прынты могуць не падабацца, але паверце, тут проста розныя каштоўнасці. Тое, што для нас «не вайне», для іх не зусім «не вайне». Тое, што для нас норма, для іх — русафобія. І так паўсюль.

Фота: Znivien

Але мы працягваем шукаць новую, сумежную аўдыторыю, хоць аснова для нас — гэта беларусы. Мы яшчэ не ўсім пра сябе расказалі.

«Для нас цяпер цалкам закрыты рынак Беларусі»

— Якая канкурэнцыя зараз у сферы мерчу пра Беларусь? Ці з’яўляюцца новыя моцныя гульцы ў гэтым сегменце?

— Цяжка зразумець і ацаніць. Адна справа, калі б мы цяпер былі ў Беларусі: там і канкурэнцыя, і грошы, і ўвогуле ўсё іншае. У Беларусі цяпер бачны бум на беларускае, шмат розных брэндаў выкарыстоўваюць мову, матывы, адсылкі. Моладзевая аўдыторыя падцягваецца. Гэта крута, такая стылёвая мяккая беларусізацыя.

Фота: Znivien

А за мяжой шмат дробных аўтараў: адны выстрэльваюць, другія не. Нехта гандлюе толькі ў афлайне, а хтосьці актыўна вядзе Instagram. Зразумець, паспяхова ў іх ідуць справы ці не, складана. Ды і я б не называў гэта канкурэнцыяй: хутчэй мы ўсе гульцы на адным полі, больш партнёры, чым супернікі.

— Якія ў вас планы на 2026 год?

— Выжыць у межах тых падзей, што адбываюцца. Прызнанне экстрэмісцкім фарміраваннем спачатку дае медыйную падтрымку, але ў цэлым не дае магчымасці для росту. Па сутнасці, для нас цяпер цалкам закрыты рынак Беларусі — на 100%, нават не варта спрабаваць нешта прыдумваць. Таксама аўтаматычна выключаюцца тыя, хто хоць і жыве за мяжой, але ездзіць туды-сюды.

Фота: Znivien

Але будзем неяк развівацца, нешта прыдумваць: паводле розных падлікаў беларусаў за мяжой амаль мільён, таму яшчэ ёсць каму прапанаваць сябе.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *