Беларуска сышла з ІТ, каб фатаграфаваць роды

Фота: nastagaleznik.com

Пасля 10 гадоў кар’еры ў IT беларуска Анастасія Галезнік кардынальна змяніла прафесійны шлях. Пасля нараджэння першага дзіцяці яна захапілася фатаграфіяй, а пазней адкрыла для сябе рэдкую нішу — здымку родаў. Пра тое, як Анастасія развівае гэты бізнес у Гданьску, распавядае MOST.

«Вельмі хацелася захаваць гісторыю дзяцінства сваіх дзяцей»

Беларуска атрымала спецыяльнасць праграміста і больш за 10 гадоў прапрацавала ў ІТ, але нараджэнне першага дзіцяці прывяло яе да змены спецыяльнасці. Анастасіі хацелася захаваць на фота кожнае імгненне жыцця новага чалавека — яна пачала шмат фатаграфаваць. Тым больш, што яе бацька таксама рабіў шмат дзіцячых фатаграфій для сямейнага архіва:

— У мяне ёсць велізарная колькасць фатаграфій, дзе мне месяц, два, тры. Усё наша з братам дзяцінства захавана ў гэтых чорна-белых здымках. І мне таксама хацелася захаваць гісторыю дзяцінства сваіх дзяцей.

Але паступова захапленне фатаграфіяй перарасло ў камерцыйную дзейнасць. У 2018 годзе Анастасія даведалася пра кірунак здымкі родаў. Знайсці першую кліентку ў Беларусі аказалася няпроста, бо ніша была пустая. Здымка адбылася толькі праз год на платных родах з дазволу адміністрацыі бальніцы.

Фота: nastagaleznik.com

Пасля публікацыі першых здымкаў Анастасія Галезнік пачала атрымліваць новыя запыты: попыт хутка рос, за месяц удавалася праводзіць па дзве-тры фотасесіі. Аднак пандэмія COVID-12 і наступны пераезд сям’і ў Польшчу ў 2021 годзе прымусілі пачынаць бізнес з нуля.

«У Гданьску ў гэтай жа нішы працуюць яшчэ як мінімум тры фатографы»

У Польшчы беларуска зарэгістравала ІП, але выхад на новы рынак аказаўся больш складаным праз высокую канкурэнцыю: у Гданьску ў гэтай жа нішы працуюць яшчэ як мінімум тры фатографы.

— Калі ў Беларусі я зняла першыя роды, яно неяк хоп-хоп-хоп і пайшло па накатаннай. А тут я адфатаграфала адны роды — і нічога, потым другія — і зноў нічога.

Таму для прыцягнення кліентаў Анастасіі даводзіцца актыўна развіваць акаўнт у Instagram і ўкладваць шмат сіл у прасаўванне сваіх паслуг.

Фота: instagram.com/nastagaleznik

На сёння асноўнымі кліентамі з’яўляюцца палякі. Беларусы звяртаюцца радзей і звычайна заказваюць у асноўным фотасесіі нованароджаных і моманту выпіскі з радзільні.

«Пасля здымак я цэлы дзень ляжу, як амёба»

Бізнес на здымцы родаў патрабуе гатоўнасці да ненармаванага графіку працы. Планаванне здымкі пачынаецца за 4–6 месяцаў да родаў, а з 37-га тыдня цяжарнасці Анастасія кругласутачна знаходзіцца ў рэжыме чакання:

— Калі кліентка тэлефануе і кажа, што нараджае, то я ўсё кідаю і еду да яе.

Рэпартаж падчас родаў доўжыцца ад 6 да 12 гадзін. Анастасія бярэ 2500 злотых за фотарэпартаж і 3500 злотых за пакет з відэаздымкай. Цэны яна лічыць ніжэйшымі за сярэднія па рынку, улічваючы складанасць працы.

Фота: nastagaleznik.com

— Фізічна гэта вельмі падобна на здымку вяселля: шмат усяго адбываецца, трэба хутка рэагаваць. Плюс гэта здымка ў складаных светлавых умовах, трохі экстрэмальных. Толькі ў дадатак да ўсяго ты пяць тыдняў на тэлефоне і здымаеш уначы, не спіш. Пасля здымак я цэлы дзень ляжу, як амёба, каб прыйсці ў сябе.

У лютым 2026 года Анастасія завяршыла гадавое навучанне і стала сертыфікаванай доўлай. Справа ў тым, што польскія бальніцы часта абмяжоўваюць колькасць суправаджаючых у радзільнай залі да двух-трох чалавек, таму сем’ям даводзіцца выбіраць паміж мужам, доўлай і фатографам. Сумяшчэнне дзвюх роляў дазваляе вырашаць гэтую праблему кліентаў.

— Адчуванне таго, што ты прысутнічаеш у момант нараджэння дзіцяці, — гэта выбух эмоцый. Я адчуваю, што гэта тое, што я павінна рабіць. Гэта маё прызначэнне.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *