Як беларусы забудоўваюць польскія Жырардаў і Мшчонаў

Дэвелаперская кампанія Chicago Urban Development (CUD), якая належыць братам Валерыю і Алегу Сахашчыкам, завяршыла 2025 год з чыстым прыбыткам звыш 500 тыс. еўра.
Як піша эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч у сваім Telegram-канале, прадпрымальнікі пачалі асвойваць новую для сябе нішу інвестыцый у жылую нерухомасць у 2024 годзе, і ўжо на другі год працы змаглі ў разы палепшыць фінансавыя паказчыкі.

За мінулы год выручка CUD павялічылася амаль удвая — з 2,7 млн еўра ў 2024-м да 5,3 млн еўра. Пасля страты ў 250 тыс. еўра ў першы год дзейнасці бізнес прынёс стваральнікам першы чысты прыбытак — звыш 515 тыс. еўра.
Станоўчы фінансавы вынік забяспечылі два аб’екты ў прыгарадах Варшавы:
- Osiedle Raclawicka (Мшчонаў) — 20 дамоў на тэрыторыі комплексу былі ўзведзены сямейнай будаўнічай кампаніяй Sahaty ў 2024–2025 гадах. На сёння нераспрададзенымі застаюцца ўсяго тры кватэры (плошчай ад 31 да 38 кв. м) з 40.
- Zakątek Chmielna (Жырардаў) — больш маштабны праект у горадзе, дзе знаходзіцца штаб-кватэра сямейнага бізнесу. Тут запланавана ўзвядзенне 60 жылых памяшканняў у 15 дамах. Кватэры плошчай ад 65 до 100 кв. м прапануюцца па цане ад 138 тыс. да 186 тыс. еўра па бягучым курсе.

Асноўнай базай для развіцця дэвелаперскіх праектаў Сахашчыкаў застаецца іх флагманская будаўнічая кампанія Sahaty, якая працуе ў звязцы з брэндам SK-BUD. На сёння яна з’яўляецца найбуйнейшым будаўнічым бізнесам з беларускім капіталам у Польшчы: у 2024 годзе абарот Sahaty склаў каля 16 млн еўра.
Акрамя будаўніцтва ўласнага жылля для CUD, кампанія выступае падрадчыкам на буйных прамысловых і інфраструктурных аб’ектах у Польшчы, а таксама актыўна развівае паслугі на рынках Германіі і Бельгіі.