Біятэх-стартап Gero, у які інвеставаў беларускі ІТ-прадпрымальнік Юрый Мельнічак, прыцягнуў яшчэ $17 млн

Стартап Gero, які распрацоўвае лекі супраць старэння і ўзроставых захворванняў з дапамогай штучнага інтэлекту і фізічных мадэляў, прыцягнуў $17 млн новага фінансавання. У выніку агульная сума прыцягнутага акцыянернага капіталу кампаніі дасягнула $34 млн.
У новым раўндзе фінансавання паўдзельнічала кампанія Melnichek Investments, якая спецыялізуецца на праектах у сферы штучнага інтэлекту — яе заснавальнікам з’яўляецца беларускі прадпрымальнік Юрый Мельнічак, раней стварыў стартап AIMatter і прадаў яго Google. Акрамя Melnichek Investments, у бягучым раундзе паўдзельнічалі сузаснавальнік ІТ-карпарацыі EPAM Systems, а таксама топ-менеджары з фармацэўтычнага і тэхналагічнага сектараў.

Сродкі ад новага раўнда пойдуць на даклінічную распрацоўку ўласнай лінейкі прэпаратаў і пашырэнне партнёрстваў з фармацэўтычнымі кампаніямі.
Прыцягненне новага капіталу ідзе на фоне поспехаў стартапа ў супрацоўніцтве з буйнымі гульцамі фармацэўтычнага рынку. У ліпені 2025 года Gero пачала супрацу з японскай Chugai Pharmaceutical (уваходзіць у швейцарскую групу Roche). Паводле ўмоў кантракта, стартап атрымаў аванс і права на выплаты да $250 млн пры дасягненні прамежкавых этапаў, а таксама роялці ад продажаў гатовых прэпаратаў. З улікам наступнага паспяховага вываду прадуктаў на рынак агульная сума здзелкі можа перавысіць $1 млрд.
Раней, у 2023 годзе, стартап таксама праводзіў сумесныя даследаванні з амерыканскім фармгігантам Pfizer.
У адрозненне ад большасці біятэхналагічных кампаній, якія спрабуюць «павярнуць назад» або «перапраграмаваць» старэнне для вяртання клеткам маладосці, канцэпцыя Gero будуецца на запаволенні саміх біялагічных працэсаў старэння. У кампаніі лічаць гэты падыход больш надзейным інструментам для павелічэння працягласці здаровага і агульнага жыцця.
Метадалогія Gero заснаваная на гіпотэзе пра тое, што старэнне падпарадкоўваецца вымерным фізічным законам, якія можна расшыфраваць, праводзячы аналіз даных пра чалавека з дапамогай штучнага інтэлекту. Напрыклад, у кампаніі адзначаюць, што ў людзей рызыка смерці пасля надыходу сталасці падвойваецца прыблізна кожныя восем гадоў, а некаторыя сысуны (напрыклад, голыя зямлякопы) жывуць у пяць разоў даўжэй, чым чакаецца пры іх памерах, і практычна не дэманструюць росту смяротнасці з узростам.

Стартап выкарыстоўвае ўласную генератыўную ШІ-мадэль ProtoBind-Diff, а навуковая аснова самой платформы стваралася больш за дзесяць гадоў пад кіраўніцтвам сузаснавальніка і генеральнага дырэктара Gero Пятра Фадзічава сумесна з доктарам філасофіі Янам Груберам з Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура. Вынікі іх працы ляглі в основу новага навуковага кірунку — герафізікі (прымянення фізікі да працэсаў старэння).
Вось што кажа Пётр Фадзічаў, доктар філасофіі, сузаснавальнік і генеральны дырэктар Gero:
«Кожную секунду адбываюцца незлічоныя малекулярныя падзеі — як у целе голага зямлякопа, так і ў нашым. Тым не менш на працягу дзесяцігоддзяў наша рызыка смерці падвойваецца кожныя восем гадоў, у той час як у іх яна застаецца практычна нязменнай. Гэты разрыў — фізічная задача. Мы патрацілі дзесяць гадоў на стварэнне тэорыі. Змянілася тое, што цяпер у нас ёсць даныя — дзесяткі мільёнаў медыцынскіх карт — і генератыўны ШІ, здольны здабываць матэматыку старэння непасрэдна з гэтых даных.
Так фізіка працавала заўсёды, але цяпер гэта адбываецца ў маштабах і на ўзроўні складанасці, недасяжных ні для адной аналітычнай тэорыі. У аэракасмічнай галіне мадэляванне такога ўзроўню змяніла інжынерныя вынікі. Мы чакаем таго ж і ў медыцыне. І старэнне — гэта тое, з чаго варта пачаць: гэта агульны рухавік практычна кожнага хранічнага захворвання, а значыць, яго запаволенне з’яўляецца найбольш эфектыўным умяшаннем у здароўе чалавека».

Аніта Косгроў, адна з пула інвестараў Gero, экс-старшы віцэ-прэзідэнт па стратэгічным развіцці бізнесу ў Human Longevity, Inc., распавяла, чаму вырашыла інвеставаць у стартап:
«Gero вылучаецца тым, што засноўвае свае адкрыцці на апублікаванай фізічнай канцэпцыі і рэальных даных пра чалавека, а таксама тым, што ператварыла гэтую навуку ў працуючую платформу, — менавіта таму я інвеставала ў кампанію».

Што тычыцца супрацоўніцтва беларускага інвестара з Gero, то яно трывае ўжо некалькі гадоў. Раней стартап прыцягнуў $2,2 млн ад яго венчурнага фонду Bulba Ventures, пасля чаго Юрый Мельнічак увайшоў у савет дырэктараў кампаніі. Тры гады таму Gero закрыла раунд на $6 млн, які таксама ўзначаліла Melnichek Investments.
На пачатку 2026 года Юрый Мельнічак паведаміў, што згарнуў сваю аперацыйную дзейнасць, засяродзіўшыся на працы ў стартапе Doctorina, аднак захаваў долі і ўдзел (без аперацыйнага ўдзелу) у праектах Gero, Rainbow.ai і OneSoil.