«Утрымліваць школу мне дапамагала праца ў стаматалогіі» — беларуска расказала, як вучыць дзяцей і дарослых музыцы ў Варшаве

Тут і далей фота з архіву гераіні

Настаўніца музыкі Таццяна Галуза ў 2021 годзе разам з сям’ёй з’ехала з Беларусі — думала, што на месяц. Але месяц зацягнуўся на пяць гадоў. За гэты час Таццяна атрымала новую спецыяльнасць — стала гігіеністкай. А яшчэ — адкрыла ўласную TG Music & Voice Studio, дзе вучыцца каля 30 чалавек. 

Пра тое,  як гэта — сумяшчаць дзве працы, ладзіць са сваімі вучнямі канцэрты мары і выбудаваць музычны бізнес у эміграцыі, Таццяна расказала ў размове са spravy.io.

Калі ты не скончыў Варшаўскую акадэмію — ты ў пралёце

— Чаму пасля пераезду ў Польшчу ты не ўладкавалася на працу музыкам? 

— Тут хапае сваіх. У Беларусі ідзеш нібыта ланцужком: у некага вучышся, потым цябе дзесьці запрасілі, бо твой педагог пастараўся — і такая вось сцежка. Тут тое самае. Калі ты не скончыў Варшавскую акадэмію — ты ў пралёце.

Я пакуль не сустрэла беларусаў, хто б уладкаваўся ў польскую дзяржаўную музычную школу. Атрымалася толькі ў аднаго знаёмага, але яму давялося ехаць працаваць у Бялу Падляску.

Да таго ж мы прыехалі ў траўні. А па працы ў беларускай музычнай школе я ведала, што ў гэты час ужо плануецца наступны год. Ну і куды я пайду? Ні мовы — нічога. Нуль. Вось я і вырашыла перакваліфікавацца. 

— Якім чынам? Паступіла вучыцца?

— Яшчэ ў Беларусі я чула пра паліцыяльную школу. І з таго часу ў галаве сядзела, што можна скончыць «паліцыялку» і працаваць у саматалогіі.

А стаматалогія — мая другая жарсць! Не ведаю, адкуль — проста яна ёсць. Часта казала свайму стаматолагу ў Беларусі, што не была б музыкам — то была б стаматолагам. Але ў Беларусі не было магчымасці адвучыцца, таму была толькі музыка.

У выніку знайшла школу з вялікім адсоткам працаўладкавання пасля вучобы. І агулам гэта шмат дало. Я цяпер увогуле не хвалююся наконт працы ў Польшчы, бо асістэнткай стаматолага, гігіеністкай магу працаваць проста паўсюль. 

— Гэта запатрабавана?

— Так, і няма ніякіх перашкод — магу працаваць у любой стаматалогіі на выбар — прыватнай, дзяржаўнай ці сеткавай кшталту Medicover або LuxMed. Я ўвогуле без досведу, бо я музыка, але ўкінуўшы рэзюмэ — адразу атрымала працу ў стаматалогіі. Праз тое, што школа мае давер у працадаўцаў. І цяпер магу выбіраць, дзе працаваць. А вось у музыцы ў мяне такога выбару няма… 

«Я перадумала, хочаш — ідзі ты»

Аднак ты ўсё ж вырашыла вярнуцца ў музыку… 

— Насамрэч я не планавала нічога адкрываць. Мяне хвалявалі побытавыя справы. Дзецям трэба ў школу, наймаць кватэру — такая рэальнасць, дзе няма месца на мару. Да ўсяго ў нас не было фінансавай падушкі, каб я ці муж маглі вучыцца, а тым больш укладаць у бізнес. Я ж кажу: ехалі на месяц, таму якая падушка?!

Але здарылася, што мая сяброўка выйграла магчымасць быць інструктарам у зацішанскім доме культуры — у Польшчы можна падаць заяўку на прапанаванне сваіх паслуг дамам культуры. Яна планавала зладзіць хор, і кіраўніцтва гэта вельмі зацікавіла. Аднак у нейкі момант сяброўка патэлефанавала і сказала: «Я перадумала, хочаш — ідзі ты». І я пайшла. 

Спачатку ладзіла там хор. Пазней, паглядзеўшы, што робяць іншыя, зрабіла вакальную студыю. 

— Як гэта афармляецца? 

— Кожны інструктар прадстаўляе свой праект — паслугу, якую дом культуры павінен прадаць як пасярэднік паміж інструктарам і спажыўцом. Ён ўладкоўвае інструктара на працу па дамове даручэння (umowa zlecenia). Пасярэднік мае нейкі адсотак з заняткаў, аднак ты сам вызначаеш цану за свой урок. Мне налічвалі заробак ў залежнасці ад гадзін, якія я там працавала.

А потым у доме культуры пачаўся рамонт. На траіх настаўнікаў застаўся адзін кабінет. Для мяне было вельмі мала месца. Таму вырашыла знайсці памяшканне і сысці туды са сваімі вучнямі. 

Касмічныя 65 злотых за гадзіну

— І адкрыла ІП і стварыла TG Music & Voice Studio…

— Так. 

— І можаш наймаць працаўнікоў… 

— Так. Толькі трэба, каб чалавек меў дазвол на працу ў Польшчы. У мяне працуе двое, і я ім плачу заробкі.

— Гэта канкурэнтныя заробкі?

— Сярод беларусаў і ўкраінцаў дакладна так. Палякі ў гэтай сферы маюць больш.

Увогуле музыка — гэта справа вельмі індывідуальная, і палякі рэдка працуюць на кагосьці. Калі б мае працаўнікі рабілі самі на сябе, то маглі б паставіць больш высокі цэннік за гадзіну. Аднак тады б ім давялося плаціць большыя падаткі і несці іншыя выдаткі. А так за ўсё плачу я, і ў іх больш застаецца. Атрымліваецца, што беларусам працаваць на кагосьці — выгадна.

— Колькі ў сярэднім зарабляе настаўнік у тваёй студыі?

— 2-3 тысячы злотых. Калі гэтыя грошы перакласці на нармальную польскую стаўку, атрымліваюцца касмічныя заробкі — прыкладна 65 злотых за гадзіну (яны працуюць не кожны дзень і спалучаюць некалькі прац). Сума залежыць ад таго, колькі ты гатовы працаваць.

Для параўнання — у стаматалогіі я маю 30 злотых за гадзіну.

— З якой сумай ты пачынала бізнес? 

— Найбольш грошай — 12 тысяч злотых — пайшло на аплату задатку за арэнду памяшкання. Спачатку ў мяне было вялікае памяшканне, за якое аддавала 7 тысяч злотых у месяц. Асабліва цяжка было летам, калі ідзе прасадка па вучням. Таму зняла меншае памяшканне, за 3 тысячы. Але яно было вельмі нязручным па лакацыі.

На заняткі прыязджаюць дзеці з усяго горада, і важна, каб памяшканне было ў самым цэнтры. Але гэты новы цэнтр аказаўся не настолькі цэнтравым. Мы перамясціліся усяго на прыпынак — з метро Świętokrzyska на метро Ratusz Arsenal, і я страціла каля 6-8 вучняў. Дзеці і дарослыя чамусьці туды вельмі дрэнна даязджалі. Таму вярнулася на Świętokrzysku і цяпер за арэнду плачу каля 3 тысяч штомесяц.

— Як фармуецца кошт занятка?

— Да мяне ходзяць і дарослыя. Але зараз буду казаць пра дзяцей — бо іх ходзіць болей. З адного боку студыя для мяне — бізнес, з іншага — я настаўнік, і зацікаўлена ў развіцці дзяцей. Для мяне важна, каб у іх была і тэарэтычная база, і сумеснае музіцыраванне, і індывідуальныя заняткі. Таму для дзяцей я стварыла сістэму абанементаў. Большасць з іх, за рэдкім выключэннем, ходзяць на хор, вакал, інструмент і на сальфеджыа.

Калі ўсе гэтыя заняткі палічыць асобна — атрымліваецца вялікая сума, бо ў яе ўваходзяць і гадзіны арэнды, і заробак настаўніку, і падаткі, і паслугі бухгалтара. А ў межах абанемента атрымліваецца значна танней. Такім чынам, у мяне ёсць пэўная сума, на якую я магу разлічваць, а ў вучняў — упэўненасць, што яны атрымаюць усе запланаваныя заняткі.

Заключаем дамову на вучэбны год — з верасня па канец чэрвеня. Бацькі маюць спакой, таму што плацяць фіксаваную суму штомесяц. Уладальнікам абанементаў я не падвышаю кошты.

— Колькі каштуе абанемент?

— Абанемент з рознымі прадметамі для дзяцей каштуе каля 500–700 злотых у месяц.

Для дарослых па іншаму, залежыць ад колькасці паслуг, бо хтосьці ходзіць толькі на вакал, а хтосьці яшчэ і на гітару ці фартэпіяна.

— Твае вучні — палякі ці беларусы?

— Палякі часцей ходзяць да палякаў. У студыю ходзяць каля 30 чалавек, і збольшага гэта беларусы.

Выйшла ў нуль, бо перастала плаціць шмат за арэнду

— За тры гады існавання школы атрымалася выйсці ў плюс?

— Хутчэй у нуль. І тое пасля таго, як перастала плаціць 7 тысяч злотых за арэнду — прыкладна паўтара года таму. У той перыяд утрымліваць школу мне дапамагала праца ў стаматалогіі. Заробкі настаўнікам плаціла з грошай, якія зрабляла як асістэнтка стаматолага.

— Як выходзіць спалучаць музыку і стаматалогію?

— Чым даўжэй я працую ў стаматалогіі, тым больш бачу сувязяў паміж тым, чым займаюся з дзецьмі, і прафілактычнай медыцынай. 

Змяніўшы некалькі стаматалогій, натрапіла на вельмі класную доктарку-артадонтку, якая працуе з малодшымі дзецьмі — як і я. У яе таксама ёсць свой пул, толькі пацыентаў, якія прыходзяць штомесяц. Мы працуем з прафілактыкай захворванняў ротавай поласці. Гэта цесна звязана з лагапедыяй. З цягам часу зразумела, што ў дзяцей шмат праблем з языком і з тым, што робіцца ў роце. І чырвонай ніткай гэта ідзе ў маю сферу. Таму цяпер я адпраўляю дзяцей да лагапедаў, мы супрацоўнічаем з лорамі, фаніятарамі, фізіятэрапеўтамі. 

У Беларусі спеў быў проста спевам. Напрыклад, мяне ніхто не вучыў, што ёсць такое паняцце яе рэабілітацыя голаса. А палякі вельмі пагружаныя ў гэтую тэму. Яны беражліва ставяцца да голасу — як да рэсурсу. Калі я ўключыла лагапедычныя практыкаванні ў свае ўрокі, убачыла неверагодны вынік. Сучасныя метады працы з голосам дазваляюць мне выйсці на новы ўзровень. 

Заспяваць на вялікай сцэне з добрым гукам — як тэрапія 

— Адчуваеш канкурэнцыю з боку іншых беларускіх музычных студый? Як рэкламуецеся і знаходзіце вучняў?

— Мая ніша — гэта мае дзеці і метады, па якіх я працую. Найбольш канкуруюць выкладчыкі, якія вучаць толькі ігры на інструменце або толькі вакалу. У нас жа большасць прыходзіць менавіта на комплексныя заняткі. 

Яшчэ я вельмі ганаруся сваімі настаўнікамі. Наш выкладчык гітары — Васіль Ярмоленка — сапраўды геніяльны чалавек. Ён знайшоў такія падыходы да маіх дзяцей, пра якія я і не думала. Тое самае бачу ў працы з іншымі вучнямі.

Выкладчыца фартэпіяна Наталля Капыцько таксама мае асаблівы падыход. Дзеці прыходзяць да яе з вялікай радасцю. Яны могуць разам піць гарбату, імправізаваць, размаўляць пра музыку.

У нас ёсць сістэма праслухоўванняў — нешта кшталту экзаменаў. Але мы не называем гэта экзаменамі. Пасля выступленняў дзеці атрымліваюць невялікія ўзнагароды — гумкі, шакаладкі. Таму яны заўсёды чакаюць гэтых сустрэч.

З рэкламай усё складана. Мы ўсе музыканты, а не маркетолагі. Таму асноўны канал — гэта «сарафан». Людзі рэкамендуюць нас сваім знаёмым.

У якасці рэкламы добра працуюць канцэрты і конкурсы. Шмат ездзім на розныя музычныя спаборніцтвы. Праз гэта вучні бачаць, што яны могуць. Для дарослых гэта яшчэ і тэрапія — паехаць на конкурс і заспяваць на вялікай сцэне з добрым гукам і стаўленнем, адчуць, што ты малайчына і зрабіў такую працу!

— Як ты ўспрымаеш студыю? Што яна для цябе? 

— Гэта справа жыцця і адначасова бізнес. Польшча падабаецца тым, што тут няма столі ў плане магчымасцяў. Я магу звярнуцца ў любы дом культуры, мець любую сцэну з любымі класнымі музыкамі, рабіць класныя праграмы, ставіць вялікія мэты і дасягаць іх. Калі ёсць ідэя — я магу яе рэалізаваць. У Беларусі такіх магчымасцяў не было. 

Да таго ж у людзей тут ёсць магчымасці зарабляць. Не ўяўляю, каб у Беларусі бацькі маглі дазволіць аддаць дзяцей у такую школу, якая ў мяне. А тут могуць. У школу ходзяць вельмі розныя дзеці, і яны не ўсе дзеці бізнесоўцаў.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *