«Да балансу ў жыцці я ішла 20 гадоў». Беларуска са спісу Forbes пра бізнес у эпоху ШІ і жанчын у IT

Фота: з архіву Любові Пашкоўскай

Любоў Пашкоўская разам з двума сузаснавальнікамі у 2013 годзе запусціла праект Red Rock Apps, які пазней пераўтварыўся ў кампанію Verv. Іх мабільны фітнес-дадатак для бегу ўсяго за пяць гадоў апярэдзіў глабальных канкурэнтаў, стаўшы адным з самых спампоўваемых у сваім сегменце ў Еўропе і ЗША — папулярнасцю ён пераўзышоў падобныя праграмы ад Fitbit і Nike. А сама Любоў увайшла ў прэстыжны рэйтынг Forbes «Europe’s Top 50 Women In Tech 2018».

Сёння беларуская айцішніца жыве на Кіпры, акрамя бізнесу выхоўвае дзвюх дачок і развівае грамадскі праект пра жаночае лідарства Lead.Learn.Love. Пра пошук балансу паміж жыццём і кар’ерай, асаблівасці прадпрымальніцтва ў эміграцыі і ролю штучнага інтэлекту Любоў Пашкоўская распавядае спецыяльна для spravy.io.

«Чароўны час» для стартапаў і выклік для сталага бізнесу

У 2021 годзе Verv уваходзіла ў топ-10 кампаній-распрацоўшчыкаў з беларускімі каранямі, а гадавая выручка кампаніі, па дадзеных Forbes, дасягала 30 мільёнаў долараў.

Фота: forbes.com

У 2023 годзе кампанія завяршыла рэлакацыю, трансфармавала бізнес-мадэль, адышла ад залежнасці ад мабільных маркетплейсаў, выбудаваўшы прамое ўзаемадзеянне з карыстальнікамі праз вэб, і пачала развіваць новыя напрамкі манетызацыі, уключаючы e-commerce. Значны ўплыў на прадукты і працэсы ўнутры кампаніі аказаў і штучны інтэлект.

— Дзякуючы ШІ за апошні час мы істотна скарацілі колькасць людзей у штаце, паколькі многія задачы цяпер вырашаюцца з дапамогай розных сэрвісаў і інструментаў. Лакалізацыя, саппорт, аналітыка, дызайн, стварэнне крэатываў, распрацоўка — усё гэта было аптымізавана, — расказвае сузаснавальніца бізнесу Любоў Пашкоўская.

Сёння ў Verv працуе каля 50 чалавек: стварэнне кантэнту стала абыходзіцца танней, аднак выраслі выдаткі на спецыялізаваныя інструменты, якія закрываюць увесь гэты спектр задач. 

Фота: verv.com

Гісторыя з Verv для Любові Пашкоўскай — гэта 10 гадоў інтэнсіўнай працы амаль без выхадных. Пасля пераезду на Кіпр у 2021 годзе беларуская прадпрымальніца свядома знізіла нагрузку, каб адаптавацца і больш часу ўдзяляць сям’і: 

— Я ўдзельнічала ў стратэгіі і ключавых наймах, але з 2022 года ў «аперацыёнку» амаль не ўваходзіла, — узгадвае Любоў.

Сітуацыя змянілася нядаўна: прадпрымальніца зноў актыўна вярнулася да «ручнога» кіравання. Яна тлумачыць гэта імклівымі зменамі на рынку і новымі выклікамі, звязанымі са штучным інтэлектам: 

— Ніводзін наёмны супрацоўнік, якім бы цудоўным менеджарам ён ні быў, не можа ў такі перыяд правесці кампанію лепей за ўласніка. Таму якраз зараз добры час для таго, каб вярнуцца. Я не ведаю, наколькі доўгім будзе гэты этап, але я вельмі глыбока пагружаная ва ўсё, што адбываецца ў маіх праектах.

На думку Любові Пашкоўскай, штучны інтэлект — гэта адначасова акно магчымасцяў і сур’ёзная пагроза:

— Апошнім часам я ўсё часцей бачу праекты, якія пачалі з нуля год ці паўтара таму, маючы каманду ў некалькі разоў меншую за нашу. Яны паспяваюць рабіць нашмат больш спраў, чым мы як сталая кампанія, — заўважае прадпрымальніца.

Фота: з архіву Любові Пашкоўскай

Пытанне ў тым, што рабіць з гэтым выклікам: будаваць бізнес з нуля ці спрабаваць рэанімаваць сталы праект з яго ўстоянымі працэсамі? Відавочнага адказу няма: 

— Для стартапаў зараз проста чароўны час, калі можна з нашмат меншымі выдаткамі стварыць нешта неверагоднае. Але я не хачу абясцэньваць тое, чаго мы дасягнулі за 10 гадоў. У нас выдатная каманда і глыбокая экспертыза ў тэхналогіях, але мы разумеем, што новыя інструменты, якія з’яўляюцца практычна штодня, даюць вельмі магутны апліфт.

Цяпер перад Любоўю стаіць складаная задача — захаваць баланс для ўжо існуючага бізнесу: 

— Трэба выдаткоўваць шмат рэсурсаў на гэтую перабудову і адначасова не страціць сваё ядро і сутнасць. Уласна, адна з галоўных прычын, чаму я вярнулася ў аперацыёнку — гэта тыя тэктанічныя зрухі і перамены, якія неабходна рэалізаваць, каб бізнес заставаўся на плаву, мог расці і адпавядаў рэаліям сучаснага рынку. Напэўна, праз 6-9 месяцаў стане больш зразумела, наколькі радыкальныя перамены спатрэбяцца. Тое, што адбываецца ўжо зараз — гэта змены бізнес-мадэлі і тэхналагічнага стэку. Аднак пакуль складана прадказаць, на чым менавіта мы спынімся: занадта хутка змяняюцца і рынак, і тэхналагічныя магчымасці на ім.

«Хацелася зрабіць нешта асобнае і для жанчын»

Калі Любоў Пашкоўская пераехала на Кіпр, яна хутка знайшла там актыўныя бізнес-супольнасці, аднак адзін нюанс кінуўся ў вочы адразу: у многіх з іх асноўную ролю адыгрывалі мужчыны-фаундэры.

— Заўважыла гэта і прыйшла да высновы, што хочацца зрабіць нешта асобнае і для жанчын, — расказвае Любоў. — Дзяўчаты самі пачалі падыходзіць да мяне з прапановамі: «А давай нешта арганізуем? Было б класна дзесьці збірацца і абмяркоўваць цікавыя рэчы». Так у канцы 2024 года нарадзілася ідэя праекта Lead.Learn.Love.

Фота: з архіву Любові Пашкоўскай

Гэта не бізнес, падкрэслівае прадпрымальніца, а ініцыятыва па прынцыпе «give-back» (аддаць узамен), бяспечная прастора для тых, хто шукае падтрымкі і зваротную сувязь:

— Мне хацелася стварыць месца, дзе можна сустрэць дзяўчат, якія праходзяць падобны шлях і сутыкаюцца з падобнымі праблемамі. Гэта бяспечная прастора, дзе цябе могуць лепш зразумець і дзе табе сапраўды хочуць дапамагчы. Мы пачалі з простых афлайн-сустрэч у Лімасоле, дзе ўдзельніцы самі галасавалі за тэмы: ад бізнесу і кар’еры да асабістага развіцця, жыцця ці выхавання дзяцей.

З часам геаграфія пашырылася — сустрэчы пачалі праводзіць у Лондане, Дубаі і Сан-Францыска. Для Любові стала нечаканасцю, што за яе дзейнасцю сочаць ва ўсім свеце:

— Самае каштоўнае — назіраць, як пасля нашых сумесных абмеркаванняў і брэйнштормінгаў у чалавека развіваецца кар’ера ці вырашаецца пытанне, якое раней здавалася невырашальным, — прызнаецца яна. — Размовы ў кам’юніці, дзе толькі дзяўчаты, атрымліваюцца нашмат больш шчырымі, глыбокімі і душэўнымі. Я нічога не маю супраць мужчын, але ў змяшаным асяроддзі дыскусія становіцца іншай — розныя ўводныя і цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся, не дазваляюць дасягнуць такой паўнаты размовы, як тады, калі мы збіраемся жаночым колам.

Фота: з архіву Любові Пашкоўскай

Для самой Любові гэты праект — яшчэ і спосаб заставацца ў тонусе, захоўваючы баланс паміж роляй ментаркі і дзейнай прадпрымальніцы:

— Я пазбягаю сітуацый, калі людзі прадаюць сваю экспертнасць як прадпрымальнікі, але самі даўно не зарабляюць ні на чым іншым, акрамя як на настаўніцтве. Мне важна самой заставацца ў ролі прадпрымальніцы. Lead.Learn.Love для мяне — гэта гісторыя пра ўклад у грамадства, а таксама выдатная магчымасць знаёміцца з яркімі асобамі і вучыцца ў іх.

«Мае дочкі будуць жыць у іншым грамадстве»

У Instagram Любоў Пашкоўская часта піша пра тое, што бачыць рэальныя змены ў стаўленні да жанчын і ўпэўнена, што яе дочкі будуць жыць ужо ў зусім іншым грамадстве. Аднак на пытанне, ці сапраўды яна разлічвае на хуткія фундаментальныя змены, прадпрымальніца адказвае асцярожна:

— Такія змены не могуць адбывацца імгненна, — кажа Любоў. — Але я бачу вельмі добрыя зрухі. Напрыклад, дзяўчаты ўжо ведаюць, што ім схільныя заніжаць зарплату ў параўнанні са спецыялістамі-мужчынамі такога ж узроўню, і, ведаючы пра гэта, вельмі актыўна і паспяхова адстойваюць свае правы. Многія кампаніі таксама пачынаюць глядзець на гэтыя ініцыятывы і ўкараняць іх у жыццё.

Фота: з архіву Любові Пашкоўскай

Па словах Любові, у яе асяроддзі адбываецца глыбокі зрух парадыгмы: жанчыны ўсё часцей задумваюцца пра сваю ролю ў свеце не з пазіцыі страху або грамадскіх нормаў, а зыходзячы са сваіх унутраных жаданняў.

— Гэта вельмі важныя пытанні: што такое лідарства асабіста для мяне, чаму я хачу будаваць кар’еру ці бізнес, што для мяне шчаслівае жыццё? Добра, што мужчыны таксама пачынаюць пра гэта задумвацца, яны гатовыя больш цаніць пазіцыю жанчын і іх выбар — так з’яўляюцца парасткі больш здаровага грамадства.

Фота: instagram.com/lubapa

Пры гэтым прадпрымальніца захоўвае здаровы скепсіс, прызнаючы, што яна можа знаходзіцца ў пэўным «бабле» людзей з высокім узроўнем усвядомленасці:

— Магчыма, гэта толькі ма «бурбалка», і мільярды людзей працягваюць жыць, змагаючыся за базавыя рэчы. Я не бяруся ацэньваць маштаб гэтых працэсаў у глабальным сэнсе. Але тое, што я бачу ў сваім атачэнні, мне вельмі падабаецца: куды ідуць сучасныя людзі, лідары, сучасныя дзяўчаты. І так, я думаю, што мае дзеці дакладна будуць жыць ужо ў іншым свеце, чым той, у якім я пачынала будаваць сваю кар’еру 20 гадоў таму. Сам вектар руху мяне вельмі радуе.

«Мая сям’я будзе асацыяваць сябе з Беларуссю»

У сваіх прафесійных профілях побач з дасягненнямі Любоў заўсёды пазначае, што яна беларуска. Для яе гэта пазнака ідэнтычнасці і ўдзячнасці:

— Я была беларускай і ёй застаюся, гэта мая радзіма, мая родная краіна. Мяне вельмі шмат што звязвае з Беларуссю: там жыве шмат хто з маёй сям’і, у тым ліку мая бабуля, якой 103 гады. Там жывуць мае бацькі і многа блізкіх і дарагіх мне людзей, — дзеліцца прадпрымальніца.

Фота: instagram.com/lubapa

Па словах Любові, менавіта Беларусь стала падмуркам для яе прафесійнага старту:

— Гэта і добрая адукацыя: я там заканчвала ўніверсітэт і магістратуру. Я рана пачала працаваць і цяпер разумею, што тыя магчымасці, якія былі мне даступныя — калі людзі былі згодныя ў добрай кампаніі браць студэнта без ніякага досведу — сталі рэальнасцю дзякуючы таму, што рынак быў на ўздыме, а IT-індустрыя развівалася вельмі хутка. Там жа я заснавала свой першы стартап, які вырас у паспяховы бізнес і там мы знайшлі вялікую колькасць цудоўных супрацоўнікаў, многія з якіх да гэтага часу з намі і выдатна сябе паказваюць.

Фота: з архіву Любові Пашкоўскай

Любоў падкрэслівае, што адчувае сябе часткай беларускай культуры і імкнецца, каб гэтая сувязь заставалася ў яе сям’і:

— Абсалютна ўпэўненая, што чалавек павінен добра ведаць свае карані. Ёсць нават даследаванні, паводле якіх людзі, якія ведаюць гісторыю сваёй сям’і, продкаў і радзімы, жывуць даўжэй. Вельмі шмат расказваю дзецям пра іх радзіму і ўпэўненая, што і надалей мая сям’я будзе асацыяваць сябе з Беларуссю, дзе б мы ні жылі далей. Так, сёння свет прапануе нам шмат розных магчымасцей, і бываюць перыяды, калі плануючы жыццё ты можаш зыходзіць з бізнес-інтарэсаў ці адукацыі для дзяцей, але ніколі не трэба забываць свае карані.

«Не трэба сеяць ілжывыя надзеі, што ты можаш паспяваць усё і адразу» 

Любоў часта піша пра баланс і важнасць быць сабой, але прадпрымальніца і маці катэгарычна супраць стварэння ілюзіі лёгкага поспеху. Яна адкрыта прызнаецца: сённяшні стан гармоніі — гэта вынік доўгага і складанага шляху:

— Зараз неверагодна задаволеная тым, як уладкавана маё жыццё. Я адчуваю сябе ў абсалютным балансе, мне ўсё падабаецца. Але да такога стану я ішла як мінімум апошнія 20 гадоў. Большасць з гэтых гадоў у мяне быў вельмі сур’ёзны фокус на самых важных для мяне рэчах, у той час як іншыя бакі жыцця проста пакутавалі, — дзеліцца прадпрымальніца.

Фота: з архіву Любові Пашкоўскай

Па словах Любові, яе «сакрэт» быў у перыядычных, але жорсткіх прыярытэтах:

— Веру ў глыбокі фокус літаральна на 1–2 рэчах адначасова, каб дасягнуць выніку. З моманту пачатку кар’еры я была вельмі сфакусаваная на бізнесе. Гэта прынесла свае плён, але запатрабавала вялікай колькасці высілкаў на працягу доўгага часу. Да таго ж, сумяшчаць бізнес і мацярынства было неверагодна цяжка. Першыя гады часу не хапала ні на што, акрамя гэтых двух прыярытэтаў. Нават у адпачынак мы ездзілі без нянь, таму што лічылі, што ўвесь вольны час бацькі, якія шмат працуюць, павінны прысвячаць дзецям. І вось, здавалася б, пасля гэтага этапу павінен надысці час для сябе, але доўгія гады гэтага часу проста не было.

Пераломны момант надышоў тады, калі Любоў усвядоміла: адзін толькі кар’ерны поспех не робіць яе шчаслівай.

Фота: instagram.com/lubapa

— Зразумела, што не адчуваю сябе шчаслівай, што ў мяне не хапае часу на сябе, што я адчуваю сябе не самай добрай маці і не самай паўнавартаснай жанчынай. Тады я задала сабе пытанне: «Што для мяне значыць жыць жыццём, якое мне падабаецца? Што мне патрэбна для шчасця?» Гэта былі некалькі вельмі карысных гадоў, падчас якіх я правільна перабудавала прыярытэты. Прычым гэта не кароткатэрміновыя рэчы — я думаю пра прыярытэты ў перспектыве як мінімум некалькіх гадоў.

Сённяшні падыход Любові — гэта ўменне чуць сябе і не распыляцца:

— Часта кажу дзяўчатам у сваёй групе: калі б вы бачылі мяне 5 ці 10 гадоў таму, вы б не падумалі, што я чалавек, які спасціг дзэн. Я кажу пра гэта адкрыта, каб не сеяць ілжывыя надзеі, што ты можаш паспяваць усё і адразу. Мой падыход — выбраць 1–3 самыя галоўныя напрамкі на найбліжэйшыя гады і выразна ісці да мэты. Гэта можа быць сям’я, бізнес ці здароўе. Важна чуць сябе, ісці за тым, што табе сапраўды патрэбна, і не мяняць прыярытэты занадта часта. Бо немагчыма пабудаваць крутую кар’еру, выгадаваць дзяцей ці стварыць сям’ю за адзін год — гэта марафон, а не спрынт.

«Вучыцеся неабходным навыкам за чужы кошт»

Калі ў Любові просяць параду для беларускай эмігранткі, якая хоча адкрыць уласную невялікую справу — напрыклад, кавярню ці студыю ёгі, — яна падкрэслівае: хоць яна і будуе міжнародныя кампаніі, прынцыпы прадпрымальніцтва застаюцца ўніверсальнымі.

— Я ніколі не займалася лакальным бізнесам, таму ведаю пра яго мала. Але галоўнае, што варта разумець: уласны бізнес патрабуе вялікіх інвестыцый. Я кажу не толькі пра грошы, а перш за ўсё пра час, эмацыйны, псіхічны, фізічны і інтэлектуальны рэсурс. Не варта мысліць катэгорыямі некалькіх месяцаў, трэба разумець, што давядзецца ўкласці мінімум некалькі гадоў свайго жыцця, — адзначае прадпрымальніца.

Фота: instagram.com/lubapa

Любоў раіць падыходзіць да справы як да стратэгічнага праекту:

— Трэба выразна разумець бізнес-мадэль і мець план: колькі грошай і часу вы ўкладзеце і калі чакаць першых вынікаў. Абавязкова прадумайце «план B», «план C» і «план D». Калі няма вялікай фінансавай падушкі, найбольш выйгрышны і менш рызыкоўны шлях — сумяшчаць бізнес з наймам. Спачатку вучыцеся неабходным навыкам за чужы кошт, набівайце гулі там, а ўжо потым укладайце свае грошы ва ўласнае прадпрыемства. Вучыцца за свае грошы — гэта больш дорага і рызыкоўна.

Прадпрымальніца робіць асаблівы акцэнт на экспертызе і партнёрстве:

— Трэба добра разбірацца ў тым дамене, у які вы ідзяце. Калі я аналізую свой поспех з партнёрамі, я разумею: у нас была ўся патрэбная экспертыза — ад распрацоўкі і маркетынгу да пабудовы прадуктаў. Гэта было сканцэнтравана паміж фаўндарамі. Таму ідэальна, калі вы ўжо папрацавалі ў гэтай нішы ў найме. І, вядома, шукайце партнёраў. Прадпрымальніцтва — гэта настолькі складана, што выдатна, калі эмацыйную і псіхалагічную нагрузку вы падзяляеце з кімсьці іншым. Калі ў вас ёсць «другое плячо», якое падхопіць працу, пакуль вы займаецеся сям’ёй ці здароўем — гэта здымае велізарны пласт рызык. Калі ты адзін, падзяліць адказнасць няма з кім, і гэта ў разы цяжэй.

Фота: з архіву Любові Пашкоўскай

Любоў таксама нагадвае пра галоўныя складнікі поспеху:

— Немагчыма даць адну параду, але гэта заўсёды пра веру ў сябе, падтрымку правільных людзей побач і надзейны тыл — людзей, якія вераць у вас і гатовыя падтрымаць у складаныя моманты.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *