«Штодзень з’яўляецца новае заданне». Беларус стварыў сайт, дзе можна бясплатна гуляць у беларускія словы

Беларускі франтэнд-распрацоўшчык Алесь Дробыш запусціў платформу SLOVY.GAMES, дзе можна штодня гуляць у слоўныя гульні па-беларуску.
«Справы» даведаліся, як ствараўся праект і ці збіраецца аўтар зарабляць на беларускіх словах.

Цяпер на пляцоўцы дзве гульні — «Валошка» і «Побач», і кожны дзень з’яўляецца новае заданне. Гуляць можна бясплатна і без рэгістрацыі — дастаткова проста адкрыць сайт у браўзеры на тэлефоне або камп’ютары.
Сутнасць «Побач» у тым, што трэба адгадаць загаданае слова дня. Гульня паказвае не супадзенне напісання, а сэнсавую блізкасць — чым меншы нумар, тым бліжэй ваш варыянт да адказу.

«Валошка» — гэта гульня, дзе з сямі літар трэба скласці як мага больш беларускіх слоў. Цэнтральная літара абавязковая і мусіць быць у кожным слове, таксама словы павінны складацца мінімум з чатырох літар.

Як узгадвае Алесь, усё пачалося са стварэння сайта з гульнёй «Побач»:
— Ідэя прыйшла, калі я гуляў у CONTEXTO і падумаў: ці атрымаецца зрабіць такую ж гульню на беларускай мове? У выніку атрымалася.
SLOVY.GAMES Алесь Дробыш распрацоўвае і падтрымлівае разам з жонкай, якая гуляе ў словы кожны дзень і дзеліцца водгукамі.

Абедзве слоўныя галаваломкі пабудаваныя на адкрытых лінгвістычных даных з рэсурсаў bnkorpus.info і verbum.by. Найбольш тэхналагічна складаная з іх — «Побач», дзе трэба адгадваць схаванае слова паводле семантычнай блізкасці:
— У асобным дапаможным праекце на Python з выкарыстаннем бібліятэк для NLP і вялікіх моўных мадэляў сабраны слоўнікавы запас каля 88 тысяч беларускіх слоў. Для кожнага слова пабудаваны семантычны вектар, і ўсе даныя спакаваныя так, каб гульня працавала на бясплатным тарыфе воблачнага правайдара, — тлумачыць Алесь.

Гульні прызначаныя для ўсіх, хто любіць беларускую мову і штодзённыя інтэлектуальныя забаўкі. Але наведвальнасць рэсурсу пакуль сціплая:
— Пасля публікацыі на CityDog на мінулым тыдні на сайт заходзіць некалькі дзясяткаў сталых наведвальнікаў у дзень, пераважна з Беларусі і Польшчы, а таксама з ЗША, Літвы і Германіі. А я не медыйная асоба, таму пакуль шукаю аўдыторыю, — кажа распрацоўшчык.
SLOVY.GAMES для Алеся — гэта хобі і асабісты праект, дзе можна рэалізаваць уласныя ідэі і рабіць нешта карыснае для людзей, якія любяць беларускую мову і слоўныя гульні. Платформа цалкам бясплатная: на сайце няма ні рэкламы, ні платнай падпіскі, ні ўнутраных пакупак, ні кнопкі «купіце кавы». І зарабляць на пляцоўцы аўтар не плануе:
— Манетызацыі няма і, спадзяюся, не будзе. Пакуль колькасць наведвальнікаў невялікая, атрымліваецца ўкладвацца ў ліміты бясплатнага тарыфу воблачнага правайдара. Калі раптам праект стане вірусным, то давядзецца нешта прыдумляць.

Алесь плануе і далей развіваць пляцоўку з беларускімі слоўнымі гульнямі: удасканальваць ужо наяўныя, а таксама дадаваць новыя.
— Дарожнай карты няма, бо праект застаецца хобі. Тэмп развіцця вызначаецца тым, колькі свабоднага часу і сілаў атрымліваецца ўкласці.
Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.