«Звычайна такім дзецям наканавана жабраваць». Беларуска ў Індыі валанцёрыць у хрысціянскай школе-інтэрнаце для невідушчых дзяцей

Фота: youtube.com/@christianmagazin

Амаль 11 гадоў ураджэнка Беларусі Святлана Саўчук разам з мужам Раджам жыве ў невялікім індыйскім горадзе Куч-Біхар. Там яна апекуецца дабрачыннай хрысціянскай школай-інтэрнатам для сляпых дзяцей і дзяцей з псіхафізічнымі парушэннямі. Яе гісторыю распавядае хрысціянскі часопіс «Благодать».

Паводле Святланы, у Індыі ва ўмовах глыбокай галечы і нізкага ўзроўню адукацыі дзіця з асаблівасцямі развіцця становіцца для бедных сем’яў непад’ёмным цяжарам. У бацькоў часта няма грошай нават на ежу, не кажучы ўжо пра лекараў і спецыяльнае навучанне.

Фота: youtube.com/@christianmagazin

Звычайна такія дзеці становяцца жабракамі, але школа Святланы і Раша дае ім шанец атрымаць адукацыю і стаць самастойнымі членамі грамадства.

Сёння ў школе навучаюцца 70 выхаванцаў — арганізацыя зарэгістравана як дабрачынная і не бярэ з бацькоў плату за навучанне.

Фота: youtube.com/@christianmagazin

— У Індыі нават відушчаму чалавеку з адукацыяй знайсці працу няпроста. Што ўжо казаць пра сляпых людзей. Менавіта таму наша школа для іх — адзіная надзея. Бо ў большасці з нашых вучняў фінансавае становішча ў сям’і сапраўды гаротнае.

У школе дзеці вучацца да 8 класа ўключна. Потым яны застаюцца жыць у хостэле пры інтэрнаце, але пераводзяцца ў гарадскія інклюзіўныя школы. Гэта дазваляе дзецям навучыцца жыць сярод відушчых людзей.

Таксама школа дапамагае лепшым вучням паступіць у каледжы. Тым, каму навучанне даецца складаней, падбіраюць курсы для асваення рабочых прафесій.

Фота: youtube.com/@christianmagazin

Акрамя асноўных прадметаў, дзеці ў школе вывучаюць Святое Пісанне, вучацца маліцца і жыць хрысціянскім жыццём. Хаця 90% вучняў — з сем’яў, якія вызнаюць індуізм. Паводле Святланы, гэта часам прыводзіць да складаных сямейных канфліктаў:

— Для гэтых дзяцей быць у школе — адзіная магчымасць даведацца пра Ісуса Хрыста як пра Збавіцеля. Вядома, спазнаваць Адзінага Бога дзецям няпроста, бо ўплыў сям’і ніхто не адмяняў. Зярняткі веры, трапляючы ў іх сэрцы, прарастаюць. Але адзін толькі Бог ведае, якой цаной. Толькі Гасподзь бачыць усе буры і бітвы ў гэтых маленькіх сэрцах. Камусьці з нашых падапечных удаецца абараніць парастак веры, а ў кагосьці ён ламаецца.

Фота: youtube.com/@christianmagazin

Школай кіруюць сужэнцы сумесна: Радж адказвае за агульнае кіраванне, а Святлана — за працу са спонсарамі, справаздачнасць і прыцягненне фінансавання.

Фота: youtube.com/@christianmagazin

Таксама беларуска запусціла два праекты для развіцця — пякарню і школу вязання кручком.

Фота: youtube.com/@christianmagazin

— У пякарні разам са сляпымі дзяўчатамі вучымся пячы хлеб, кексы і булачкі. Тое, што прыгатавалі, самі ямо. Але часам бываюць і сапраўдныя заказы з аплатай. Гэта натхняе дзяўчат працаваць яшчэ руплівей. Кручком вяжуць 10 дзяўчат, чацвёра з якіх цалкам сляпыя — вырабляем невялікія сумачкі для мабільных тэлефонаў і плануем іх прадаваць.

Фота: youtube.com/@christianmagazin

Святлана кажа, што выпускнікам школы-інтэрната значна цяжэй у звычайным жыцці, бо не кожную працу яны могуць выконваць. Але, тым не менш, некаторыя з іх сталі настаўнікамі, работнікамі паштовых аддзяленняў, супрацоўнікамі банкаў і фізіятэрапеўтамі.

— Мы робім усё магчымае, каб дзеці, якімі мы апекуемся, змаглі атрымаць адукацыю і ўладкаваць сваё жыццё. Мы молімся, любім, клапоцімся, стараемся максімальна даць ім розныя жыццёвыя навыкі, каб аднойчы яны змаглі жыць самастойна і ні ад каго не залежалі.

Фота: youtube.com/@christianmagazin

Напісаць каментар

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *