«Мая кніга каштуе €20 — гэта шмат». Насця Рагатко расказала, колькі можа зарабіць на самвыдаце

Журналістка і спецыялістка па камунікацыях Насця Рагатко напісала і самастойна выдала кнігу «Насі з сабой» — іранічны аўтафікшн з апавяданнямі, «ад якіх захочацца жыць з прыняццем таго, хто ты і адкуль».
«Справы» распыталі аўтарку пра досвед самвыдату і пра тое, колькі грошай можа зарабіць пісьменнік у эміграцыі.
«Хацелася пачытаць такую кнігу, напісаную кімсьці іншым»
— Як узнікла ідэя напісаць кнігу?
— Я беларуска, хоць нарадзілася ў Расіі і правяла дзяцінства ва Украіне. Часам праз гэта іншыя беларусы «выпісваюць» мяне з беларусаў, але я з такім падыходам не згодная.
Працавала ў беларускіх медыя, была галоўнай рэдактаркай KYKY.org, будавала камунікацыі ў офісе Святланы Ціханоўскай, была сузаснавальніцай агенцтва стратэгічных камунікацый. Але цяпер паўсюль пазвальнялася.

Калі мінула пяць гадоў маёй эміграцыі, то вырашыла, што з гэтым трэба нешта рабіць — і напісала кніжку. Хацелася заархіваваць гісторыі гэтага часу, але напісаць іх з іроніяй, лёгкасцю і любоўю. Каб ад чытання не хацелася памерці ці ўсё жыццё сябе шкадаваць, а каб удалося знайсці каштоўнасць і радасць у тым, каб быць беларусам і праходзіць увесь гэты шлях.
Шчыра кажучы, вельмі хацелася пачытаць такую кнігу, напісаную кімсьці іншым — каб чытаць і думаць: «Гэта ж цалкам пра мяне!». Здаецца, атрымалася, бо я часта атрымліваю водгукі, што «нарэшце прачытаў нешта, што напісана проста знутры майго досведу». Мяне гэта вельмі цешыць.
— Колькі пісалася кніга?
— Пяць месяцаў. Пасля на месяц раздала рукапіс фокус-групе з сяброў, каб яны пачыталі, далі водгукі і дапамаглі зразумець, як пазіцыянаваць кнігу перад выхадам. Потым месяц адпачывала ад тэксту, перад тым, як заняцца рэдагаваннем, вычыткай і вёрсткай.
— Якія магчымасці ёсць у беларусаў для выдання кніг?
— Магчымасці бязмежныя, абмежаваны толькі рэсурсы. Можна надрукаваць велізарны тыраж ці маленькі, можна друкавацца ў выдавецтве ці самастойна, можна атрымліваць нумар ISBN або без яго.

Мой шлях — самавыдат, каб самастойна прымаць рашэнні наконт рэдактуры і фінансаў. Я не хацела, каб хтосьці іншы вызначаў падачу кнігі, апісваў яе гісторыю, прыдумваў за мяне вокладку і г. д.
Акрамя таго, я бачу, што беларускім выдавецтвам у эміграцыі даводзіцца цяжка. У іх абмежаваная прапускная здольнасць — яны могуць надрукаваць толькі пэўную колькасць кніг на год. Плюс у іх фокус — выдаць кнігу, а на прасоўванне няма сіл, часу, а можа нават і разумення, што гэта таксама іх праца.
Таму я зразумела, што выдавецтвы ў эміграцыі не дапамогуць мне з дыстрыбуцыяй, а гэта менавіта тое, чаго я сама не ўмела рабіць. Але давялося навучыцца.
— Ці складана аўтару-пачаткоўцу патрапіць у выдавецтва?
— Думаю, так. У выдавецтваў свае магчымасці, інтарэсы і чарга. Нават калі рукапіс ім спадабаецца, вам могуць сказаць, што надрукуюць кнігу толькі праз год ці два. Калі задавальняе такі таймлайн — можна пісаць трохі «ў стол» і чакаць.

Такія тэрміны мне не пасавалі, таму ў студзені 2025 года я пачала пісаць, а ўжо ў лістападзе стартавалі продажы кнігі. А ў лютым 2026 года друкаваўся наступны тыраж, бо першы добра пайшоў.
«Даход ад кнігі перавысіў усе выдаткі ў 6–7 разоў»
— Колькі каштуе надрукаваць кнігу?
— Друк тыражу ў 1000 асобнікаў каштаваў каля 1500 еўра. Яшчэ прыблізна столькі ж пайшло на іншыя выдаткі: падпіскі на сэрвісы для вёрсткі і стварэння візуалаў, аплату здымак буктрэйлера, працу фатографа для вокладкі, а таксама працу маёй партнёркі, якая дамаўлялася з кнігарнямі, медыя і рассылала прэс-рэлізы. Сваю ўласную зарплату я ў выдаткі не закладала.
Мая кніга ў сярэднім каштуе 20 еўра і кошт залежыць ад краіны — для кнігарняў у Варшаве, Лондане і Нью-Ёрку цэны адрозніваюцца. Але ўсё роўна гэта даражэй за звычайны цэннік кніг, якія выходзяць у выдавецтвах. 20 еўра для кнігі ў мяккай вокладцы і без ілюстрацый — гэта шмат, але я не была гатовая ставіць менш. Перш за ўсё з цікаўнасці: а ці можна зарабляць на кнізе? Па-другое, не хацелася абясцэньваць працу: паўгода на стварэнне і рэдактуру тэксту і яшчэ столькі ж на падрыхтоўку да друку, запуск, сайт, прэс-рэлізы і кантэнт пра кнігу. Не хацелася рабіць гэтую працу неістотнай — быццам яна не мусіць аплачвацца.

Але асабіста мне ніхто яшчэ не выказваў прэтэнзій наконт высокага кошту. Так, некаторыя кнігарні папярэджвалі, што столькі каштуюць кнігі ўжо вядомага аўтара Сашы Філіпенкі. І што яны баяцца кнігу не прадаць, бо яны ж да маёй аптовай цаны яшчэ дадаюць сваю нацэнку. Але потым кнігарні бралі пару асобнікаў на пробу, бачылі, што кніга прадаецца, і замаўлялі яшчэ.
— Ці можна на гэтым зарабіць?
— Паколькі я не дзялюся працэнтамі з выдавецтвам, то ў мяне застаецца 100% прыбытку.
Перад выданнем палічылі: каб адбіць выдаткі, трэба прадаць прыблізна 180 кніг па 20 еўра праз уласны сайт. Але ў выніку даход ад кнігі перавысіў усе выдаткі ў 6–7 разоў, а прыбытак апынуўся большым у 4–5 разоў за выдаткі.

З двух тысяч надрукаваных асобнікаў першы наклад (1000 штук) ужо прададзены цалкам. Ад другога тыражу дома засталася дзесьці палова каробак — каля 400–450 кніг. Астатнія альбо прададзеныя, альбо знаходзяцца на рэалізацыі ў крамах.
Так што зарабляць на кнігах можна — асабліва калі ты аднойчы стварыў інтэлектуальны прадукт і можаш працягваць прадаваць яго тыражамі.
Калі ж проста выдаць адзін маленькі тыраж, то мова ідзе пра акупнасць выдаткаў: можна надрукаваць 300 асобнікаў, прадаць і на гэтым спыніцца. І гэта таксама будзе суперпоспехам, бо вы не патрацілі больш, чым зарабілі.

Мне ж ад пачатку хацелася стварыць прэцэдэнт і паказаць, што самавыдатам можна выдаць кнігу, якая будзе настолькі фінансава паспяховай, што забяспечыць уласныя пераклады на іншыя мовы. Хацелася, каб у кнігі было доўгае жыццё. Бо многія класныя беларускія кнігі, якія мне вельмі падабаюцца, на жаль, цяпер немагчыма знайсці ў продажы: альбо шукаеш зацёртую друкаваную версію ў сяброў, альбо пірацкую копію на Флібусце з пабітай вёрсткай.
З заробленых грошай я ўжо патраціла каля €2000 на пераклад цалкам усёй кнігі на англійскую і некалькіх раздзелаў на польскую мову — каб пітчыць выдавецтвам. Але адказу ад выдавецтваў і кніжных агентаў я яшчэ не атрымала, таму англійскую версію буду выдаваць самастойна. Не ведаю, як гэта рабіць, але давядзецца разабрацца.
— Ці можна пражыць за кошт напісання кніг?
— Спрабую выбудаваць вакол аўтарства такую інфраструктуру, каб з гэтага можна было жыць. Але пакуль зарабляць столькі, каб у Еўропе на гэта жыць, у мяне яшчэ не атрымалася. Але я мяркую, што трэба не спыняцца, перавыдаваць гэтую кнігу, а таксама і пісаць новыя.

Але кнігі — гэта грошы, але доўгія. Вы мусіце выдаваць кнігі, і яны будуць паступова дапамагаць адна адной, нарошчваць ваш сацыяльны капітал аўтара.
Мне кажуць, што наклад у 1000 асобнікаў — гэта поспех. Але ў Еўропе жывуць сотні тысяч імігрантаў з нашых краін, і мне падаецца, што столь значна вышэйшая. Проста мы пакуль толькі вучымся працаваць у новай рэальнасці.
«Беларускамоўная версія будзе каштаваць танней»
— Як вы прасоўвалі кнігу?
— Назва, вокладка, анатацыя на адвароце кнігі — гэта ўжо маркетынг. Усё гэта мусіць прыцягваць увагу мэтавага чытача, выклікаць жаданне купіць кнігу.
Мая вокладка атрымалася цялесная, інтымная. Яна ўвасабляе ідэю таго, што гісторыі пакідаюць сляды на нас, як татуіроўкі на скуры. Я адразу хацела, каб у загалоўку быў дзеяслоў — гэта заклік да чытача насіць кнігу з сабой і чытаць у самых розных сітуацыях: у самалётах, чытаючы ўголас старэнькім бацькам ці адпраўляючы ўрыўкі каханкам, мужам, жонкам, далёкім братам і сёстрам.

Наогул, ключавая гісторыя прасоўвання была ў тым, што мая кніга — гэта спосаб пагаварыць ці з сабой, ці адзін з адным. І здаецца, гэта працуе.
Паколькі кніга выйшла ў самвыдаце, прафесійная літаратурная медыясупальнасць не надала ёй вялікай увагі. Па сутнасці я працую па мадэлі B2C: прадаю кнігу наўпрост чытачу, у абыход літаратурных аб’яднанняў. Таму ключавым рухавіком продажаў сталі прамыя водгукі ад чытачоў, а не літаратурная крытыка. Я ўсюды падкрэсліваю: дзяліцеся ўражаннямі, публікуйце фота з кнігай. І гэтая зваротная сувязь дапамагла кнізе вылучыцца з цэлай плеяды эмігранцкай літаратуры.

— На якой мове лепш пісаць кнігу?
— На якой вам марыцца, думаецца і мацюкаецца. Пішу па-руску не праз ідэалагічную пазіцыю. Я шмат у жыцці пісала і рэдагавала тэкстаў па-беларуску, але выціснуць з сябе мастацкі тэкст аб’ёмам у цэлую кнігу на глыбокім узроўні я здольная толькі на рускай мове.

Хутка мая кніга выйдзе і на беларускай мове — у перакладзе ад выдавецтва «Логвінаў». Я ім за гэта вельмі ўдзячная. Да таго ж у выдавецтва свая цэнавая палітыка, таму беларускамоўная версія будзе каштаваць танней.
Мне падаецца важным, каб кнігі былі і на беларускай, і на рускай мовах. І калі для некаторых мова — гэта ідэалагічная і каштоўнасная рамка, то для мяне — магчымасць дацягнуцца да большай колькасці людзей. Калі вы хочаце праз кнігу размаўляць яшчэ і з расіянамі, украінцамі, расказаць нейкай колькасці людзей не з Беларусі пра Беларусь, то трэба выдаваць версіі на іншых мовах.

Я ўжо атрымала некалькі прапаноў перакласці кнігу на розныя мовы, але гэта пакуль не ператварылася ў кантракты ці дамоўленасці. Адна чытачка нават прапаноўвала перакласці «Насі з сабой» на ўкраінскую мову, але я сумняюся, што ўкраінскім выдавецтвам цяпер цікава публікаваць беларусаў. Але калі я памыляюся, то буду толькі радая, бо маё дзяцінства прайшло ва Украіне і для мяне гэта вельмі важная краіна.
— Ці плануеце пісаць другую кнігу?
— Пакуль я напісала адну кнігу, сама яе выдала, і мне гэта спадабалася. Калі знайду магчымасць зрабіць гэты працэс фінансава ўстойлівым, то абавязкова працягну.

Сёння ў мяне яшчэ ёсць чым заняцца з першай кнігай, і гэта займае шмат часу. Другую кнігу задумваю, але нічога яшчэ не пісала — мне пакуль проста падабаецца пра яе разважаць.
— Што зробіце па-іншаму?
— Як аўтар — паспрабую ўсё зрабіць па-іншаму. А вось з пункту гледжання паблішынгу мне здаецца, што цяпер зроблена шмат добрага і класнага, і гэта трэба паўтарыць.

Магчыма, адразу буду думаць пра тое, каб тэкст да моманту выхаду па-руску быў даступны і на іншых мовах таксама. Але важна, каб для гэтага былі фінансавыя магчымасці.
— Што параіце людзям, якія мараць напісаць сваю кнігу?
— Пісаць у любым выпадку! Часам на прэзентацыях мяне пытаюцца, як на гэта рашыцца. Я пачала ў найбольш чорны перыяд жыцця, і напісанне кнігі стала для мяне тэрапіяй, сэнсам прачынацца раніцай і засынаць увечары. На той момант я была без працы і без дакументаў — у працэсе чакання легалізацыі. Было вельмі цяжка, я мала на што ў сваім жыцці ўплывала, але магла хадзіць, прыдумваць персанажаў і запісваць гісторыі. І гэта вельмі моцна мяне падтрымлівала.
Калі людзі мараць пра ўласную кнігу, то ўяўляюць больш рамантычны шлях за той, які апынаецца ў рэальнасці. Але калі вы дапішаце кнігу да канца і яна выйдзе ў свет, то вы атрымаеце ад сусвету водгук — зваротную сувязь ад чытачоў. І менавіта вы станеце прычынай, чаму гэтыя імпульсы з’явіліся ў свеце. Гэта каштоўна і крута, гэта робіць вас незвычайна жывымі. Усім гэтага жадаю!

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.