«Зефір — слабое месца беларусаў, і мы па ім б’ем». Сямейная пара беларусаў з Познані не спіць па начах, каб прадаваць настальгію

Анатоль працуе кур’ерам, Маргарыта — у фондзе, які дапамагае ўкраінцам. Вольны час яны прысвячаюць маленькаму сямейнаму бізнесу: робяць зефір, шакаладную каўбасу, вялікія цукеркі — і прадаюць беларусам пад брэндам «Каларыт».
Пра тое, як гэта — абеларушчваць слодычы, саромецца ставіць на свае прадукты высокія кошты і ўвесь час эксперыментаваць — Анатоль Глембоцкі расказаў у размове са spravy.io.

Гэта ж мы беларусам прадаем, адкуль у іх грошы?
— З чаго пачаўся «Каларыт»?
— Да 2020 года я быў у першай працоўнай эміграцыі ў Ізраілі. Было сумна без хобі — толькі цяжкая праца і дом. Калі ўзгадваў пра Беларусь, то думаў і пра тое, што хочацца мець нешта сваё. А я вельмі любіў SYMBAL.BY і марыў пра нешта падобнае — краму з цішоткамі і рэчамі для прабеларускага чалавека.

Але вярнуўся ўжо не ў тую Беларусь, дзе можна было адкрыць такую краму. Праз нейкі час разам з жонкай з’ехалі ў Польшчу, і я ўзгадаў пра жаданне мець нешта сваё, беларускае. Вырашыў, што галоўнай платформай будзе Instagram, і пачаў рабіць цішоткі з самымі простымі прынтамі — арнаментамі, «Пагонямі», бульбай, валошкам і г.д.
— Яны карысталіся попытам?
— На той час я абсалютна не ўмеў прасоўваць прадукт: не разумеў ні як здымаць відэа, ні як рабіць рэкламу. Нават не ведаў, ці патрэбна гэта людзям увогуле. І не дзіва, што справа ішла так сабе, але па некалькі цішотак у месяц прадаваў.

Так мінуў год: мае цішоткі нічым асаблівым не выдзяляліся сярод тых, хто таксама робіць адзенне з беларускімі прынтамі. Але аднойчы заўважыў, што жонка нешта вышывае — папрасіў яе зрабіць дзесяць такіх вышывак. Так пачаўся новы этап з вышыванымі малюнкамі, але праз нейкі час я згубіў цікавасць да цішотак. Не праз канкурэнцыю, а таму што гэта было вельмі проста, а мне хацелася нечага большага.
Ну і ўзяліся за большае: намучыліся, выпускаючы абмежаваным накладам торбы.

Потым спрабавалі з кофтамі: жонка вышыла 8 штук і сказала: «Досыць!» Бо каб вышыць адну кофту — трэба працаваць 5 гадзін на дзень цягам тыдня.

— Колькі каштавала такая кофта? Ці варта гэта было ўкладзеных высілкаў?
— Не варта. Бо праз беларускую сціпласць і сарамлівасць мы не можам ставіць высокія кошты — ну бо гэта ж мы беларусам прадаем, адкуль у іх грошы?
Вышываную кофту, якая рабілася 20-30 гадзін, прадавалі максімальна за 180 злотых. Нам казалі, што такая рэч каштуе 300-400 злотых. У сэнсе? Кофта будзе каштаваць 100 долараў? Ну і што, што мы яе рабілі тыдзень ці два, але не можам столькі за яе прасіць!

Нашы цішоткі каштавалі 70 злотых і акупаліся. Але з торбамі і кофтамі — тым, што хацелася рабіць, — мы хутка стаміліся ад складанага працэсу і ад таго, што часам з-за нейкай памылкі марнаваліся гадзіны працы, а вырабы даводзілася выкідаць. Гэта таго не каштавала, і мы закінулі гэтую справу.
Сантымент, незразумелы палякам
— Таму пераключыліся на гастранамію?
— І зноў-такі дзякуючы жонцы: яна вельмі хацела навучыцца рабіць зефір, брала ўрокі, і нарэшце ў яе атрымалася. Адзін раз, другі — смачна! Дык чаму б не паспрабаваць паставіць на паток? Прыдумаў упакоўку і назву, так і пайшло.
І да цішотак, якія на той момант яшчэ прадаваліся праз наш Instagram, дадаўся зефір з назвай «Пазнаньскія пацалункі» — бо на той момант мы пераехалі з Беластока ў Познань.

Зефір стрэльнуў: пазнаньскія беларусы пачалі яго набываць у якасці падарунка сябрам па ўсім свеце: «Глядзі — зефір з майго горада, але па-беларуску!» Таму сёння наш зефір добра ведаюць ў Познані, бо ён важны для мясцовых беларусаў.
Зефір хутка стаў візітоўкай нашага брэнду, а праз яго папулярнасць мы адышлі ад цішотак і кофт, бо стала цікава займацца салодкасцямі.

Зефіру нам было мала. Таму з’явілася шакаладная каўбаса, да якой у беларусаў таксама ёсць настальгія і якую таксама можна ўпакаваць па-беларуску. Каўбаса таксама стрэльнула.

З апошняга, што дадалося ў асартымент — цукерка «Антонаўка». Гэта аналаг знакамітага «Коніка», які я сам люблю — як і іншыя цукеркі з павідлам усярэдзіне, што робяць «Камунарка» ды «Спартак».

— Як хутка вы зразумелі, што людзі хочуць купляць не проста прысмакі, а менавіта ўспаміны?
— Такія слодычы цяжка знайсці ў Польшчы. Той жа зефір прадаецца ва ўкраінскіх крамах, але ён вельмі салодкі. А зефір, шакаладная каўбаса, вялікая цукерка, арэшкі са згушчонкай — гэта сімвал беларусаў. І палякам гэты сантымент незразумелы.

— Былі прэцэдэнты?
— Аднойчы нас запрасілі пагандляваць на фестывалі віна ў Зялёнай Гуры. Падрыхтаваліся — нават зрабілі этыкеткі на польскай мове. Аднак у большасці выпадкаў даводзілася тлумачыць палякам, што такое зефір. Маўляў, гэта не безэ, а хутчэй суфле, больш падобная да птушынага малака. Ага… дзякуй, да пабачэння.

Вялікая цукерка ўвогуле засталася без увагі, бо палякам не скажаш, што яна такая ж, як робяць на «Камунарцы». Не атрымалася нават з каўбасой, бо мы назвалі яе «Kiełbasa czekoladowa», а трэба было «Blok czekoladowy» — такі прысмак вядомы ў Польшчы яшчэ з часоў PRL.
— Але хацелася б выйсці на польскі рынак?
— Калі шчыра, то хочацца ісці простым шляхам. Досвед з Зялёнай Гуры паказвае, што палякам трэба тлумачыць, што мы прадаем і навошта гэта трэба купіць. А беларусам не трэба. Як доказ — на фэсце «Тутака» пакупнікі без дадатковых пытанняў казалі: «Гэта нам трэба, набываем»…

— Але вы пісалі, што з «Тутакі» сёлета прыехалі ў мінусе…
— Летась ездзілі на «Тутаку» ўпершыню: прадавалі цішоткі, зефір, каўбасу. І выйшлі ў плюс, бо было шмат людзей. Ды і ўваход для прыватнага бізнесу на кірмаш быў вельмі танным у адрозненне ад гэтага года.
Сёлета месца на кірмашы і начлег на кемпінгу абышліся нам у 600 злотых — толькі гэта і акупілася. А выдаткі за дарогу і ежу — не. Бо ўваход на фэст быў платным, адпаведна, яго наведала, па адчуваннях, удвая, а то і ўтрая менш людзей.

Мы не прадалі і паловы таго, што прывезлі на фестываль. Калі б прадалі ўсё — то выйшлі б у нуль. Здаецца, такая ж сітуацыя была ў большасці прадаўцоў — нават у тых, хто прадаваў цішоткі і вырабы з беларускай сімволікай.
— Ці можа беларуская гастранамічная культура стаць у Польшчы такой жа папулярнай, як карэйская ці грузінская?
— Не, бо яна падобная да польскай. Пра дранікі палякі ведаюць, толькі называюць іх бульбянымі блінамі. Халаднік, як аказалася, тут лічаць літоўскім. Дык можа спраўды ён літоўскі, а мы прымазаліся?
Цяжка з гэтым. Таму, паўтаруся, хачу ісці простым шляхам, хаця можна было б рабіць абгортку таго ж зефіру на польскай мове і знаёміць палякаў з гэтымі прысмакамі. Бо ёсць палякі, якія яго паспрабавалі і купляюць. Але гэта дадатковыя высілкі: прасцей прадаваць беларусам — яны яго любяць, і мы б’ем па іх слабым месцы.
Жаляцца, што купілі каўбасу і адразу з’елі
— Што кажуць людзі, якія ўпершыню паспрабавалі вашы салодкасці?
— Што смачна. Пра зефір кажуць: «О, не такі салодкі» — памятаючы, відаць, смак зефіру ад «Чырвонага харчавіка».

Наконт каўбасы жаляцца, што купілі — і адразу з’елі, расцягнуць на некалькі дзён не атрымалася. Разумею іх — сапраўды смачная.
— Калі б цяпер запускалі брэнд, што б зрабілі інакш?
— Ужо б умеў рабіць прыгожыя Reels. На самым пачатку хацелася, каб рэклама прадукта выглядала прафесійна. Таму стараўся, каб усё было акуратна, асабліва не з’яўляўся ў кадры, як гэта робяць салідныя бізнесы. У нейкі момант нам параілі быць сабой — паказваць сябе і свой прадукт так, як хочацца, нават з гумарам.

Прыслухаліся да парадаў і ўсё пачало атрымлівацца. Не трэба доўга думаць, што б такое зняць, каб расказаць пра той жа зефір. Усё бярэцца з жыцця. І калі б я гэта ведаў ад пачатку — так і рабіў бы. Зноў жа, каб мелі цяперашні досвед, то не рабілі б тое, што прыносіла выдаткі.
Дарэчы, было мноства ідэй, якія мы так і не рэалізавалі. Напрыклад, думалі над мармеладам. Эксперыментавалі, і атрымлівалася то жэле, то замоцна зацвярдзелыя кавалкі. Перавялі шмат прадуктаў, і нарэшце атрымалася. Палічылі сабекошт — дорага. Бо аснова мармелада — ягады, а яны нятанныя. І што, нейкую каробачку мармелада прадаваць за 40 злотых? Беларусам? Але ці ёсць настальгія ў беларусаў па мармеладзе? У выніку ідэю адклалі.

— Як выглядаюць дэмакратычныя кошты для беларусаў?
— Каробка з шасцю белымі зефіркамі каштуе 30 злотых, за 60 можна набыць пакунак з пятнаццаццю зефіркамі. Малінавы і шакаладны зефір крыху даражэйшы. Каўбаса каштуе 40 злотых, цукерка — 12. І нам цяжка ставіць такі кошт, бо адзін «Конік» у Беларусі нават рубля не каштуе. Зразумела, што то з заводу, а мы робім кожную цукерку ўручную.

— Часцей за ўсё набываюць менавіта зефір?
— Так, але каўбаса не моцна адстае. Яна, здаецца, зайшла па смаку лепш, чым зефір, і яе часцей купляюць для сябе — каб паесці. А зефір бяруць для падарунка.
Заўважыў, што продажы залежаць ад маёй актыўнасці ў сацсетках. Любыя ролікі, нават не пра зефір, прыводзяць пакупнікоў. Альбо паходы на беларускія мерапрыемствы. Мы з жонкай спяваем ў беларускім хоры, граем у тэатры з беларусамі і часам нагадваем калегам пра свой зефір. У сярэднім прадаем 2 пакункі зефіра на тыдзень, у месяц — восем. Прыкладна ж такая гісторыя і з каўбасой.

Узімку, перад святамі, купляюць лепш. Асабліва людзям падабаецца «Калядная скрыня» — з зефірам, каўбасой, журавінамі ў цукры — беларусы набываюць яе для беларусаў.

З цішоткамі ўсё было значна горш. Маглі прадаць адну майку ў месяц ці ніводнай за тры месяцы. Магчыма таму, што не надта стараліся рабіць кантэнт. Цяпер як навучаныя — то ўсё ідзе лепш.
— Калі б вам прапанавалі паліцу ў польскім супермаркеце і дазволілі паставіць толькі адзін тавар, то што б вы выбралі — зефір або каўбасу?
— Хутчэй зефір, бо ён мае беларускую назву і прапрацаваную этыкетку. Каўбасу б давялося называць шакаладным блокам, і яе б лічылі польскай.
Кожны сам вырашае, што яго адзенне будзе «гаварыць» сёння
— Зараз працуеце ў нуль?
— Хутчэй каля нуля, і ўсё праз новыя ідэі. Калі робім нешта адно — зарабляем. Калі спрабуем новае — адразу выдаткі, бо на новае трэба добра патраціцца.
Таму «Каларыт» — гэта проста хобі, і хочацца, каб яно хаця б акуплялася. Пакуль не веру, што з гэтага можна мець такі заробак, каб перастаць хадзіць на працу. Бо ежу дарагой не зробіш — яна хутка з’ядаецца.
Таму мы ўсё ж вырашылі вярнуцца да вопраткі і прадставілі новую цішотку — складаную, не такую, як рабілі раней. З ёй хочам выходзіць у тым ліку да палякаў: бо беларусаў шкада, а на паляках можна зарабляць.

Фішка гэтай цішоткі ў тым, што галоўны элемент — гэта словы. Іх можна мяняць у любы момант. Фактычна адна цішотка можа замяніць некалькі, бо кожны сам вырашае, што яго адзенне будзе «гаварыць» сёння.
У камплекце ідзе набор беларускіх літар на ліпучках ад А да Я (некаторыя літары па некалькі штук). Яны мацуюцца да спецыяльнага мяккага прамавугольніка, і з іх можна складаць словы, выразы і кароткія фразы.

Сёння гэта можа быць жарт, заўтра — цытата з кнігі, паслязаўтра — настрой або пасыл, які хочацца данесці да людзей. Цішотка мяняецца разам са сваім уладальнікам, і менавіта ў гэтым яе галоўная ідэя.
Большасць цішотак прадаюцца ўжо з гатовым надпісам, які прыдумаў дызайнер. Мы ж хацелі зрабіць наадварот — каб аўтарам надпісу стаў сам чалавек.

Будзе версія і для палякаў. Але пазней, калі створым польскамоўную старонку «Каларыту».
Ну і паралельна робім зефір. Часам па начох, асабліва летам — бо патрэбна прахалода, каб застыў шакалад.

Жыццё было б прасцейшым, калі б мы не мелі хобі. Але гэта было б сумна і нецікава.
Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.