«Тры кроплі» ў мора беларускасці. Наталка Хвоя збірае сродкі на выданне кнігі

Беларуская паэтка і мастачка Наталка Хвоя (Наталля Бордак) збірае сродкі на публікацыю паэтычнага зборніка «Тры кроплі», які плануе выдаць RozUM Media напачатку верасня. Меркаваны наклад — 200 асобнікаў.
Выданне на 196 старонак у цвёрдай вокладцы рыхтавалі тры месяцы: тэксты цалкам адрэдагаваныя і адкарэктаваныя. Кніга падзеленая на тры тэматычныя раздзелы («Малітва», «Карані», «Пяшчота») і змяшчае паэтычныя творы розных гадоў.

«Кожны раздзел раскрывае асобную тэму: духоўны пошук, сувязь з роднай зямлёй і розныя грані кахання. Для чытача кніга можа адкрывацца па-свойму — як кроплі расы на світанні, як слёзы самоты, як дождж пасля засухі або як жыватворная вада, што дорыць надзею».

Таксама ў зборніку будзе асобны каталог з 30 візуальнымі працамі мастачкі: большасць карцін напісана ў Польшчы, дзесяць з іх складаюць серыю «Ойча наш».

Збор сродкаў праходзіць на беларускай платформе «Гронка» па мадэлі «ўсё, што сабрана»: пасля завяршэння тэрміну аўтарка атрымлівае ўсе прыцягнутыя сродкі. Да завяршэння кампаніі застаецца 6 дзён, на гэты момант сабрана €600 з заяўленых €2750.
У абмен на фінансавую падтрымку аўтарка прадугледзела лінейку ўзнагарод: свечкі, асобнікі кнігі з аўтографам і карціны.

Заяўлены на «Гронцы» бюджэт павінен размеркавацца наступным чынам:
- друк — 1800 еўра;
- дызайн вокладкі — 300 еўра;
- распаўсюд кнігі і арганізацыя прэзентацый — 300 еўра;
- вёрстка — 200 еўра;
- карэктура — 150 еўра.
Раней збор на выданне кнігі ўжо запускаўся на польскай платформе Zrzutka.pl — у аўтаркі атрымалася сабраць крыху больш за 1700 злотых.
— Усё ўжо дапрацавана. Але сабраць суму на выданне вельмі цяжка. 1000 еўра хапіла б, каб пачаць друкаваць кнігу. Тыраж — 200 асобнікаў. Як выйдзе – буду ладзіць прэзентацыі, чытаць свае вершы, паказваць сваё мастацтва і несці беларускае слова, як той ліхтар, што на маёй карціне, — распавядае Наталка Хвоя.

Наталлі Бордак 65 гадоў, яна скончыла Універсітэт культуры ў Мінску, піша вершы на беларускай мове з пачатку 1990-х гадоў і малюе больш за 50 гадоў. У Беларусі ўваходзіла ў нясвіжскі літаратурна-музычны клуб «Валошкі» пры раённай бібліятэцы, друкавалася ў зборніку «Верш на Свабоду» (2002). Праект «Тры кроплі» стане яе першым персанальным зборнікам.

Апошнія 5 гадоў аўтарка жыве ў эміграцыі каля Кракава. За гэты час яна правяла 7 персанальных выстаў, таксама рыхтуецца экспазіцыя ў беларускай прасторы Кракава.

Мастачка паведаміла spravy.io, што ўжо 2 гады не атрымлівае пенсію з Беларусі, яе фінансава падтрымліваюць старэйшы сын і дачка.
— Каб знайшоўся хаця б адзін спонсар, якому было б цікавае маё мастацтва, які набыў бы маю карціну за данат, я была б шчаслівая. І кніга ўбачыла б свет, «Тры кроплі» папоўнілі б мора беларускасці ў гэты няпросты час.
Хочаце расказаць гісторыю пра вашу справу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.