Беларусы зноў пачалі актыўна адкрываць бізнес у Польшчы

Новых кампаній з беларускім капіталам у Польшчы ў 2026 годзе рэгіструецца больш, чым летась, а закрываецца — менш. Пра гэта сведчаць звесткі з рэестра Centralny Ośrodek Informacji Gospodarczej (COIG), якія прааналізаваў эканамічны журналіст Вадзім Сяховіч.
861 фірма з беларускім капіталам
За 7 месяцаў 2026 года ў польскім рэестры COIG з’явілася 527 новых кампаній, дзе адным з заснавальнікаў з’яўляецца фізічная або юрыдычная асоба з Беларусі. Тэмп рэгістрацый сёлета апярэджвае леташнюю дынаміку:
«За ўвесь 2025 год з’явілася 861 юрыдычная асоба з беларускім капіталам, і такім чынам у беларускіх інвестараў ёсць яшчэ пяць месяцаў, каб дасягнуць і, падобна, палепшыць гэты паказчык».
Пры гэтым Вадзім Сяховіч заўважае, што паводле колькасці новых рэгістрацый 2025 год стаў найгоршым за апошнія чатыры гады.
Таксама мінулы год стаў першым за 15 гадоў, калі колькасць закрытых бізнесаў беларусаў у Польшчы перавысіла колькасць новых. Але сёлета назіраецца пералом: адток ёсць, але ён запаволіўся. Агульная колькасць юрыдычных асоб з беларускім капіталам у Польшчы зноў расце: калі на канец першай дэкады студзеня іх, паводле звестак COIG, было 7 093, то на пачатак трэцяй дэкады ліпеня — ужо 7 269. Разам — плюс 176 кампаній.
Беларускім прадпрымальнікам спадабаўся Ўроцлаў
Вадзім Сяховіч адзначае, што ў 2026 годзе адбылася гістарычная падзея ў геаграфічным размеркаванні беларускага бізнесу ў Польшчы: упершыню Ўроцлаў і Ніжнесілезскае ваяводства паводле колькасці рэгістрацый і сваёй долі абышлі Любліншчыну. Цяпер гэты рэгіён стаў трэцім паводле канцэнтрацыі беларускіх кампаній у краіне — пасля Мазавецкага і Падляскага ваяводстваў.

Топ-5 найбольш прывабных для беларускага бізнесу рэгіёнаў Польшчы па выніках сямі месяцаў 2026 года выглядае так:
- Мазавецкае — 3 977 зарэгістраваных кампаній (54,71% ад агульнай колькасці);
- Падляскае — 804 (11,06%);
- Ніжнесілезскае — 469 (6,45%);
- Люблінскае — 465 (6,40%);
- Паморскае — 439 (6,04%).
«У параўнанні з пачаткам 2026 года вырасла доля зарэгістраваных бізнесаў у Мазавецкім і Паморскім ваяводствах, у астатніх трох з топ-5 — скарацілася. Прыкметна за гэты перыяд таксама выраслі долі Вялікапольскага і Лодзінскага ваяводстваў, а ў Малапольскім і Сілезскім яны, наадварот, паменшыліся».
Стала менш цырульнікаў і касметолагаў
Сярод галін у колькасным вымярэнні выраслі ўсе ключавыя кірункі, але лідарам застаецца гандаль ва ўсіх яго праявах.
Транспартна-лагістычны сектар вырас у параўнанні з пачаткам года на 15 кампаній (да 1 218), будаўнічая галіна павялічылася на 23 прадпрыемствы (да 1 131), ІТ — на 18 (да 575). Будаўніцтва паказала рост дзякуючы павелічэнню колькасці фірмаў, якія займаюцца аздабленнем і абсталяваннем будынкаў. Таксама агулам прыбавіў сегмент з шырокім спектрам B2B- і B2C-паслуг.

«Прыраслі беларускія бухгалтары, рыэлтары і рэкламісты. А вось рэстаратары засталіся пры сваім. І зусім крыху паменшылася колькасць цырульнікаў і касметолагаў».
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.