«Птушкі не ведаюць межаў». Беларуска закрыла брэнд адзення ў Беларусі і зноў пабудавала яго ў эміграцыі

Брэнд Something Special быў папулярны ў Беларусі сваімі крэатыўнымі прынтамі і надпісамі. Але ў 2021 годзе яго фаўндарка Марына Кузняцова з’ехала з Беларусі, і вытворчасць закрылася. Рэінкарнацыя брэнда ў Польшчы была складанай, доўгай і дарагой.
У інтэрв’ю «Справам» заснавальніца Something Special распавяла, праз што ёй давялося прайсці пасля страты бізнесу, як шукаць «свайго» пакупніка на чужым рынку і чаму ў гэтай нішы выжывае толькі найбольш трывалы.
«Калі я магу сабраць валанцёраў, то з грашыма атрымаецца яшчэ лепш»
— Марына, чым займаліся да Something Special і як прыйшлі да ўласнага брэнда адзення?
— Заўсёды хацела стаць музыкантам, працавала ў студыі гуказапісу, спявала і ездзіла з кавер-бэндам. І ў гэты час рабіла шмат рознага дызайну, таму што бедным музыкантам даводзіцца ўсё рабіць самім: малявала, фатаграфавала, апрацоўвала здымкі. І мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў дызайне — так пачаўся дызайнерскі шлях. Папрацавала ў некалькіх месцах, пікам кар’еры можна назваць Wargaming, дзе была UI/UX-дызайнеркай.

У нейкі момант вырашыла, што хачу паспрабаваць рабіць сваё. Калі ты дызайнер, то ствараеш нешта для іншых. А мне хацелася больш уплываць на прадукт. Непасрэдна ў бізнес я прыйшла не так хутка. У 2015 годзе запусціла YouTube-канал пра дызайн і выйшла на першае месца ў пошуку па запыце «вэб-дызайн». Актыўна вяла блог і стварыла лічбавую кнігу пра сваё бачанне дызайну. Вакол пачалі збірацца людзі, якія хацелі ў мяне вучыцца.
У пэўны момант вырашыла паспрабаваць усё ж такі зрабіць свой прадукт і запусціла жаночы анлайн-часопіс Red Lips. Ён быў даволі папулярным, на піку ў нас было каля 50 аўтараў. Паралельна з блогам, які прыносіў грошы, я ўвесь час спрабавала разгайдаць валанцёрскі Red Lips.

Праз тры гады я закрыла часопіс. Убачыла, што ахвочых пісаць туды больш, чым ахвочых чытаць. Выснову зрабіла такую: мне падабаецца збіраць каманды і рабіць класныя штукі. І калі магу сабраць столькі людзей вакол валанцёрскага праекта, то вакол праекта з грашыма атрымаецца яшчэ лепш. З такім настроем і прыйшла да больш канкрэтнага бізнесу.
— Што гэта было?
— Калі закрыўся Red Lips, мы з мужам пачалі шукаць варыянты. Паралельна я вяла YouTube, малявала для стокаў, прадавала ілюстрацыі на Etsy, паштоўкі з маімі ілюстрацыямі прадаваліся ў мясцовых кавярнях.
Пасля Wargaming я вярнулася ў Гомель. Мы з будучым мужам жылі ў аднапакаёвай кватэры. Мае матэрыялы пачалі займаць усё больш месца. Хацелася вывучаць розныя тыпы паперы, шаўкаграфію, фальгаванне. Я штодня запісвала влогі на YouTube, паказвала нататнічкі, якія замовіла ў друкарні, сцікеры, якія выразала на новым плотары. І мы лагічна прыйшлі да думкі, што ўжо час здымаць офіс — дома ўжо не было дзе жыць (смяецца).

У знаёмых, якія арандавалі месца ў цэнтры горада, знайшлося суседняе памяшканне, і мы адразу яго знялі і пачалі рамонт. Так пачаўся Something Special.
— Які ў вас тады быў план?
— Пакуль рабілі рамонт, я зразумела, што можна дамовіцца з класнымі крэатыўнымі хлопцамі і дзяўчатамі і прапанаваць ім камісійнае супрацоўніцтва — размяшчаць свае тавары ў нас у памяшканні. Літаральна за месяц напісала ўсім таленавітым майстрам, якіх бачыла ў інстаграме, і амаль усе згадзіліся. Гэта было супербяспечна для нас: бюджэту не было ўвогуле, на рамонт выдаткавалі каля $1500 і знайшлі тавары для продажу.
— У гэтым памяшканні хацелі здымаць влогі і нешта рабіць сваімі рукамі? Ці ад пачатку планавалі там прадаваць?
— Планавалася зона продажу і нешта накшталт майстэрні, але канкрэтнага плану не было — не разлічвалі, што гэта стане вялікім бізнесам.

У лістападзе зрабілі рамонт, а ў снежні пад дзвярыма стаялі чэргі, хоць памяшканне было ў прамысловым будынку, куды трэба было яшчэ здолець дайсці. Тады я не падумала пра сезоннасць і вырашыла, што мы знайшлі сваю справу. А ў студзені пачаўся спад — давялося задумацца, што рабіць далей.
Ад кавы з падарункамі да цішотак за 24 гадзіны
— Як вы паспрабавалі выправіць сітуацыю?
— Вырашыла пратэставаную гіпотэзу маштабаваць і зняць нармальнае памяшканне ў цэнтры горада, але там аказалася зусім нерэальная арэнда — каля €1000.
Згадалі, што ў Мінску бачылі фармат «кава плюс падарункі», і вырашылі паспрабаваць нешта падобнае. Амаль усё рабілі сваімі рукамі: збівалі сталы, абцягвалі мэблю. Спачатку гатавалі каву ў хатняй кавамашыне. Гэта не было асноўным акцэнтам, але мы куплялі добрае зерне, і свая аўдыторыя ў нас знайшлася.

Увогуле было нядрэнна, але, хутчэй, «каля нуля» — выцягнуць гэта было складана. Пры такой колькасці намаганняў хацелася бачыць нейкі вынік: снежаньскі бум больш не паўтараўся.
— Колькі праіснавала кавярня?
— Менш за год. Пад канец я вельмі стамілася думаць, як вывесці яе на акупнасць. Да таго ж мы вырашылі справіць вяселле, і пасля яго паляцелі на Канары на месяц. Я проста спала праз назапашаную стомленасць ад пастаяннага прыняцця рашэнняў. І зразумела, што часам для выхаду з тупіка трэба проста добра адаспацца.

Літаральна ў перадапошні дзень вандроўкі мне раптам прыйшла ў галаву простая думка: «рэклама — рухавік гандлю». Але вырабы рамеснікаў — гэта ўнікальныя тавары, у кожнага розныя кубкі, а на рэкламе паказаны адзін. Тады зразумела: каб купляць рэкламу, трэба нешта тыражаванае, з крыху большай маржынальнасцю.
Мы з мужам за суткі перад вылетам дадому зрабілі сайт для новага Something Special. Тады яшчэ не было разумення, што гэта будзе адзенне. Я наклала малюнак на некалькі цішотакі паказала аўдыторыі кавярні ў сацсетках, запытаўшыся: «Хацелі б такое купіць?» У першы ж дзень 40 чалавек напісалі: «Хочам, бяром, прыязджайце — купім». Так прыйшлі да брэнда адзення.

Вярнуўшыся з падарожжа, мы за 24 гадзіны дарабілі сайт, а ноччу закаталі сцены ў кавярні ў чорны колер, бо я хацела манахромныя малюнкі.
— То бок канцэпцыя брэнда нарадзілася адразу?
— Так-так, адразу з’явілася ідэя, што я хачу рабіць. Яшчэ нейкі час у гэтым памяшканні мы друкавалі прынты і пакавалі тавары, але потым трымаць кропку менавіта ў цэнтры Гомеля не было сэнсу. Продажы праз інтэрнэт раслі, а пакупнікі былі ў асноўным з Мінска.
Мы напісалі на дзвярах: «Something Special цяпер у інтэрнэце, сустрэнемся там». І пачалі шукаць іншае памяшканне ўжо пад вытворчасць.
«Перад тым як праводзіць сумоўі са швачкамі, я сама вучылася шыць»
— Як вы намацалі, што можаце прапанаваць рынку?
— Дагэтуль не магу дакладна сказаць. Калі пачыналі, то было адчуванне, што прынты на цішотках — гэта нешта крыху «базарнае», не заўсёды сапраўды цікавае. Хацелася нечага больш чыстага, сучаснага і дзёрзкага.

Цяпер тое, што мы рабілі, здаецца відавочным — ужо многія так робяць. Але тады мы былі больш дзерзкімі ў гумары. Стылістычна ў нас атрымалася сабраць нейкую сваю візуальную мову.
— Спачатку былі толькі цішоткі?
— Так. Прычым спачатку друкавалі на гатовых цішотках, якія шылі іншыя вытворцы, і так прадавалі літаральна пару месяцаў. А потым я захацела рабіць брэнд са сваёй біркай і сваёй тканінай, і тут усё закруцілася.

Асноўным таварам так і засталіся цішоткі з прынтамі, але спачатку мы адшывалі іх на старонніх вытворчасцях, а ў 2020 годзе я запусціла свой швейны цэх.
— Наколькі вы выраслі на той момант, калі запусцілі вытворчасць?
— Да 10 чалавек дакладна, можа, крыху больш.
— Гэта быў цяжкі рост?
— Было цікава, асабліва запускаць уласную вытворчасць — я да гэтага ўвогуле не шыла. Перад тым як праводзіць сумоўі са швачкамі, я вечарам сама вучылася шыць, каб ведаць, пра што пытацца. Было весела ва ўсім разбірацца.

Што да росту, я, хутчэй, баялася расці занадта хутка, бо са сваёй вытворчасцю вельмі моцна ўпіраешся ў рэсурсы. Узімку, перад Новым годам, цэх ледзь спраўляўся. Даводзілася падключаць староннюю вытворчасць, каб адолець аб’ём. Для мяне застацца без замоў было гэтак жа блага, як уперціся ў ліміт рэсурсаў. Таму старалася пастаянна кантраляваць і павышаць магчымасці вытворчасці.
— А колькі максімальна вырабаў вы выпускалі?
— У мяне была швачка, якая шыла 40 цішотак на дзень. Калі распавядаю пра гэта цяпер, усе дзівяцца — гэта ўнікальная лічба. Напэўна, да 100 адзінак прадукцыі на дзень улетку мы прадавалі. У нас на той момант пераважалі цішоткі. Хоць увосень і ўзімку прадаваліся і світшоты, і худзі. Агулам аб’ём быў даволі роўным.

Цяпер у мяне ўсё значна лепш алічбавана — жыццёвы досвед навучыў. А тады спраўляліся як спраўляліся: не было нармальнага складскога ўліку, спрабавалі рабіць нейкія сістэмы на каленцы. Я не глядзела на бізнес як на лічбы, арыентавалася на паток: ці ёсць аб’ёмы, ці застаюцца грошы ў канцы месяца.
— А грошы заставаліся?
— Добрае пытанне. У адзенні вельмі сур’ёзны артыкул выдаткаў — рэінвеставанне. Таму нават калі фактычны прыбытак быў, пабачыць яго было амаль немагчыма — аб’ёмы растуць, ты закупляеш усё больш тканіны, трэба быць гатовай да яшчэ большага аб’ёму. Вывесці грошы з бізнесу, звязанага з адзеннем — вельмі складаная задача.

Аднойчы ў мяне зламаўся ноўтбук. Я вырашыла, што як прадпрымальніца заслужыла новы, і купіла. А на наступны дзень сапсавалася адна са швейных машынак, прычым менавіта тая, якую нельга было замяніць іншай. Так што выводзіць грошы з брэнда адзення — задача з зорачкай.
— Вы займаліся не толькі творчай часткай, але і закупкамі, перамовамі з пастаўшчыкамі, падрадчыкамі? Усё было на вас?
— Здаецца, я ўвогуле ўсё рабіла, нават пакавала і парадак наводзіла. Зразумела, нейкія рэчы старалася дэлегаваць — друк, пашыў. Але маркетынг і дызайн ніколі не перадавала. І нават не ведаю, ці змагу. Маркетынг, магчыма, і дэлегавала б. Але ў мяне назапасіўся вялікі досвед менавіта ў маёй нішы, і я пакуль не знайшла чалавека, які даў бы больш карысці, чым я сама. Напэўна, падумала б пра перадачу і дызайну таксама — цяпер усё трымаецца на маім бачанні і маіх малюнках.

А ў астатнім я такая «мамка». У нас нават быў прынт «Мамка ўсё разруліць». Не ведаю, добра гэта ці дрэнна. Напэўна, калі жанчына робіць бізнес, у гэтым заўсёды ёсць нешта мацярынскае.
«Цішотка была адрасаваная беларусам, але стала бестселерам сярод палякаў»
— Як наладжаны працэс распрацоўкі дызайну: ад ідэі да фінальнага прынта?
— Адзінай формулы няма. Некаторыя прынты і фразы выношваюцца гадамі. Напрыклад, пра фразу для першай цішоткі, якая добра прадавалася ў Польшчы, я думала яшчэ задоўга да перазапуску Something Special.
Калі мы пераязджалі з Беларусі ў Польшчу, я, як і многія эмігранты, адчувала вельмі моцную прывязанасць да дома і не надта разумела, як усё складзецца на новым месцы. Але, з іншага боку, можна ўспрымаць сябе як вольную птушку, для якой увесь свет — дом.
Калі тэставалі гіпотэзы ўжо на польскім рынку і думалі, якія прынты дадаць, я прапанавала намаляваць бусла з фразай Birds know no borders, бо адчувала, што гэта адгукнецца ўва мне самой і ў тых, хто з’ехаў. Выпусцілі гэтую цішотку — і яна адразу стала бестселерам.

Дзіўна, што гэты пасыл быў адрасаваны «сваім», беларусам, але ў выніку цішотка выдатна прадавалася і сярод палякаў. Аказалася, што бусла яны лічаць «сваёй» птушкай. З Польшчы таксама з’ехала шмат людзей, таму ідэя «птушкі не ведаюць межаў» адгукаецца і ў іх.
Часам ідэя спее доўга, а часам нараджаецца хутка: мы з мужам любім пажартаваць, і нейкая фраза адразу «просіцца» на цішотку. У мяне такі ўнутраны маркер: калі нешта выклікае эмоцыі ў мяне самой, хутчэй за ўсё, выкліча і ў іншых.
— А як тэстуеце гэтыя ідэі — запускаеце невялікую партыю, адшываеце пробныя вырабы?
— Калі ўжо ёсць свая аўдыторыя, можна проста паказаць прэв’ю ў Instagram ці Facebook і пабачыць, ці варта з гэтым працаваць. Як і ў Беларусі, мы адшываем і друкуем строга на замову. Гэта, па-першае, бяспечны шлях росту, а па-другое, экалагічны — не хачу перавытворчасці.

Гэты падыход не самы просты: даводзіцца пастаянна сачыць, каб усё было ў наяўнасці, усё лічыць. Не кожны брэнд адзення гатовы на такое — многім прасцей пашыць адразу шмат і аддаць на фулфілмент. Я абрала больш складаны, але, як мне здаецца, больш устойлівы для бізнесу шлях.
«Пачаць бізнес з нуля ў іншай краіне — гэта як нарадзіць дзіця»
— Як вы пераязджалі з Беларусі ў Польшчу?
— Пераехалі ў 2021 годзе, калі майму сыну Стэфану было пяць месяцаў. На гэты ж час прыпала і закрыццё Something Special у Беларусі. Пераехалі ў лістападзе, а ў студзені закрылі бізнес. Прычыны закрыцця былі розныя. Але сутнасць у тым, што дыстанцыйна кіраваць бізнесам з маленькім дзіцём на руках было вельмі складана.

— То бок вы пераязджалі з планам захаваць бізнес у Беларусі?
— Так, планавалі захаваць, і спачатку ён працягваў працаваць. Але, шчыра кажучы, я падсцілала салому: удакладніла ў партнёрскай вытворчасці, ці возьмуць яны маіх швачак, калі што. Разглядала такі план «Б», бо не была ўпэўненая, ці хопіць сіл кіраваць усім на адлегласці з малым дзіцем.
— Што аказалася найбольш складаным у дыстанцыйным кіраванні бізнесам?
— Кантроль. Сапраўды яго страчваеш, бачыш больш памылак і ніяк не можаш на іх паўплываць. На месцы можна нешта падхапіць, а дыстанцыйна — не. І матывацыя людзей падае, калі цябе няма побач. У выніку мы закрыліся і распрадалі склад.

Нават не ведаю, што было цяжэй: кіраваць беларускім Something Special на адлегласці ці ўсведамляць, што бізнесу ў мяне больш няма наогул. Напэўна, другое — гэта быў вельмі няпросты, дэпрэсіўны перыяд. Цэлы год пасля закрыцця я баялася нават думаць пра тое, каб пачаць Something Special тут.
Калі ўсё ж асцярожна закранула гэтую тэму з мужам, вельмі баялася, што ён скажа: «Табе яно трэба? Ты ж якраз ад гэтага сышла». На маё здзіўленне, ён бачыў, што мне гэта трэба.
— Што менавіта вас палохала?
— Гэта ж цэлае жыццё. Пачаць такі праект — амаль як нарадзіць дзіця. Разумееш, што будзеш аддаваць яму ўвесь свой час. Рашэнне пачаць бізнес другі раз далося інакш, чым упершыню. Тады ўсё было несур’ёзна, лёгка: паспрабуем, што атрымаецца. А другі раз ты ўжо разумееш, што гэта такое.

Мы з мужам нібы адчувалі, што ўжо не можам зрабіць горш. Але хоць у мяне і быў беларускі досвед, раскруціцца тут і выйсці на стабільны вынік заняло вельмі шмат часу і сіл. Былі этапы, калі я думала: усё, я здаюся, больш не спраўляюся, нічога не атрымліваецца. Выключала рэкламу і выпадала з працы на некалькі месяцаў. Ад гэтага было яшчэ цяжэй, бо ў мяне ўжо быў добры вынік раней, а тут нібы не атрымліваецца дасягнуць нават ранейшага ўзроўню, хоць па логіцы рост павінен быць лінейным.
«Напачатку працавалі толькі мы з мужам»
— З чаго вы пачыналі? Як наладжвалі працу тут?
— З куплі абсталявання дадому. Цішоткі замаўляла на швейнай вытворчасці, але друкавала на іх і пакавала дома.
— Вы перазапусціліся недзе ў 2023 годзе?
— Так, прыкладна тады. Гэта быў час пошуку свайго прадукту і аўдыторыі. Цяпер, калі мінула ўжо больш за тры гады, здаецца, што перапынку паміж беларускім і польскім этапамі амаль не было — працэс ішоў у галаве бесперапынна.
Цяпер расцем па нарастальнай, але пакуль не намацаеш сваю нішу, першы рост найбольш цяжкі — гэта стандартная гісторыя на любым рынку. Самае складанае — набраць першыя 50 замоў, потым першыя 100.

Усё атрымліваецца метадам спроб: які стыль пасуе, што і як напісаць, як падаць, як сфатаграфаваць, якую мадэль абраць. Кожная дэталь у выніку вывераная і пратэставаная. Пачыналі проста з перабору ўсяго запар, і гэты перабор адчуваўся як цэлая вечнасць.
— А цяпер адчуваеце, што ўжо нешта намацалі?
— Мы ўжо ўсё намацалі — надышоў этап, калі трэба рабіць сістэму ўсё лепшай і лепшай. У нас стабільны паток замоў, і ён будзе расці: пра нас пішуць і распавядаюць блогеры, нас раяць. Нашы рэчы падабаюцца, людзі іх носяць і вяртаюцца па новыя. Так што ўсё добра. Цяпер мая задача — зрабіць сістэму трывалай і стабільнай, каб усё лічылася добра і было максімальна празрыста.

— А колькі ў вас прадаецца адзінак на дзень?
— Дзесьці 30–40 вырабаў. Партнёрская швейная вытворчасць працуе практычна толькі на нас, і яны ўжо падраслі пад нашы аб’ёмы. Я таксама хачу пашырыць сваю каманду, каб прымаць яшчэ больш замоў. Пакуль сама фізічна крыху стрымліваю аб’ём, каб усё паспяваць.
— Хто ўваходзіць у вашу каманду, акрамя падрадчыкаў па пашыве?
— Напачатку працавалі толькі мы з мужам і бухгалтар. Нядаўна адкрылі шоурум у Варшаве, і да каманды далучыліся яшчэ дзве асобы. Яны дапамагаюць з упакоўкай і друкам, у тым ліку тэрміновым, проста ў шоуруме. Зараз пакупнік можа надрукаваць на цішотцы любы з нашых прынтоў, а таксама скласці свой уласны дызайн з даступных ілюстрацый і літарак.
— З якіх элементаў увогуле складаецца ваш бізнес — акрамя распрацоўкі дызайну, пашыву, друку?
— Магу распавесці, што ў мяне ў спісе спраў проста цяпер: адправіць замовы ў Аўстралію, Еўропу, апрацаваць вяртанні (часам людзям трэба абмяняць на іншы памер), падрыхтаваць вырабы для здымак з UGC-кантэнтам, апрацаваць водгукі на вакансіі, замовіць біркі, паштоўкі, сцікеры, якія пастаянна заканчваюцца, правесці інвентарызацыю, падключыць кансалідаваную дастаўку па Еўропе, разабрацца з дакументамі і падлікамі, наладзіць і пратэставаць рэкламу, дадаць тавары на сайт, прадумаць акцыі і зніжкі, замовіць новыя каробкі і распрацаваць для іх дызайн.

Кожная асобная задача здаецца простай, але калі капнуць глыбей — там вельмі шмат усяго. Напрыклад, зараз шукаю добрую вытворчасць, якая друкуе малюнкі проста на скрутках тканіны. У нас настолькі добра прадаюцца штаны ў палоску, што мы выкупілі ў пастаўшчыкоў усю патрэбную тканіну, і такой больш не будзе. Калі попыт ёсць, я думаю пра тое, каб друкаваць свае прынты. Гэта таксама зараз вывучаю.
Падводных камянёў вельмі шмат на кожным этапе. Нават дробязі кшталту налады прынтара для этыкетак патрабуюць разбірацца ў спецыфіцы расходнікаў і памераў.
— Колькі гадзін на дзень вы працуеце?
— Практычна ўвесь час. У працоўны дзень робіш просьму тэрміновых задач, а калі дзень заканчваецца, пачынаеш займацца ўжо нетэрміновымі. То бок больш творчымі, цікавымі задачамі ўдаецца заняцца позна ўвечары, пасля таго як пакладзеш дзіця спаць. А цягам дня — то скрутак не прыехаў, то прыехаў з бракам, то кур’ер нешта згубіў. Не вельмі рамантычна.

«Калі тэлефанавалі кліенты і пыталіся пра замову, у мяне была паніка»
— Як у вас складваюцца стасункі з польскімі пастаўшчыкамі і падрадчыкамі? Швейная вытворчасць польская ці таксама імігранты?
— Таксама імігранты, з імі ўсё добра. А ў астатнім закупляем усё пераважна ў палякаў і ў еўрапейцаў.
З мясцовымі пастаўшчыкамі праблем няма. Мне прасцей, калі я ў ролі кліента — тады яны падладжваюцца пад мяне. А вось на пачатку, калі мне тэлефанавалі мае кліенты і я мусіла тлумачыць, дзе іх замова, у мяне была сапраўдная паніка.
— Ці ёсць нейкія бар’еры — нацыянальныя, моўныя?
— У мяне не вельмі добрая польская, на жаль, але ратуе неблагая англійская. Калі размова пра тавар ці матэрыял складаная па лексіцы, звычайна вырашаем усё па-англійску.

— Перазапусціўшыся ў Польшчы, заўважылі розніцу ў вядзенні бізнесу?
— Дагэтуль не разумею, як працуюць мясцовыя агенцтвы нерухомасці. Працоўны дзень у іх да 16:00 — каму яны штосьці здаюць з такім графікам?
З вытворчасцю нам крыху лягчэй, таму што нашы рабяты-імігранты больш адданыя справе, а ў палякаў мацней праяўлены work-life balance.
Мне падабаецца працаваць з польскімі кліентамі, таму што ў Беларусі ў нас фактычна ніколі не было выходных. Класічная гісторыя, калі ў суботу позна ўвечары табе пішуць, а праз пару гадзін ужо чакаюць адказ. Тут такога няма. На выхадных у мяне нібы ёсць права не адказваць адразу, хоць я ўсё адно амаль заўсёды гэта раблю.
— А сярод вашых пакупнікоў і беларусы, і палякі? Якія прыблізныя суадносіны?
— Дакладных лічбаў у нас няма — нідзе не пазначаецца нацыянальнасць. Можна толькі меркаваць па імені і прозвішчы, што чалавек не паляк. Але мне здаецца, доля беларусаў зусім невялікая — каля 5%. У асноўным цяпер купляюць палякі.

— А далей вы плануеце пашырацца ў ЕС?
— Так. Таму ў нас прынты і Instagram на англійскай мове. Калі пераязджала, разумела, што ёсць два шляхі: больш просты — нагадаць беларусам пра сябе і прадаваць «сваім». А другі, больш складаны і цікавы для мяне асабіста, — зразумець, ці магу выйсці на рынкі, якія наогул нічога пра мяне не ведаюць.
Цяпер, калі мы зразумелі, што можам прадаваць палякам, лагічна будзе пашырацца далей. Я падключу іншыя рынкі, як толькі разбяруся з рэсурсамі. Пакуль мы больш упіраемся менавіта ў рэсурсы, чым у попыт.

— Як вы звычайна прадаяце прадукцыю — праз Instagram ці іншыя каналы?
— Тэстуем усё: блогераў, інтэрнэт-рэкламу, Google, Facebook — усё, што даступна. Працуе ўсё патроху, але па-рознаму: нешта спрацоўвае хутчэй, нешта даўжэй, нешта наогул не працуе.
«Пашыць прадукцыю — найменшая частка выдаткаў»
— Колькі каштавала перазапусціцца ў Польшчы з улікам абсталявання і ўсяго астатняга?
— Закупіць біркі, тэставую партыю, абсталяванне — гэта найменшы з усіх выдаткаў. Зусім іншая справа — колькі грошай пайшло на тэставанне, на няўдалыя тавары, на рэкламу, якая не спрацавала. Сам закуп і пашыў першай партыі абыходзіцца, умоўна, у $10 000, а на тэставанне і рэкламу можа пайсці яшчэ больш.

Многія думаюць, што самае складанае — гэта распрацаваць і вырабіць прадукт. Але насамрэч гэта самая прыемная частка: ездзіш на прымеркі, выбіраеш тканіны з канструктарам. А потым пачынаецца сапраўднае жыццё бізнесу.
Першыя два гады ў нас усё было ў мінус, прычым нават ацаніць памер страт было складана. Бывала, што продажы вялікія, месяц закрываецца добра, а па балансе — нуль. Гэта вельмі складана дакладна палічыць, і тут таксама няма ўніверсальнага рэцэпту кшталту «пашый на $5 000 ці $10 000, і кропка». Гэта сапраўды самая простая і найменшая частка выдаткаў.
— А праз два гады выйшлі на прыбытак?
— Так. Але і прыбытак у гэтым выпадку — паняцце адноснае. Мы не можам гэтыя грошы проста пакласці сабе ў кішэню, таму што вельмі шмат зноў рэінвестуецца. Я б нават сказала, што чым больш рэінвестуеш, тым мацней расцеш.

Прыкладна за два гады пасля перазапуску мы выйшлі «ў нуль» па лічбах. Але гэта без уліку таго, колькі ўсяго было ўкладзена спачатку і ці пакрылі мы ў выніку ўсе выдаткі. Гэтага я нават не бяруся падлічваць.
— Якую параду можаце даць тым, хто хоча запусціць свой брэнд адзення ў Польшчы?
— Гэтым трэба па-сапраўднаму гарэць. Бачыла людзей, якія займаліся гэтым толькі дзеля грошай, і яны вельмі хутка здаваліся. Гэта не той бізнес, які лёгка вяртае грошы назад.

Тут важная не толькі мэтанакіраванасць, але і вытрымка. У мяне было вельмі шмат момантаў, калі я магла здацца. Але працягвала, бо адчувала: мне гэта патрэбна, я бачу, што ад мяне гэтага чакаюць, адчуваю аддачу. Большасць людзей на маім месцы, хутчэй за ўсё, значна раней сказалі б: «Ну, гэта ўсё не для нас». Так што да гэтага трэба быць гатовым.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.