«Польскі бізнес з беларускім знакам якасці». У Гданьску працуе фудтрак з кебабамі, па якія прыязджала Ціханоўская

Люба і Антон родам з Гродзенскага раёна. Пазнаёміліся ў Гданьску, калі працавалі ў беларускай кавярні: Антон — кухарам, Люба — афіцыянткай. З часам вырашылі працаваць на сябе, купілі фудтрак і сталі рабіць шаурму пад брэндам Kolejny kebab. І да іх нават аднойчы заязджала Святлана Ціханоўская.
Якую шаурму выбрала палітык, колькі кебабаў трэба прадаць, каб адчуваць сябе бізнесменамі, і чаму не абавязкова пазіцыянаваць сябе як беларускі бізнес у чужой краіне — пра гэта Люба і Антон распавялі spravy.io.
«Кебаб зразумелы ўсім»
— Чаму «Kolejny kebab»? Гэта самаіронія — чарговы кебаб у Польшчы?
Антон: Не чарговы — наступны!
Люба: Менавіта гэта мы і мелі на ўвазе. Але калі пачалі працаваць, зразумелі, што многія перакладаюць назву як «чарговы кебаб», і пагадзіліся — у слова некалькі значэнняў. Да таго ж у нас фудтрак — мы на колах, і корань kolej («рэйкі» — рэд.) упісваецца ў канцэпцыю.
Кліенты на ўсю моц выкарыстоўваюць іронію назвы ў водгуках, калі пішуць «napewno wrócimy po Kolejnego Kebaba» («абавязкова вернемся па чарговы кебаб» — рэд.). Палякі асабліва хваляць назву. Кажуць, яна гумарная — не такая, як ва ўсіх.

Антон: Вывескі кшталту «Super kraft kebab Gdański, only, pierwszy w Polsce» аджылі сваё — яны на кожным куце, на кожнай кебабнай. Хацелася чагосьці новага.
— У краіне, дзе кебаб прадаецца паўсюль, вы, беларусы, вырашылі прадаваць кебаб. Чаму?
Люба: Першапачаткова не ставілі задачу пазіцыянаваць сябе як беларускі бізнес і рабіць акцэнт на нацыянальнай ідэнтычнасці. Лічым, што рабіць стаўку на нацыянальную кухню ў Гданьску, прынамсі, — непрыбытковая ідэя. Тут пражывае амаль 500 тысяч чалавек і беларусаў сярод іх усяго 5 тысяч. Выбіраючы Польшчу і Гданьск для жыцця і бізнесу, мы прымаем правілы гульні гэтага месца. І выбіраем працу на мясцовы рынак, а не на яго маргінальную частку. Няхай нават тую, да якой сябе адносім.

Таму проста адкрылі месца з добрай і зразумелай ежай для людзей, якія любяць смачна паесці: не важна, беларусы гэта, палякі, украінцы ці амерыканцы. Кебаб — зразумелы ўсім. Хаця ў нашым разуменні гэта хутчэй шаурма. Але калі ў Варшаве ведаюць шаурму і разумеюць, што шаурма і кебаб — розныя стравы, то ў Гданьску такога не назіраецца, хоць гэта таксама вялікі гастранамічна развіты горад.
Антон: Мы называем гэта кебабам, каб людзям было зразумела, за чым яны ідуць. Хаця тое, што яны ў выніку атрымліваюць, часта адрозніваецца ад іх уяўлення пра кебаб. Але ў асноўным усе застаюцца задаволеныя.
— Чым ваш кебаб адрозніваецца ад звычайнага польскага кебаба? І ці існуе ўвогуле паняцце «польскі кебаб»?
Антон: На тое, што ўяўляе сабой кебаб, уплывае культура людзей, якія вядуць бізнес — іх нацыянальная прыналежнасць і погляд на кебаб. Калі браць агульную колькасць кебабных, то большасць з іх — гэта ўстановы, дзе работнікамі і кіраўнікамі з’яўляюцца выхадцы з усходніх ці азіяцкіх краін: індыйцы, пакістанцы, іранцы, туркі. Але ўсе яны маюць сваю канцэпцыю прадукту.

Люба: Калі, напрыклад, браць Германію, Польшчу і Беларусь, то смак кебаба ці шаурмы залежыць ад таго, якія эмігранты прыехалі ў гэтую краіну першымі і пачалі рабіць там кебаб. Калі зусім спрасціць, то ў Германіі гэта выхадцы з Турцыі, у Польшчы — індыйцы і пакістанцы, у Беларусі — выхадцы з арабскіх краін, напрыклад, ліванцы. Кебаб не з’яўляецца нацыянальнай стравай ніводнай з гэтых краін, але ў кожнай ёсць сваё ўяўленне пра тое, як ён павінен выглядаць. Безумоўна, прадукт падладжваецца і пад патрэбы насельніцтва. Таму ў нашым разуменні польскі кебаб — гэта абавязкова піта, салата айсберг, сумесь мяса і соусаў.
Антон: То-бок, калі ты не можаш выбраць, чаго менавіта хочаш, у выніку выбіраеш нешта ўсярэдненае.
Люба: Маем на ўвазе тое, чым збольшага запоўнены рынак, не бярэм установы, якія спрабуюць вылучыцца і рабіць нешта сваё.
Унікальнасць нашага кебаба ў марынадзе мяса, рэцэпт якога прыдумаў Антон. У тым, што ў ім значна больш гародніны і яе спалучэнняў, чым у звычайным сярэднестатыстычным польскім кебабе. Прапануем на выбар соусы, праз што людзі часта губляюцца, бо не прывыклі да такога. Яшчэ выкарыстоўваем армянскі лаваш. Калі зноў жа параўноўваць з Варшавай, то там гэта больш распаўсюджаная тэма.

Антон: Там ёсць установы, якія выкарыстоўваюць сапраўдны, правільны лаваш. У Гданьску гэтага няма, таму лаваш прыязджае да нас з Варшавы.
«Наша жыццё — увесь час быць на шухеры»
— Што ў вашым бізнесе пра Беларусь?
Люба: Сервіс і стаўленне да справы.
Антон: Працаздольнасць, уменне працаваць без выхадных сем дзён на тыдзень і не з васьмі да пяці, а з васьмі да васьмі… Яшчэ пра Беларусь у нас — адсутнасць стабільнай зарплаты, адпачынку, пастаянны стрэс і здольнасць сачыць увогуле за ўсім, забываючыся на тое, што тут усё працуе не так, як у Беларусі.

Люба: Наша жыццё цяпер — увесь час быць на шухеры. Пільнуем дакументы, баімся праверак, глядзім, каб усё было акуратна і правільна. Падыход да вядзення бізнесу ў нашым разуменні — гэта нешта беларускае. У параўнанні з намі большасць палякаў падыходзіць да справы больш расслаблена. І гэта правільна. Важна разумець, што любыя інстанцыі, установы, з якімі ты ўзаемадзейнічаеш, не ставяцца да цябе як наглядчыкі, а існуюць для таго, каб дапамагаць твайму бізнесу развівацца.
Антон: Пра Беларусь. Што пра Беларусь?
Люба: Нешта наша асабістае пра Беларусь. Рэцэпты, якія былі прыдуманыя ў Беларусі, разуменне таго, якім павінен быць сервіс… У трака пад акенцам ёсць частка, дзе раней была пустая драўляная паверхня. За два гады працы кліенты заклеілі гэтую прастору налепкамі, звязанымі з Беларуссю. І гэта дакладна бачна таму, хто чакае сваю замову.

Бывае, прыходзяць беларусы і шыфруюцца. А потым заўважаць налепачкі і такія: «А ў вас тут у нескладовае вісіць. Вы што, з Беларусі?»
— Пра якую праблему з заробкам кажа Антон? Бо за кебабамі сапраўды стаяць чэргі…
Люба: Усе гэтыя два гады не працуем у мінус, што ўжо з’яўляецца перавагай працы ў шаурменнай. Але нягледзячы на тое, што кебаб — прадукт, які чалавек заўсёды гатовы з’есці, неабавязкова, што гэта адбудзецца.
Мы стаім не ў цэнтры і не ў супертурыстычным месцы, а на паркоўцы будаўнічага маркета. Ён знаходзіцца на ажыўленай вуліцы, што злучае крамы, спальныя раёны, бізнес-цэнтр, студэнцкія інтэрнаты. Людзі там ёсць, але неабавязкова, што яны прыйдуць да нас і захочуць з’есці нашу шаурму.
Шмат што залежыць ад рэкламы, ад таго, як мы сябе прадстаўляем. За гэтыя два гады чэргі па нашы кебабы стаялі пасля таго, як нас рэкламавалі блогеры. Але ў цэлым людзі да нас прыходзяць.

Антон: Хаця мы так і не зразумелі, у якім выпадку продажы ідуць лепш ці горш. Надвор’е і сезон асабліва не ўплываюць.
Люба: Можа цэлы дзень ліць дождж. І здаецца, што нікога не будзе, а людзі, наадварот, ідуць. А бывае сонейка, думаеш: ну, зараз пачнецца! А ўсе пайшлі на мора.
Калі казаць пра заробак, трэба разумець, што мы не работнікі, а ўладальнікі бізнесу. Ніякага заробку па паперцы ў нас няма — мы не супрацоўнікі на акладзе. Наш непасрэдны прыбытак залежыць ад таго, як пройдзе месяц. А бывае па-рознаму. Таму гэта плаваючы, нестабільны заробак, на які мы пагадзіліся.
Да таго ж колькасць нашых працоўных гадзін відавочна большая за тую, што бывае ў класічнай працоўнай дамове. І гэта норма для ўладальніка малога бізнесу. Не скардзімся — проста факт.
Антон: Яшчэ сабекошт нашага прадукту значна вышэйшы, чым у большасці канкурэнтаў.

Люба: Так, можа, мы дурныя і не да канца бізнесмены. Але першапачаткова ставілі задачу рабіць добры, смачны, якасны прадукт. І гэта наш першы бізнес у Польшчы. Таму ўсё прыходзіць з досведам.
«Шэсць рублёў за бургер? Пайшлі лепш пельмені купім!»
— Антон, у Беларусі ў цябе таксама быў свой гастранамічны бізнес. Раскажы пра той досвед.
Антон: Было вельмі цікава весці бізнес, падобны да нашага, у маленькім горадзе з нізкай пакупніцкай здольнасцю. У мяне таксама быў трак. Я прадаваў класныя, якасныя бургеры, спрабуючы прышчапіць людзям хоць нейкі густ. Але можна было сустрэць водгукі кшталту: «Шэсць рублёў за бургер? Пайшлі лепш пельмені купім!».
Даводзілася раздуваць меню: «Шаурма? Будзе вам шаурма. І бургеры. І печань. І рыба на замову. І галёнку зробім — сёння яна замочваецца ў піве, заўтра пасля абеду прыязджайце і забірайце». Спрабаваць уседзець на ўсіх крэслах для таго, каб неяк падтрымліваць гэта на плаву — так сабе гісторыя.
Пра заробак гаворка ўвогуле не ішла. Калі б заехаць на траку ў Мінск, хутчэй за ўсё, можна было б неяк прабіцца. Але гэта адбывалася на мяжы пераходнага перыяду — з 2019-га па 2021-ы — калі нельга было спадзявацца на нейкую доўгатэрміновую бізнес-стратэгію.

У цэлым гэта шмат у чым вызначыла далейшую сітуацыю з беларускім бізнесам: можна было альбо ісці ва-банк, альбо паспрабаваць перачакаць на месцы і паглядзець, як усё будзе развівацца.
Людзі ўпалі ў дэпрэсіўную яму. Гэта, вядома, адразу адбілася і на бізнесе. Плюс азвярэлыя інстанцыі. Іх спусцілі з ланцуга праз паўгода пасля жніўня 2020-га. Вырашылі ў першую чаргу дабірацца да тых, каму было неабыякава тое, што адбывалася ў краіне. А мне было неабыякава. І я адкрыта пра гэта казаў. Таму аднойчы, атрымаўшы рахункі за электрычнасць такога памеру, што імі можна было б аплаціць цэлы квартал, вырашыў, што давайце далей вы самі. Няхай у вас пустуе месца і вы радасна будзеце тут нічога не зарабляць. А потым была эміграцыя…
Але ў цэлым досведу, акрамя як хатняй гастраноміі, у мяне не было, бо медыцынская адукацыя не вельмі дазваляе сумяшчаць і працу суткамі, і нейкія прыколы з кухняй.

Люба: Тое, што мы цяпер робім, — гэта і мой першы бізнес у Польшчы, і ў цэлым мой першы бізнес. У Беларусі працавала ў офісе — у аддзеле забеспячэння. Падчас вучобы ў Германіі была афіцыянткай і працавала на кухні.
Пасля пераезду ў Гданьск і знаёмства з Антонам мы зразумелі, што трэба аб’ядноўвацца. Нам камфортна працаваць разам. Абодвух цікавіць развіццё ў гэтай сферы, але мы не хочам працаваць на кагосьці. Мінус гастрасферы: калі працуеш на кагосьці, як бы ні стараўся, не заўсёды гэта будзе ацэнена, бо ты наёмны супрацоўнік. Таму вырашылі рабіць сваё.
«На адкрыццё спатрэбілася 40 тысяч злотых»
— З якімі складанасцямі ў вядзенні бізнесу ў Польшчы сутыкнуліся — бюракратыя, пошук грошай, прыцягненне кліентаў?
Антон: Складанасці тычыліся фінансаў. Праз беларускі пашпарт і санкцыі ў нас не атрымалася дамовіцца з банкамі наконт крэдыту на адкрыццё бізнесу. Дапамогу гатовыя даваць мікрафінансавыя арганізацыі, аднак іх адсоткі выглядаюць непрывабнымі.
Люба: Таму ў бізнес мы ўклалі ўсе нашы невялікія зберажэнні і тое, што пазычылі ў сяброў — збіралі ўсім светам па нітцы.
Агулам на адкрыццё спатрэбілася каля 40 тысяч злотых. Фудтрак вырашылі купіць, а не арандаваць — гэта дакладна было добрым укладаннем. Шмат часу занялі бюракратычныя пытанні, бо мы не хацелі плаціць памагатым.

Антон: Гэта жудасна раздражняе, калі людзі карыстаюцца чужой недасведчанасцю і адсутнасцю моўнай базы, выцягваючы з іх грошы, зусім несувымерныя з затрачанымі рэсурсамі. Нам прапаноўвалі адкрыць юрыдычную асобу за паўтары тысячы злотых. Мы зрабілі гэта самастойна за нуль злотых і за паўтары гадзіны прагляду відэаматэрыялаў на YouTube.
Люба: У Еўропе, як і ў Беларусі, таксама ёсць бюракратыя. Але яна працуе, і ва ўсім можна разабрацца. Асабліва калі размаўляеш на мове краіны, у якой жывеш. Напрыклад, мы садзіліся на ровары і ехалі шукаць месца, дзе будзем стаяць. Знайшлі і загуглілі, каб зразумець, каму яно належыць. Потым паехалі ва упраўленне дарог і зялёных насаджэнняў, пагаварылі з адміністрацыяй.
Антон: Там сказалі, што гэта не да іх, і перанакіравалі нас. І далі цудоўную карту GeoGdańsk — рэестр зямельных участкаў, якія пазначаны каляровымі індыкатарамі на зоны, дзе дазволена і забаронена весці дзейнасць. Гэта моцна звузіла спектр пошуку прыдатнага месца для працы.
Люба: Трэба ўмець звяртацца па дапамогу, пытацца, цікавіцца. Наяўнасць не сувязяў, а навыкаў камунікацыі дапамагае справіцца з задачамі.
Антон: Грукайце — і адчыніцца! Але дагэтуль фінансавая дапамога для нас закрытая — як не спрабуем стукаць. Адзіныя арганізацыі, з якімі можна працаваць, — тыя, што выдаюць мікрапазыкі. Хаця спачатку нават яны адмаўлялі — не далі суму, якой не хапала для старту. А цяпер вельмі зацікаўленыя. Дасылаюць прапановы: «А можа, вам усё-такі патрэбныя грошы?» Адказваем: «Патрэбныя, але не на вашых умовах».
«Дзеля 25 кебабаў можна не выходзіць на працу»
— Памятаеце свайго першага кліента?
Люба: Памятаем, таму што адкрываліся без размаху — было страшна. У гэты дзень упершыню выпрабавалі вертыкальны грыль для кебаба і гатавалі на месцы. Быў канец верасня 2024 года, спяшаліся адкрыцца, чакалі дазволу інспектара. Таму нашы першыя кліенты — сябры і знаёмыя — людзі, якія атрымалі рассылку, што адкрываемся, пару дзён будзем працаваць у тэставым рэжыме, прыходзьце, паспрабуйце, дзяліцеся ўражаннямі.

Антон: І ўжо абапіраючыся на гэтыя ўражанні і свой першы досвед, пачалі ўносіць праўкі ў тое, што робім.
— А што казалі палякі, якія ўпершыню паспрабавалі ваш кебаб?
Люба: Мы стаім ля дарогі, на скрыжаванні, нас відаць. Прыйшлі палякі, якія жывуць і працуюць непадалёк. Некаторыя з іх прыходзяць дагэтуль.
Было і тое, што людзям не падабалася. Мы самі да пэўнага часу не былі ўпэўненыя ў нашым прадукце і прыціраліся да аўдыторыі. І ў першы тыдзень працы атрымалі першую адзінку на Google-карце. Але потым нам сталі больш давяраць.

Прадаць 20 шавух за дзень было «вау, крута!». 25 кебабаў прадалі — нічога сабе, якія мы малайцы! Цяпер дзеля 25 кебабаў можна не выходзіць на працу.
«Пра эміграцыю ўспамінаем толькі праз фінансавыя абмежаванні і пашпарт»
— Колькі кебабаў трэба прадаць, каб адчуваць сябе не эмігрантам, а звычайным прадпрымальнікам?
Люба: Паміж гэтымі паняццямі няма сувязі. Мы не надта адчуваем сябе эмігрантамі. Мы проста пераехалі ў Польшчу.
Антон: Без драмы і трагедыі…
Люба: Безумоўна, нейкая асабістая драма ўсё ж ёсць, але мы тут жывём, мы прадпрымальнікі. І ўзгадваем пра эміграцыю толькі праз абмежаванні ў фінансах і пашпарце. У астатнім прадстаўляемся проста бізнесменамі — людзьмі, якія тут працуюць.
Многія дагэтуль не ведаюць, што мы з Беларусі. Магчыма, праз тое, што я добра размаўляю па-польску. Маю польскія карані і адчуваю сябе ў пэўнай ступені полькай.
Антон: Біць сябе ў грудзі і заяўляць, што ты беларус, ва ўмовах цяперашняй польскай унутранай палітыкі — не плюс. Не кажу, што трэба забыцца на сваю ідэнтычнасць. Ні ў якім разе. Проста калі акцэнтаваць, што мы беларусы, для беларусаў, беларускасць і гэтак далей — гэта моцна звужае патэнцыял.
Люба: І абмяжоўвае асіміляцыю. Няхай мы і беларусы, мы — польскі бізнес. Не беларускі.
Антон: Так, польскі бізнес з беларускім знакам якасці.
Люба: І з беларускімі ўладальнікамі. Проста хочам, каб людзі да нас вярталіся, каб ім падабалася.

Антон: Мы радыя ўсім кліентам. Без розніцы, якой яны нацыянальнасці.
Люба: У тым ліку кліентам, якія не плацяць — кормім бяздомных, а яны дапамагаюць нам выкідваць смецце або прыбіраць снег. Так што колькасць прададзеных кебабаў тут ні пры чым — усё залежыць ад самаадчування сябе як бізнесмена.
— Вы сябе адчуваеце бізнесменамі?
Антон: Адчуваем сябе незалежнымі ад каго б там ні было.
Люба: Так, гэта надае сілы і смеласці. Разумееш, што ўсё што заўгодна можа адбыцца, але мы справімся.
— Калі б вам трэба было назваць шаурму «Беларуская эміграцыя», якія смакі вы б у яе дадалі?
Люба: У нашым разуменні няма смаку беларускай эміграцыі. Дакладней, ён для кожнага свой. Кожны чалавек, які пераязджае ў іншую краіну, робіць гэта па асабістых прычынах і мае свой успамін пра дом.
Мы спрабавалі рабіць шаурму, якая не стала папулярнай і якую нашы кліенты-беларусы называлі беларускай.

— Яна была з бульбай?
Люба: Так. Бульбяное пюрэ, грыбы і труфельная паста. На наш погляд, гэта была шыкоўная шаурма.
Антон: Людзі часам прыходзяць спецыяльна за ёй. Магчыма, восенню дададзім яе ў меню хаця б на некалькі выхадных — парадуем аматараў.
«Можна замовіць усе чатыры шаурмы — Ціханоўская ела адну з іх»
— Як нараджаюцца новыя рэцэпты?
Люба: Спачатку прадавалі два віды шаурмы — класічную і мексіканскую. Потым з’явілася шаурма з грыбамі і сырам — і адразу стала хітом.

Антон: Ёсць базавыя ўяўленні пра смакі, з якімі знаёмы кожны чалавек і кухар. Іх спалучэнні могуць нараджаць нешта новае. А нешта новае, хутчэй за ўсё, нараджаецца з патрэбы людзей у гэтым новым. Людзі прыходзяць і пачынаюць: «А, гэта я ўжо еў, а чагосьці новага ў вас няма?» Калі я добра памятаю, шаурма з грыбамі якраз нарадзілася ў сезон, калі на прылаўках крамаў стала больш грыбоў.
Люба: Першапачаткова гэтая шаурма была не такой, як цяпер. Праз некалькі месяцаў наша сяброўка сказала: «Па-мойму, папрыка тут лішняя». Прыбралі папрыку — і стала добра.
Азіяцкая шаурма з марынаваным імбіром, кунжутам, свежай морквай, парэем — цікавае спалучэнне, якое нагадвае сушы, хоць там няма ніякай рыбы — з’явілася на запыт рынку. Нашы пастаянныя кліенты сказалі: «Хочацца чагосьці новенькага, прыдумайце што-небудзь, у вас добра атрымліваецца». Прыдумалі. Эксперымент і натхненне — так з’яўляюцца новыя смакі.
Антон: І некалькі спецыяльных кніжак, якія ўжо параслі пылам.
— А якую шаурму ела Святлана Ціханоўская і што сказала?
Люба: Адну з нашых — пакінем гэта ў сакрэце.

Антон: У нас не так шмат пазіцый, каб не здагадацца. Можна замовіць усе чатыры — нейкая з іх дакладна.
«Калі ў замове ёсць слова „мяшаны” — гэта дакладна паляк»
— Хто цяпер вашы кліенты?
Люба: Той, хто вяртаецца. На турыстаў не разлічваем — у іх безліч месцаў, якія трэба наведаць.
50% — палякі, астатнія 50% — мікс з беларусаў, украінцаў, часам расіян. Апошнім часам часцей прыходзяць менавіта палякі. На выхадных прыязджае больш беларусаў і ўкраінцаў.
— Ці ёсць розніца ў замовах беларусаў і палякаў?
Люба: Калі ў замове ёсць слова «мяшаны» — дакладна паляк. Гэта самае характэрнае слова для польскага кебаба. Прычым мы не да канца яго разумеем. «Мяшаны» — маецца на ўвазе змешаны соус, таму што ў кебабных, у якія прывык хадзіць сярэднестатыстычны паляк, ёсць толькі тры соусы — востры, лагодны (не востры) і змешаны.

Часам пытаюцца: «Які ёсць не востры соус?» Кажу: усе не вострыя, адзін толькі востры. «Ну, што-небудзь не вострае!» Ёсць чорная папрыка, ёгуртавы, часночны, кары, сырны, тэрыякі, барбекю — гэта розныя смакі! Што вы любіце?
Беларусу ж нескладана выбраць соус, а яшчэ ён называе лаваш лавашам.
— Пра што марыце?
Люба: Хочацца, каб праца прыносіла такое ж задавальненне, як гэта было напачатку. За два гады мы вельмі стаміліся, таму што ўсё робім самі.
Нам усё яшчэ падабаецца карміць людзей, рабіць для іх смачную ежу. Але мы выматаліся ад руціны, у якой пагразлі. Часта адчуваем сябе абавязанымі кліентам, з якімі асабіста знаёмыя і з якімі працуем ужо доўгі час. І гэта замяняе задавальненне ад самога працэсу. Таму плануем падумаць, як перабудаваць усё так, каб і далей прыносіць людзям задавальненне, але пры гэтым не забываць пра сябе.

Антон: А яшчэ мара — перакласці праводку на больш магутную і цалкам адрамантаваць столь. Калі раптам знойдуцца ахвотныя або ўмельцы, якія гатовыя з намі пасупрацоўнічаць, будзем вельмі рады.
Люба: Бліжэйшая мара на восень — перабудова фудтрака. Хочам падрыхтавацца да наступнага летняга сезону.
Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.