«Беларусы часта баяцца займацца ёгай». Экс-эканамістка стварыла ва Уроцлаве школу глыбокай класічнай ёгі

Беларусы Уроцлава, якія хоць нешта чулі пра ёгу, стоадсоткава ведаюць «рудую выкладчыцу, якая праводзіць заняткі для беларусаў». Гэта выглядае як праца мары, але што стаіць за ідэальнымі карцінкамі ў Instagram?
Пра тое, ці можна жыць за кошт ёгі, Таццяна, настаўніца студыі Drzewo Życia, распавядае спецыяльна для spravy.io.
«Людзі самі пачалі пытаць, дзе пакінуць данаты»
З ёгай Таццяна пазнаёмілася 17 гадоў таму, калі ёй было 17. На першыя заняткі прывяла мама, каб выправіць праблемы са спіной:
— У мяне быў скаліёз трэцяй ступені. Усё гэта пачалося ў сярэдняй школе і было вельмі прыкметна па целе, праз што я моцна камплексавала, — расказвае Таццяна.

Спачатку ніякага філасофскага ці прафесійнага інтарэсу да ёгі не было — толькі выкананне практыкаванняў і жаданне паправіць здароўе ды знешні выгляд. Гэта, дарэчы, атрымалася, але разам з тым прыйшло і неверагоднае захапленне.
Жывучы ў Беларусі, Таццяна нават не задумвалася, што гэтае хобі можа стаць прафесіяй. Яшчэ студэнткай яна вывучала матэрыялы пра ёгу, хадзіла на майстар-класы, шмат кантактавала з выкладчыкамі і практыкавала, але разглядала ўсё гэта толькі як занятак у вольны час.

Таццяна скончыла энергетычны факультэт БНТУ па эканамічнай спецыяльнасці і працавала ў банку. Зімой 2022 года мінчанка пераехала ва Уроцлаў. У першы год адаптацыі працягнула займацца ёгай — хадзіла на заняткі да розных настаўнікаў без думкі пра тое, што гэта яе будучыя калегі.
— Проста глядзела, як тут усё ўладкавана, без якой-небудзь задняй думкі пра тое, што я б хацела сама трапіць у гэтую сферу. Я такі чалавек: у мяне столькі энергіі, што патрэбна пастаянная фізічная актыўнасць, інакш будзе блага.
Першы занятак у якасці настаўніцы адбыўся выпадкова — знаёмы ва Уроцлаве папрасіў правёсці ўрокі для беларусаў.

— Тады было шмат розных сацыяльных праектаў, бо ў першыя гады масавай эміграцыі ўсе стараліся падтрымліваць адзін аднаго. Гэта была адна з ініцыятыў «для сваіх» — бясплатна для ўдзельнікаў і на валанцёрскіх умовах для настаўніцы.
Нягледзячы на валанцёрскі фармат, сіндром самазванкі спачатку перашкаджаў пагадзіцца:
— Доўга вагалася, бо адчувала вялікую адказнасць, але ў выніку ўсё прайшло выдатна. Удзельнікі нават не паверылі, што гэта быў мой першы досвед выкладання. З таго часу і пайшло: занятак, яшчэ адзін — і закруцілася.

Тры месяцы Таццяна праводзіла бясплатныя заняткі ў памяшканні польскага фонду. Пазней удзельнікі самі пачалі пытацца, як падзякаваць за ўрокі, бо гэта вялікая праца, якую варта цаніць. Урэшце Таццяна паставіла скрыначку для данатаў.
— Пакідалі па 10-30 злотых. Хтосьці прыносіў прысмакі, а адзін мужчына нават прыцягнуў келіхі са склада. Кожны дзякаваў як мог. Гэта мяне матывавала, і сіндром самазванкі пакрысе адыходзіў. На гэта спатрэбілася шмат часу — відаць, выхаванне і ментальнасць заміналі, бо хацелася зрабіць усё ідэальна: альбо на найвышэйшым узроўні, альбо ніяк. Перфекцыянізм з аднаго боку тармазіў, а з іншага — прымушаў трымаць высокую планку, што падабалася людзям.

Праз некалькі месяцаў Таццяна пачала працаваць у студыі ва Уроцлаве. Заробак быў сімвалічным, «хапала на праезд і кубак кавы», але яна адчула, што знайшла сябе. Цяпер да яе прыходзіць разуменне, што ў складаныя часы многае трымалася на чыстым энтузіязме.
— Плюс я пачала расказваць у Instagram пра свае заняткі, дзяліцца эмоцыямі, і гэты стан зараджаў іншых.
Праз год працы выкладчыцай ёгі Таццяна адчула сілы здымаць памяшканне самастойна. Першымі вучнямі сталі людзі з бясплатных заняткаў, а далей сарафаннае радыё дапамагло сфармаваць паўнавартасны графік нават без дадатковай рэкламы.
Паездка ў Індыю перавярнула свет на 180 градусаў
— Цяпер групавы занятак у мяне каштуе 55 злотых — гэта сярэдні кошт ва Уроцлаве. У Варшаве можна было б спакойна ставіць у два разы вышэй, і людзі б прыйшлі. Але да такіх расцэнак я прыйшла паступова, бо хоць у Беларусі я шмат практыкавала і вучылася, аніякіх сертыфікатаў не мела, і гэта моцна мяне турбавала. Парныя і індывідуальныя заняткі каштуюць даражэй.

Як распавядае Таццяна, пасведчання выкладчыцы ёгі ў яе нідзе не пыталіся. Працадаўцы проста глядзелі, як выкладчыца праводзіць першы занятак, і разумелі, што ўсё будзе на ўзроўні. Але Таццяна вырашыла яшчэ глыбей паглыбіцца ў ёгу і звярнуцца да яе вытокаў. Плюс, як прызнае ёгіня, для сябе не хапала нейкага прафесійнага пацвярджэння адукацыі, таму яна вырашыла паехаць на адукацыйныя курсы ў Індыю.
— Я ўбачыла, што Ёга Альянс праводзіць афіцыйнае сертыфікаванае навучанне, якое дае права выкладаць па ўсім свеце. У выніку гэтая паездка перавярнула маё жыццё на 180 градусаў.

Навучанне ў Індыі з пражываннем і харчаваннем каштавала каля 1500 долараў. Пералёт у два бакі абыйшоўся яшчэ ў $1000. Таццяна распавядае, што якасныя анлайн-курсы каштуюць не нашмат танней, але паехаць у краіну нараджэння ёгі — гэта проста татальная перазагрузка.
У ёзе аб’ём навучання вымяраецца гадзінамі. Таццяна ў выніку два разы ездзіла для навучання ў Індыю, і цяпер у яе афіцыйны бэкграўнд у 500 гадзін. Сюды ўваходзіць практыка, тэорыя і асабістае навучанне. Заняткі праходзілі на англійскай мове з перакладам на рускую.
— Першая паездка ў Індыю — гэта проста неверагодная пераацэнка каштоўнасцей, як поўнае абнаўленне праграмнага забяспечання. Мне спатрэбілася амаль паўгода, каб неяк у сабе гэта ўсё ўкласці. Гэта была вельмі вялікая падзея для псіхікі. Мяняліся прыярытэты літаральна ва ўсім жыцці, у поглядах на свет, на людзей, на стасункі, на тую ж ёгу, на філасофію, на веру. То бок гэта запусціла ва мне механізмы, якія, напэўна, дагэтуль круцяцца.

Стандартны вучэбны дзень у Індыі пачынаўся а 5-й раніцы, заняткі з перапынкамі на харчаванне доўжыліся ад 6 раніцы да 7 вечара.
Адной з галоўных каштоўнасцей паездкі быў клас па філасофіі, які гераіня называе адным з самых цікавых:
— Нам расказалі з пункту гледжання ёгічнага вучэння, як уладкаваны свет, пра жыццё тут, пра перараджэнне, карму, як уладкаваны чалавек, душа, якія законы, механізмы і што з усім гэтым рабіць. Шалёна цікава.

Асобную ўвагу на курсе надавалі правілам харчавання і энергетыцы арганізма. Ранняя ёга абавязкова выконвалася нашча, а перад вечаровай практыкай рэкамендавалася пазбягаць цяжкай ежы. Вельмі строгае правіла тычылася кафеіну: нельга было піць каву або чорную і зялёную гарбату за дзве гадзіны да і праз дзве гадзіны пасля заняткаў.
— Ёга дае вельмі моцны энергетычны эфект, уздым у арганізме, уздзеянне на нервовую сістэму, і калі выпіць кафеін, то ўся гэтая цудоўная гісторыя здымаецца адразу ж, проста блакуецца — лічы, што і не займалася, — тлумачыць Таццяна.
Каб зарабляць, трэба глядзець на ёгу як на бізнес
Ужо 3,5 гады Таццяна выкладае ёгу ва Уроцлаве, і для яе гэта адзіная крыніца даходаў. Уласныя практыкі, заняткі, падрыхтоўка і само навучанне займаюць поўныя працоўныя дні, але выкладчыца прызнае, што пакуль даходы ад ёгі не цалкам пакрываюць выдаткі на жыццё:
— Цяпер разумею, што трэба зрабіць урэшце бізнес-план, хаця пачынала я без яго — проста пагаджалася на самыя розныя прапановы і калабарацыі. На выкладанні ёгі можна зарабляць, але канкрэтна ў маім выпадку прыйшоў такі этап, калі трэба неяк выбудоўваць гэта па-іншаму: глядзець не з пункту гледжання, што я люблю тое, чым займаюся, а глядзець на гэта як на бізнес.

Таццяна праводзіць рэтрыты, падтрымлівае беларускія ініцыятывы, а час ад часу да яе паступаюць і нечаканыя прапановы:
— Было і такое, што мне прапанавалі правесці ёгу на Мадэйры. Там быў арганізатар, які займаўся турамі, і ён мне прапанаваў правёсці заняткі на гэтым востраве, на які я якраз марыла злятаць. Я была адкрытая да ўсяго, таму і жыццё мне давала цікавыя магчымасці.

Пры гэтым Таццяна прызнае, што праца, хоць і любімая, патрабуе шмат высілкаў, і раіць не весціся на рэкламу, калі хтосьці гаворыць, што ў інструктараў па ёзе нізкі парог уваходу:
— Час ад часу я сустракаю рэкламу, умоўна «адзін месяц навучання і ты гуру ёгі», гэта адразу можна сказаць, што падман, таму што колькі б ты ні вывучаў ёгу, цалкам яе вывучыць немагчыма, а не тое што за такі кароткі час.
У беларускіх студыях больш глыбокае стаўленне да ёгі
Таццяна распавядае, што ў Польшчы якасных школаў, дзе сапраўды шмат увагі аддаецца не толькі целу, але і ўнутранаму стану, не так шмат:
— У беларускіх студыях стаўленне да ёгі больш сур’ёзнае, глыбейшае, неяк больш фундаментальнае. У Польшчы таксама ёсць добрыя выкладчыкі, добрыя студыі, але ў цэлым тут вельмі такі заходні падыход да ёгі, больш арыентаваны на працу з целам, на фізіку, каб зрабіць практыкаванні і сысці. Але губляецца сапраўдны сэнс ёгі, таму што яна мае цэлых восем ступеняў, і фізічныя практыкаванні, асаны, стаяць толькі на трэцім месцы, а ўсё астатняе — гэта глыбокая вельмі ўнутраная праца з сабой.

У Беларусі, як кажа гераіня, нават масавыя школы былі блізкімі да перфекцыянізму — усё павінна быць на ўзроўні, пачынаючы ад таго, як настаўнік сустракае чалавека, як з ім размаўляе, як праводзіць сам занятак і як развітваецца.
— У Польшчы такой планкі няма, усё свабодней. Таксама ёсць добрыя выкладчыкі, якія ездзяць у Індыю, навучаюцца, вяртаюцца і прыносяць сюды аўтэнтычныя традыцыі, але ў цэлым усё прасцей.
Для заняткаў ёгай не трэба быць гнуткім і рэлігійным
Калі гаварыць пра стэрэатыпы наконт ёгі, то наша гераіня адразу падкрэслівае, што большасць страхаў тычыцца хутчэй беларусаў і ўкраінцаў. Палякі ў любым узросце і любым стане звычайна нават не падумаюць, што яны не могуць пачаць хадзіць на заняткі.
— Беларусы часта баяцца займацца ёгай. Лічаць, што яны ўжо павінны адпавядаць нейкай планцы: быць гнуткімі і ў ідэальным фізічным стане. Але ж ёга якраз і развівае гнуткасць. Яна накіравана на тое, каб распрацаваць цела і зняць гэтыя заціскі, таму гэта не павінна быць ніякай перашкодай. Наадварот, тут вас не ацэньваюць наогул. Гэта не спорт, не дасягненне, гэта не імкненне любым коштам выканаць норму. Гэта вельмі здаровая праца са сваім целам дзеля здароўя, душэўнага спакою і таго, каб лепш разумець сябе. І ёсць такі выраз: практыкуй, і ўсё прыйдзе.

Другі стэрэатып — што ёга для абраных, для людзей нейкай пэўнай катэгорыі, што гэта ледзь не рэлігія.
— У ёзе ёсць, вядома, кодэкс правілаў, прынцыпы, якія можна выконваць, калі ты выбіраеш для сябе ёгічны лад жыцця, але гэта не рэлігія. Ёга вельмі адкрытая, яна не адмаўляе іншых, яна не катэгарычная.
Трэці стэрэатып — што выкладчык ёгі — гэта нейкі ідэальны ідэал, святар.
— Калі чалавек лічыць сябе гуру, значыць, ён ужо збіўся з гэтага шляху. Гэта ўжо той выкладчык, да якога ўзнікаюць пытаннечкі. Насамрэч выкладчык — гэта проста чалавек, які вывучыў гэта крыху больш за астатніх, прымяніў, убачыў на сабе вынікі і проста перадае гэта людзям. Гэта не той чалавек, які прыходзіць выкладаць, каб самарэалізавацца, каб усе паглядзелі, як ён прыгожа выконвае асаны.

Як ёга фільтруе негатыўных людзей
На занятках Таццяны ні разу не было выпадкаў, каб нехта некага абразіў ці нейкіх непрыемных сітуацый:
— Усе вельмі добразычлівыя. Думаю, што сам факт ёгі ўжо з’яўляецца адсевам людзей з пэўнымі жаданнямі, мэтамі, задачамі. Гэта людзі на адной хвалі, ужо аднадумцы, якія неяк падобна глядзяць на свет. І вельмі ўсвядомлена ставяцца да сябе, да здароўя, да іншых людзей, прытрымліваюцца нейкіх унутраных прынцыпаў. Таму ў мяне выключна станоўчы досвед. Не было сутыкнення з негатывам.

Выкладчыца распавядае, што хоць яна выкладае індыйскія практыкі, яе заняткі маюць вялікае значэнне для беларускага кам’юніці:
— У першыя гады было вельмі шмат водгукаў ад людзей, падзяк. Прыходзілі надзвычай цікавыя людзі. Яны пачыналі сябраваць, дапамагаць адзін аднаму. Утваралася магутнае асяроддзе, многія дагэтуль сябруюць. Зваротная сувязь гучала так: «Таня, ты робіш вялікую справу, тут так цяжка ў эміграцыі, але ты аб’ядноўваеш, і такія класныя людзі прыходзяць». Упэўнена, што многія прыходзілі не толькі дзеля ёгі, але дзеля атмасферы і добрага сацыяльнага кола.

Пры гэтым Таццяна распавядае, што для таго, каб пачынаць займацца ёгай, не трэба чакаць новага года, верасня ці панядзелка — заняткі ідуць пастаянна. І на кожным з іх настаўніца распавядае як трэба дзейнічаць пачаткоўцам і прасунутым:
— Мне хацелася б сказаць, што цёплы сезон — гэта наогул выдатны час для таго, каб пачаць. Гэта лепшы перыяд, калі можна зрабіць першы крок на дыванок, таму што прырода вакол таксама знаходзіцца ў актыўнай фазе. Энергіі шмат, светлавы дзень доўгі, надвор’е цёплае, і цела зусім па-іншаму адгукаецца на любыя фізічныя нагрузкі.

Хочаце расказаць гісторыю вашага бізнесу? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.