Валошкі, буслы і Нацыянальная бібліятэка: у крамах «Тры цаны» з’явіліся тавары з беларускімі матывамі

Беларускі рытэйлер «Тры цаны» выпусціў калекцыю «Спадчына» — у яе ўвайшлі тавары для дому, творчасці і паўсядзённага ўжытку.
Як паведамляе кампанія, «новая калекцыя прапануе зірнуць на беларускую культурную спадчыну па-новаму, як на крыніцу натхнення для сучасных рэчаў і вобразаў».

Тавары з новай лінейкі з’явіліся ў продажы з 1 верасня ва ўсіх крамах сеткі і на сайце 3ceni.by.
Дызайн калекцыі распрацавала ўласная каманда рытэйлера. Асновай візуальных рашэнняў сталі знаёмыя з дзяцінства вобразы: палявыя кветкі, каласы, традыцыйныя арнаменты і прыродныя адценні. Праект пераасэнсоўвае нацыянальную культуру, ператвараючы музейныя сімвалы ў практычныя рэчы на кожны дзень.

У калекцыю ўвайшлі посуд, кухонны тэкстыль, прадметы дэкору, шоперы, нататнікі, пазлы, упрыгажэнні, аксэсуары для валасоў і касметычкі.

«Мы хацелі паказаць, што культурная спадчына можа быць жывой і актуальнай — не толькі захоўвацца ў кнігах і музеях, але і знаходзіць месца ў доме, у звыклых рэчах і момантах. Таму мы стварылі прадметы, якія прыемна выкарыстоўваць штодня: для сябе, дому ці ў падарунак блізкім», — распавядаюць у сетцы «Тры цаны».

Таксама рытэйлер адзначае, што калекцыя адлюстроўвае ідэю Года беларускай жанчыны, аб’ядноўваючы прыгажосць, клопат пра дом і ўвагу да дэталей.

Цэны на тавары з калекцыі «Спадчына» такія ж, як і на астатні асартымент сеткі. Напрыклад, упрыгажэнні каштуюць ад 3,90 BYN, посуд з беларускімі матывамі — каля 10 BYN, а касметычка з валошкавым прынтам абыдзецца ў 11,90 BYN.

Каб прыцягнуць увагу пакупнікоў да тавараў з новай калекцыі «Спадчына», рытэйлер абвясціў акцыю: па 30 верасня можна атрымаць павышаны кэшбэк 25% пры куплі ад 5 тавараў калекцыі ў адным чэку. Выкарыстаць бонусы можна цягам 60 дзён на наступныя пакупкі ў сетцы «Тры цаны».

Заснавальнікам рознічнай сеткі «Тры цаны» з’яўляецца серыйны прадпрымальнік Віталь Сабалеўскі. Сетка прапануе тавары для дому і сям’і з асартыментам звыш 10 тысяч пазіцый. Сёння кампанія налічвае больш за 350 гандлёвых кропак у 156 гарадах Беларусі, а таксама актыўна развівае бізнес у Расіі — у 2025 годзе беларускі рытэйлер паглынуў расійскую сетку One Price.