«Запісаў дыск з відэа і адправіў у Cirque du Soleil». Як беларус замест Алімпіяды пачаў выступаць у цырку

У свае 37 гадоў Слава Петракоў паспеў 12 гадоў прапрацаваць прафесійным артыстам вядомага Cirque du Soleil, шэсць гадоў займаўся таргетынгам, а цяпер прадае нерухомасць у Інданезіі і Тайландзе.
«Справы» пагаварылі са Славам, які цяпер разам з жонкай гадуе дзіця на Балі, а да гэтага аб’ездзіў увесь свет з цыркавымі выступамі.
«Прынялі ў секцыю, заплюшчыўшы вочы на ўзрост»
З дзяцінства Слава быў гарэзнікам — нават сам сябе параўноўвае з малпай. Таму нядзіўна, што ў дзіцячым садку фізрук параіў бацькам аддаць хлопчыка ў нейкі спорт: бег ці нешта іншае, што патрабуе шмат актыўнасці.
Да шасці гадоў яны жылі ў Расіі, а пасля вяртання на этнічную радзіму, у Мінск, Славу аддалі ў гімнастычную залу. Спачатку яго не хацелі запісваць, бо прымалі дзяцей толькі з 7 гадоў. Бацькі настаялі на тым, каб іх сына праверылі. Няўрымслівы хлопчык падцягнуўся 10 разоў — і Славу ўзялі, заплюшчыўшы вочы на ягоны юны ўзрост.

— За першы год я змяніў тры групы, бо імкліва абганяў аднагрупнікаў. Садзіўся на шпагат, калі іншыя толькі вучыліся гэта рабіць. Ды і падцягваўся з лёгкасцю. Да 8 гадоў я ўжо займаўся ў старэйшай групе.
Далей былі моладзевая і нацыянальная зборныя, бясконцыя спаборніцтвы і зборы. Гадоў у 14 ягонае цела запатрабавала спыніцца і запаволіцца. Узніклі праблемы з хрыбетнікам. На год Слава выпаў са спорту. На ім паставілі крыж, бо меркавалі, што пашкоджаны пазванок з расколінай не дазволіць вярнуцца ў гімнастыку.
«Алё, гэта з Cirque du Soleil»
Але Слава вырашае не заканчваць свой «фільм» так драматычна — займаецца рэабілітацыяй і аднаўляецца. Зноў спартыўны хлопец не трапляе на Алімпіяду ў Кітаі праз малады ўзрост, і яму кажуць рыхтавацца да лонданскай Алімпіяды праз 4 гады.

— Мне было 18 гадоў, і чакаць я столькі не мог. Сябар параіў адправіць відэа і паспрабаваць трапіць у Cirque du Soleil. Тады яшчэ не было сайтаў, праз якія можна было б запоўніць анкету і прыкласці запіс. Таму я зняў ролік, змантаваў яго, запісаў на дыск і адправіў звычайнай поштай.
Да 18 гадоў у Славы за плячыма была скончаная школа алімпійскага рэзерву. Ён пайшоў вучыцца ў БДУФК і, як сам смяецца, стаў першым гімнастам, які паступіў не на трэнера, а на спартыўнага псіхолага.
Хуткага адказу ад Cirque du Soleil на сваё відэа ён не чакаў: меркаваў, што можа нават да гэтага паспее вышэйшую адукацыю атрымаць. Але з цырка яму патэлефанавалі праз тры гадзіны пасля атрымання дыска з відэа:
— Збіраўся ісці ў залу на трэніроўку — і тут званок. На тым баку размаўляюць па-англійску, а перакладчык тлумачыць: маўляў, паглядзелі відэа і цяпер запрашаюць працаваць артыстам у Cirque du Soleil.

Славу папрасілі падпісаць два кантракты і прапанавалі пераехаць у канадскі Манрэаль, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Cirque du Soleil. Яшчэ не адышоўшы ад шоку, Слава папрасіў даць яму час падумаць. Пасля сямейнай нарады з бацькамі ён вырашыў пагадзіцца на працу і з’ехаць.
— Трэнеры ў Мінску ўсяляк адгаворвалі ад гэтага. Але я быў непахісны: падпісаў кантракт і збіраў рэчы. Мяне занеслі ў спартыўны чорны спіс, забаранілі размаўляць з калегамі. І нават калі потым я прыязджаў у Мінск, то нельга было з’яўляцца на спартыўнай базе і распавядаць пра працу ў цырку.

Ці то праз Славу, ці то проста так супала, але пасля яго сыходу зборная пачала развальвацца, многія сталі звальняцца. Сам Слава цяпер тлумачыць гэта маленькімі заробкамі, умовамі працы і стаўленнем у цэлым.
— Цягам усёй кар’еры ў цырку мяне часта клікалі назад у Беларусь, але я гатовы быў ехаць толькі ў тым выпадку, калі б плацілі столькі ж.
Але ў Мінску нават трэнеры не атрымлівалі 50 тысяч долараў у год да выплаты падаткаў, якія ён зарабляў у Cirque du Soleil. Таму Слава застаўся там, дзе ўжо прыжыўся. Тым больш што цяпер перад ім быў адкрыты ўвесь свет, і ён мог выбіраць, куды паехаць у адпачынак. Ды і праца здаралася ў розных краінах.
«Фарбавалі толькі палову твару»
Першыя паўгода пасля пераезду ў Манрэаль Слава наведваваў трэніроўкі і рэпетыцыі, дзе яго вучылі акцёрскаму майстэрству. Бо спартыўнае мінулае — гэта адно, а ў цырку трэба яшчэ іграць, разумець такты і адчуваць музыку.
Ён вывучаў харэаграфію і грым, таму што перад кожным выступленнем артысты грымуюцца самі. Першыя некалькі разоў яго грымавалі, каб паказаць, які вынік павінен атрымацца. Потым падрабязна тлумачылі, якім пэндзлем і якой фарбай трэба карыстацца, пасля фарбавалі толькі палову твару, а другую палову ён павінен быў зрабіць сам.

Слава вельмі натхнёна расказвае пра гэты этап свайго жыцця, пра тое, наколькі моцна пашырыўся яго кругагляд і чаму для яго была важная гэтая праца: да 20 гадоў хлопец аб’ездзіў увесь свет — і самастойна, і разам з трупай.
— Графік у нас быў такі: 10 тыдняў працы і 2 тыдні адпачынку. За 10 працоўных тыдняў маглі змяніць 6 краін і 10 розных гарадоў. Бывалі дні, калі я прачынаўся раніцай у гатэлі і не мог успомніць, у якой краіне знаходжуся. На дапамогу прыходзілі карткі з назвай гатэля і адрасам, якія ляжалі каля тэлефона ў нумары.
«Зарабляў $100 тысяч, але мог заснуць за абедзенным сталом»
У 2014 годзе кіраўніцтва цырка прымае, на думку Славы, вельмі дзіўнае рашэнне: закрыць іх шоу Alegria. Пры тым, што ў кожнай краіне, куды яны прыязджалі, усе квіткі былі распрададзеныя.

Застаўшыся без працы, Слава паехаў у Мінск, і там у яго ўзнікла ідэя адкрыць фітнес-клуб «Аполло». Менавіта там ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Воляй.
— На жаль, праз недахоп бізнес-вопыту і скачкі курсу валют у Беларусі клуб давялося закрыць. Але ў гэты перыяд са мной звязаўся адзін з заснавальнікаў Cirque du Soleil і прапанаваў працу ў сваім шоу ў Дубаі.

Там трэба было не проста быць артыстам, але і прыдумаць для шоу некалькі нумароў, бо яго толькі-толькі запускалі. Вядома, Слава пагадзіўся, і разам з жонкай пераехаў у ААЭ.
Каля года Слава разам з калегамі ставіў і прадумваў новыя нумары для шоу. Але яму не падабалася, у якіх умовах даводзілася жыць і працаваць. Яны амаль не адпачывалі, і Слава мог заснуць проста за абедзенным сталом.

— Нават з заробкам у $100 тысяч у год вытрымліваць такія ўмовы станавілася ўсё больш невыносна.
Праз пяць гадоў жыцця ў ААЭ здарыўся COVID, і шоу вырашылі паставіць на паўзу. Заадно артыстам скарацілі заробкі. Славе такі расклад не спадабаўся, і ён вырашыў звольніцца, а таксама змяніць краіну.
Спачатку выбар упаў на Украіну, а менавіта на Львоў, але праз COVID авіябілеты раптам згарэлі, а Слава і Воля ўжо паспелі прадаць машыну, усю мэблю і тэхніку ў кватэры.

— Здавалася, што пасля шэрагу няўдач трэба адмовіцца ад планаў. Але тут з’явілася навіна, што Інданезія адкрыла межы. А мы з любоўю ўзгадвалі сваю паездку на Балі, таму, доўга не думаючы, вырашылі пажыць там на востраве.
«Запускаў таргет на $300 тысяч»
Пакуль на Балі чакалі дакументы і дазвол на працу, Слава прапанаваў у мясцовым чаце трэніраваць дзяцей па гімнастыцы. З’явіліся першыя кліенты: з кожнага — па 100 долараў, і гэтага хапіла, каб пратрымацца першы час на новым месцы.
Воля ўладкавалася аперацыйнай дырэктаркай у кампанію, якая пазіцыянавала сябе як акадэмія дыджытал-прафесій. Слава вырашыў скончыць курсы таргетолага ў акадэміі жонкі, а пасля стаў прапаноўваць усім свае паслугі таргетынгу.
— Спачатку прасіў за свае паслугі $600-700, а з часам развіўся ў гэтай сферы і падняў цэннік да тысячы.

Яму давяралі настолькі, што рэкламны бюджэт кампаніі мог складаць і 300 тысяч долараў. Даводзілася спаць па тры гадзіны, але кампанія акупляла гэтыя ўкладанні, а ў Славы павялічвалася колькасць кліентаў.
— З часам праца з таргетынгам стаміла. Паспрабаваў усё, што толькі можна было паспрабаваць у рэкламе, і дзейнасць стала механічнай: наладзіў рэкламны кабінет, рэклама пайшла, прынесла свае тысячы-мільёны — і гатова. А мне былі патрэбныя чэленджы!

Пасля гэтага Слава некаторы час папрацаваў з нерухомасцю на Балі: прадаваў вілы і катэджы, заключаў шматмільённыя здзелкі, але гэта не прынесла жаданага маштабу, і ён пераключыўся на рынак нерухомасці Тайланда.
— Тайланд у гэтым плане ўжо больш развіты: за плячыма ў краіны шматгадовы досвед турызму і інвеставання. Там, напрыклад, больш зразумелая сістэма падаткаабкладання.

Планы на будучыню ў Славы з жонкай простыя і зямныя: жыць і развівацца на Балі. Ім там падабаецца: расце маленькая дачка, іх цалкам задавальняюць адукацыйная і выхаваўчая сістэмы вострава.
Цяпер Слава глядзіць у будучыню ўпэўнена і ён ні пра што не шкадуе. У спорт ён ужо хутчэй за ўсё не вернецца праз узрост, але вось на сцэну, магчыма, яшчэ б і вярнуўся:
— Прыярытэту цяпер у гэтым няма, але я не выключаю, што калі-небудзь захочацца зноў адчуць гэты драйв.

Хочаце расказаць гісторыю свайго бізнесу, ініцыятывы або працы? Пішыце нам! Будзем разам натхняць беларусаў рабіць карысныя справы для сябе і грамадства.